Банк адукацыйных рэсурсаў

- 9:05Адукацыйная прастора, Дашкольная адукацыя

На III фестывалі педагогаў дашкольнай адукацыі “Арыенціры дзяцінства” кіраўнікі і выхавальнікі дзіцячых садоў Міншчыны разам з навукоўцамі абмеркавалі, як лепш выхоўваць грамадзянскасць і патрыятызм у дзяцей.

Намеснік начальніка аддзела да­школьнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Антаніна Абалевіч акцэнтавала ўвагу на лепшым педагагічным вопыце:

— На сваіх занятках педагогі ўмела выкарыстоўваюць такія сродкі патрыятычнага выхавання, як гульня, мастацкая літаратура, музыка, выяўленчае мастацтва. Пераважна праз гульні сёння самым малодшым выхаванцам перадаецца гістарычны і сацыяльны вопыт беларускага народа. Дзеці даведваюцца аб дзяржаўных сімвалах краіны, народных і дзяржаўных святах, беларускіх традыцыях. Такім чынам у малых выхоўваюцца любоў і павага да Радзімы, пачуццё патрыятызму. У вобласці створаны банк электронных адукацыйных рэсурсаў (ЭАР) па патрыятычным выхаванні, распрацаваны педагогамі. 

Шэсць дзясяткаў настольных гульняў сабрала выстава “Дыдактычныя гульні па патрыятычным выхаванні”. Сярод іх шматлікія лэпбукі, ці, як іх яшчэ называюць, інтэрактыўныя папкі з заданнямі, настольна-друкаваныя хадзілкі-вандроўкі, развіццёвыя кубікі і нават самаробнае “Поле цудаў“. На сайце супольнасці педагогаў Міншчыны “Тэрыторыя развіцця: старт у будучыню” прадстаўлены ўвесь пералік настольных і электронных інтэрактыўных гульняў па патрыятычным выхаванні, а таксама метадычныя распрацоўкі да іх. Большасць ЭАР зроблена выхавальнікамі на базе сэрвісаў LearningApps, Genially і ў Microsoft PowerPoint. Унікальны экспанат выставы — гульня “Славутыя імёны Беларусі”, якую стварыў калектыў уздзенскага ясляў-сада № 3. У красавіку на конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” гэтая гульня атрымала дыплом II ступені. 

У шэрагу дашкольных устаноў упор зроблены на дзіцячую мастацкую літаратуру, асабліва на беларускай мове, як на адзін з эфектыўных сродкаў фарміравання ў дзяцей асноў грамадзянскасці і патрыятызму з ранняга ўзросту. Знаёмячы малых з гісторыяй і культурай беларускага народа, прывіваючы любоў да роднай мовы, творчая група педагогаў Маладзечанскага раёна стварыла серыю аўтарскіх мультфільмаў на аснове некалькіх беларускіх казак і пацешак.

Творчая група педагогаў Маладзечанскага раёна стварыла серыю аўтарскіх мультфільмаў на аснове некалькіх беларускіх казак і пацешак.

Падчас пітчынг-сесіі супрацоўнікі Ільянскага ясляў-сада Вілейскага раёна прадставілі эфектыўны вопыт выкарыстання музейнай педагогікі. Выхавальнікі Стаўбцоўскага раёна арганізавалі работу арт-майстэрні “Традыцыі і сучаснасць” па вырабе прыродных сімвалаў Беларусі. Педагогі дашкольнай адукацыі Мінскага раёна прэзентавалі сацыяльна-педагагічны праект “Я памятаю! Я ганаруся!”. А іх калегі з Дзяржыншчыны расказалі аб прымяненні электронных адукацыйных рэсурсаў. Дзякуючы інтэрактыўным фішкам і тэхналогіям візуалізацыі, такім як інтэрактыўны плакат, скрайбінг, інфаграфіка, інтэрактыўная стужка часу, дзеці праз эмоцыі і вобразы лепш і хутчэй засвойваюць інфармацыю. Лепшыя электронныя дапаможнікі, пазнавальны матэрыял сістэматызаваны і прадстаўлены на раённым сайце “Каляндар падзей “Мая Беларусь”. У кожным з 12 тэматычных блокаў, сярод якіх “Беларусь музычная”, “Прырода Беларусі”, “Вялікая Перамога — гордасць пакаленняў!”, “Лю­дзі, якія праславілі Беларусь”, размяшчаюцца вучэбныя відэаролікі, гульнятэка, фотагалерэя, відэалекцыі і карысныя спасылкі для педагогаў і бацькоў.

Па словах Антаніны Абалевіч, і надалей неабходна ўдзяляць увагу метадычнай рабоце з педагогамі вобласці па павышэнні іх прафесійнай кампетэнтнасці ў пытаннях грамадзянскага і патрыятычнага выхавання дзяцей. Мінскі абласны ІРА ўжо распачаў распрацоўку праграмы “Грама­дзянска-патрыятычнае выхаванне ва ўмовах установы дашкольнай адукацыі”.  

Марына КУНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.