«Баранавічы ў Расіі ўжо добра ведаюць» — пра міжнароднае супрацоўніцтва расказваюць вучні і педагогі баранавіцкай школы № 10

- 10:06Образование

Баранавіцкая сярэдняя школа № 10 ужо трэці год цесна супрацоўнічае з Асацыяцыяй школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Нядаўна ўстанова адукацыі заваявала 3-е месца на міжнародным конкурсе “Расія і Беларусь: агульная гісторыя, агульны лёс”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Ёсць чым падзяліцца

— У колькіх сумесных з расіянамі праектах мы ўжо прымалі ўдзел, не пералі­чыць, — расказвае дырэктар сярэдняй школы № 10 Баранавіч Ірына Петручэня. — Два гады назад мы першымі ў горадзе далучыліся да Асацыяцыі школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь і з таго часу пастаянна ўключаемся ў сяброўскія мерапрыемствы. Апошні конкурс “Расія і Беларусь: агульная гісторыя, агульны лёс” даў магчымасць камандам з розных школ і гімназій нашых краін абмяняцца ідэямі і вопытам, падзяліцца дасягненнямі, школьнікі пазнаёміліся з адоранымі равеснікамі, спазналі шмат новага з нашай агульнай гісторыі, расказалі пра свой родны край. Першы этап конкурсу завяршыўся ў красавіку, на ім мы прэзентавалі відэаэкскурсію па Баранавічах. З 40 каманд з розных гарадоў Расіі і Беларусі ў фінал выйшлі 9, у тым ліку і мы. Сам фінал прайшоў у фармаце анлайн-канферэнцыі.

План сумесных мерапрыемстваў з асацыяцыяй школ дзвюх краін у баранавіцкай школе № 10 распісаны да канца каляндарнага года, у тым ліку ў галіне матэматыкі, шахмат, патрыятычнага і маральна-духоўнага выхавання, сумесных культурных праектаў.

У 10-ю школу Баранавіч я завітала якраз тады, калі канферэнцыя толькі завяршылася. Вынікаў яшчэ ніхто не ведаў, але дзеці і настаўнікі былі вельмі рады падзяліцца сваімі ўражаннямі і эмоцыямі. Спытала ў іх, пра што яны расказвалі нашым суседзям, што зацікавіла расіян.

— Гэты конкурс праводзіўся сумесна з Дзяржаўным гістарычным музеем (Масква), таму ўсе ўдзельнікі прадстаўлялі свае даследаванні па гісторыі роднага краю, — тлумачыць вучаніца 9 класа Аляксандра Ваўчэцкая. — Наша прэзентацыя была прысвечана Баранавічам, пачынаючы з моманту заснавання горада ў сярэдзіне XIX стагоддзя і да сучаснасці. Расказалі мы і пра багатую музейную экспазіцыю, якой ганарыцца школа: асаблівы акцэнт у ёй зроблены на інфармацыі пра генацыд беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны, перыяд фашысцкай акупацыі Баранавіч.

Гісторыя ў Расіі і Беларусі агульная — гэта асабліва падкрэсліваюць у школе. Доўгі час Баранавічы ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. А сам горад і яго станцыя Баранавічы-Палескія, дзе зараз стаіць прыгожы манументальны вакзал, з’яўляліся буйным чыгуначным цэнтрам на паўднё­вым захадзе краіны.

Царскія візіты

— Вельмі зацікавіў расіян той факт, што ў Баранавічы 10 разоў прыязджаў цар Мікалай II — усяго ён правёў тут каля 2 месяцаў, — паведамляе настаўнік гісторыі Аляксей Кухарскі. — Гэта не дзіўна: менавіта сюды, у Баранавічы, ішлі цягнікі з Пецярбурга па палескай лініі, у тым ліку і імператарскі цягнік, бо тут
знаходзілася царская стаўка. Кожны раз вакзал сустракаў цара ў святочным убранні: з дзяржаўнымі сцягамі, гірляндамі і кветкамі. У тыя часы Баранавічы былі буйным чыгуначным вузлом, звязаным з важнымі эканамічнымі цэнтрамі Расіі. Як высветлілася, факт пра царскую стаўку ў Баранавічах вядомы не ўсім расіянам, таму прадстаўнікі камісіі гэтай інфармацыяй вельмі зацікавіліся, задавалі дзецям пытанні.

На жаль, першы будынак вакзала быў знішчаны адразу пасля Першай сусветнай вайны, а сучасны вакзал пабудавалі пасля Вялікай Айчыннай. Дарэчы, ён неаднаразова станавіўся здымачнай пляцоўкай савецкіх фільмаў. А сёння побач з Баранавічамі-Палескімі знаходзіцца мясцовы чыгуначны музей.

— Не толькі гэтая старонка гісторыі Баранавіч уразіла журы, але і ўся наша музейная экспазіцыя, унікальныя рэчы, многія з якіх дзеці і настаўнікі знаходзілі самі і прыносілі ў школу, — дадае Ірына Петручэня. — Адзін вучань падарыў музею ліст свайго дзядулі-франтавіка да яго брата — вельмі кранальны па сваім змесце. Экспазіцыя ўвесь час пашыраецца, з’яўляюцца новыя тэматычныя стэнды. Да іх стварэння далучаюцца не толькі настаўнікі гісторыі, але і іншыя педагогі.

Музейная экспазіцыя школы пастаянна пашыраецца. Экскурсіі тут праводзяць настаўнікі гісторыі Ларыса Бондар, Аляксей Кухарскі, Вікторыя Піскун і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Кацярына Ярмолік. Дапамагаюць ім старшакласнікі.

Мы не прапускаем ніводнай магчымасці прыняць удзел у сумесных з расійскімі школамі мерапрыемствах, — адзначае настаўніца гісторыі Ларыса Бондар. — У красавіку разам з дзецьмі падрыхтавалі работу “Урокі вялікага палкаводца”, прысвечаную Герою Савецкага Саюза маршалу Г.К.Жукаву: здымалі тэматычнае відэа, а вась­мікласнік Міраслаў Кахановіч сам напісаў верш пра гераічнага маршала.

Блізкія суседзі

У Расіі пра Баранавічы добра ведаюць: у беларускага горада ёсць рускі горад-па­б­рацім Обнінск.

— Але здзівіць гасцей нам усё роўна ёсць чым, — дзеліцца Аляксандра Ваўчэцкая. — Баранавічы вельмі зялёныя, прыгожыя. На нашым цудоўным Свяцілаўскім возеры размясціўся Востраў кахання. Маладыя, толькі ажаніўшыся, прыходзяць сюды, каб сімвалічна павесіць замочак у знак трываласці свайго шлюбу, а ключык кідаюць у возера.

Школьнікі прадстаўляюць родныя Баранавічы на розных узроўнях. Мерапрыемстваў, у якіх яны прымаюць удзел, мнос­тва. Сярод іх — творчыя, матэматычныя конкурсы, спаборніцтвы па шахматах, выс­тавы і фестывалі. У асноўным усе яны праходзяць у анлайн-фармаце. Напрыклад, у гэтым го­дзе вучні ўдзельнічалі ў міжнародным уроку, прысвечаным 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А ў маі ўся школа прымала ўдзел у акцыі “Спяём “Кацюшу” разам”, калі знакамітая песня адначасова выконвалася школьнікамі і педагогамі дзясяткаў устаноў адукацыі абедзвюх краін. Пачаткоўцы 10-й школы ў сакавіку ўдзельнічалі ў акцыі “Першыя крокі ў навуку” і атрымалі два дыпломы II ступені.

— Цікава, што наша супрацоўніцтва з расіянамі мы пачыналі менавіта з шахмат, — успамінае Ірына Петручэня. — Турнір праходзіў анлайн. Па яго выніках адзін з нашых вучняў, сямікласнік Ціхан Петрыкаў, паехаў на адпачынак у Анапу. А колькі яшчэ ўсяго ў планах! Упэўнена, наша супрацоўніц­тва будзе толькі пашырацца. А як інакш? Мы ж з Расіяй самыя блізкія сябры і суседзі.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара