Сярэднестатыстычны тата — не самы часты госць у школе. Тым больш каштоўнымi робяцца гэтыя вiзiты, калi бацька не толькi з гатоўнасцю ўдзельнiчае ў школьных мерапрыемствах, але i сам iх праводзiць. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Урок 1: мужнасцi
На сувязi — сярэдняя школа № 20 Брэста iмя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава, i наш першы герой — Валерый Уладзіміравіч Белашапка, ваеннаслужачы Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранiчнай групы iмя Ф.Э.Дзяржынскага. Штогод ён праводзіць урокі мужнасці ў школе, дзе вучыцца яго сын.
— Першы раз мне прапанавалi выступiць перад навучэнцамi, калi Косця вучыўся ў 4 класе. Я з радасцю пагадзiўся. З той пары гэта стала традыцыяй. Мне прыемна бачыць, наколькi сучасныя дзецi ўсебакова развiтыя, як шмат яны ведаюць, як шчыра цiкавяцца навакольным светам, задаюць сур’ёзныя, я б нават сказаў мужчынскiя, пытаннi. Якiм бы складаным i спрэчным нi было пытанне, заўсёды адказваю шчыра, як думаю. Дзецi — тая катэгорыя людзей, якая тонка адчувае фальш. Будзеш выкручвацца, хлусiць — цябе ўмомант раскусяць, — расказвае Валерый Уладзiмiравiч. — Вядома, кожнае мерапрыемства ў школе прымушае мяне выкройваць час, ахвяраваць iншымi cправамi: мы ж заўсёды занятыя, кудысьцi спяшаемся. Аднак гаворка iдзе пра нашых дзяцей, яны вельмi хутка растуць: калі ўпусцім iх сёння, можам спазніцца на ўсё жыццё.
Валерый Уладзiмiравiч прызнаецца, што перад першай сустрэчай са школьнiкамi хваляваўся, аднак хутка ўцягнуўся ў работу перад вялiкай аўдыторыяй. Сёння ён лёгка можа ўявіць сябе ў школе ў якасцi педагога:
— Думаю, мне б спадабалася працаваць у школе. Калi пафантазiраваць, я быў бы строгiм педагогам, у якога ўрок — гэта ўрок, а перапынак — гэта перапынак. Я ўмею размаўляць спакойна, але так, што мяне слухаюць. Яшчэ я заўважыў: важна бачыць кожнае дзіця, не толькi актыўных. Калi ты не заўважыш вучня раз, другi, ён замкнецца ў сабе. Важна даць дзецям зразумець, што ты ўдзяляеш увагу кожнаму з iх, і тады нават самыя гарэзлівыя будуць слухаць з цiкавасцю.
Дзецi — тая катэгорыя людзей, якая тонка адчувае фальш. Будзеш выкручвацца, хлусiць — цябе ўмомант раскусяць.
Пра сына i яго стаўленне да таго, што тата — часты госць у школе, Валерый Уладзiмiравiч расказвае:
— Калi Косця быў маленькiм, то вельмi ганарыўся тым, што тата прыходзiць у школу. А сёння ён ужо дарослы, 13 гадоў, і ён добра разумее i мяне, i армейскi побыт, часта бывае ў часцi, як i любы хлопчык, любiць зброю i наперад ведае, што я магу расказаць. Часам я сам цiкаўлюся ў яго, цi спадабалася аднакласнiкам сустрэча, што iх уразiла. Аказваецца, дзецi, якiя пасаромелiся задаць мне пытанне, часам звяртаюцца да майго сына: “А што твой тата меў на ўвазе?” Больш за ўсё вучняў цiкавiць, цi сaпраўдная ў мяне зброя, цi даводзiлася мне ёй карыстацца, цi метка я страляю. Многiх здзiўляе, калi кажу, што я ваеннаслужачы 24/7 i што выхадных у нас не бывае. Ваенны чалавек — гэта назаўжды, i дома я таксама застаюся армейцам. Сын ведае: калi я сказаў быць гатовым у 7 — гэта значыць у 7. Для мяне непрымальна дамовiцца аб сустрэчы ў 12.00, а мець на ўвазе прыкладна з 11.40 да 12.30. Люблю парадак ва ўсiм.
Вядома, на стыль выхавання гэтая рыса накладвае адбiтак, лiчыць Валерый Уладзiмiравiч:
— Сын вучыцца добра. Амаль усе адзнакi выдатныя. Калi ў дзённiку заўважаю нiзкi бал, кажу: “Косця, ты сам ведаеш, дзе недапрацаваў”. Часам сын лянуецца, абураецца: аднакласнiкi спiсваюць дамашку, а ён сам робiць. У такiх выпадках тлумачу: “Твая мэта — скончыць школу, здаць ЦТ. I вось калi ты апынешся ў аўдыторыi сам-насам з апытальнiкам i ручкай, інтэрнэт табе не дапаможа. Ты возьмеш з сабой толькi тыя веды, што назапашваеш зараз”. Увогуле, стараемся выхоўваць сына на ўласным прыкладзе. Паказваем нашы школьныя атэстаты, дыпломы, тлумачым: “Для нас вучоба таксама была работай, аднак мы старалiся, не працавалі на ўроках спусцiўшы рукавы. У школе настаўнік пакажа на памылкі, выправіць іх, а ў дарослым жыцці ты сам нясеш адказнасць за свае недапрацоўкі і ляноту”. Я адчуваю, што пасля такой размовы сын унутрана перастройваецца, робiць для сябе правiльныя высновы.
Урок 2: асабiстай адказнасцi
Сяргей Сяргеевіч Жуковiч, топ-менеджар, бацька дваiх дзяцей i член папячыцельскага савета школы, нядаўна правёў для старшакласнiкаў майстар-клас “Выхад з зоны камфорту”. Як ён сам адзначае, iдэя заняткаў нарадзiлася спантанна:
— Падчас зносін з адмiнiстрацыяй i педагогамi школы мы разам разважалi, што цiкавага i карыснага можна ўвесцi ў вучэбны працэс, каб дзецi маглi хутка адаптавацца ў жыццi пасля заканчэння школы. Як сказаў заснавальнiк рэгулярнага менеджменту і кіраўнік першай школы бiзнесу на тэрыторыi СССР Уладзiмiр Тарасаў, мэту трэба ставiць па-за межамi жыцця. Сапраўды, заўсёды цiкава памарыць, а што будзе потым, пасля школы, унiверсiтэта — вызначыцца з наступнымi крокамi, будучай спецыяльнасцю, прафесiяй. Са свайго боку мне было цiкава ўбачыць i пачуць, як сённяшняя моладзь мыслiць. Я расказаў старшакласнiкам, што яны адносяцца да пакалення, прадстаўнiкi якога дастаткова выразна дзеляцца на дзве катэгорыi: тых, каму ўсё роўна, спажыўцоў, што растуць на гаджэтах i прывыклi толькi ўспрымаць уваходзячую iнфармацыю, i тых, каму не ўсё роўна, хто займае актыўную жыццёвую пазiцыю, гатовы вучыцца, рабiць памылкi, падаць, паднiмацца i атрымлiваць асалоду ад працэсу пазнання. Мне хацелася даведацца, цi шмат сярод нашых старшакласнiкаў тых, каму не ўсё роўна. Было сапраўды прыемна назiраць за дзецьмi, размаўляць з актыўнай часткай аўдыторыi, атрымлiваць зваротную сувязь.
Мы не патрабуем ад дзяцей быць перфекцыянiстамi, тлумачым, што вучоба — гэта iх жыццё i iх сфера адказнасцi. Не важна, якую адзнаку яны атрымалi, важна, каб яны самi для сябе ведалi, што зрабiлi ўсё магчымае.
У Сяргея Сяргеевiча дачка-дзесяцiкласнiца i сын-пяцiкласнiк, з якiмi ён заўсёды стараецца размаўляць, як з дарослымi:
— Наш уласны дзiцячы вопыт яшчэ жывы, i мы памятаем: тыя спосабы, што практыкавалiся ў нашым дзяцiнстве, калi нас прымушалi займацца вучобай, не працуюць. Заўсёды лепш пераканаць, чым прымусiць. Мы не патрабуем ад дзяцей быць перфекцыянiстамi, тлумачым, што вучоба — гэта iх жыццё i iх сфера адказнасцi. Не важна, якую адзнаку яны атрымалi, важна, каб яны самi для сябе ведалi, што зрабiлi ўсё магчымае. Калi нехта з iх прыносiць дрэнную адзнаку, размаўляем, пытаемся, чаму так адбылося. Адказы — 50 на 50. Часам прычына ўважлiвая: няправiльна зразумелi заданне, перахвалявалiся… Часам жа ўсяму вiной паслужыла банальная лянота. Тады я прапаную падумаць, ацанiць фактычны вынiк i той, якi яны самi ад сябе чакалi. Як правiла, на наступных занятках дзецi паляпшаюць адзнаку. Я бачу, што iм не ўсё роўна, яны вучацца не для нас, не для настаўнiка, а для сябе, i гэта галоўнае.
Па тым жа прынцыпе — уласнай адказнасцi — будуецца i ўвесь выхаваўчы працэс унутры сямʹi.
— Мы дзейнiчаем з прыцэлам на тое, што дзецi вучацца самi ўстанаўліваць для сябе межы. Напрыклад, стараемся, каб яны вучылiся эфектыўна кiраваць сваiм вольным часам, у тым лiку кантралявалi карыстанне гаджэтамi — такiм чынам, каб гэта не адбiвалася на вучобе, здароўі… Вядома, калi на бацькоўскiх сходах нам расказваюць пра розныя трагiчныя выпадкi ўздзеяння на падлеткаў праз iнтэрнэт, мы звяртаем на гэта ўвагу дзяцей. Напрыклад, некалькi гадоў назад сур’ёзна абмяркоўвалася дзейнасць iнтэрнэт-супольнасцей накшталт “Сiняга кiта”. Мы таксама размаўлялi пра гэта з дзецьмi. На момант размовы яны ўжо ведалi пра iснаванне гэтай супольнасцi i механiзмы яе ўздзеяння ад сваiх настаўнікаў, — прыгадвае Сяргей Сяргеевiч. — Я неаднаразова абмяркоўваў з педагогамi неабходнасць узаемадзеяння з дзецьмi, як з дарослымi, што жывуць па законах рэальнага свету. Важна ў гэтых умовах наладжваць з дзецьмi дыялог у новым фармаце. I я са свайго боку хачу i магу аказаць дапамогу школе ў гэтай дзейнасці.
Вiталiна НЕСЦЯРОВІЧ
Фота з архiва герояў