Беларусь — Экватарыяльная Гвінея: курс на супрацоўніцтва ў сферы адукацыі

- 10:17Актуально, Новости

Прадукцыйнай атрымалася рабочая паездка прадстаўніцтва Міністэрства адукацыі на чале з міністрам у Рэспубліку Экватарыяльная Гвінея, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У межах візіту прайшла сустрэча міністра адукацыі Рэспуб­лікі Беларусь Андрэя Іванца з рэктарам і кіруючым складам Нацыя­нальнага ўніверсітэта Экватарыяльнай Гвінеі. Дэлегацыя наведала новы ўніверсітэцкі кампус, які знаходзіцца ў раёне аэрапорта. Будоўля — на этапе завяршэння.

У рамках перагавораў бакі абмеркавалі наступныя пытанні:

  • падрыхтоўка кадраў у сферы медыцыны, бо ў Гвінеі ёсць праблема недахопу вузканакіраваных спецыялістаў у гэтай сферы;
  • распрацоўка формулы навучання студэнтаў з Экватарыяльнай Гвінеі ў Беларусі, выпрацоўка патрабаванняў да вучэбных праграм пры прыёме студэнтаў-медыкаў для працягу навучання па медыцынскім профілі ў нашай краіне;
  • магчымасць падпісання дагавораў аб міжуніверсітэцкім супрацоўніцтве.

Акрамя таго, міністр адукацыі Анд­рэй Іванец правёў рабочую сустрэчу з міністрам адукацыі, навукі, універсітэцкага і прафесійнага навучання Экватарыяльнай Гвінеі. Кіраўнікі ведамстваў абмеркавалі падрыхтоўку спецыялістаў для работы з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця і прафесійных кадраў для развіцця інжынерыі і сельс­кай гаспадаркі.

У выніку Беларусь і Экватарыяльная Гвінея дамовіліся наладзіць супрацоўніцтва ў галіне падрыхтоўкі кадраў па некаторых спецыяльнасцях вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

У рамках афіцыйнага візіту міністра адукацыі Андрэя Іванца дасягнуты дамоўленасці аб падрыхтоўцы спецыялістаў у сферы медыцыны, прафесійных кадраў у галіне інжынерыі і сельскай гаспадаркі, аб павышэнні кваліфікацыі прафесарска-выкладчыцкага складу.

Дамоўленасць дасягнута на першым пасяджэнні рабочай групы па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы адукацыі паміж Беларуссю і Экватарыяльнай Гвінеяй, якое прайшло ў Міністэрстве адукацыі, навукі, універсітэцкага і прафесійнага навучання Экватарыяльнай Гвінеі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Бахановіч, прадстаўнікі БДТУ, БНТУ і БДУ. Ад Экватарыяльнай Гвінеі ўдзельнічалі прадстаўнікі міністэрства на чале з міністрам-дэлегатам Пурыфікасьён Бухара Ласакера.

Бакі будуць наладжваць супрацоўніцтва ў галіне падрыхтоўкі кадраў па інжынерных, інжынерна-тэхнічных, інжынерна-педагагічных, тэхналагічных, сельскагаспадарчых спецыяльнасцях вышэйшай адукацыі, па спецыяльнасцях прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама ў сферы навучання грамадзян рус­кай мове.

Беларусь і Экватарыяльная Гвінея будуць развіваць супрацоўніцтва і ў навукова-тэхнічнай сферы. Такія намеры былі пацверджаны падчас пасяджэння сумеснай беларуска-экватагвінейс­кай рабочай групы па супрацоўніцтве ў гэтай сферы. Яно прайшло пад кіраўніц­твам намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Таццяны Сталяровай і Генеральнага сакратара Міністэрства транспарту, пошты і новых інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій Экватарыяльнай Гвінеі Хуана Карласа Абія Бітэа Рока.

Бакі абмеркавалі прыярытэтныя напрамкі ўзаемадзеяння на 2024—2025 гады, пытанні паставак высокатэхналагічнай навукаёмістай пра­дукцыі і супрацоўніцтва паміж навуковымі арганізацыямі, магчымасці ўдзелу ў навукова-тэхнічных мерапрыемствах і правядзення сумеснага беларуска-эква­тагвінейскага конкурсу навукова-тэхнічных праектаў.

Па матэрыялах сайта Мінадукацыі і БелТА
падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з Telegram-канала Мінадукацыі