Беларусь і Кітай: супрацоўніцтва пашыраецца

- 14:56Актуально, Апошнія запісы, Рознае

У Міністэрстве адукацыі адбылася сустрэча міністра адукацыі Сяргея Маскевіча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь спадаром Цуй Цымінам.

У цяперашні час УВА Рэспублікі Беларусь маюць звыш 120 прамых дагавораў аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі з установамі адукацыі Кітая.
Дарэчы, сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь валодае багатым вопытам падрыхтоўкі нацыянальных кадраў для Кітая. У 2013/2014 навучальным годзе ў 23 беларускіх установах вышэйшай адукацыі вучылася каля 2000 кітайскіх грамадзян.
У 2013 годзе па дзяржаўнай лініі ў мэтах выканання міжведамаснага Пагаднення аб супрацоўніцтве з Кітайскай Народнай Рэспублікай у сферы адукацыі на навучанне ва УВА Беларусі прынята 15 кітайскіх грамадзян.
У сваю чаргу ў 2013 годзе кітайскі бок узгадніў прыём 18 беларускіх кандыдатаў для навучання і стажыроўкі ў КНР у 2013/2014 навучальным годзе.
У перспектыве бакі дамовіліся аб павелічэнні колькасці намінантаў на навучанне ў рамках названага пагаднення з 20 да 40 чалавек штогод.
У апошнія гады актыўна ажыццяўляецца ўзаемадзеянне Беларусі і Кітая ў навукова-тэхнічнай і адукацыйнай сферах. На рэгулярнай аснове праводзяцца дні навукі і тэхнікі ў Беларусі і Кітаі, арганізуецца ўдзел зацікаўленых у спецыялізаваных выставах, ствараюцца новыя цэнтры і механізмы абмену.

УВА Беларусі і Кітая інтэнсіфікавалі абмен навуковымі і тэхнічнымі дэлегацыямі, камандзіруюць спецыялістаў-вучоных для ўдзелу ў сумеснай навукова-даследчай рабоце, у навуковых канферэнцыях, праходжанні стажыровак. У ходзе супрацоўніцтва ідзе двухбаковы абмен вопытам, а атрыманыя пры гэтым новыя вынікі публікуюцца ў сумесных навуковых працах.
Напрыклад, навуковыя супрацоўнікі ГДУ імя Ф.Скарыны і Нанкінскага ўніверсітэта навукі і тэхналогіі на працягу 5 гадоў паспяхова праводзяць сумесныя даследаванні і распрацоўваюць новыя тэхналогіі фарміравання палімерных і вугляродных пакрыццяў, ажыццяўляюць узаемавыгадны абмен навукова-тэхнічнай інфармацыяй, сумесна выкарыстоўваюць навуковае абсталяванне цэнтра калектыўнага карыстання, праводзяць эксперыментальныя работы па стварэнні новых перспектыўных матэрыялаў.
Сумеснае, на працягу многіх гадоў плённае навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва двух універсітэтаў стала падставай для адкрыцця ў чэрвені 2012 года Міжнароднай Кітайска-Беларускай навуковай лабараторыі вакуумна-плазменных тэхналогій.

Свежымі прыкладамі актыўнага супрацоўніцтва сталі стварэнне сумесных прадпрыемстваў у галіне оптыкі, лазернай медыцыны і агратэхналогій у тэхнапарку горада Чанчуня, работа над такімі значнымі праектамі, як “Суперкамп’ютар” і “Спадарожнік сувязі”.
Важным элементам далейшай работы з’яўляецца выкарыстанне напрацаваных кантактаў паміж дзяржаўнымі органамі, навуковымі арганізацыямі, акадэміямі навук, камітэтамі і сумеснымі цэнтрамі для пошуку партнёраў і стварэння сумесных інавацыйных вытворчасцей не толькі ў Кітаі, але і ў Беларусі.
Па запрашэнні Старшыні Камуністычнай партыі Кітая спадара Сі Цзыньпіна Міністэрства адукацыі разам з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у КНР, а таксама МЗС КНР прапрацоўвае пытанне накіравання летам 2014 года ў Кітай групы з 200 дзяцей з рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
На сустрэчы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь спадар Цуй Цымін адзначыў:
— Адукацыя — адна з ключавых пазіцый любой дзяржавы. Я гатовы з вамі, Сяргей Аляксандравіч, падтрымліваць цесныя сувязі для рэалізацыі дасягнутай дамоўленасці кіраўнікамі нашых краін, садзейнічаць паглыбленню супрацоўніцтва ў галіне адукацыі паміж нашымі краінамі, каб узбагаціўся змест беларуска-кітайскага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства.

13 і 14 чэрвеня будзе арганізавана 2-я выстава кітайскай вышэйшай адукацыі, у якой прымуць удзел 20 вядучых ВНУ Кітая, каб усебакова прэзентаваць дасягненні кітайскай вышэйшай адукацыі.
Спадар Цуй Цымін выказаў надзею, што Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь дапаможа праінфармаваць і запрасіць да ўдзелу ў выставе беларускія УВА, а таксама ўпэўнена заявіў, што выстава стане выдатным шансам для міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва дзвюх краін.
Да таго ж кітайскі бок збіраецца і далей накіроўваць студэнтаў на вучобу ў беларускія УВА, асабліва значная зацікаўленасць тычыцца фундаментальных навук — матэматыкі, фізікі.
З задавальненнем Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол адзначыў, што ў моладзі Беларусі павялічваецца імкненне вывучаць кітайскую мову, а гэта — прыкметная годнасць беларуска-кітайскага гуманітарнага супрацоўніцтва. Міністэрства адукацыі Кітая, Усекітайская канцылярыя па міжнароднай папулярызацыі кітайскай мовы гатовы аказваць далейшую падтрымку выкладання кітайскай мовы ў нашай краіне, накіроўваць кітайскіх выкладчыкаў і настаўнікаў у Беларусь для аказання практычнай дапамогі ў павышэнні ўзроўню ведаў.

Спадар Цуй Цымін прапанаваў стварыць на базе БДУ ці МДЛУ факультэт кітайскай мовы для падрыхтоўкі значнай колькасці спецыялістаў кітайскай мовы ў Беларусі.
17 мая адбудзецца адборачны тур Беларусі Сусветнага конкурсу кітайскай мовы сярод школьнікаў “Мост кітайскай мовы”, у якім будуць удзельнічаць школьнікі з Мінска і Віцебска. Дарэчы, у 2013/2014 навучальным годзе ўпершыню беларускія школьнікі, якія вывучаюць кітайскую мову, змаглі прыняць удзел у Рэспубліканскім конкурсе даследчых работ вучняў у секцыі “Кітайская мова”. Ёсць пераможцы: 1 месца ў Варвары Сапрыкінай, навучэнкі сярэдняй школы № 10 Мінска; 2-е заняла Віялета Сідарэнка з гімназіі № 12 Мінска, 3-е падзялілі Кірыл Карпенка са сталічнай гімназіі № 23 і Варвара Мастоўская з гімназіі № 12 Мінска. Пахвальны водзыў атрымала Ганна Муслівец, навучэнка сярэдняй школы № 44 Віцебска.
Да таго ж з 2014/2015 навучальнага года плануецца правядзенне Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Кітайская мова”.

А яшчэ Беларуская асацыяцыя “Конкурс” другі год дае магчымасць беларускім дзецям праверыць свае веды па кітайскай мове ў міжнароднай гульні-конкурсе “Лінгвісцяня”.
У Рэспубліцы Беларусь пры падтрымцы Міністэрства адукацыі функцыянуюць два інстытуты Канфуцыя, якія спрыяюць добраму ўзаемаразуменню паміж народамі дзвюх краін.
Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, падводзячы вынікі сустрэчы, зазначыў:
— Сёння патрэбны найноўшыя тэхналогіі, сучаснае абсталяванне. Неабходна развіваць міжуніверсітэцкае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Нам важны стажыроўкі выкладчыкаў, патрэбны праграмы папярэдняй падрыхтоўкі будучых студэнтаў з мэтай пераадолення моўнага бар’ера. Увогуле, у нас шмат агульных задач, а мэта адна — наша моладзь павінна быць усебакова развітой.

 

Алена ПАПЛАЎСКАЯ,
прэс-цэнтр Міністэрства адукацыі.