Дазволена змена прозвішча і імя на псеўданім. Адпаведныя змяненні ўнесены ў Палажэнне аб парадку рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану і выдачы дакументаў і (або) даведак органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, і замацаваны пастановай Савета Міністраў № 155 ад 27 лютага 2023 года, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Дакумент пашырае ўважлівыя прычыны для змены імя і прозвішча. Цяпер, згодна з пастановай, змена прозвішча, уласнага імя магчымая, калі ёсць жаданне насіць прозвішча і ўласнае імя ў адпаведнасці з псеўданімам, які выкарыстоўваецца.
У Беларусі дазвол на змену прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку даецца пры наяўнасці ўважлівых прычын. Сярод іх, напрыклад, немілагучнасць прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку або цяжкасць іх вымаўлення; жаданне насіць агульнае з мужам прозвішча або вярнуць сваё дашлюбнае прозвішча, калі пра гэта не было заяўлена пры разводзе.
Акрамя таго, змяніць прозвішча, імя можна ў выпадку, калі ёсць жаданне насіць прозвішча айчыма (мачахі), які выхаваў заяўніка, або імя па бацьку па імені айчыма, калі ўсынаўленне не можа быць аформлена; жаданне насіць прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, адпаведныя выбранай нацыянальнасці; жаданне вярнуць дашлюбнае прозвішча пасля смерці мужа і інш.
Пастановай Саўміна таксама зменены тэрмін, на працягу якога павінны захоўвацца запісы актаў грамадзянскага стану. Так, запісы актаў грамадзянскага стану, сфарміраваныя ў Кнігу рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, захоўваюцца на працягу 100 гадоў з дня іх здзяйснення ў аддзелах загса па месцы рэгістрацыі акта грамадзянскага стану (першыя экзэмпляры) і ў адпаведных архівах органаў загса абласцей і Мінска (другія экзэмпляры).
Пасля заканчэння гэтага тэрміну запісы актаў, сфарміраваныя ў Кнігу рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, перадаюцца на пастаяннае захоўванне ў дзяржаўныя архівы ў парадку, вызначаным Міністэрствам юстыцыі.
Па матэрыялах pravo.by падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ