Беларуска-ўзбекскія дарожныя карты: вынікі афіцыйнага візіту дэлегацыі Мінадукацыі

- 10:23Актуально, Новости

Стварэнне Беларуска-Узбекскага навукова-­тэхналагічнага кансорцыума, а таксама пытанні праектавання і рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм з улікам патрэб эканомік дзвюх краін сталі тэмай сустрэчы міністра адукацыі Беларусі і міністра вышэйшай адукацыі, навукі і інавацый Узбекістана.

Сустрэча Андрэя Іванца і Кангрэтбая Шарыпава прайшла ў межах афіцыйнага візіту дэлегацыі Міністэрства адукацыі Беларусі ва Узбекістан. Гаворка ішла і пра забеспячэнне якаснай адукацыі, розныя формы навучання ўзбекс­кіх грамадзян, у тым ліку і дыстанцыйна.

Акрамя таго, Андрэй Іванец сустрэўся з міністрам дашкольнай і школьнай адукацыі Узбекістана Хілолай Умаравай. Яны абмеркавалі стварэнне філіяла ВДУ імя П.М.Ма­шэрава. У цэнтры ўвагі таксама было стварэнне педагагічных класаў, абмен вопытам па інклюзіўнай адукацыі і рабоце ў дамах сямейнага тыпу. Не засталося ўбаку патрыятычнае выхаванне, гаварылі пра ўдзел у сумесных грамадзянска-патрыятычных акцыях, у тым ліку ў такім значным праекце, як “Цягнік Памяці”.

Трэба адзначыць, што супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана ў сферы адукацыі ўвесь час пашыраецца. Дзейнічае больш за 460 дагавораў паміж установамі адукацыі і навуковымі арганізацыямі дзвюх краін (больш за 120 было заключана толькі ў 2023 годзе). У Ташкенце адкрыты сумесны Беларус­ка-Узбекскі міжгаліновы інстытут прыкладных тэхнічных кваліфікацый для ажыццяўлення перапад­рыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў па стратэгічна важных напрамках для Узбекістана, а таксама для рэалізацыі навуковай і інавацыйнай дзейнасці.

Паспяхова функцыянуюць пяць сумесных з узбекскімі УВА факультэтаў (БДУІР, БНТУ, ПДУ, БДУФК, ГДАУ), на якіх вывучаюцца дысцыпліны, звязаныя з сельскай гаспадаркай і жывёлагадоўляй, інавацыйнай педагогікай і інфармацыйнымі тэхналогіямі, фізічнай культурай і спортам. Сумесныя адукацыйныя праграмы па больш як 100 праграмах рэалізу­юць 12 устаноў вышэйшай адукацыі.

Яшчэ адным аспектам эфектыўнага супрацоўніцтва з’яўляецца развіццё ўніверсітэцкай навукі. Універсітэтамі і навуковымі арганізацыямі Міністэрства адукацыі Беларусі ў 2023 годзе сумесна з арганізацыямі Узбекістана завершана выкананне дзевяці навуковых праектаў, звязаных з нанаматэрыяламі, біялагічнымі, медыцынскімі, фармацэўтычнымі і хімічнымі тэхналогіямі.

ІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбе­кістана стаў выдатнай пляцоўкай для абмеркавання далейшага ўзаемадзеяння. Міністр адукацыі нашай краіны адзначыў, што паспяховае супрацоўніцтва ў галіне адукацыі — аснова выключна братэрскіх і сяб­роўскіх адносін на доўгую перспектыву. Выступаючы на панэльнай сесіі “Развіццё культурна-гуманітарных сувязей паміж Беларуссю і Узбекістанам у сферы адукацыі і маладзёжнай палітыкі”, Анд­рэй Іванец падкрэс­ліў пазітыўную дынаміку прытоку ў нашу краіну ўзбекскіх грамадзян для навучання. Калі ў 2017 годзе ў нас вучылася толькі 87 студэнтаў з Узбе­кістана, то сёння — больш за 5000.

“Перакананы, што гэта не мяжа. Мы выйшлі на новы ўзровень узаемаадносін у галіне вышэйшай адукацыі, на
арганізацыю навучання па сумесных інтэграваных праграмах. Гэта дазволіць дасяг­нуць больш высокіх паказчыкаў”, — канстатаваў кіраўнік беларускага галіновага ведамства.

Падрыхтавана дарожная карта супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспуб­лікі Беларусь і Міністэрства дашкольнай і школьнай адукацыі Рэспублікі Узбекістан у сферы дашкольнай адукацыі на 2024—2025 гады, а таксама праг­рамы супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі нашай краіны і Міністэрства вышэйшай адукацыі, навукі і інавацый Узбекістана ў сферы пад­рыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў устаноў да­школьнай адукацыі на 2024—2025 гады.

У рамках Форуму рэктараў Беларусі і Узбекістана, які праходзіў у Мінску, падпісана дарожная карта па развіцці супрацоўніц­тва паміж установамі вышэйшай адукацыі Беларусі і Узбекістана. Акрамя таго, у рамках праведзенага форуму падпісана 28 між­універсітэцкіх дагавораў і пагадненняў.

Пачалі работу па стварэнні плана і рэалізацыі сумесных праектаў з моладдзю Узбекістана і студэнцкія атрады нашай краіны. Добрай традыцыяй стаў удзел узбекс­кіх студэнтаў разам са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка ў Зорным паходзе па месцах баявой і працоўнай славы.

Андрэй Іванец падкрэсліў, што ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы з удзячнасцю адзначаем: за яе свабоду змагаліся ўсе народы Савецкага Саюза і ў іх ліку грамадзяне Узбекістана. Наш абавязак — захаваць памяць пра тыя падзеі.

“Важны напрамак супрацоўніц­тва — выхаванне моладзі. У адукацыі працэсы навучання і выхавання непарыўна звязаны. Ад выбранай мадэлі выхавання моладзі зале­жаць унутраная трываласць, стабільнасць і бяспека любой дзяржавы, таму гэтае пытанне з’яўляецца прыярытэтным у сучаснай адукацыйнай канцэпцыі”, — адзначыў міністр адукацыі Беларусі.

На завяршэнне ён запэўніў, што Міністэрства адукацыі працягне канструктыўны дыялог па пашырэнні практычнага ўзаема­дзеяння і ўмацаванні прамых кантактаў паміж установамі адукацыі дзвюх краін, наладжванні парт­нёрскіх адносін і абмене вопытам у сферы адукацыі, прыцягненні да ўдзелу ў міжнародных навуковых і навукова-тэхнічных мерапрыемс­твах, якія праводзяцца ва ўстановах адукацыі Рэс­публікі Беларусь.

Па матэрыялах сайта Мінадукацыі
падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ