Беларускі скульптар Іван Супрунчык устанаўлівае скульптуры ветэранам вайны ў родных Цераблічах

- 16:37Новости

Насупраць многіх дамоў на вуліцы Перамогі ў Цераблічах (Столінскі раён) стаяць скульптуры, прысвечаныя загінулым на вайне жыхарам вёскі. Іх аўтар — знакаміты скульптар Іван Супрунчык. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Я не спяшаюся? Можам крыху павольней ісці, — пытаюся ў Івана Піліпавіча, ловячы сябе на думцы, што забылася пра яго ўзрост і надта зачасціла крок.

— Што вы! Гэта для мяне павольная прагулка. Я прывык ха­дзіць значна шпарчэй! — усміхаецца мой спадарожнік. — Калі далёка сабраўся, то на веласіпедзе еду, а так звычайна бегаю.

Івану Піліпавічу — дзявяты дзясятак, але гэты ўзрост зусім не адчуваецца. Хіба толькі калі ён расказвае пра перажытае шмат дзесяцігоддзяў назад.

— Гэта вуліца Перамогі. Але я яе дапоўніў — Дзядоў Перамогі. Па ёй адпраўля­юць нашых вяскоўцаў у апошні шлях. Шмат хто гэтай вуліцай ішоў на франты Вялікай Айчыннай, — пачынае экскурсію па вёсцы мой суразмоўнік.

Насупраць многіх дамоў, каля варот ці брамкі, стаяць скульптуры. Іван Піліпавіч зрабіў такі напамін пра кожнага загінулага на вайне жыхара Церабліч.

— Гэтыя скульптуры я рабіў да 40-годдзя Перамогі, але час прайшоў, дрэва псуецца, і ў гэтым годзе раблю новыя скульп­туры. Вайна забрала 44 жыхары нашай вёскі, але цяпер знаходзяцца сведчанні, што іх было больш. Таму думаю, што зраблю больш скульптур, чым было.

Некаторыя скульптуры і сёння стаяць як учора зроб­леныя. Сярод іх — помнік Пятру Шпакевічу ў выглядзе вялізнага зламанага коласа.

І.П.Супрунчык тлумачыць ідэю:

— Казалі, што ў нашай вёсцы не было нікога вышэйшага, мацнейшага і мужнейшага за Пятра. Таму колас тут як сімвал прагі да жыцця, якое забрала ў гэтага салдата вайна.

Тэму генацыду Іван Пі­ліпавіч увасабляе ў сваёй новай рабоце. З сямі дубовых ствалоў ён робіць кампазіцыю, якую хоча ўстанавіць у Альшанах.

— Па ўспамінах нашых жыхароў, церабліцкіх яўрэяў катавалі ў альшанскім яры. Маці сабой закрыла сваіх дзяцей. Іх, жывых, засыпалі зямлёй. Дзеці выскараскаліся і прыйшлі ў сяло. Толькі іх убачылі немцы і вярнулі назад… Да мяне прыязджаў чалавек, які вывучаў гэтую трагедыю. Па сведчаннях, зной­дзеных ім, мы і пачыналі работу над кампазіцыяй. Цяпер сувязь з тым чалавекам прапала — буду завяршаць сам, — гаворыць майстар.

Недзе вулічныя скульптуры маюць аблічча салдат, а не­дзе — іх любімых рэчаў. Так, скульптура ў выглядзе скрыпкі стаіць каля дома Івана Піліпавіча — на скрыжаванні вуліц. Бацьку забрала вайна ў дзень нараджэння сына — хлопчыку тады споўнілася 2 гады. Пахавальная яшчэ доўга захоўвалася ў бацькавай скрыпцы на сцяне. Гэта быў любімы бацькаў інструмент. Піліп Фядотавіч загінуў на фронце падчас вызвалення Польшчы, пахаваны там жа ў брацкай магіле, але па­мяць пра яго сын увекавечыў побач з домам… Як напамін пра шчаслівыя гады і самае вялікае гора сям’і. Тут жа — вобразы дзядоў і сваякоў па мамінай лініі, якія таксама загінулі на вайне.

Маці мусіла быць моцнай, мужнай. Трэба ж было самой паставіць на ногі і навучыць неабходнаму для самастойнага жыцця іх чатырох дзяцей. Малодшы сын прагна ўбіраў мудрасць маці, усё, што яна захоўвала ў сваёй памяці і расказвала дзецям. Тады ж усё пачутае ад яе і іншых вяскоўцаў хлопец увасабляў у сваіх карцінах і ў кампазіцыях з дрэва. Напрыклад, не раз тэмай яго кампазіцый быў аповед маці, як у пачатку вайны бацьку фашысты прымусілі цягаць барану па мінным полі — ён тады цудам застаўся жывы. Захаваў ён у скульптуры і па­мяць пра роднага дзядзьку, якога гітлераўцы закатавалі ў канц­лагеры “Асвенцім”.

Іван Піліпавіч высякае свае драўляныя скульптуры, нават самыя маленькія, выключна сякерай. Менавіта гэта і зрабіла яго мастацтва ўнікальным. З маленькіх фігурак ён са сваёй жонкай, якая ўсё жыццё працавала настаўніцай пачатковых класаў, збіраўся зрабіць лялечны тэатр для дзяцей. Не паспеў… Марыі Іванаўны не стала. Але ў планах майстра ўсё ж гэтую задуму ажыццявіць:

— У нас новы дырэктар школы. Хачу прапанаваць яму такую ідэю. Для тэатра ж трэба адкрыць гурток, у якім дзеці змаглі б развучваць і ставіць спек­таклі. Я хацеў бы, каб гэтыя пастаноўкі вучылі гледачоў жыць у ладзе і цаніць мір.

Хачу маладых сваіх землякоў навучыць выразаць з дрэва. Каб працягвала захоўвацца наша спадчына, жыццё чалавека, каб памяць пра мінулае нашага краю не пераставала перадавацца кожнаму, хто тут жыве.

Мае Іван Піліпавіч і іншыя планы. Рыпнуўшы дзвярыма, ён упускае святло ў драўляны будынак побач з хатай:

— Тут будзе карцінная галерэя. Для яе рыхтую гэтае памяшканне. Хачу тут зрабіць і музей вайны. У мяне захавалася шмат рэчаў кожнага з нашых 16 церабліцкіх родаў — асабістыя рэчы, салдацкія пісьмы, фотаздымкі, пахавальныя, узнагароды ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Хачу пака­заць усю іх гісторыю, у тым ліку і ваенную.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара