Беларускім прыродазнаўцам — “серабро”

- 13:22Адукацыйная прастора, Рознае

IV Міжнародны турнір юных прыродазнаўцаў (IYNT), які праходзіў у іранскім Шыразе, для беларускай каманды стаў паспяховым. Нашы школьнікі — сярэбраныя прызёры.

Беларусь у турніры ўдзельнічала трэці раз, і ўсе спробы аказаліся пераможнымі. У пазамінулым годзе ў нас было “золата”, у мінулым — “бронза”, цяпер — “серабро”.

У склад беларускай каманды ўвашлі прадстаўнікі Ліцэя БДУ: гэта Арцём Варабей (капітан), Соф’я Анісімава, Соф’я Гузік, Арына Касцюшэўская, Аляксей Кузьменка. Кіраўнікамі каманды былі аспіранты БДУ Іван Сюльжын і Станіслаў Красулін.

“Золата” ў гэтым годзе заваявала каманда Грузіі. Удзельнікамі турніру сталі 16 каманд з 5 краін: Беларусі, Грузіі, Харватыі, Ірана, Расіі.

Як адзначаюць арганізатары IYNT, турнір юных прыродазнаўцаў з’явіўся з усведамлення неабходнасці прыцягнення да турнірнага руху вучняў сярэдняга звяна ва ўзросце ад 12 да 16 гадоў. У адрозненне ад іншых турніраў, у якіх ставяцца праблемы з адной галіны ведаў, заданні турніру юных прыродазнаўцаў закранаюць розныя галіны прыродазнаўчых навук. Турнір прыцягвае школьнікаў да самастойнай міждысцыплінарнай даследчай работы, без прыярытэту адной вузкай галіны.

Нягледзячы на сваю маладосць (першы IYNT адбыўся ў 2013 годзе ў Турцыі, затым турніры былі ў 2014 годзе ў Балгарыі і ў 2015 годзе ў Сербіі), турнір юных прыродазнаўцаў стаў асяроддзем, дзе перасякаюцца шляхі школьнай адукацыі, універсітэцкай навукі, папулярызацыі ведаў і падтрымкі маладых талентаў.

Асновай яднання для ўсіх удзельнікаў турніраў з’яўляецца атмасфера творчага супрацоўніцтва, што прыцягвае да іх усё больш паслядоўнікаў. Турнір не падобны на звыклыя алімпіяды або даследчыя праекты, хоць спалучае ў сабе іх рысы. Падчас турніру праходзяць камандныя навуковыя баі, на якіх удзельнікі дэманструюць вынікі сваіх даследаванняў, апаніруюць і рэцэнзуюць выступленні сапернікаў.

Рашэнне задач, якія прадстаўляюцца на турніры юных прыродазнаўцаў, аб’ядноўваюць веды па фізіцы, хіміі, біялогіі, матэматыцы, астраноміі, інфарматыцы. Заданні даюцца загадзя і маюць даследчы характар. Як заўважыў Іван Сюльжын, фармулёўка задачы пакідае вялікае поле для творчасці. Напрыклад, у гэтым годзе аднымі з самых цікавых задач былі наступныя.

Кот Ван дэ Граафа

Каціная поўсць валодае здольнасцю назапашваць электрычны зарад, у чым часам можна пераканацца, пагладзіўшы ката. Прапануйце параметры для даследавання статычнай электрычнасці розных катоў. Як можна зрабіць статычны зарад мацнейшым або слабейшым?

Ежа для мурашкі

Даследуйце, якая ежа прыцягвае мурашак. Паспрабуйце розныя прадукты і прапануйце параметры для апісання рэакцыі мурашак.

Каб рашыць задачу пра катоў, патрэбны веды па фізіцы, а пра мурашак — па біялогіі. Як заўважыў Іван Сюльжын, падрыхтоўка да турніру ажыццяўлялася на працягу двух месяцаў. У асноўным ліцэісты рыхтаваліся самі. Кіраўнікі выконвалі функцыі кансультантаў.

Турнірная форма інтэлектуальных спаборніцтваў за час свайго існавання (а гэта ўжо 40 гадоў) ператварылася ў сусветны рух, які прыцягвае сотні тысяч людзей па ўсім свеце і нястомна пашыраецца. Наступны, 5-ы турнір, пройдзе ў Кітаі.

Вольга БАРЫСЕВІЧ.