Белыя лаўкі, аліўкавы палац… Знаёмімся з архітэктурнай спадчынай Пружаншчыны

- 13:26Репортаж, Родная земля

Толькі ў Пружанах адзін з галоўных помнікаў архітэктуры (палац ХІХ стагоддзя) мясцовыя жыхары ласкава называюць “палацык”, а мураваным гандлёвым радам той жа эпохі далі не менш утульную назву — Белыя лаўкі… Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Нястрачаныя святыні

Усё гэта сведчыць пра любоў пружанцаў да роднай зямлі, яе архітэктурнай спадчыны. На жаль, шматлікія войны, ліхалецці мінулых стагоддзяў не пашкадавалі многія ўнікальныя будынкі, у першую чаргу праваслаўныя храмы, але пружанцы робяць усё для таго, каб памяць пра гэтыя помнікі захоўвалася.

Некаторыя святыні паспяхова аднаўляюцца, як, напрыклад, храм Праабражэння Гасподня, першыя звесткі пра які адносяцца да 1570 года. Выявы іншых храмаў, якія калісьці ўзвышаліся над горадам (напрыклад, Прачысценскай царквы), можна ўбачыць або на старых фотаздымках, або на муралах сучасных дамоў.

Калі завітаць у любую ўстанову адукацыі горада, то педагогі рас­кажуць як мінімум пра тры-чатыры экскурсіі, падрыхтаваныя для навучэнцаў па вуліцах райцэнтра, і як мінімум дзясятак даследчых работ, прысвечаных архітэктурнай спадчыне. Напрыклад, у сярэдняй школе № 1 Пружан імя Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі акцэнт у даследчай рабоце робіцца на праваслаўных святынях краю.

Удзельнікамі праваслаўнага клуба “Каўчэг” пад кіраўніцтвам Алёны Міхайлаўны Кот складзена карта “Пружаншчына праваслаўная”, на якой змешчаны фота­здымкі старадаўніх храмаў раёна, пазначана месца іх знаходжання, прыведзены кароткія звесткі. Таксама распрацавана экскурсія “Святыні Пружаншчыны”, якая ахоплівае храмы не толькі горада, але і іншых населеных пунктаў раёна.

Юныя ўдзельнікі праваслаўнага клуба “Каўчэг” гатовы сустракаць вясну

— Наш праваслаўны клуб працуе ўжо 20 гадоў. Асноўным напрамкам з’яўляецца праваслаўнае краязнаўства — вывучэнне гісторыі храмаў, мінулага зямлі, на якой яны будаваліся, жыцця людзей, якія іх узводзілі, лёсу святароў, якія ў іх служылі. Першым крокам стала вызначэнне своеасаблівага храмавага кола вакол Пружан. Разам з настаяцелем храма Праабражэння Гасподня айцом Ігарам Мрыхіным мы выбралі старадаўнія храмы раёна, склалі экскурсію “Святыні Пружаншчыны” і потым з вучнямі на аўтобусе адправіліся па маршруце Пружаны — Ружаны — Магілёўцы — Лыскава — Вяжное — Паддубна — Гарадзечна — Пружаны, — паведаміла Алёна Міхайлаўна.

Пачынаецца экскурсія ад самага вядомага храма Пружан — Аляксандра-Неўскага. Яго выява сустракаецца на многіх турыстычных буклетах, купал бачны практычна з любой часткі горада, а звон даносіцца да самых аддаленых куточкаў райцэнтра і наваколля.

 У дні велікоднага тыдня 1934 года ў пружанскім саборы адбыўся цуд. 9 красавіка пасля вячэрні некаторыя жанчыны, цалуючы ікону, заўважылі ля ступняў Багаро­дзіцы вільгаць. Слёзы працякалі па Абліччы, утвараючы каля крыжападобна складзеных рук вялікую вільготную пляму, адкуль, спачатку трыма малымі, а затым, злучыўшыся, адной вялікай бруёй, сцякалі ўніз да ступняў…

— Вестка пра цуд хутка разнеслася па наваколлі. Ужо з наступнага дня ў Пружанах можна было сустрэць мноства паломнікаў-багамольцаў з Пружанскага, Брэсцкага, Драгічынскага, Бельскага і Ваўкавыскага паветаў. Чалавечым розумам нельга было растлумачыць тое, што адбылося: людзі бачылі слёзы, якія з’явіліся з вачэй Маці Божай, і самі плакалі ад замілавання. На ўсе часы праслаўлення памяці аб міласці Божай, яўленай у пружанскім саборы, тагачасны архіепіскап Аляксандр благаславіў вызначыць з гэтай нагоды асаблівае святкаванне ў пятніцу Светлай Сядміцы, — паведаміла Алёна Міхайлаўна.

Краевугольны камень у будаўніцтва храма быў закладзены ў 1864 го­дзе ў Дзень святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла епіскапам Брэсцкім Ігнаціем. Два гады вялося будаўніцтва, і восенню 1866 года сабор асвяцілі.

— За сваю больш чым 150-гадовую гісторыю храм ніколі не закрываўся. Ён перажыў польскую, нямецка-фашысцкую акупацыю, а ў пасляваенныя гады, згодна з планам забудовы горада, было вырашана ўшчыльную пабуда­ваць пяціпавярховы дом. Тым самым вернікі пазбаўляліся царкоўнага цвінтара, а будынак храма губляўся б у агульнагарадской забудове. Але заступніцтвам Божай Маці і намаганнямі вернікаў гэтага не адбылося, — адзначыла педагог.

Сёння пра той перыяд гісторыі нагадвае пяціпавярховы дом, які знаходзіцца непадалёк храма, але не закрывае яго, не парушае гістарычнай кампазіцыі былой гандлёвай плошчы. А летась з нагоды 590-годдзя Пружан улады вырашылі выкарыстаць дом з карыснай турыстычнай мэтай: на бакавы фаса­д быў нанесены мурал з выявай карты горада і яго архітэктурных адметнасцей.

Па родным горадзе

Менавіта з гэтага месца варта пачаць знаёмства з Пружанамі. Па-першае, перад вачыма вялізная карта і можна лёгка сарыентавацца ў назве вуліц і месцы размяшчэння гістарычных будынкаў. Па-другое, калі стаіш паміж Белымі лаўкамі і храмам, то многія архітэктурныя адметнасці горада перад табой як на далоні. Толькі і застаецца, што няспешна прагульвацца, любавацца экстэр’ерам будынкаў, фатаграфа­ваць. Накіруемся ў бок ужо згаданага палаца ХІХ стагоддзя, які мясцовыя жыхары ласкава называюць “палацык”.

Першапачаткова ў ім жылі прадстаўнікі роду Швыкоўскіх, сёння ж тут размяшчаецца музейная экспазіцыя, частымі наведвальнікамі якой, канечне, з’яўляюцца навучэнцы і педагогі. Шмат цікавага можна ўбачыць не толькі ў будынку музея-сядзібы, але і на тэрыторыі парку. Гэта, напрыклад, старадаўні дуб. Калісьці ля маладога дрэўца любілі прагульвацца першыя ўладальнікі палаца. Сёння пад магутнымі галінамі лю­бяць бавіць час выхаванцы дзіцячага сада № 5 Пружан. Дзеці не проста адпачываюць, але і слухаюць аповед педагогаў пра гісторыю парку, адметнасці кожнай расліны. Такім чынам, хлопчыкі і дзяўчынкі вывучаюць родны край.

— Каб такія гульні прыносілі выхаваўчы эфект, а экскурсію па музеі і парку дзеці ўзгадвалі і праз некалькі гадоў, важна замаца­ваць атрыманыя веды. З гэтай мэтай нашы педагогі актыўна выкарыстоўваюць дыдактычныя і інтэрактыўныя гульні. Асабліва захоплівае дзяцей дыдактычная гульня “Гісторыя зямлі маёй”, якая знаёміць з памятнымі мясцінамі Пружан, палацамі і замкамі Беларусі. Віртуальна дзеці падарожнічаюць па родным краі, вывучаюць архітэктуру, народныя промыслы і прыроду нашай краіны. Добрай дапамогай у краязнаўчай рабоце з’яўляецца ўдзел нашай установы ў праекце “Зялёныя школы”. Там ёсць напрамак “Біяразнастайнасць”. Мы вывучаем тыповыя расліны, якія растуць на тэрыторыі дашкольнай установы, а таксама па-за яе межамі, напрыклад, у парку. Падыходзім да векавых дубоў, абдымаем іх, водзім каля дрэў карагоды, вывучаем іх асаблівасці. Усё гэта таксама краязнаўства і дапамагае фарміраваць у дзяцей любоў да роднай зямлі, — паведаміла намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 5 Пружан Таццяна Рыгораўна Карпінчык.

Акцэнт на краязнаўчай рабоце робяць педагогі кожнай дашкольнай установы раёна. Вынікам такой працы стала стварэнне яркага, арыгінальнага і, галоўнае, інфарматыўнага “Даведніка па родным краі” для бацькоў дашкольнікаў. Выданне ўключае сістэматызаваны матэрыял для арганізацыі экскурсій з дзецьмі дашкольнага ўзросту і знаёміць з адметнасцямі роднага краю, яго гісторыяй, знакамітымі землякамі, прапануе прайсціся па месцах, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.

— Над даведнікам працавала творчая група намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі раё­на пад кіраўніцтвам метадыста Таццяны Мікалаеўны Жабрун. Паколькі даведнік адрасаваны ў першую чаргу бацькам, то ў якасці падраздзелаў выступаюць наступныя пытанні: “Пра што паведаміць дзецям?”, “У якія гульні пагуляць?”, “Якія пытанні задаць дзецям?”, “Што пачытаць?”, — паведаміла намеснік начальніка аддзела па адукацыі Пружанскага райвыканкама Алена Аляксандраўна Дарагасціна.

Прапанаваныя заданні і гульні дапамогуць хлопчыкам і дзяўчынкам замацаваць атрыманыя веды, а бацькам карысна правесці час з дзецьмі. Таксама даведнік дапаможа татам і мамам выбраць захапляльныя маршруты для сямейных прагулак. Гэта можа быць маршрут “Дарогамі памяці”, “Падарожжа ў замак Сапегаў”, “Па сцяжынках гісторыі” або “Прагулка па родным горадзе”.

Па родным горадзе выхаванцаў дзіцячага сада № 5 і вучняў сярэдняй школы № 1 Пружан мы прагуляліся. Цяпер адправімся ў “Падарожжа ў замак Сапегаў”.

Музейныя ўрокі

Усяго 45 км ад Пружан — і мы ў беларускім Версалі, былой рэзідэнцыі Сапегаў.

Асабіста для мяне гэта не першая камандзіроўка ў Ружаны. Вясной 2015 года я таксама любаваўся велічнымі руінамі палаца і добра памятаю, як па­абяцаў сабе вярнуцца ў былую рэзідэнцыю Сапегаў, калі тут бу­дзе праведзена рэканструкцыя. За 9 гадоў змянілася многае. Па-першае, цалкам адноўлены цэнтральныя ўязныя вароты, левы і правы флігель, дзе знаходзяцца музейныя залы, а таксама паўночна-ўсходняя аркада. Па-другое, актыўна вядуцца работы па рэканструкцыі ўсходняга корпуса.

— Усходні корпус нездарма называецца ўсходнім. Справа ў тым, што ўсе карпусы палаца будаваліся строга па баках свету. Захаваліся чарцяжы архітэктара Бекера, па іх і вядуцца аднаўленчыя работы. Усходні корпус — тэатральна-манежны. Плануецца аднавіць яго залу ў барочным стылі, стварыць сучасны шматфункцыянальны тэатр, з паваротнай сцэнай, будуць і гасцінічныя нумары, кавярня, выставачная зала. Гэты корпус аднаўляецца па Дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі”, а паўночна-ўсходняя аркада была адрэстаўравана за кошт фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. Што тычыцца галоўнага корпуса, то, хутчэй за ўсё, яго закансервуюць, правядуць археалагічныя раскопкі. Таксама будзе праведзена кансервацыя паўночна-заходняй аркады, — паведаміла дырэктар Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў Алена Аляксанд­раўна Кубарка.

Нядаўна Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры падпісалі пагадненне аб рэалізацыі новага праекта “Урок у музеі”. Таму не мог не пацікавіцца ў Алены Аляксандраўны, як будзе ажыццяўляцца праект у Ружанах, наогул, як палацавы комплекс супрацоўнічае з установамі адукацыі, якія склаліся традыцыі.

— Мы ўдзельнічаем ва ўсіх праектах Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі. Падрыхтаваліся і да “Урока ў музеі”. Пакуль яшчэ не зацверджана тэматыка заняткаў, але папярэдне мы распрацавалі іх сцэнарыі. Усяго для школьнікаў нашымі супрацоўнікамі падрыхтаваны тры віды экскурсій: поўная па музеі, па музейных залах і комплексе, тэматычныя. Таксама для дзяцей праводзіцца квест, калі пасля агляднай экскурсіі яны шукаюць музейныя прадметы.

Тэматыка сённяшніх музейных заняткаў самая разнастайная. Папулярныя за апошнія два гады “Незабытыя ахвяры вайны”, прысвечаныя генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Таксама ў нас ёсць музейна-педагагічныя заняткі “Хто жыве ў Ружанскай пушчы?”. Мы практыкуем не толькі музейна-педагагічныя заняткі, але і квіз-гульні, прысвечаныя, напрыклад, Дню роднай мовы, Дню народнага адзінства, Дню Канстытуцыі, Сусветнаму дню тэатра.

Алена Аляксандраўна, дарэчы, выпускніца Ружанскай сярэдняй школы імя Казіміра Марача, з якой у палацавага комплексу асаблівае сяброўства.

— Усё мае дзяцінства звязана з гэтым месцам. Праз тэрыторыю палаца мы хадзілі ў школу, у вольны час лазілі па падвалах, даследавалі руіны. Мы, вучні, ганарыліся гэтым месцам, хоць яшчэ і не разумелі яго гістарычнай значнасці. Асаблівую гордасць за малую радзіму я адчула падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Калі выкладчыкі даведваліся, што я з Ружан, то з захапленнем гаварылі, што тут быў замак Сапегаў. Калі дзесьці ў Мінску або Брэсце бачыш карціны з выявай Ружанскага палаца, то ў такія мінуты асабліва ганарышся тым, што жывеш у славутым месцы, — адзначыла суразмоўніца.

Ганарацца ружанскія настаўнікі і тым, што будынак школы знаходзіцца недалёка ад палацавага комплексу. А яшчэ педагогі падчас нашай размовы з гордасцю адзначылі, што дзякуючы Алене Аляксандраўне супрацоўніцтва ўстановы адукацыі і ўстановы культуры выйшла на новы ўзровень.

У мінулым годзе Ружанскі палацавы комплекс прыняў амаль 40 тысяч турыстаў, сярод іх шмат навучэнцаў і педагогаў, асабліва падчас канікул. Музейныя работнікі заўсёды рады юным наведвальнікам, а экскурсіі па пяці музейных залах адаптаваны да кожнага ўзросту школьнікаў.

— Мы сябруем з палацавым комплексам з першага года яго работы — 2010-га. Усе выставы наведваюць нашы школьнікі ра­зам з класнымі кіраўнікамі. Музейныя супрацоўнікі дапамагаюць нам у напісанні даследчых работ. Калі замак у 2022 годзе пачаў праводзіць мерапрыемствы па генацыдзе беларускага народа, старшакласнікі пастаянна выступаюць у ролі вядучых гэтых мерапрыемстваў. Нядаўна настаўніцай гісторыі Вікторыяй Аляксандраўнай Юрасавай распрацаваны маршрут “Жорсткая праўда вайны”. Акцэнт робіцца на аповедзе пра трагічны лёс ружанскіх яўрэяў, а таксама пра спаленыя карнікамі вёскі, забітых мірных жыхароў. Маршрут праходзіць ад будынка школы да сквера, у якім знаходзяцца абеліск воінам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама памятныя знакі ахвярам генацыду.

Намеснікі дырэктара Ружанскай сярэдняй школы імя Казіміра Марача С.І.Ахрамовіч, Н.М.Зінкевіч і В.С.Сарока паказваюць копіі фотаздымкаў са старымі і сучаснымі выявамі Ружан

Пад маім кіраўніцтвам з дапамогай музейных работнікаў створаны маршрут “Гістарычныя і архітэктурныя адметнасці Ружан”. У 2017 годзе Ларыса Іванаўна Давідзенка напісала разам з вучаніцай Валерыяй Літвіновіч работу “Подзвіг настаяцеля Петрапаў­лаўскай царквы ў Ружанах айца Іаана Наўродскага”. А ў 2023 го­дзе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Міхайлаўна Шэпырова разам з вучаніцай 11 класа Марыяй Горбач правялі даследаванне “Палацавы комплекс Сапегаў у Ружанах і яго рэпрэзентацыя ў мастацтве Беларусі”. Таксама ў мінулым годзе навучэнцы 9 і 10 класа стварылі відэаролік пра самыя значныя гістарычныя мясціны Ружаншчыны. Дзецям трэба было і здымкі зрабіць, і матэрыял пашукаць. Тут таксама не абышлося без дапамогі музейшчыкаў, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ружанскай сярэдняй школы імя Казіміра Марача Валянціна Сцяпанаўна Сарока.

Галоўнай архітэктурнай дамінантай Ружан з’яўляецца былая рэзідэнцыя роду Сапегаў. Першапачаткова на гэтым месцы размяшчаўся замак, закладзены ў канцы XVI стагоддзя. У XVIII стагоддзі замак перабудавалі ў палацавы комплекс. Сваёй планіроўкай ён нагадвае знакамітую рэзідэнцыю французскіх каралёў Версаль. Руіны галоўнага будынка і цяпер уражваюць велічнасцю.

Што звычайна хочуць пачуць журналісты падчас камандзіроўкі ў такія славутыя мясціны, як Ружаны? Канечне, эксклюзіў, тое, што не прачытаеш у інтэрнэце.

— Сярод мясцовых жыхароў ёсць легенды, пра якія мала хто ведае. Мой свёкар жыве недалёка ад палаца. Дык вось ён расказ­ваў, што з левага боку ад варот, у будынку флігеля, пасля вайны прыезджыя людзі ўтварылі ў цэгле нішу. Гэта яны шукалі скарб. Праўда тое ці не, але гавораць, што залатыя манеты ўсё ж знайшлі. А яшчэ (гэта ўжо вядомая легенда) паміж Ружанскім і Косаўскім палацамі быццам існаваў падземны ход, па якім можна было нават пра­ехаць на конях. Не ведаю, ці сапраўды тое было, але вялікія падзямеллі ёсць дакладна, — падзялілася Валянціна Сцяпанаўна.

Ружаны з’яўляюцца выдатным прыкладам плённага супрацоўніцтва ўстановы культуры і ўстановы адукацыі. Інакш і не можа быць, бо і ў музейшчыкаў, і ў педагогаў агульная мэта — выхаваць годных грамадзян Беларусі, якія ведаюць і паважаюць гісторыю сваёй краіны, яе традыцыі, любяць родную зямлю.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара