Блакітнае цяпло «Каляднай зоркі»: сёлетняя выстава-конкурс аб’яднала амаль 10 тыс. дзяцей з усёй краіны

- 10:57АРТ-квартал, Новости

«Калядная зорка» традыцыйна заззяла ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Нечакана для ўсіх — блакітнымі прамянямі. Работы, большасць з якіх зроблены ў сініх адценнях, ацаніла карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У выставачнай зале размясцілася каля 500 лепшых работ, якія выконвалі юныя майстры з усёй краіны ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў разам са сваімі педагогамі. Упершыню за 28 гадоў экспазіцыя стала не рознакаляровай, а атрымала манахромную каларыстыку, што стала сюрпрызам нават для журы.

Тут лялькі і мяккія цацкі, сюжэтныя кампазіцыі і навагоднія арт-аб’екты, маскарадныя касцюмы і аксесуары, казачныя персанажы, сняжынкі-выцінанкі, снегавікі, калядныя зоркі, нават касцюмы гасцей — усё сіняе! Можа, так юныя творцы стараюцца выправіць прыродную анамалію — вось-вось Каляды, а за акном дагэтуль няма бела-блакітных гурбаў снегу. А можа, гэта іх спосаб стварыць атмасферу спакою і рэлаксу.

IMG_6258
IMG_6312
IMG_6309
IMG_6221
IMG_6307
IMG_6310
IMG_6290
IMG_6208
IMG_6258 IMG_6312 IMG_6309 IMG_6221 IMG_6307 IMG_6310 IMG_6290 IMG_6208

Свае работы дзеці выконвалі ў розных відах і тэхніках дэкаратыўна-прыкладной творчасці: выцінанка, валенне з лямцу, мастацкая саломка і роспіс, лозапляценне, кераміка, дрэваапрацоўка, вышыўка, ткацтва, габелен і інш.

Хоць конкурс праходзіць ужо 28-ы раз, кожны год прыўносяцца новыя ідэі і ад арганізатараў, і ад аўтараў. Загадчык сектара выставачнай работы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Святлана Скварнюк адзначыла, што сёлета ўпершыню ў межах конкурсу праходзіў праект «Ёлкі маёй краіны».

Мы прапанавалі абласцям стварыць наборы ёлачных цацак, якія б адлюстроўвалі культурную спадчыну, народныя мастацкія рамёствы, рэгіянальныя адметнасці і дасягненні сучаснай Беларусі ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, навуцы, спорце і інш. Атрымаліся 7 выдатных ёлак. Напрыклад, педагогі і навучэнцы Магілёўскай вобласці выразалі для сваёй зялёнай прыгажуні сняжынкі, але незвычайныя: з выявамі архітэктурных славутасцей рэгіёна ў тэхніцы выцінанка. На ёлцы ад Віцебшчыны — мяккія цацкі з выявамі галоўных брэндаў вобласці: згушчонка, сыры, клёцкі па-лепельску… Гомельшчына прадставіла адметнасці свайго рэгіёна ў выглядзе саламяных цацак. Вельмі цікавая ялінка атрымалася ў Мінска: і Нацыянальная бібліятэка, і парк імя Максіма Горкага, і гадзіннікавы завод «Луч», і мноства іншых аб’ектаў сталіцы былі перанесены пэндзлямі на цукеркі. Такі мастацкі роспіс надаў адметны стыль аздабленням, — сказала С. Скварнюк.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка, звяртаючыся да прысутных на адкрыцці дзіцячай выставы, падкрэсліла, што кожны з іх таксама можа стварыць для сябе святочны настрой, калі паэксперыментуе нават з самымі простымі і даступнымі матэрыяламі. Яна адзначыла, што створаныя сваімі рукамі творы дораць нам чараўніцтва і нагадваюць, што Новы год ужо хутка.

Самыя яркія і змястоўныя дзіцячыя работы Рэспубліканскай выставы-конкурсу ўпрыгожаць Палац Рэспублікі, дзе пройдуць навагоднія святы ў рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара