Раней хацелі стаць блогерамі, а цяпер — касманаўтамі і выратавальнікамі. Выхаванцы дзіцячага сада № 26 Ліды, дзякуючы прафарыентацыйнаму праекту, змянілі свае погляды. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У гульнявой форме з дапамогай дыдактычнага матэрыялу педагогі знаёмяць дзяцей з велізарным светам прафесій. А каб малым усё было зразумела і лепш запаміналася, яны пашылі касцюмы прадстаўнікоў некаторых прафесій, распрацавалі і затым змайстравалі настольныя гульні. Не адмовілі ў дапамозе і бацькі выхаванцаў.
Загадчыца дзіцячага сада № 26 Ліды А.А.Шлапік і выхавальніца Д.Д.Бутурля
— Запушчаны некалькі гадоў назад старшынёй Лідскага райвыканкама Сяргеем Васільевічам Ложачнікам праект “Эканоміка. Асоба. Будучыня” па прафарыентацыі старшакласнікаў выйшаў за межы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і выліўся ў ініцыятывы ўстаноў дашкольнай, а таксама дадатковай адукацыі, — расказала загадчыца дзіцячага сада № 26 Ліды Алеся Аляксандраўна Шлапік. — Мы разумелі, што дашкольнікам таксама цікава знаёміцца з прафесіямі дарослых. Першае, што зрабілі ў пачатку навучальнага года, — пайшлі на завод “Лідахарчканцэнтраты”. Асабліва дзецям спадабалася лінія выпуску кукурузных палачак, яны былі вельмі ўражаны. Да таго ж атрымалі салодкія падарункі. Гэта быў наш першы крок на шляху прафарыентацыі дашкольнікаў.
— Таксама мы арганізавалі агляд-конкурс мадэлей адзення “Горад прафесій”, каб такім чынам развіць у дашкольнікаў цікавасць да працы дарослых і свету прафесій, павысіць кампетэнтнасць дзяцей даступнымі для іх разумення сродкамі, — адзначыла выхавальніца Дзіяна Дзмітрыеўна Бутурля, якая абагульніла вопыт работы ўстановы па прафарыентацыі. — Конкурс, на мой погляд, зацікавіў хлопчыкаў і дзяўчынак, яны з задавальненнем апраналіся ў пашытыя для іх касцюмы, дэманстравалі іх аднагодкам. І калі раней дзеці прызнаваліся, што хочуць быць блогерамі, то цяпер многія змянілі сваё меркаванне, некаторыя ўжо мараць стаць пажарнымі, касманаўтамі.
Педагогі разам з бацькамі выхаванцаў пашылі касцюмы касманаўта, цырульніка, урача, кухара, маляра, будаўніка, пажарнага, пілота, сцюардэсы, марака і інш. Прычым касцюмы зрабілі парнымі — для хлопчыкаў і дзяўчынак. Кожная група на конкурсе прадстаўляла адну прафесію. Усе падышлі да работы творча, абмяркоўвалі не толькі фасон, але нават тканіну і гузікі. Таму і выкананне атрымалася якасным, касцюмы сапраўды прыгожыя. Адзін толькі камбінезон касманаўта са шлемам і прыгожымі ботамі чаго варты! Усе мараць яго прымераць.
Так атрымалася цэлая калекцыя касцюмаў, якія сёння выкарыстоўваюцца для правядзення прафарыентацыйных мерапрыемстваў у дзіцячым садзе. Напрыклад, у рамках музычнай забавы цікава прайшло свята працы напярэдадні 1 мая. Дзеці не проста прадставілі дэфіле ў касцюмах — для кожнага ў вобразе прадстаўніка той ці іншай прафесіі былі падабраны конкурсы, спартыўныя забавы, што дазволіла не толькі яму праявіць сябе, але і іншым дзецям паўдзельнічаць у актыўнасцях, даведацца пра спецыфіку пэўнай прафесіі.
Вопыт работы ў гэтым кірунку педагогі дзіцячага сада № 26 Ліды трансліравалі ў рамках гродзенскага абласнога метадычнага форуму на базе ГрАІРА, дзе таксама зладзілі выставу касцюмаў. Як расказала кіраўнік установы дашкольнай адукацыі, у планах запусціць сацыяльны праект і дзяліцца вопытам работы са школамі. Так, у жніўні запланавана наведванне сярэдніх школ № 6 і № 8 Ліды.
Для замацавання тэмы “Свет прафесій” у дзіцячым садзе распрацавана некалькі гульняў. У выглядзе лататрону прадстаўлена гульня “Профіль-навігатар”. Дзецям трэба выцягнуць шар і знайсці патрэбную карцінку, а затым суаднесці адпаведную прафесію з месцам работы, касцюмам, неабходнымі інструментамі і вынікам працы. Гэта дазваляе дашкольнікам замацаваць атрыманыя веды і прывівае цікавасць да свету прафесій. У гэтай гульні педагогі, каб пашырыць кругагляд дзяцей, падабралі ў тым ліку такія прафесіі, як трэнер, тэлевядучы, вадалаз, аўтамеханік. Ёсць і гульні для дзяцей старэйшага ўзросту, дзе яны даведваюцца, чым займаецца шкловыдзімальшчык, абутнік, зваршчык. У гульні “Горад майстроў”, дзе прадстаўлены будаўнічыя прафесіі, дзецям неабходна знайсці інструменты для электрыка, цесляра, муляра, маляра, сантэхніка.
— Хлопчыкам і дзяўчынкам прывіваецца цікавасць да прафесій з дапамогай гульняў, у тым ліку сюжэтна-ролевых, — дадала Д.Д.Бутурля. — Педагогі сталі больш выкарыстоўваць аформленыя ў групах куткі “Цырульня”, “Магазін” і інш. Неабходна з ранняга ўзросту знаёміць дзяцей з прафесіямі. Далей будуць іншыя прыступкі навучання, іншая падача матэрыялу, але аснова ведаў закладваецца менавіта ў дзіцячым садзе. Мы стараемся данесці да хлопчыкаў і дзяўчынак, што ўсюды трэба працаваць, толькі тады ты станеш паспяховым.
У дзіцячым садзе нават уваходныя дзверы аформлены налепкамі з выявамі на тэму прафесій. Адпраўляючыся на прагулку, дзеці звяртаюць увагу на цікавыя малюнкі, і яны, безумоўна, застаюцца ў памяці маленькага чалавека.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва дзіцячага сада № 26 Ліды