БНТУ адкрывае Ізраіль

- 13:06Рознае, Якасць адукацыі
У Ізраілі будзе створаны каардынацыйны савет рэпатрыянцкіх навуковых суполак па супрацоўніцтве з БНТУ. Гэтая прапанова, а таксама іншыя планы ўзаемадзеяння абмяркоўваліся ізраільскім і беларускім бокам падчас візіту дэлегацыі БНТУ ў Ізраіль.

 

Гэта была вельмі змястоўная паездка. Мы правялі перамовы з ізраільскімі навучальнымі і навуковымі ўстановамі і арганізацыямі аб перспектывах удзелу ў сумесных адукацыйных і навуковых праектах, падрыхтавалі да падпісання з ізраільскімі партнёрамі рабочыя дакументы і правялі шэраг сустрэч са студэнтамі МІДА — грамадзянамі Ізраіля.
У ходзе візіту ў Ньюмэн дэлегацыя БНТУ азнаёмілася з работай цэнтра і сустрэлася з яго супрацоўнікамі. Таксама адбыліся сустрэчы з ізраільскімі студэнтамі БНТУ. На сённяшні дзень у Міжнародным інстытуце дыстанцыйнай адукацыі БНТУ пры садзейнічанні цэнтра “Ньюмэн” вучацца 5 грамадзян Ізраіля. Ім былі ўручаны студэнцкія білеты і заліковыя кніжкі. Акрамя таго, была арганізавана сустрэча з патэнцыяльнымі кандыдатамі на навучанне ў МІДА, праведзены кансультацыйныя і атэстацыйныя мерапрыемствы.
У ходзе перамоў у цэнтры “Ньюмэн” абмяркоўваліся магчымыя дзеянні абодвух бакоў, накіраваныя на павелічэнне колькасці студэнтаў БНТУ — грамадзян дзяржавы Ізраіль, і была прапанавана цэлая праграма рэкламнай кампаніі ў Ізраілі па прасоўванні брэнда БНТУ сярод рускамоўных грамадзян гэтай краіны. Акрамя таго, быў падпісаны дадатак да асноўнага дагавора паміж БНТУ і цэнтрам “Ньюмэн”, які ўдакладняе пералік спецыяльнасцей магістратуры, па якіх магчыма навучанне грамадзян Ізраіля ў БНТУ. Абмяркоўваліся магчымыя напрамкі навукова-інвестыцыйнага супрацоўніцтва.
Вынікі гэтых перамоў дазваляюць спадзявацца на істотнае павелічэнне колькасці ізраільскіх студэнтаў і магістрантаў у БНТУ.
Акрамя таго, адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі некамерцыйнай грамадскай арганізацыі “Асацыяцыя Крыніца інфармацыі”, Іерусалімскага дома тэхналогій, Ізраільскай незалежнай акадэміі развіцця навук, а таксама з віцэ-мэрам ізраільскага горада Нэшэр, муніцыпалітэт якога зацікаўлены ў кантактах з беларускімі гарадамі і арганізацыямі.
Прадстаўнікі ўсіх пералічаных арганізацый выказалі цікавасць да супрацоўніцтва з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам і з Рэспублікай Беларусь увогуле. Напрамкамі такога супрацоўніцтва магло б стаць развіццё навуковых кантактаў, сумесная дзейнасць па пошуках інвестараў для рэалізацыі сумесных навуковых і інавацыйных праектаў, выданне навукова-тэхнічных часопісаў і інш.
У выніку перамоў бакі дамовіліся аб падрыхтоўцы адпаведных дагавораў паміж БНТУ і згаданымі арганізацыямі і распрацоўцы канкрэтных праграм супрацоўніцтва. На сённяшні дзень падрыхтаваны да падпісання праект дагавора аб супрацоўніцтве і папярэдняя праграма сумеснай работы БНТУ і “Асацыяцыі Крыніца інфармацыі”. Дакументы аб супрацоўніцтве з іншымі арганізацыямі знаходзяцца ў стадыі ўзгаднення.
Акрамя таго, прадстаўнікі ізраільскіх арганізацый прапанавалі стварыць каардынацыйны савет рэпатрыянцкіх навуковых суполак Ізраіля па супрацоўніцтве з БНТУ. Сёння гэтая ідэя актыўна прасоўваецца ў адпаведных колах Ізраіля.
Згодна з папярэдняй дамоўленасцю, дэлегацыя БНТУ здзейсніла візіт у Ізраільскі тэхналагічны інстытут — Тэхніён (г.Хайфа).
Праграма візіту, падрыхтаваная ізраільскім бокам, прадугледжвала сустрэчу ў Тэхніёне з прарэктарам па міжнародных справах прафесарам Анат Рафаэлі і кіраўніком Міжнароднай школы Тэхніёна спадаром Арыэлем Гевам, а таксама візіт у Цэнтр наведванняў Тэхніёна.
У ходзе перамоў мы праінфармавалі ізраільскі бок пра БНТУ і пакінулі інфармацыйныя матэрыялы пра наш універсітэт і Рэспубліку Беларусь. Прафесар Рафаэлі расказала пра Тэхніён і яго шматлікія міжнародныя кантакты. У працэсе перамоў была выказана прапанова падпісаць дагавор аб супрацоўніцтве паміж Тэхніёнам і БНТУ, праект якога зараз знаходзіцца на зацвярджэнні ў юрыдычнай службе ізраільскага ўніверсітэта-партнёра. Кіраўніцтва Тэхніёна выказала зацікаўленасць ва ўдзеле разам з БНТУ ў запланаваным у Рэспубліцы Беларусь беларуска-ізраільскім тэхналагічным парку, а таксама ў развіцці далейшых кантактаў з беларускім бокам у адукацыйнай і навуковай сферах.
Распрацаваныя дакументы аб супрацоўніцтве дазволяць усталяваць пастаянныя сувязі паміж вядучымі тэхнічнымі ўніверсітэтамі Беларусі і Ізраіля. Ёсць упэўненасць, што ўжо ў найбліжэйшы час планы будуць ператварацца ў канкрэтныя сумесныя справы, накіраваныя на развіццё і ўмацаванне супрацоўніцтва не толькі паміж універсітэтамі-партнёрамі, але і паміж дзвюма краінамі.

Аляксандр ЦЫГАНАЎ,
прарэктар па вучэбнай рабоце і міжнародным супрацоўніцтве БНТУ,
Ігар САЦІКАЎ,
дырэктар Міжнароднага інстытута дыстанцыйнай адукацыі БНТУ.