Канцэпцыя музейнай экспазіцыі гімназіі № 13 Мінска “Генацыд беларускага народа” садзейнічае рэалізацыі прынцыпу “музей для дзяцей і рукамі дзяцей”.
Акцэнт перанесены з працэсу пасіўнага ўспрымання музейных калекцый на працэс іх актыўнага стварэння.
Адкрываецца экспазіцыя стэндавай інфармацыйнай пляцоўкай “Памятаем, ганарымся”, на якой праз фотаздымкі, дакументы, карты расказваецца пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, факты генацыду беларускага народа, спаленыя вёскі, канцлагеры, знішчэнне мірнага насельніцтва.
Пляцоўка “Мінскае падполле ў гады Вялікай Айчыннай вайны” адлюстроўвае барацьбу “страляючага горада”, у якім не было спакою нямецка-фашысцкім акупантам. Потым шлях экскурсантаў пралягае праз мабільную выставу карцін гімназістаў “Бязгучны крык”. Тут адлюстраваны ўяўленні вучняў пра ваенныя падзеі. Гэтая пляцоўка валодае вялікім патэнцыялам для развіцця творчых здольнасцей вучняў і выхавання ў іх эстэтычнай культуры. Наступны экспазіцыйны прыпынак — інтэрактыўная дэманстрацыйна-інфармацыйная пляцоўка мадэлей ваеннай тэхнікі, выкананых гімназістамі.
Завяршае экспазіцыю прэзентацыя кнігі “77 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне: гімназія памятае!”. Безумоўна, кожная беларуская сям’я адчула боль страт у гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы абавязаны памятаць пра гэта. А самая лепшая форма памяці — кніга. Зборнік стаў заканамерным вынікам актыўнага ўдзелу вучняў і педагогаў у гарадской акцыі “30 дзён да Перамогі”. Кожны дзень з 9 красавіка па 9 мая на сайце гімназіі вёўся адлік да Дня Перамогі, публікаваліся біяграфічныя звесткі пра ўдзельнікаў і герояў Вялікай Айчыннай вайны, пра дзядуль і прадзедаў вучняў і педагогаў нашай гімназіі. Ужо апублікавана 77 біяграфічных гісторый. Дзве прысвечаны Героям Савецкага Саюза. Кніга не завершана, таму што з кожным вучнем, які прыйшоў у гімназію, будзе прыходзіць яшчэ адна гісторыя беларускай сям’і пра Вялікую Айчынную вайну.
Кожная пляцоўка стварае ўмовы для выхавання ў падрастаючага пакалення паважлівых адносін да подзвігу народа, любоў да Радзімы, дае вучням магчымасць прымаць актыўны ўдзел у фарміраванні і развіцці музейнай экспазіцыі.
Алясей ПАРХОМЕНКА, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства;
Таццяна ПАПКО, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 13 Мінска.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.