Больш чым 700 дзяцей пабывалі на абласным дабрачынным свяце на Міншчыне

- 11:13Новости

На Міншчыне традыцыйнае навагодняе абласное свята сёлета правялі ў Слуцку. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш чым 700 дзяцей — гэта не толькі выдатнікі, пераможцы алімпіяд, школьныя актывісты, кадэты, але і дзеці з малазабяспечаных, мнагадзетных, няпоўных і прыёмных сем’яў, сіроты, дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Да пачатку навагодняга паказу госці наведалі шматлікія святочныя лакацыі, што разгарнуліся каля гарадскога Дома культуры і на цэнтральнай гарадской плошчы.

Так, дзяцей, якія прыехалі з усіх куткоў Міншчыны, чакалі інтэрактыўныя казачныя гульнявыя пляцоўкі. У рэзідэнцыі Дзеда Мароза і Снягуркі школьнікам прапаноўвалі напісаць ліст галоўнаму чараўніку, вырабіць сувенір з пажаданнямі, упрыгожыць ёлку, адгадаць загадкі, паўдзельнічаць у квестах і пагрэцца ля чароўнага каміна, а таксама наведаць кантактны заапарк. Ля гарадскога Дома культуры іх сустракалі Снежная каралева і 12 Месяцаў. У фае дзеці змаглі наведаць рэкрэацыі «Навагодняе чараўніцтва», зрабіць фота на памяць, прыняць удзел у майстэрні «Навагодні татуаж» і турніры па шашках. Але самай запамінальнай падзеяй для ўсіх стала шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурак.

«У сталічнага рэгіёна няма абласнога цэнтра, затое свята мы кожны год адзначаем у розных гарадах, — звярнуўся да прысутных старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын. — Сёння яго прымае Слуцк — выдатны горад. Лічу, што свята атрымалася добрым. Увогуле нашы мерапрыемствы становяцца больш маштабнымі і цікавымі. Гэтую традыцыю абавязкова працягнем. Кожны год мы прыязджаем у новы горад, для якога вялікі гонар прымаць у сябе лепшых дзяцей Міншчыны — тых, хто паказвае добрыя вынікі ў вучобе, выйграе конкурсы і алімпіяды. Абласное свята пераклікаецца з акцыяй «Нашы дзеці». У кожнага дзіцяці, ды і дарослага таксама, у гэтыя пераднавагоднія дні павінна быць адчуванне свята. У жыцці хапае негатыву, таму трэба знаходзіць і ствараць нагоды для радасці».

Сярод выдатнікаў вучобы, якія прыехалі на свята, — навучэнка 11-га класа Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Таццяна Рамэйка. У ліку дасягненняў дзяўчыны — перамогі на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах па беларускай мове.

«Прыемна, калі разумееш, што ўся твая праца мае пэўны вынік, — расказвае Т. Рамэйка. — Я шмат чым цікаўлюся яшчэ са школьных гадоў. Падабаецца займацца творчасцю, музыкай. Сёння вучуся на хімічна-біялагічным профілі і вельмі рада, што калісьці паступіла ў ліцэй».

Завяршылася абласное свята казачнай пастаноўкай на сцэне гарадскога Дома культуры.

Наталля САХНО
Фота аўтара