Што атрымаецца, калі да звычайнага фільма дадаць спецэфекты, музыку, якая ўзмацняе ўздзеянне, неверагодныя касцюмы і дэкарацыі, запрасіць выбітных акцёраў і майстра-аператара? Атрымаецца блокбастар. Гэтак жа і ў прафесійным жыцці чалавека. Калі ў работніка да ўмення выконваць набор пэўных аперацый дадаюцца творчы падыход да справы, уменне наладжваць зносіны з людзьмі, шырокі кругагляд, імкненне да ўдасканалення сваіх уменняў, то атрымліваецца сапраўдны сучасны прафесіянал. Менавіта такі “чалавек-блокбастар”, усебакова развіты спецыяліст, сёння запатрабаваны ў работадаўцаў. Таму ўстановы прафесійнай адукацыі не засяроджваюцца толькі на прафесійнай падрыхтоўцы сваіх навучэнцаў, развіваючы ў іх мноства розных карысных якасцей. Вялікую ўвагу гэтаму ўдзяляюць у Слуцкім дзяржаўным каледжы.
Слуцкі дзяржаўны каледж — адна з самых моцных і вядомых устаноў прафесійнай адукацыі ў нашай краіне. Гэта сучасная ўстанова, дзе сканцэнтраваны найноўшыя кірункі прафесійнай падрыхтоўкі. І сёння прафесійная падрыхтоўка, па сутнасці, выходзіць за межы вучэбных аўдыторый і майстэрняў.
— Дынамічныя змены ва ўсіх галінах эканомікі і сацыяльнай сферы вызначаюць ключавыя задачы дзейнасці каледжа і яго калектыву, — расказвае дырэктар установы Барыс Браніслававіч Блахін. — Зараз асабліва востра стаіць пытанне прафесіяналізму будучых рабочых і спецыялістаў, каб якасць і ўзровень іх падрыхтоўкі адказвалі рэаліям сённяшняга дня. На сучасным этапе мала даць навучэнцам толькі пэўныя веды і навыкі для працы. Грамадства прад’яўляе новыя патрабаванні да выпускнікоў — гэта і творчае развіццё, і ўменне знаходзіць найбольш рацыянальныя канструктыўныя рашэнні, добра арыентавацца ў адборы навуковай інфармацыі, ставіць і вырашаць розныя прынцыпова новыя пытанні. Стварэнне ўмоў для аптымальнага развіцця здольнасцей навучэнцаў з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці педагогаў нашага каледжа. Кожны, хто працуе ва ўстанове адукацыі, працуе на будучыню і ў адказе за гэтую будучыню.
Сістэма выхаваўчай работы робіць значны ўклад у станаўленне сучаснага прафесіянала, бо менавіта яна дазваляе развіваць неабходныя надпрафесійныя кампетэнцыі. Прычым самыя розныя.
Ружы на гарбузе
У каледжы дзейнічае шэраг аб’яднанняў па інтарэсах. Некаторыя з іх звязаны з прафесіямі, якія атрымліваюць навучэнцы. Напрыклад, ва ўстанове вядзецца навучанне па спецыяльнасцях “Грамадскае харчаванне ” і “Тэхналогія хлебапякарнай вытворчасці”, навучэнцы атрымліваюць кваліфікацыі кухара, цеставода, пекара, машыніста цестараздзелачных машын. Будучыя работнікі харчовай галіны могуць атрымаць дадатковыя навыкі ў аб’яднанні па інтарэсах “Аматары карвінгу”. Аб’яднанне ўжо некалькі гадоў дзейнічае ў каледжы, заняткі праводзіць Вольга Барысаўна Канапелькіна. Карвінг, або мастацкае выразанне на фруктах і агародніне, захапляе навучэнцаў, яны з цікавасцю і задавальненнем вучацца ўпрыгожваць стравы. Ружы і вяргіні, выразаныя з буракоў, хрызантэмы з дайкона і рэдзькі і цэлыя карціны на гарбузах і кабачках — усё гэта ўмеюць ствараць удзельнікі аб’яднання. Такім чынам, на асноўных вучэбных занятках яны вучацца гатаваць стравы, а ў гуртку — упрыгожваць іх.
Педагог дадатковай адукацыі Ірына Васільеўна Купрыянчык таксама вучыць вырабляць ядомую прыгажосць. Пад яе кіраўніцтвам на занятках аб’яднання “Лепкаманія” вучацца ствараць кандытарскія вырабы і ўпрыгожваць іх. Навучэнцы вывучаюць розныя тэхнікі аздаблення тартоў і ў выніку ствараюць не проста кандытарскія вырабы, а ўнікальныя творы мастацтва. Кожная такая работа расказвае цэлую разгорнутую гісторыю. В.Б.Канапелькіна і І.В.Купрыянчык разам са сваімі выхаванцамі нярэдка ўдзельнічаюць у конкурсах прафесійнага майстэрства, дзе іх работы атрымліваюць высокія ацэнкі спецыялістаў.
Творчыя заняткі вучаць мысліць крэатыўна і творча, выхоўваюць эстэтычны густ. Каледж прапануе навучэнцам аб’яднанні па інтарэсах, якія дазваляюць развіваць разнастайныя творчыя здольнасці. Хочаш спяваць — запрашае аб’яднанне “Харавыя і вакальныя спевы”, вакальная група “Каляжанка”, фальклорная група “Маладосць”. Хочаш танцаваць — чакае харэаграфічны калектыў “Аўрора”. Усіх актыўных і крэатыўных рады вітаць у агіткамандзе “Моладзь і творчасць”. Ёсць схільнасці да дэкаратыўна-прыкладной творчасці — працуюць аб’яднанні “Свет тканіны”, “Чараўніцтва ўпрыгажэнняў”, “Сувенір”, “Майстэрня творчасці”. Для аматараў спорту дзейнічаюць аб’яднанні “Асілак”, секцыі па розных відах спорту. Вельмі запатрабаваная ў дзяўчат “Школа прыгажосці і здароўя”, заняткі ў якой вядзе педагог-псіхолаг Таццяна Аркадзьеўна Храмянкова. Яна праводзіць трэніроўкі па фітнесе, а таксама псіхалагічныя трэнінгі, накіраваныя на ўмацаванне пазітыўнай самаацэнкі і фарміраванне адказных адносін да ўласнага здароўя.
Маленькія крокі да вялікага бізнесу
Для сучаснага чалавека важна быць фінансава дасведчаным. Гэты аспект таксама ўлічваецца пры рабоце з навучэнцамі ў Слуцкім дзяржаўным каледжы. З 2016 года ва ўстанове дзейнічае бізнес-кампанія “Праф-Альянс”.
Бізнес-кампанія ў каледжы — гэта не імітацыя бізнесу, а сапраўдная справа, хоць і ў невялікіх маштабах. Навучэнцы каледжа прайшлі ўсе этапы стварэння і развіцця кампаніі. Сфера дзейнасці маладых прадпрымальнікаў з каледжа — вытворчасць хлебабулачных вырабаў, малых архітэктурных форм з металу, выраб і рамонт швейных вырабаў.
Супрацоўнікамі кампаніі з’яўляюцца 11 навучэнцаў. У кожнага свая пасада. Ёсць у кампаніі дырэктар, старшы менеджар, менеджар па рэкламе, менеджар-фінансіст, дызайнер і іншыя работнікі. Усю работу навучэнцы выконваюць самі: у адпаведнасці са створаным бізнес-планам праводзяць даследаванні рынку тавараў і паслуг, вырабляюць і рэалізуюць прадукцыю, займаюцца рэкламай, рыхтуюць справаздачныя і фінансавыя дакументы. Зразумела, ёсць у іх і дарослы кіраўнік з ліку супрацоўнікаў установы, але яго задачы — назіраць і дапамагаць. Дзякуючы ўдзелу ў рабоце бізнес-кампаніі, навучэнцы атрымліваюць шырокі спектр эканамічных ведаў, вучацца спраўляцца з разнастайнымі цяжкасцямі і выклікамі, адаптавацца да хуткіх змен.
— Удзельнікі бізнес-кампаніі набываюць першы працоўны вопыт. Яны вучацца працаваць у камандзе. Такая работа дысцыплінуе, у іх выпрацоўваюцца самастойнасць, пунктуальнасць і адказнасць, — расказвае кіраўнік бізнес-кампаніі Алеся Генадзьеўна Піскіжова.
У сваёй дзейнасці юныя прадпрымальнікі маюць поспехі. Найбольш актыўна развіваецца хлебабулачная вытворчасць: толькі за 2020 год кампанія зарабіла больш за 20 тысяч рублёў на гэтым напрамку работы.
Бізнес-кампанія “Праф-Альянс” стала ўдзельнікам абласнога праекта “Прадпрымальніцкая ініцыятыва, фінансавая дасведчанасць, сучасная адукацыя: новыя драйверы эканомікі”, увайшла ў лік 12 лепшых кампаній вобласці і атрымала інвестыцыйны сертыфікат на развіццё свайго бізнесу. Праект падтрымалі прадстаўнікі Слуцкага аддзялення Беларускага саюза прадпрымальнікаў. Наладжана актыўнае супрацоўніцтва бізнес-кампаніі з ментарамі — дасведчанымі прадпрымальнікамі і экспертамі ў галіне бізнесу. У планах кампаніі — выхад на больш шырокую аўдыторыю спажыўцоў.
Бізнес-кампанія спрыяе фарміраванню асобы, здольнай да прыняцця прафесійна-эканамічных, кіраўніцкіх і сацыяльных рашэнняў.
Маладзёжны фармат
Валанцёрская дзейнасць выхоўвае важныя маральныя якасці ў чалавеку, вучыць яго разумець людзей вакол і самога сябе. Таму валанцёрства знайшло сваё важнае месца ў рабоце з моладдзю ў Слуцкім дзяржаўным каледжы. Зараз у каледжы дзейнічаюць тры валанцёрскія атрады. Яны аб’ядналі каля 50 добраахвотнікаў, якія прымаюць удзел у розных праектах і гатовы дапамагаць тым, каму гэта патрэбна.
Атрад “Добрыя сэрцы” працуе ў цеснай звязцы з грамадскім аб’яднаннем “Чырвоны Крыж”, падтрымліваючы ініцыятывы гэтай арганізацыі.
Валанцёры атрада “Клопат” аказваюць дапамогу выхаванцам Слуцкага спецыялізаванага дома дзіцяці і сацыяльнага прытулку. Таксама пад іх крылом дабрыні знаходзяцца ветэраны ВАВ і педагагічнай працы: валанцёры аказваюць ім дапамогу ў гаспадарчых справах, рыхтуюць віншаванні на святы. Традыцыйнымі сталі дабрачынныя акцыі “Добрыя сэрцы — ветэранам!”, “Ваша перамога — наша свабода”, “Ветэран жыве побач”, “Мой падарунак ветэрану!” і інш. У рамках акцыі “Мы перамаглі” валанцёры бяруць удзел у добраўпарадкаванні мемарыялаў і месцаў пахавання воінаў.
Валанцёрскі атрад “Эколаг” арганізоўвае працоўныя акцыі па ўборцы і азеляненні тэрыторыі ўстановы адукацыі. Атрад узяў удзел у абласным конкурсе праектаў на лепшае афармленне тэрыторыі ўстановы адукацыі зялёнымі насаджэннямі і кветкавымі кампазіцыямі, раённым конкурсе на лепшае навагодняе афармленне ўстановы адукацыі і прылеглай тэрыторыі. У Слуцкім дзяржаўным каледжы ўжо шмат гадоў дзейнічае зімовы сад. Валанцёры клапоцяцца аб тым, каб ён зелянеў і квітнеў. Дзякуючы ініцыятыве валанцёраў, гэтай восенню на тэрыторыі каледжа з’явілася алея, прысвечаная 80-годдзю сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі Беларусі.
У каледжы важнае значэнне надаюць выхаванню лідарскага патэнцыялу ў навучэнцаў, для гэтага была арганізавана работа аб’яднання “Школа лідара”. У аб’яднанні з навучэнцамі працуе педагог-арганізатар каледжа Алена Аркадзьеўна Касабуцкая. Для ўдзельнікаў “Школы лідара” арганізоўваюцца вучэбныя і трэнінгавыя мерапрыемствы. Адбыліся семінары “Лідарскія якасці асобы”, “Як дапамагчы групе стаць калектывам?”, “Прынцыпы стварэння структуры і дзейнасці органаў самакіравання ў групе, інтэрнаце, каледжы”. Набытыя веды лідары ўвасабляюць у рэальных справах на карысць каледжа. Удзельнікі творчага аб’яднання сталі ініцыятарамі правядзення прафарыентацыйнай панарамы “Дзень адкрытых дзвярэй”, квест-гульні “Дарогай майстэрства”, інтэрактыўнага праекта “Мая Беларусь”, прэзентацыі дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах “Кірмаш талентаў”, выступленняў творчых калектываў каледжа перад работнікамі базавых прадпрыемстваў і іншых актыўнасцей.
Усе напрамкі творчай і сацыяльнай актыўнасці аб’яднала творчая лабараторыя “Маладзёжны фармат”, якая дзейнічае ў каледжы. Якая б ідэя ні ўзнікла ў навучэнца, у лабараторыі знойдуцца магчымасці гэтую ідэю развіць і рэалізаваць. Часткай творчай лабараторыі з’яўляецца штаб валанцёрскіх аб’яднанняў, а таксама штаб калектыўных творчых спраў. Творчая лабараторыя прапануе навучэнцам шмат цікавага. Напрыклад, наведаць прэм’ер-залу “Сінема”, дзе ладзіцца калектыўны прагляд мастацкіх фільмаў з наступным іх абмеркаваннем. Або пабываць на вясёлай сустрэчы ў караоке-клубе, які дзейнічае на базе кафэ “Юнацтва”, што працуе ў каледжы.
Юнакі і дзяўчаты маюць магчымасць рэалізаваць свае здольнасці і ў навукова-даследчай дзейнасці: у каледжы дзейнічае навуковае таварыства навучэнцаў “Інавацыйны фармат” пад кіраўніцтвам Сяргея Ігаравіча Панасенкі. Работа ў гэтым напрамку настолькі маштабная, што вартая асобнага артыкула. Аб гэтым наша газета абавязкова раскажа паважаным чытачам у хуткім часе.
Сістэма работы, накіраваная на развіццё сацыяльнай актыўнасці навучэнцаў установы, спрыяе фарміраванню ў юнакоў і дзяўчат матывацыі да самаадукацыі, самаразвіцця, творчай самарэалізацыі, інтэлектуальнага росту і пашырэння кругагляду. І відавочна, якія б сацыяльныя навыкі ні спатрэбіліся выпускніку Слуцкага дзяржаўнага каледжа ў будучыні, яны ў яго знойдуцца.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара і прадастаўлены ўстановай адукацыі.