Больш за 70 гадоў у педагогіцы на дваіх. Галіна і Раман Саўко з Зэльвенскага раёна — пра цікавасць да ведаў і не толькі

- 13:20Учительский дуэт

Ва ўстановах адукацыі Зэльвенскага раёна педагогі Галіна і Раман Саўко даўно зарэкамендавалі сябе як прафесіяналы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Месцам сустрэчы і першых агульных успамінаў для іх стала Ваўкавыскае педвучылішча (сёння Ваўкавыскі каледж ГрДУ імя Янкі Купалы). Тры гады яны сядзелі за адной партай, а пасля выпуску шлях у прафесіі пачалі кожны на сваёй малой радзіме — у Зэльвенскім і Свіслацкім раёнах.

— Працягвалі зносіны як сапраўдныя рамантыкі праз лісты, — з усмешкай успамінае Галіна Аркадзьеў­на, а Раман Францавіч тут жа падхоплівае: — У нас і сёння ўсё ў лепшых традыцыях класікі. Разам мы, як у Пушкіна, “ровно тридцать лет и три года”.

Іх сумесны жыццёвы шлях —  гэта чарада цёп­лых успамінаў, якія праецыруюцца на дзвюх дачок і траіх унукаў. А працоўны шлях пакінуў добры след у лёсах соцень дзяцей. У школах і гімназіях Гродна і Зэльвы сёння працуюць адразу некалькі выпускнікоў педагагічнага дуэта Саўко. Відавочна, што ў тым ліку педагогі паўплывалі на прафесійны выбар сваіх вучняў. І ўсведамляць гэта Галіне Аркадзьеўне і Раману Францавічу вельмі прыемна.

Педагагічны стаж кожнага з іх — больш за 35 гадоў. Для Галіны Аркадзьеўны шлях у прафесіі пачаўся з работы старшай піянерважатай. За плячыма суразмоўніцы і кіраўніцкая дзейнасць. Пэўны час яна ўзначальвала раённы Дом піянераў (сёння Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі) і там жа працавала метадыстам, але заўсёды марыла працаваць з дзецьмі менавіта ў класе, будуючы зацікаўлены дыялог з пачаткоўцамі на шляху да ведаў.

— Ваўкавыскае педвучылішча скончыла з чыр­воным дыпломам і практычна на любую спе­цыяльнасць педагагічнага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта тады магла паступіць па выніках субяседавання. А на “Пачатковыя класы” — толькі пасля паспяховай здачы экзаменаў. Для мяне выбар быў відавочным. Здала іспыты і стала студэнткай-завочніцай, — успамінае суразмоўніца.

У 1992 годзе яна ўпершыню пераступіла парог роднай Бародзіцкай пачатковай школы як настаўнік пачатковых класаў і ў вялікае плаванне пад назвай “старшая школа” адправіла ўжо сем выпускаў.

— У ліку маіх трэцякласнікаў сёння пяць чалавек, і ўсе яны для мяне па-сапраўднаму родныя. У цэлым мне заўсёды шанцавала з дзецьмі. Скажу больш: клас — гэта не толькі спіс вучняў. Гэта значна больш шырокае кола людзей, зацікаўленых у паспяховай вучобе і рэалізацыі выхаваўчых задач, якое ўключае ў тым ліку бацькоў. І тут мне таксама заўсёды шанцавала — усе пачынанні і ідэі знахо­дзяць падтрымку і разуменне з боку бацькоў маіх пачаткоўцаў, — гаворыць суразмоўніца.

Яна прызнаецца, што на старце педагагічнай дзейнасці ставілася да школьнікаў як да сваіх дзяцей, а сёння — ужо як да ўнукаў… І заўсёды імкнулася як мага больш ім даць, як мага большым зацікавіць і захапіць.

Па такім жа прынцыпе — “як мага больш” — выбудоўвае дыялог з вучнямі і Раман Францавіч. У Князеўскай сярэдняй школе Зэльвенскага раёна яго даўно ведаюць як педагога ўніверсальнага. Ён вядзе ўрокі гісторыі і геаграфіі ў старшакласнікаў, з’яўляецца кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні і нязменным удзельнікам усіх школьных канцэртаў — як выканаўца і музыкант.

— Педагогікай мяне ў свой час захапіў школьны настаўнік гісторыі і геаграфіі Васіль Раманавіч Галузаў. Падручнікі па яго прадметах заўсёды прачытваў яшчэ летам, бо выдавалі іх нам у канцы навучальнага года, — прыгадвае Раман Францавіч.

А дырэктар Князеўскай сярэдняй школы Жанна Кедала тут жа дадае, што адным з любімых прадметаў старшакласнікаў у іх школе сёння з’яўляецца геа­графія. І гэта менавіта дзякуючы настаўніку.

— Калі бачу, што клас стаміўся, імкнуся вывесці яго на дыялог праз развагі, напрыклад, над цікавым пытаннем па тэме. Ад таго, наколькі школьнік уцягнуты ў працэс пазнання новага, залежыць і наш агульны вынік — школьная адзнака. Хоць магчымасць безадзнакавага навучання мне імпануе больш, — дзеліцца Раман Францавіч.

Ён упэўнены, што галоўнае на ўроку — камфортнае для вучня асяроддзе. Толькі пры такой умове дзеці становяцца актыўнымі ўдзельнікамі працэсу навучання.

— Да таго ж для кожнага вучня, незалежна ад яго магчымасцей і здольнасцей, імкнёмся стварыць сітуацыю поспеху. І гэты прынцып аднолькава эфектыўны як у пачатковай, так і ў старшай школе, — дапаўняючы адно аднаго, адзначаюць педагогі.

Галоўная парада прадстаўнікоў педагагічнага дуэта менш вопытным калегам — любіць тое, што робіш, і рабіць гэта неабыякава.

Пад кіраўніцтвам Рамана Францавіча трэці год у школе дзейнічае клуб “Юны патрыёт”. Яго актывісты нярэдка бываюць у вайсковых часцях суседняга Слоніма — на экскурсіях і тэматычных занятках.

Як педагог-прадметнік ён імкнецца абудзіць у вучняў яшчэ і даследчы інтарэс. Спрыяюць гэтаму праектная дзейнасць і ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях. Летась, напрыклад, яго вучаніца Вераніка Касперэц стала прызёрам абласной канферэнцыі “Навука перамагаць”.

— Вялікую ролю ў зараджэнні цікавасці да даследаванняў і работы над праектамі выконвае школьны музей, — падкрэсліваюць прадстаўнікі педагагічнага дуэта.

Не першы год яны выхоўваюць у дзяцей цікавасць і любоў да малой радзімы сродкамі музейнай педагогікі. У 2021 годзе па выніках абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу этнаграфічных музеяў (экспазіцый) вучні Рамана Францавіча сталі аднымі з лепшых у намінацыі “У аб’ектыве — музейная старонка”, якія прадставілі відэаролік аб музеі, а выхаванцы Галіны Аркадзьеўны — інфармацыйна-рэкламнае выданне.

— Каб спаўна прадставіць усе грані педагагічнай універсальнасці Рамана Францавіча, скажу яшчэ, што не першы год ён са сваімі вучнямі прымае актыўны ўдзел у рэспубліканскім конкурсе гульнявых праграм “Гуляюць дзеці — гуляем мы!”. У мінулым навучальным годзе яго навучэнкі тут сталі пераможцамі рэспубліканскага этапу. Больш за тое, 10 гадоў кожнае яго лета звязана з раённым аздараўленчым лагерам “Блакітная хваля”, работай якога ён не раз кіраваў, — дадае Галіна Саўко.

Дарэчы, усё ў іх педагагічным дуэце заўсёды робіцца разам. Больш за 30 гадоў яны падтрымліваюць адно аднаго на шляху да новых вышынь прафесійнага майстэрства і робяць гэта выключна ў інтарэсах дзяцей, да якіх дзень за днём заходзяць у клас толькі з усмешкай.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара