Буктрэйлер да беларускай казкі

- 17:02Адукацыйная прастора, Дашкольная адукацыя

У гэтым навучальным годзе ў яслях­садзе № 35 Наваполацка сярод педагогаў праходзіў конкурс “Буктрэйлер да беларускай народнай казкі”.

З 2021 года ўстанова рэалізуе абласны творчы праект “Лічбавыя рэсурсы як сродак удасканалення адукацыйнага працэсу ва ўстанове дашкольнай адукацыі”. 

Буктрэйлер — самабытны жанр, які аб’ядноўвае літаратуру, візуальнае мастацтва і інтэрнэт-тэхналогіі. Гэта ролік-мініяцюра, складзены па матывах прачытанага твора. Ён можа прыадкрыць сюжэт, паказаць яго самыя яркія фрагменты, пазнаёміць з героямі твора, перадаць настрой. Працягласць роліка — ад 1 да 3 мінут, але чым ён карацейшы, тым лепш.

Педагогам нашай установы адукацыі неабходна было ства­рыць буктрэйлер па змесце адной з беларускіх народных казак, рэкамендаваных вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі. Стварэнне такога роліка — творчы працэс, дзе выкарыстоўваюцца разнастайныя тэхнікі і прыёмы: тэкст, інфаграфіка, фрагменты мультфільмаў, музыка, фатаграфіі і г.д. Удзельнікамі конкурсу былі створаны ігравыя, неігравыя і анімацыйныя буктрэйлеры. Усяго было створана 16 буктрэйлераў да беларускіх народных казак, рэкамендаваных вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі. Усе буктрэйлеры з дапамогай генератара QR-кодаў сабраны ў інтэрактыўны плакат “Буктрэйлеры да беларускіх народных казак”. Іх прымяненне дазволіла зрабіць заняткі яркімі, насычанымі і даступнымі для ўспрымання дзяцей.

Што неабходна зрабіць, каб стварыць буктрэйлер? Спачатку вызначыцеся, пра што будзе ваш буктрэйлер. Ён будзе прысвечаны сюжэту ў цэлым ці асобнай праблеме, герою? Відэа пра твор можа быць ігравым, неігравым і анімацыйным. Ігравы буктрэйлер — гэта калі акцёры паказваюць персанажаў твораў і праз міні-сцэны прадстаўляюць сюжэт. Атрымліваецца міні-фільм. Неігравы буктрэйлер — самы просты і незатратны спосаб. У ход ідуць элементы вокладкі, карцінкі і ўжо гатовыя відэакадры, цітры, музыка або закадравы голас. Усё гэта збіраецца ў спецыяльнай праграме і атрымліваецца слайд-шоу пра вашу кнігу. Анімацыйны буктрэйлер — самы затратны па часе спосаб. Тут мультыплікатар адмалёўвае мультфільм да кнігі. Але атрымліваецца вельмі эфектна.

Калі вызначыцеся, садзіцеся за змест і раскадроўку будучага відэа. Неабходна на паперы прапісаць, з чаго павінна пачынацца відэа і чым яно павінна заканчвацца. Працэс гэты ў многім падобны да работы над планам кнігі, паколькі ў буктрэйлера, як і ў літаратурнага твора, павінна быць кампазіцыя і логіка апавядання.

Падумайце пра тое, як з дапамогай аўдыяэфектаў, колеравай гамы, візуальных асацыяцый і цытат можна адлюстраваць змест і атмасферу твора. Якія эмоцыі выбраны вамі твор павінен выклікаць у чытача? Няхай буктрэйлер выклікае такія ж эмоцыі! Пажадана, каб відэа было вытрымана ў адзіным стылі і колеравай палітры. Выбірайце самыя яркія цытаты, якія сфарміруюць у чытача ўяўленне аб кнізе. Прапішыце тэкст, калі ён будзе. Тэкст павінен спалучацца з музыкай і відэарадам. Ён можа гучаць за кадрам, але сёння ўсё больш і больш лю­дзей глядзяць відэа без гуку, таму лепш выкарыстоўваць і цітры.

Чаго не варта рабіць пры падрыхтоўцы буктрэйлера? Не спрабуйце сабраць у ролік абсалютна ўсё. Мноства інфармацыі, тэм і герояў можа збіць чытача з толку і заблытаць яго, а падрабязны пераказ сюжэта адаб’е жаданне чытаць твор. Не рабіце буктрэйлер занадта доўгім. Мала каму захочацца глядзець відэа пра твор даўжэй за дзве-тры мінуты, якой бы добрай ні была кніга. Не трэба ўстаўляць у буктрэйлер прыгожыя і загадкавыя, але беззмястоўныя цытаты. Цытата павінна змяшчаць ідэю або яркі вобраз, што пераклікаецца з сюжэтам твора. Старайцеся не перагружаць відэа спецэфектамі, рознымі шрыфтамі, анімацыяй. Яны не павінны адцягваць гледача ад зместу. Не выкарыстоўвайце выявы і эфекты нізкай якасці і нечытэльныя складаныя шрыфты. Ні ў якім разе не парушайце аўтарскае права, выбіраючы матэрыял для буктрэйлера!

Праграмы, рэкамендаваныя для стварэння буктрэйлераў: Windows Movie Maker, Windows Live (Movie Maker), Adobe Premiere Pro CC, Movavi, Supa, InShot, YouCut, PowerPoint.

Буктрэйлеры пераможцаў конкурсу

Выхавальніца дашкольнай адукацыі А.А.Вікулава “Курка Рабка”

 

Выхавальніца дашкольнай адукацыі А.А.Вікулава “Жаронцы”

 

Выхавальніца дашкольнай аду­кацыі А.В.Ларчанка “Лёгкі хлеб”

 

 

Выхавальніца дашкольнай адукацыі Н.Г.Лашко “Дзедава рукавічка”

 

Выхавальніцы дашкольнай адукацыі І.А.Стуканава, С.А.Сабалеўская “Ганарыстая варона”

 

Выхавальніца дашкольнай адукацыі А.Ю.Скорабагатая “Пых”

 

Настаўнік-дэфектолаг Ю.У.Ме­ль­­нікава “Сынок з кулачок”

Ірына ГОЙ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасціясляў-сада No 35 Наваполацка.