Будаўнікі — прафесія на ўсе часы: той, хто валодае ёй, ніколі не застанецца без работы. Для Брэсцкай вобласці такіх спецыялістаў рыхтуе Бярозаўскі дзяржаўны каледж будаўнікоў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
12 тысяч спецыялістаў падрыхтаваў Бярозаўскі дзяржаўны каледж будаўнікоў за 52 гады.
“У нас можна атрымаць амаль усе будаўнічыя прафесіі і паралельна кваліфікацыю вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі С, прычым бясплатна. Для гэтага Брэсцкі аблвыканкам выдзеліў нам два новыя грузавікі МАЗ”, — расказаў дырэктар каледжа С.І.Гарбавец.
Сёння каледж рыхтуе па шэрагу запатрабаваных спецыяльнасцей. Выпускнікі школ могуць атрымаць на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі кваліфікацыі электрагазазваршчыка, электразваршчыка на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах, цесляра, станочніка дрэваапрацоўчых станкоў, муляра, тынкоўшчыка, маляра, абліцоўшчыка-плітачніка і інш. Тыя, хто прыйшоў у каледж пасля 9 класа, вучацца 3 гады. Тыя, хто скончыў 11 класаў, спасцігаюць прафесію 1 год і 6 месяцаў. Дарэчы, і на базе спецыяльнай адукацыі юнакі і дзяўчаты могуць стаць тынкоўшчыкамі-малярамі.
Навучанне ва ўстанове арганізавана так, каб кожны навучэнец набыў максімальную колькасць навыкаў. Падчас вучобы яны атрымліваюць не адну кваліфікацыю, а дзве ці нават найчасцей тры.
“У будаўнічых прафесіях самае галоўнае — практычны навык. Яго нашы навучэнцы набываюць, калі самі рамантуюць класы, ствараюць мэблю сваімі рукамі. Вялікую ўвагу ўдзяляем вытворчаму навучанню ў майстэрнях каменных, тынкавальных, малярных, сантэхнічных, электрагазазварачных, сталярных, цяслярных, плітачных работ. Да таго ж у нас ёсць лабараторыя па будове і рамонце аўтамабіляў”, — паведаміў Сяргей Іванавіч.
Эпіцэнтрам жыцця каледжа з’яўляюцца вучэбныя майстэрні. Тут паглыбляюцца ў прафесію і творчасць.
У майстэрнях знаходзяцца ўсе неабходныя электраінструменты, устаноўкі для нанясення фарбавальных і шпаклёвачных саставаў, тынковачны агрэгат, сучасныя зварачныя аўтаматы і паўаўтаматы, устаноўка для дугавой зваркі ў асяроддзі аргону, машына кантактнай зваркі, інвентар для плазменнай рэзкі, вучэбныя трэнажоры, розныя станкі (дрэваапрацоўчы, фарматна-раскройвальны, кантаабліцовачны, шыпарэзны, стужачнапільны) і інш. Нядаўна набылі і лазерна-гравіравальны станок з ЛПК, прызначаны для апрацоўкі дрэва, металу, керамікі, гравіроўкі.
“Зараз мы шмат увагі скіравалі на сталярную майстэрню, у якой запусцілі мэблевы станок і збіраемся прапаноўваць жыхарам нашага горада мэблю, зробленую нашымі навучэнцамі. Такім чынам яны будуць набываць практычныя навыкі. Між тым мы ўласнымі сіламі ўжо замянілі ўсю мэблю ў нашым інтэрнаце: ложкі, шафы, сталы і тумбачкі. Цяпер рамантуем вучэбныя кабінеты. У планах — дапамагчы з мэбляй дзіцячым садам і школам Бярозы”, — сказаў дырэктар каледжа.
Абсталяванне ў майстэрнях і кабінетах спрыяе прафесійнаму станаўленню маладых людзей, аднак галоўную ролю ў гэтым адыгрываюць людзі, якія тут працуюць. Усе яны майстры не па пасадзе, а па прызванні.
Падчас праходжання вытворчых практык на прадпрыемствах будучыя будаўнікі зарабляюць свае першыя грошы. Па заканчэнні каледжа кожны выпускнік забяспечваецца першым працоўным месцам.
“Зараз мы маем вельмі шмат запытаў ад арганізацый — заказчыкаў кадраў. Нашы выпускнікі настолькі запатрабаваны, што мы не можам забяспечыць імі нават нашы базавыя арганізацыі, сярод якіх бярозаўскія ПМК-3 і СПМК-22, “Цеплапрыбор”, брэсцкая СПМК-132, “Брэстаблдарбуд”, мясцовыя калгасы. Так, летась на 77 выпускнікоў прыйшло 138 заявак”, — расказаў С.І.Гарбавец.
Па яго словах, каледж штогод імкнецца павялічваць кантрольныя лічбы прыёму. У 2023 годзе план набору выкананы на 100%.
“На 1 курс збіраемся набраць 114 чалавек. Вельмі хочацца, каб сярод іх было як мага больш бярозаўскіх выпускнікоў. Бо пакуль большасць нашых навучэнцаў — прыезджыя з Пружан, Кобрына, Брэста, Драгічына. У якасці рэкламы хочацца сказаць, што кіраўнікі арганізацый — заказчыкаў кадраў аплачваюць арэнднае жыллё сваім маладым спецыялістам і даюць вельмі дастойную заработную плату, якая даходзіць да дзвюх тысяч рублёў”, — падкрэсліў Сяргей Іванавіч.
Пасля заканчэння каледжа выпускнікі могуць прадоўжыць навучанне і ў скарочаны тэрмін (1 год 10 месяцаў) ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а затым і ва ўстановах вышэйшай адукацыі.
Пра ўсе бонусы будучага працаўладкавання прадстаўнікі каледжа заўсёды расказваюць на прафарыентацыйных мерапрыемствах. Вось і Радзівона Богуша яны зацікавілі. Летась, атрымаўшы атэстат аб сярэдняй адукацыі, ён адным з першых прыехаў падаваць дакументы на паступленне ў Бярозаўскі каледж будаўнікоў. Перажываў, ці атрымаецца стаць навучэнцам установы, бо бал атэстата быў не самы высокі. Затое зараз, праз паўгода вучобы на плітачніка-тынкоўшчыка, яму ўдалося і бал падцягнуць, і пераканацца ў правільнасці выбару ўстановы.
“Мне вельмі падабаюцца ўмовы пражывання ў інтэрнаце, і нас смачна кормяць, прычым бясплатна, выхавальнікі клапатлівыя, педагогі ўважлівыя”, — дадаў юнак.
Між іншым кожны іншагародні навучэнец каледжа атрымлівае месца ў інтэрнаце, у якім ёсць усе ўмовы для пражывання, адпачынку і падрыхтоўкі да заняткаў. Немалаважны і той факт, што інтэрнат размешчаны на тэрыторыі каледжа, а гэта вельмі зручна.
Раскрыць індывідуальнасць
У Бярозаўскім каледжы будаўнікоў вялікую ўвагу ўдзяляюць развіццю не толькі прафесійных кампетэнцый навучэнцаў. Адной з галоўных задач застаецца развіццё і выхаванне творчай індывідуальнасці асобы навучэнца. На гэта накіравана пазаўрочная работа куратараў, майстроў вытворчага навучання, выхавальнікаў інтэрната, кіраўнікоў клубаў і аб’яднанняў па інтарэсах.
Для выяўлення і развіцця прыродных здольнасцей і творчага патэнцыялу кожнага навучэнца ў каледжы працуюць гурткі тэхнічнай і мастацкай творчасці, спартыўнай накіраванасці. Вялікае значэнне надаецца фізічнаму выхаванню юнакоў і дзяўчат, якія з задавальненнем наведваюць секцыі: стралковую, баскетбольную, валейбольную, па настольным тэнісе.
Рэгулярна ў каледжы праходзяць выставы тэхнічнай творчасці, якія наглядна дэманструюць, наколькі таленавітымі і ўмелымі могуць быць будучыя будаўнікі. Тут дэманструюцца экспанаты па вязанні, вышыўцы, вырабы з металу, паперы, скуры, пацерак, нітак, сталярныя і г.д.
Штогод ладзіцца агляд мастацкай самадзейнасці, дзякуючы якому хлопцы і дзяўчаты вучацца трымацца на сцэне, спяваць, чытаць вершы, танцаваць, знаёмяцца з беларускімі традыцыямі і звычаямі.
“Часам і я сам выступаю разам з нашымі юнымі талентамі, спяваю і іграю на гітары. У Брэсцкай вобласці праходзяць конкурсы сярод навучальных устаноў, і мы стараемся ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах горада і вобласці”, — расказаў С.І.Гарбавец.
Яшчэ ў каледжы робіцца акцэнт на патрыятычным выхаванні. У верасні мінулага года тут адкрылі ваенна-патрыятычны клуб “Полымя”.
Ідэя стварэння клуба належыць як установе адукацыі, так і 16-му асобнаму палку РЭБ (з самалётнымі сродкамі). У клубе займаецца 20 чалавек. Заняткі праходзяць пасля асноўных пар у каледжы. У праграму ўключаны страявая падрыхтоўка, стральба, тапаграфія, а таксама развіццё лідарскіх якасцей.
“Мы адны з першых у Бярозе і раёне, хто адкрыў у сябе ваенна-патрыятычны клуб. Нашым навучэнцам вельмі падабаецца і форму насіць, якую мы пашылі пры падтрымцы райвыканкама і ЖКГ, і строем хадзіць, маршыраваць, і страляць з пнеўматычнай вінтоўкі ІЖ-38 — карацей, спасцігаць ваенную навуку пад кіраўніцтвам Вячаслава Аляксандравіча Гаварко”, — праінфармаваў Сяргей Іванавіч.
Сярод удзельнікаў клуба ёсць і адна дзяўчына — брэстаўчанка Аляксандра Мурадава. Гаворыць, што цікавасць да ваеннай справы ў яе ў крыві, бо шмат хто з родных служыў. Дарэчы, Саша другі год вучыцца на тынкоўшчыка-маляра, бо ёй вельмі падабаецца, як дэкарыруюць сцены, і ёй хочацца навучыцца гэта рабіць.
Ад навучэнца да дырэктара
Знаёмства з Бярозаўскім каледжам будаўнікоў адбылося дзякуючы яго дырэктару Сяргею Іванавіча Гарбаўцу. Ён паступіў сюды ў далёкім 1991 годзе пасля заканчэння 9 класаў. Праз тры гады, атрымаўшы прафесіі сталяра, станочніка дрэваапрацоўчых станкоў і рэзчыка па дрэве, паступіў у Мазырскі педагагічны інстытут. Потым адслужыў у арміі і вярнуўся ў сцены роднага каледжа. Працаваў майстрам вытворчага навучання і выкладчыкам, намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай і па вучэбна-вытворчай рабоце. Два гады назад узначаліў каледж.
“Я перакананы: стаць кіраўніком каледжа мне ўдалося ў тым ліку дзякуючы веры ў мяне Аляксандра Канстанцінавіча Жуковіча, былога дырэктара нашай установы, чалавека з шырокай душой. Ён змог сабраць цудоўную каманду і знайсці падыход да кожнага з нас. Мне пашчасціла пачынаць сваю працоўную дзейнасць пад яго чулым кіраўніцтвам. Усяліўшы ў мяне ўпэўненасць, навучыўшы ўсім тонкасцям рабочага працэсу, Аляксандр Канстанцінавіч змог закласці моцны фундамент маёй прафесійнай дзейнасці. На працягу нашага сумеснага шляху ён не пераставаў даваць карысныя парады, якія да гэтага часу дапамагаюць мне ў дасягненні пастаўленых мэт”, — прызнаўся С.І.Гарбавец.
Сяргей Іванавіч прысвяціў усяго сябе любімай рабоце і за амаль 30 гадоў вырасціў тысячы дастойных маладых спецыялістаў.
“Сёння я магу з упэўненасцю сказаць, што педагагічная дзейнасць — маё прызванне. Яшчэ ў самым пачатку маёй работы я зразумеў, што калі з навучэнцамі, нават тымі, якія правініліся, гаварыць шчыра і па-добраму, не крыўдзячы іх, то яны заўсёды прыслухаюцца да цябе. Да таго ж частка нашых навучэнцаў з няпоўных сем’яў, ёсць і сіроты (зараз іх 14), на час навучання ў каледжы я іх апякун і нясу за іх адказнасць, таму яны часам жартуюць, называючы мяне другім бацькам”, — сказаў дырэктар каледжа.
Не толькі да навучэнцаў знаходзіць падыход С.І.Гарбавец, але і да кожнага члена сваёй каманды, кожнага супрацоўніка каледжа, дае ім магчымасці развівацца, стварае спрыяльныя ўмовы працы. Адным словам, беражэ свае кадры. Так, калі нехта вырашае паспрабаваць сябе ў іншай сферы, не педагагічнай, ён не перашкаджае, але прапануе ўзяць адпачынак за свой кошт і папрацаваць на новым месцы. І часта аказваецца, што ў каледжы ўсё ж такі лепш. Дарэчы, калі ён нешта патрабуе ад сваіх падначаленых, то і сам гэтага прытрымліваецца, становячыся прыкладам для ўсіх.
Адзін з лепшых педагогаў каледжа, які заўсёды клапоціцца пра сваіх навучэнцаў, — выкладчык ПДР Ларыса Мікалаеўна Семеж
“У каледжы працуюць 33 педагогі і майстры вытворчага навучання. Я стараюся быць бліжэй да калектыву. Гэта часам няпроста, бо ўсе розныя”, — дадаў Сяргей Іванавіч і на пытанне, якой бачыцца будучыня каледжа, адказаў так: “Я мару, каб у кожнай нашай майстэрні выпускалася добрая прадукцыя, каб мы аказвалі паслугі насельніцтву, арганізацыям і ўстановам адукацыі. А яшчэ каб кожны наш выпускнік быў высакакласным і канкурэнтаздольным спецыялістам”.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара