Агітбрыгада «Агеньчык»: выхаванцы Начаўскага дзіцячага сада вучаць дарослых правілам бяспекі

- 16:26Новости

Як выхаванцы Начаўскага дзіцячага сада Ляхавіцкага раёна вучаць дарослых правілам бяспекі, даведаўся карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Даволі часта нам здаецца, што правілы бяспечных паводзін напісаны для іншых, а няшчасныя здарэнні адбываюцца толькі ў навінах. Гэта распаўсюджаная памылка, за якую часам даводзіцца дорага расплачвацца, — гаво­рыць выхавальніца Ганна Радчанка. — Знізіць магчымыя рызыкі зусім няцяжка, калі ве­даць і выконваць хаця б элементарныя правілы. Падлічана, што сто з тысячы пажараў успыхваюць па віне дзяцей, якія нярэдка становяцца ахвярамі ўласных свавольстваў і легкадумнасці. А астатнія?

Каб замацаваць у дарослых усвядомленыя і адказныя адносіны да выканання правіл бяспекі, над імі ўзялі шэфства старэйшыя дашкольнікі. Выхаванцы вырашылі перадаць веды, атрыманыя на занятках і ў гульнях ад педагогаў, іншым. Удзельнікі агітбрыгады “Агеньчык” наведваюць сацыяльныя і культурныя ўстановы аграгарадка Нача, а таксама ААТ “Нача”, дзе расказваюць іх супрацоўнікам, як трэба паводзіць сябе ў надзвычайных сітуацыях.

— Дарослыя ахвотна гуляюць з дашкольнікамі і слухаюць іх асветніцкія аповеды, а часам не могуць адказаць на некаторыя пытанні, звязаныя з паводзінамі ў пэўнай сітуацыі, — расказвае Ганна Радчанка. — Вынікам работы стаў праект “Як навучыць дарослых бяспецы”, у рамках якога быў выраблены макет Ляхавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і падрыхтавана віртуальная экскурсія па ім, дзе можна азнаёміцца з дзейнасцю ратавальнікаў. Акрамя таго, пастаўлены спектакль з удзелам дзяцей, іх бацькоў і педагогаў “Бяспека пачынаецца з кожнага з нас”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ