«Была зацікаўлена ў гарантаваным працаўладкаванні». Чаму ўчарашнія школьнікі выбіраюць мэтавае навучанне

- 9:35Абитуриент, Актуально, Образование, Приложение

Чаму многія з учарашніх школьнікаў вырашылі атрымліваць вышэйшую адукацыю, заключыўшы дагавор на мэтавае навучанне? Наколькі паспяхова яны вучыліся ў школе? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” адказалі студэнты­-мэтавікі.

Вольга Дубейка, выпускніца Свішчоўскай сярэдняй школы Камянецкага раёна і студэнтка БДЭУ:

— Я паступіла па мэтавым накіраванні на спецыяль­насць “Правазнаўства”, скончыўшы школу з сярэднім балам атэстата 8,8. На ЦЭ здавала грамадазнаўства і беларускую мову. Вынікі мяне парадавалі. Па дагавор на мэтавую падрыхтоўку звярталася ў Следчы камітэт свайго раёна. Пасля здачы псіхалагічнага тэста мне патэлефанавалі і прапанавалі заключыць дагавор з упраўленнем Следчага камітэта па Мінску.

Падрыхтоўка да ўнутранага экзамену па грамадазнаўстве, які адбыўся 9 чэрвеня, заняла некалькі тыдняў. У білеце было два пытанні: адно — пра палітычны лад дзяржавы, а другое — пра біялагічны, псіхалагічны і сацыяльны складнікі чалавека. За адказ я атрымала 6 балаў. Ведаю, што ў дзяўчат былі і дзясяткі, таму крыху халявалася. Але 16 чэрвеня, прыехаўшы ў Мінск, даведалася пра паспяховы вынік. Калі пачула сваё прозвішча ў ліку студэнтаў, вельмі ўзрадавалася.

Ульяна Лавінская, выпускніца сярэдняй школы № 12 Віцебска імя Л.М.Філіпенкі і студэнтка 1 курса ВДУ імя П.М.Машэрава:

Школу скончыла паспяхова. Задаволеная як вынікамі ЦЭ па рускай мове і грамадазнаўстве, так і сярэднім балам атэстата (9,8). Я вырашыла ўзяць мэтавае накіраванне, бо дакладна вызначылася, што хачу быць следчым, і была зацікаўлена ў гарантаваным працаўладкаванні. Ведаю, многія выбіраюць гэтую форму навучання ў разліку на лёгкае паступленне, але ў маім выпадку ўсё інакш. Думаю, я і так паступіла б, бо балы ў мяне дастаткова высокія.

Перш чым атрымаць мэтавае накіраванне, трэба было прайсці псіхалагічнае тэсціраванне, якое выяўляе ўзровень стрэсаўстойлівасці чалавека, паказвае, наколькі гэтая праца падыходзіць яму з улікам характару і тэмпераменту. Затым дакументы кожнага кандыдата ў мэтавікі ўзгадняліся ў Мінску, праходзілі дадатковую праверку.

З 90 першапачатковых прэтэндэнтаў мэтавае накіраванне ад Следчага камітэта атрымалі 33 чалавекі. А па выніках унутранага экзамену былі залічаны 25 абітурыентаў.

Экзамен мяне не палохаў. З маім педагогам Надзеяй Вячаславаўнай Агеевай, якой я вельмі ўдзячна, апошнія два гады мы рыхтаваліся да алімпіяды па прадмеце. Да таго ж на ЦТ я набрала 98 балаў, так што экзаменацыйныя заданні здаліся мне зусім нескладанымі. Без дадатковых пытанняў мне паставілі дзясятку.

Уладзіслава Дайлідка, выпускніца Жырмунскай сярэдняй школы і студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы:

Яшчэ ў пачатку 10 класа вырашыла, што хачу авалодаць спецыяльнасцю “Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя”, а ў пачатку гэтага года занялася пошукам мэтавага накіравання.

ЦЭ я здавала па беларус­кай мове і біялогіі. А вось тэст па гісторыі Беларусі пі­саць не давялося, бо я атрымала мэтавае накіраванне ў Гродзенскім аблвыканкаме і, паспяхова здаўшы ўнутраны экзамен, паступіла ва ўніверсітэт. Дарэчы, пры падачы дакументаў на гэтую спецыяльнасць трэба было прынесці спе­цыяльную даведку аб стане слыху і маўлення, бо дэфектолаг, каб навучаць людзей з асаблі­васцямі развіцця, павінен валодаць ідэальным слыхам, выразным і дакладным маўленнем.

Падчас іспыту мне трапілася пытанне з раздзела “Заалогія”, дзе трэба было расказаць пра лад жыцця млекакормячых, работу іх органаў і сістэм. А таксама было пытанне пра бактэрыі-гетэратрофы і бактэрыі-аўтатрофы. Не скажу, што пытанні з лёгкіх, аднак толькі пры адказе пра млекакормячых мне задалі некалькі дадатковых пытанняў. У выніку я атрымала дзявятку і з сярэднім балам атэстата 9,3 набрала 183 балы з 200 магчымых.

Валерыя Ганчарэнка, выпускніца сярэдняй школы № 46 Віцебска імя І.Х.Баграмяна і першакурсніца ВДУ імя П.М.Машэрава:

— Скончыўшы школу з сярэднім балам 9,6, я вырашыла паступаць на спецыяльнасць “Фізіка-матэматычная адукацыя (матэматыка і інфарматыка)”. Мэтавае накіраванне ўзяла ў сваёй жа школе. Не сакрэт, што так лягчэй паступіць на бюджэт. Мне выбраная спецыяльнасць вельмі падабаецца, таму 5 гадоў абавязковай адпрацоўкі не палохаюць. Я вярнуся ў родную школу, дзе мяне чакаюць. Да таго ж у маёй сям’і склалася дынастыя педагогаў: мама — настаўніца пачатковых класаў, цёткі і прабабулі ў асноўным выкладалі дакладныя навукі. Магчыма, любоў да педагогікі і мне перадалася ў спадчыну.

ЦЭ па рускай мове я здала на 63 балы, матэматыку — на 99. Падчас вучобы ў школе займалася матэматыкай дадаткова, рашала задачы павышанага ўзроўню, удзельнічала ў алімпіядах.

Да ўнутранага іспыту ва ўніверсітэце я асабліва не рыхтавалася, бо, прагледзеўшы пытанні, зразумела, што ўсё ведаю. Прыйшлося пахвалявацца, калі ў дзень экзамену даведалася, што на 15 мэтавых месцаў прэтэндуюць 32 чалавекі. Пытанні, якія трапіліся ў білеце, тычыліся формул. Адказвала я з доказам формул, чаго ў прынцыпе не патрабавалася і чаго камісія не чакала. Верагодна, таму адказ на другое пытанне яны не даслухалі да канца і паставілі 10 балаў.

Марына КУНЯЎСКАЯ