Быць педагогам — асаблівая дарога

- 12:31Актуально
У пятніцу, напярэдадні Дня настаўніка, у НДЦ “Зубраня” прайшло свята “Ёсць такая прафесія – сэрца аддаваць дзецям”. Гэтае яркае мерапрыемства стала цэнтральнай падзеяй змены “Ад захаплення да педагагічнай прафесіі”, што праводзіцца з 25 верасня па 15 кастрычніка. У гэты дзень старшакласнікаў, лідараў школьнага самакіравання, членаў грамадскіх аб’яднанняў, якія плануюць выбраць прафесію педагога, чакала яшчэ адна памятная падзея – сустрэча з першым намеснікам міністра адукацыі Аляксандрам Іванавічам Жуком.

Нягледзячы на тое, што змена “Ад захаплення да педагагічнай прафесіі” праводзіцца толькі другі раз, яна ўжо стала папулярнай, заваявала сваю аўдыторыю. Галоўная мэта змены — папулярызацыя педагагічнай прафесіі, фарміраванне ў падрастаючага пакалення духоўна-маральных і сацыяльных каштоўнасцей, развіццё ў навучэнцаў актыўнай жыццёвай пазіцыі. У гэтыя восеньскія дні будучым педагогам даецца цудоўная магчымасць праявіць свае інтэлектуальныя і фізічныя здольнасці ў шматлікіх спартыўных спаборніцтвах, конкурсах, занятках у клубах па інтарэсах, экскурсійных праграмах, творчых трэнінгах, інтэрактыўных прагулках, інтэлектуальных гульнявых методыках. Навучэнцам прапанаваны ўдзел у чатырох модульных праектах: “Дзверы, якія мы адкрываем”, “Дарогі, якія мы выбіраем”, “Масты, якія мы будуем”, “Чалавечнасць, якую мы набываем”. Акрамя таго, прадугледжана рэалізацыя адукацыйнай праграмы “Мадэль кампетэнтнасці: педагагічныя здольнасці”. Запомняцца старшакласнікам і сустрэчы з членамі Беларускага педагагічнага таварыства, лаўрэатамі конкурсу “Настаўнік года”, прадстаўнікамі навучальных устаноў вышэйшай адукацыі.
Неабходнасць правядзення змены “Ад захаплення да педагагічнай прафесіі” ўзнікла невыпадкова, паколькі адной з важных задач, якія стаяць перад педагогамі краіны, з’яўляецца падрыхтоўка годнай змены. Вельмі важна, каб на наша месца прыйшлі прафесіяналы, якія свядома выберуць педагагічную прафесію, — адзначыла дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева.
Традыцыйна напярэдадні Дня настаўніка цёплыя словы выказваюцца ў адрас педагогаў у некалькі разоў часцей у параўнанні са звычайнымі школьнымі буднямі. Не выключэннем стаў і НДЦ “Зубраня”. У вялікай актавай зале на працягу гадзіны святочнага канцэрта такіх слоў было сказана некалькі тысяч. Гаварылася пра важнасць самай пачэснай прафесіі, уручаліся кветкі, на тварах сённяшніх педагогаў цэнтра і іх былых калег кожную хвіліну з’яўляліся шчырыя ўсмешкі.
— У кожнага з нас у жыцці ёсць любімыя настаўнікі, тыя, хто ўклаў у нас часцінку сваёй душы. Каб праз многія гады прыкладна такія ж словы пра вас, сённяшніх удзельнікаў змены, маглі сказаць вашы будучыя вучні, важна памятаць, што сённяшні час прад’яўляе да настаўнікаў асаблівыя патрабаванні. Калі яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў назад настаўнік быў асноўным носьбітам інфармацыі, то сёння ў век інтэрнэту паток інфармацыі настолькі вялікі, што настаўнік павінен навучыць дзяцей не толькі здабываць інфармацыю, але і адрозніваць патрэбную ад непатрэбнай, добрую ад дрэннай, — звярнуўся да ўдзельнікаў свята першы намеснік міністра адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандр Іванавіч Жук.
“Каб стаць прафесіяналам, трэба ўсё ведаць пра нямногае і нямнога пра ўсё”, — прагучалі ў працяг выступлення Аляксандра Іванавіча словы вядучых.
“Дык што трэба ведаць будучым педагогам? Чаму не ўся моладзь спакушаецца моднымі і сучаснымі прафесіямі веку інтэрнэту і інфармацыйных тэхналогій, а вырашае працягваць багатыя традыцыі закладвання ў дзяцей добрага і вечнага?” — разважалі падчас сустрэчы Аляксандр Іванавіч з актыўнымі ўдзельнікамі змены — будучымі педагогамі.
— Сёння, на жаль, вельмі важная для нашага грамадства прафесія з’яўляецца не самай прэстыжнай на рынку працы. Аднак трэба шчыра прызнаць, што педагогі ні ў адной краіне свету не атрымліваюць зарплату больш за ўсіх. Аднак таленавітых педагогаў, сапраўдных прафесіяналаў дзяржава імкнецца падтрымліваць. Мы, напрыклад, кожны год разглядаем пытанне аб заахвочванні педагогаў, якія вучаць лаўрэатаў прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Гэта наш залаты фонд, гэта педагогі-прафесіяналы, якія шчыра працуюць з дзецьмі і дасягаюць высокіх вынікаў, — з такіх актуальных слоў Аляксандра Іванавіча пачалася сустрэча ў канферэнц-зале.
Як вядома, з цікавым суразмоўцам час пралятае незаўважна, таму замест запланаванай гадзіны размова з першым намеснікам міністра адукацыі доўжылася амаль дзве. Падчас гутаркі абмяркоўваліся самыя розныя тэмы, што хвалююць моладзь. І ў першую чаргу зададзеныя пытанні тычыліся асаблівасцяў уступнай кампаніі ва ўніверсітэты. Навучэнцам цікава было даведацца пра стаўленне Аляксандра Іванавіча да асобнага конкурсу для абітурыентаў з сельскай і гарадской мясцовасці. Цікавілі хлопцаў і дзяўчат і прычыны пераходу на 4-гадовы тэрмін навучання па некаторых спецыяльнасцях, а таксама рэалізацыя прынцыпаў Балонскага працэсу ў адукацыйных праграмах нашай краіны.
Гутарка тычылася не толькі “абітурыенцкай” тэматыкі. Засяроджвалася ўвага і на праблемах паўсядзённага жыцця маладога пакалення, у прыватнасці, на важнасці далучэння моладзі да здаровага ладу жыцця.
— Адна з галоўных задач, якая павінна вырашаць сістэма адукацыі, — гэта захаванне здароўя навучэнцаў. Міністэрства адукацыі шмат робіць у гэтым плане. Уведзена, напрыклад, дадатковая гадзіна фізкультуры, распрацаваны заняткі ў шосты школьны дзень, якія напоўнены турысцкімі злётамі, спартыўнымі мерапрыемствамі. Пра значнасць фізічнага выхавання сведчыць і нядаўна пабудаваны ў “Зубраняці” шыкоўны стадыён. Канечне, любоў да здаровага ладу жыцця павінна закладвацца ў сям’і, аднак і педагогі не павінны стаяць убаку, асабліва настаўнікі фізкультуры. Традыцыі, закладзеныя ў школе, працягваюцца і ва ўніверсітэтах. Выдатным пацвярджэннем таго, што работа тут вядзецца на высокім узроўні, сталі вынікі нашых спартсменаў на сусветнай універсіядзе ў Казані, дзе наша каманда заняла пятае месца ў агульнакамандным заліку, — паведаміў Аляксандр Іванавіч.
Уздымалася падчас сустрэчы і праблема курэння сярод моладзі. Будучыя педагогі прапаноўвалі розныя шляхі яе вырашэння, аднак найбольш уразілі словы Надзеі Генадзьеўны. Дырэктар “Зубраняці” сказала вельмі праўдзіва: “Калі мы не будзем выпраўляць сітуацыю, то праз пэўны час наша грамадства чакае пакаленне бабуль, якія кураць і ў якіх татуіроўкі ў непрыстойным месцы”. Што горш: атрымаць хваробу ад курэння або ад гіпадынаміі, якая становіцца вынікам празмернай захопленасці дзяцей камп’ютарнымі гульнямі і сацыяльнымі сеткамі? Удзельнікі сустрэчы шукалі адказ і на такое пытанне.
— Калі ў школе гэты працэс можна нарміраваць, то ніхто не ведае, колькі часу вучань праводзіць за камп’ютарам дома. Дрэнна, калі бацькоўскі кантроль паслаблены. Я неяк сустракаўся з намеснікам міністра адукацыі Паўднёвай Карэі. У іх распрацаваны праект закона пра тое, каб камп’ютар школьнікаў пасля 12 гадзін ночы аўтаматычна блакіраваўся. Грамадства вымушана прымяняць такія меры, бо павялічваецца колькасць дзяцей з парушэннямі зроку, паставы. У міністэрстве прапрацоўваецца пытанне аб памяншэнні часу карыстання мабільнымі тэлефонамі падчас вучэбнага працэсу. Добрым прыкладам у гэтым плане можа быць вопыт “Зубраняці”, дзе падчас змены, як вядома, дзецям забараняецца карыстацца мабільнікамі, пры гэтым бацькі ў любы момант могуць пагаварыць з важатымі атрадаў і вырашыць пытанні, якія іх хвалююць, — паведаміў Аляксандр Іванавіч.
На сучасным рынку працы сярод моладзі прафесія педагога, на жаль, не самая папулярная і запатрабаваная. Таму выбар будучай жыццёвай дарогі ўдзельнікамі змены “Ад захаплення да педагагічнай прафесіі” становіцца асабліва каштоўным. Хлопцы і дзяўчаты, якія адпачываюць гэтымі днямі на беразе Нарачы, без перабольшання з’яўляюцца героямі свайго часу, як, дарэчы, і іх папярэднікі, бо быць педагогам — асаблівая дарога, паспяхова ісці па якой могуць толькі мужныя людзі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.