Быць у актыве. Педагогі Таццяна Уласенка і Ірына Панфілава з Ельшчыны — аб прынцыпах сваёй дынастыі

- 10:10Новости

Іх прадзед у 1920-­х гадах ліквідаваў непісьменнасць, а бабулі, маладыя настаўніцы, у 1941­-м хавалі ад знішчэння гітлераўцамі кнігі… У сярэдняй школе № 2 Ельска працуюць прадстаўніцы чацвёртага пакалення педагагічнай дынастыі Шведавых — Засінец — Уласенка — Панфілавых сёстры Таццяна Уласенка і Ірына Панфілава. Іх маці Валянціна Засінец ужо на заслужанным адпачынку, але не губляе сувязь з роднай школай. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Смелыя сэрцам

Па словах маіх суразмоўніц, гісторыя дынастыі пачалася амаль 100 гадоў назад. Першым педагогам у сям’і быў іх пра­дзед па матчынай лініі Васіль Емяльянавіч Шведаў, ураджэнец вёскі Паланіца Крычаўскага раёна. У канцы 20-х гадоў ХХ стагоддзя ён працаваў у роднай вёсцы настаўнікам па ліквідацыі непісьменнасці, а з 1930 года — рускай мовы і літаратуры. Дарэчы, у ліку першых яго вучаніц значылася і жонка Анісся Фёдараўна, якая была непісьменнай. Школа ў той час размяшчалася ў будынку, які да рэвалюцыі належаў мясцоваму святару. Нялёгка працавалася настаўніку-актывісту, прыхільніку новага сацыялістычнага ладу жыцця. Аднак цяжкасці яго ніколі не палохалі.

Пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута Васіль Шведаў быў прызначаны дырэктарам Паланіцкай школы. Але працаваць на новай пасадзе давялося нядоўга: пачалася Вялікая Айчынная вайна.

— Прадзеду прапаноўвалі эвакуіравацца, але ён адмовіўся і добраахвотнікам пайшоў на фронт. З вайны не вярнуўся, лічыцца прапаўшым без вестак, — расказвае Таццяна Уласенка. — Яго жонка і пяць дачок заставаліся ў акупацыі. Як членам сям’і камуніста ім прыйшлося цяжка, але нават у такіх складаных умовах яны заставаліся вернымі сваім перакананням.

У Васіля Емяльянавіча была вялікая хатняя бібліятэка, у якую ўваходзіла як мастацкая літаратура, так і збор сачыненняў Леніна, грамадска-палітычныя часопісы. Калі яго старэйшыя дочкі даведаліся, што фашысцкія акупанты збіраюць па хатах і знішчаюць савецкія кнігі, вырашылі схаваць найбольш важныя выданні. Частку змясцілі ў зацішным месцы за печчу, частку закапалі ў сховішчы на агародзе. Паліцаі прыходзілі з вобыскам некалькі разоў, пагражалі расправай. Але ніхто з сям’і сховішч не выдаў. Пасля вайны Шведавы перадалі выратаваныя выданні Крычаўскаму педвучылішчу, краязнаўчым музеям Магілёва і Крычава.

Пасля вайны сям’я перадала выратаваныя выданні сваёй бібліятэкі Крычаўскаму педвучылішчу, краязнаўчым музеям Магілёва і Крычава.

Падчас акупацыі адну з сясцёр, Раісу, гітлераўцы хацелі вывезці на прымусовыя работы ў Германію. Перад адпраўкай яе разам з іншымі маладымі людзьмі на ноч замкнулі ў хляве, аднак зняволеныя зрабілі падкоп і збег­лі. З дапамогай сям’і дзяўчына схавалася, і ворагі яе не знайшлі.

Усе пяць сясцёр дажылі да доўгачаканай перамогі і ўнеслі свой уклад у адраджэнне на роднай зямлі мірнага жыцця. Пры гэтым тры з іх — Дар’я, Марыя і Раіса — працавалі настаўніцамі. Дзве старэйшыя сястры паспелі атрымаць педагагічную адукацыю да вайны і, як толькі Крычаўскі раён ачысцілі ад ворага, прыступілі да выкладання ў мясцовых сельскіх школах. Трэцяя сястра ў 1945-м скончыла Крычаўскае дзяржаўнае педагагічнае вучылішча і паехала настаўні­чаць у Лунінецкі раён.

— Упэўнена, што на выбар прафесіі іх натхніў прыклад баць­кі — адукаванага, мужнага чалавека, — адзначае Ірына Ула­дзіміраўна. — Кожная выбрала ў педагогіцы свой шлях. Наша бабуля Дар’я Васільеўна Шведава выкладала беларускую мову і літаратуру, яе сястра Марыя Ва­сільеўна — рускую мову і літаратуру, Раіса Васільеўна была настаўніцай пачатковых класаў. У першыя пасляваенныя гады працаваць было вельмі няпроста, не хапала літаральна ўсяго, але з прафесіі ніхто не сышоў. Педагагічны стаж у бабуль быў ад 31 да 40 гадоў.

У другім пакаленні дынастыі быў і яшчэ адзін выдатны педагог — дзед маіх суразмоўніц па бацькоўскай лініі Кузьма Міронавіч Засінец. Франтавік, узнагароджаны ордэнам Славы, ён вярнуўся з вайны без рукі. У 1944 годзе быў прызначаны дырэктарам Засінцаўскай сярэдняй школы Ельскага раёна, шмат гадоў выкладаў дзецям гісторыю. Дарэчы, яму належыць рэкордны пакуль для прадстаўнікоў дынастыі педагагічны стаж — 43 гады.

Сіла роду

Дзве з сясцёр Шведавых перадалі прафесію педагога ў спадчыну сваім дзецям. Сын Марыі Васільеўны, Валерый Ула­дзіміравіч Чыж, выкладаў англійскую і нямецкую мовы, 16 гадоў узначальваў Крычаўскую сярэднюю школу. А дачка Дар’і Васільеўны, маці маіх суразмоўніц Валянціна Уладзіміраўна Засінец, адкрывала вучням прыгажосць рускай мовы і літаратуры, 24 гады была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2
Ельска. Цяпер тут працуюць ужо яе дочкі. Зноў, як і пакаленне назад, годна праявілася сяс­трынская лінія дынастыі.

— Калі ты расцеш у сям’і выкладчыка рускай мовы і літаратуры, то кніг чытаеш значна больш, чым твае равеснікі, — з усмешкай адзначае Таццяна Уласенка. — Мы з сястрой вельмі ўдзячны маці за тое, што прывіла нам любоў да чытання, шырыню кругагляду, моўную пісьменнасць. І, вядома ж, прафесію педагога мы выбралі ў многім дзякуючы яе прыкладу. Зараз маці ўжо на пенсіі, але яна не страчвае актыўнасці, падпісана на Telegram-канал нашай школы, у курсе ўсіх падзей. З ёй заўсёды можна параіцца, атрымаць слушную параду. Для нас гэта вельмі каштоўна.

— Нас ніколі не трэба было прымушаць вучыцца, мы рабілі гэта з ахвотай. Да таго ж сорамна было падвесці маці-настаўніцу, атрымаўшы дрэнную адзнаку, — дзеліцца Ірына Панфілава. — Паступова жаданне вучыцца перарасло ў жаданне вучыць, як гэта рабілі да нас прадстаўнікі трох пакаленняў. Трэба сказаць, у нашай педагагічнай дынастыі не назіраецца вернасці нейкаму аднаму вучэбнаму прадмету. Любоў да педагогікі агульная, але выкладаем розныя дысцыпліны.

Ірына Уладзіміраўна амаль 30 гадоў працуе ў школе настаўніцай геаграфіі. Прызнаецца, што гэта яе любімы прадмет са школьных гадоў. У той час усе супрацоўнікі Ельскай бібліятэкі ведалі, што гэтую дзяўчынку цікавіць у першую чаргу літаратура прыродазнаўчага характару, і, як толькі з’яўляліся навінкі, раілі іх ёй. Стаўшы настаўніцай геаграфіі, Ірына Панфілава шчыра імкнецца перадаць сваё захапленне прадметам вучням, расказаць аб кожнай мясціне ці з’яве так, каб запомнілася надоўга. А яшчэ яна з натхненнем займаецца азеляненнем пры­школьнай тэрыторыі.

Ірына Панфілава — класны кіраўнік ваенна-патрыятычнага класа. Разам з дзецьмі аб’ездзіла шмат месцаў, важных для захавання гістарычнай памяці нашага народа. Супрацоўнічаюць яны з РАУС, МНС, вайсковымі часцямі, даглядаюць помнікі загінуўшым воінам, ладзяць мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці.

— Людзі ў нашым родзе заўсёды былі сапраўднымі патрыётамі. Сумленна працавалі, былі ў актыве. Нас з сястрой таксама выхоўвалі на гэтых прынцыпах, — адзначае Ірына Уладзіміраўна.

Таццяна Уласенка пачынала свой прафесійны шлях у сярэдняй школе № 2 Ельска настаўніцай фізікі, потым, як некалі яе маці, працавала намеснікам дырэктара, і вось ужо шосты год яна дырэктар.

— Наша школа — самая вялікая ў горадзе, тут вучыцца каля 700 вучняў. Усім калектывам імкнёмся рабіць максімум для таго, каб навучэнцам хацелася тут вучыцца, каб яны атрымлівалі якасную адукацыю і ганарыліся роднай школай. Дарэчы, з дня яе заснавання ў 1978 го­дзе я ўсяго трэці дырэктар. Традыцыя тут такая: калі ўзяў на сябе адказнасць як кіраўнік, то гэта сур’ёзна і надоўга. На гэтым шляху заўсёды памятаю пра тое, што і маці, і бабулі, і дзядуля, і пра­дзед не пасавалі перад цяжкасцямі, з усім спраўляліся. Гэтае адчуванне сілы роду вельмі дапамагае, — расказвае Таццяна Уладзіміраўна.

З таго моманту, як іх маці ўпершыню пераступіла парог гэтай школы ў 1980 годзе, шмат што змянілася, заўважаюць сёстры. Спачатку гэта быў адзін двухпавярховы будынак, потым дабудавалі яшчэ тры корпусы. Сёння тут працуюць педагагічны, інжынерны, ваенна-патрыятычныя класы. Створаны цэнтр па бяспецы жыццядзей­насці. Папаўняецца новымі экспазіцыямі краязнаўчы музей.

Ці мог нават марыць аб усім гэтым іх прадзед, які нёс землякам першыя маленькія праменьчыкі адукацыі? Напэўна, не. Ён проста шчыра рабіў сваю няпростую і такую важную справу. І як добра, што прадстаўнікі гэтага роду годна працягваюць яе і сёння.

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і Настассі БЯЛЯК