Быць выніковым — гэта проста…

- 12:30Педагагічная майстэрня

Важная ўмова атрымання якасных ведаў па прадмеце — рацыянальнае выкарыстанне часу на ўроку. Часта, выконваючы мноства дробных задач, мы заўважаем, што значнага выніку на ўроку не атрымалі. Чаму так бывае? Таму што, фіксуючы ў сваіх планах мэты і дзеянні, часта забываем пра вынік. А эфектыўнасць выкарыстання часу на ўроку вызначаецца якраз фіксацыяй вынікаў замест дзеянняў. Лагічны вывад: трэба выбраць мінімум самых важных дзеянняў, выканаць іх і атрымаць патрэбны вынік.

Для сябе я вырашыла гэтую праблему дзякуючы выкарыстанню на ўроках беларускай мовы “Індывідуальнай карты развіцця вучня”.

Што ўяўляе сабой карта?

Гэта своеасаблівы план работы вучня на некалькі ўрокаў наперад у межах прапанаванай тэмы, што дае магчымасць вучню самому:

1) выбіраць узровень заданняў (А ці Б);

2) планаваць сваю работу на ўроку і дома:

3) захоўваць свой асабісты вучэбны тэмп.

Вось прыклад таго, як выглядае тэма “Правапіс галосных о, э, а” ў індывідуальнай карце развіцця вучня 10 класа.

ІНДЫВІДУАЛЬНАЯ КАРТА РАЗВІЦЦЯ ВУЧНЯ 10 КЛАСА (прозвішча, імя вучня) ПА ТЭМЕ “АРФАГРАФІЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ” (2 ЧВЭРЦЬ)

ТэмаТэорыяПрактыка   УзровеньКаментарыйАдзнакаМатэрыялы ЦТ па тэме
1Правапіс галосных о, э, аКанспект, падручнік “Беларуская мова. 10 клас”
(с. 50)
Дадатак 1   

Што ўключае ў сябе карта?

І. Тэорыя — гэта кароткі адаптаваны канспект па тэме + работа з падручнікам (уменне знаходзіць інфармацыю і карыстацца ёй).

Заўвага!!! Звычайна канспект па тэме вучні складаюць разам з настаўнікам на факультатыўных занятках. Таму адаптаваны канспект на ўроку прысутнічае заўсёды, і вучні ў любы час могуць да яго звярнуцца, дапоўніць звесткамі з падручніка. Калі трэба, вучань на ўроку заўсёды можа ўдакладніць нешта ў настаўніка.

ІІ. Практыка уключае ў сябе заданні па тэме на двух узроўнях (узровень А / узровень Б).

Паколькі вучні ў класе ма­юць розны ўзровень паспяховасці і розныя адносіны з беларускай мовай, то права выбару мае кожны вучань. Выбраўшы для сябе пэўны ўзровень, вучань атрымлівае Дадатак 1, у якім змешчаны заданні і практыкаванні па тэме.

ІІІ. Матэрыялы ЦТ па тэме.

Вучні, якія выбралі і ўзровень А, і ўзровень Б, маюць доступ да матэрыялаў ЦТ па тэме ўрока, а таксама мо­гуць выконваць заданні па падрыхтоўцы да ЦТ на старонцы ў Instagram https://www.instagram.com/belmovarazam, дзе я змяшчаю заданні для замацавання па пройдзеных тэмах.

Як працаваць з картай?

На першым уроку настаўнік тлумачыць вучням прынцып работы з картай, умовы выканання заданняў і перспектывы такой работы.

Карта знаходзіцца ў вучня заўсёды. Ён сам плануе сваю дзейнасць. На ўроку вучань, выбраўшы сабе ўзровень заданняў, працуе з Дадаткам 1. Настаўнік выступае ў якасці кансультанта, сочыць за тэмпам работы кожнага вучня.

Заўвага!!! І ўзровень А, і ўзровень Б даюць магчы­масць вучням атрымаць максімальны бал — 10 (узровень Б прадугледжвае больш мэта­накіраваную падрыхтоўку да ЦТ і алімпіяд).

Акрамя таго, у картцы адведзена месца для каментарыяў, дзе вучань пазначае свае праблемныя моманты, пытанні да настаўніка і да сябе. Адзнака заносіцца настаўнікам у карту вучня на гэтым ці наступным уроку, калі ён праве­рыць правільнасць выканання вучнем усіх заданняў.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Што рабіць, калі вучань справіўся з заданнем раней?

1. Заўсёды ёсць цікавы матэрыял па тэме ўрока, які вучань можа выкарыстаць.

2. Вучань можа запланаваць работу над новай тэмай.

3. Вучань мае права выбіраць адзнаку (г.зн. калі атрыманая адзнака яго не задавальняе, вучань можа атры­маць ад настаўніка дадатковае заданне па тэме і дапрацаваць яе).

Ці многа клопату для настаўніка?

Так. Нямала. Многа намаганняў патрабуе падрыхтоўчы этап. Але калі вы вопытны настаўнік, то матэрыялаў у вас, напэўна, многа. Проста трэба іх сістэматызаваць, што таксама вельмі карысна і для самога настаўніка.

Ці мае вынік такая сістэма работы на ўроку?

Сумненні, канечне, ёсць заўсёды: каб вучні не спісвалі адно ў аднаго, каб разумелі свой узровень (не выбіралі лёгкі шлях або не хапаліся за ўсё адразу), каб умелі планаваць свой час на ўроку і дома. Але практыка паказала, што сённяшнім вучням важна бачыць перспектывы таго, чым яны займаюцца, адчуць, што ад іх залежыць многае і што яны здольны самі прымаць рашэнні і кантраляваць свой вучэбны працэс. Вынікі сёлетняга ЦТ пацвердзілі тое, што гэта работа была недарэмная і мае права на існаванне. Таму час ад часу мы з вучнямі звяртаемся да такой формы работы — і атрымліваем ад гэтага не толькі станоўчыя вынікі, але і задавальненне.

Дадатак 1 (узровень Б)

1. Тэрміналагічны дыктант па тэме “Правапіс галосных о, э, а”. Устаўце патрэбныя словы ў тэкст правіла:

Прынцып акання ў беларускай мове заключаецца ў тым, што ў ненаціскным становішчы галосныя літары о, э пераходзяць у літару …, напрыклад, … — …, або … — … .

У словах іншамоўнага паходжання пасля зычных д, т і зацвярдзелых зычных пішацца літара …, напрыклад, … .

На канцы іншамоўных слоў у становішчы … пішацца літара а, напрыклад, … .

Канцавыя -эль, -эр у іншамоўных словах перадаюцца як …, … . Выключэнне складаюць … назвы, напрыклад, … .

У некаторых словах беларускай мовы, такіх як …, …, … і іншыя, пішацца літара ы.

Часам спалучэнні ро, ло ў ненаціскным становішчы пераходзяць не ў ра, ла, а ў спалучэнні …, …, напрыклад, … .

2. Трэніровачны этап.

Заданне 1. Устаўце прапушчаныя літары о, э, а, ы:

Агр..гат, адм..йстраваць, адр..камендаваць, характ..рызаваць, банд..роль, бр..во, г..меапатыя, гр..йдар, д..лікатны, др..мучы, ж..стыкуляцыя, зач..рсцвелы, інт..рнат, канд..дат, лейт..нант, лід..р, кр..вавы, мад..ратар, нонс..нс, шч..бятаць, прыч..саць, р..клама, с..кратар, ц..люлоза, яшч..рка, танг.., др..зіна, галант..рэя, р..сорны; агр..сіўны, апрат..ставаны, аш..ламіць, ац..ніць, бесц..рымонна, гар..зантальны, гр..йпфрут, гл..таць, др..готкі, дыр..ктыва, запр..гаць, інт..р’ер, інт..рэс, канц..лярыя, вод..р, л..пух, кр..шыць, нагр..вальны, ас..нсаваць, па..тызаваць, пр..стыжны, р..мантаваць, лат..рэя, с..крэт, ядр..ны, фарт..піяна, ранч.., р..зінавы, барт..р, ц..ліна.

Заданне 2. Пазнайце запазычаныя словы па лексічных значэннях і даведках аб паходжанні. Упішыце іх.

Значэнне словаДаведка аб паходжанніСлова-адказ
Электрычны прыбор для гатавання тостаўангл. toaster 
Папка з наборам матэрыялаў, якія даюцца патэнцыяльнаму работадаўцу з мэтай прадэманстраваць свае ўменні
і навыкі ў пэўнай галіне
іт. portfoglio — партфель 
Змешвальнік для прадуктаў з электрапрывадам у ніжняй частцы корпусаангл. Blender, ад blend — змешваць 
Аб’яднанне прыхільнікаў пэўнага музычнага выканаўцы, спартсмена і пад.англ. fan club 
1. Месцы вышэйшага разраду, павышанай камфортнасці
ў самалёце, цягніку і пад. 2. Разрад у класіфікацыі некаторых тэхнічных устройстваў (мабільных тэлефонаў, аўтамабіляў і пад.). 3. Слой грамадства, які займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю
англ. business class 
1. Асоба, якая садзейнічае арганізацыі якіх-небудзь мерапрыемстваў шляхам прыцягнення інвестараў
і спонсараў. 2. Спецыяліст у камерцыйных фірмах, які спрыяе прасоўванню вырабленага фірмай тавару на рынак, а таксама прыцягненню інвестараў і спонсараў
англ. Promoter 
Распрацоўшчык, складальнік аб’яў, рэкламных тэкстаў
і слоганаў
англ. Copywriter 
Малабюджэтнае элітарнае кіноангл. art house, ад art — мастацтва і house — дом 
Музыка да фільмаангл. soundtrack 

3. Тэставае заданне.

1. Адзначце словы, у якіх прапушчана літара а:

1) Антоні..;                       4) кіламетр..вы;

2) трансліт..рацыя;        5) чарт..рны рэйс.

3) старт..р;

2. Адзначце словы, у якіх пішацца літара ы:

1) р..сора;                         4) бар..льеф;

2) ц..лафан;                      5) панц..рная чарапаха.

3) бл..ха;

3. Адзначце словы, дзе трэба ўставіць літару а:

1) два ж..тоны;                 4) ас..нсаваць;

2) наш з..атэхнік;             5) поч..рк.

3) новая др..зіна;

4. Адзначце словы, дзе трэба ўставіць літару э:

1) др..мота;                      4) др..наж;

2) тр..нажор;                    5) галант..рэйны.

3) аш..йнік;

5. Запішыце, як называецца ансамбль з трох выканаўцаў.

4. Творчае заданне. 

Практыкаванне № 8 (http://profil.adu.by).

Алена САМАСЮК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ліцэя Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ.