Настраёвы і пазітыўны, змястоўны і прадукцыйны — менавіта так можна ахарактарызаваць урок настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 6 Жодзіна Таццяны Аляксандраўны Новікавай, на які сёння мы запрашаем нашых чытачоў. Таццяна Аляксандраўна — фіналістка конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года — 2017”, настаўнік-метадыст, творчы, натхнёны чалавек, які сваёй прывабнай усмешкай, стваральнай энергетыкай, пазітывам зараджае ўсіх, хто знаходзіцца побач: вучняў, іх бацькоў, педагогаў.
У педагагічнай прафесіі Т.А.Новікава ўжо больш за 30 гадоў, шчодра дзеліцца вопытам з калегамі са школы, горада, праводзіць заняткі ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі па самых розных тэмах: арганізацыя пастаноўкі вучэбнай задачы, кампетэнтнасна арыентаваныя заданні, рашэнне матэматычных задач рознага ўзроўню складанасці, фарміраванне чытацкіх уменняў навучэнцаў і інш. Педагог прымала ўдзел у распрацоўцы электронных вучэбных модуляў па рускай мове для 2 класа для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу. Таццяна Аляксандраўна паспяхова развівае ў малодшых школьнікаў лепшыя чалавечыя якасці, а таксама крэатыўнасць, творчасць, даследчыя навыкі. Вось і зусім нядаўна яе вучаніца Аліна Колюкшава з работай “Энергія сонца” стала пераможцай абласнога фестывалю даследчых работ дашкольнікаў і малодшых школьнікаў.
Урок рускай мовы праводзіўся ў 3 “Б” класе, у якім вучацца дзеці з розным узроўнем вучэбнай матывацыі, па тэме “Род назоўнікаў”. Гэты ўрок прадстаўлены ў раздзеле “Назоўнік” і з’яўляецца па тэме першым.
Мэта ўрока: фарміраванне ўяўлення навучэнцаў аб мужчынскім, жаночым і ніякім родзе назоўнікаў. На ўроку вырашаліся наступныя задачы: пазнаёміць вучняў з назоўнікамі мужчынскага, жаночага і ніякага роду; адкрыць спосаб вызначэння роду назоўнікаў адзіночнага і множнага ліку; скласці алгарытм вызначэння роду назоўнікаў у множным ліку, развіваць навыкі вучэбнага супрацоўніцтва. Яшчэ да пачатку ўрока можна было заўважыць сур’ёзную падрыхтоўку педагога: на стале ляжалі мадэлі па тэме ўрока, карткі для групавой работы, ілюстрацыі, як пасля высветлілася, для карціннага дыктанта, тэставыя матэрыялы. На экран настаўніца вывела слайды мультымедыйнай прэзентацыі.
І вось гучыць званок. Вучні радасна вітаюцца з Таццянай Аляксандраўнай, усмешкай дораць пазітыў і цудоўны настрой адно аднаму. Вершаванымі радкамі педагог настройвае вучняў на рабочы лад, прадукцыйную работу. Гэты арганізацыйны этап адыгрывае і сур’ёзную выхаваўчую ролю, бо ў вучняў фарміруецца ўменне мабілізаваць сябе, засяродзіцца, унутрана арганізавацца, і менавіта на гэтым этапе закладваецца характар узаемаадносін настаўніка і класа, ствараецца псіхалагічны настрой на далейшую вучэбную дзейнасць.
Настаўніца прапануе дзецям паслухаць верш і знайсці ў ім літару, з якой будзе звязана чыстапісанне:
— Она есть в слове “песенка”,
Она есть в слове “он”,
Она есть в слове “лесенка”,
Она есть в слове “слон”,
С нее “ночь” начинается,
И ею “сон” кончается.
А посреди “она” — опять она!
— Гэта літара “н”, — чуюцца галасы дзяцей.
Вучні ў сшытках прапісваюць злучэнні з літарамі: вялікай Н і малой н (Не, Ни, Ня, На, ну, но, ню, ны, нё). Педагог трымае ў полі зроку кожнае дзіця. Яна праходзіць па класе і заглядвае ў сшытак кожнага. “Малайчынка”, “добра”, “выдатна спраўляешся” — чуецца голас настаўніцы. Кагосьці яна пагладзіць па галаве, камусьці дакранецца да пляча: тактыльныя дотыкі для малодшых школьнікаў маюць вялікае значэнне.
Далей Таццяна Аляксандраўна прапануе вучням разгадаць рэбус, прадстаўлены на экране, і атрымаць новае слоўнікавае слова.
Праз некалькі секунд з розных радоў раздаюцца дзіцячыя галасы: “Это “неделя”.
— Неделя — это единица исчисления времени, равная семи дням, срок в семь дней, — гаворыць настаўніца. — Запишите слово неделя. Поставьте вопрос к нему и определите часть речи.
— Что? Неделя. Это имя существительное, — паднімаюць рукі дзеці і спачатку сарамліва, бо ў класе знаходзіцца незнаёмы чалавек, адказваюць на пытанні. Паступова яны смялеюць і не звяртаюць асаблівай увагі на госцю.
— Назовите в слове орфограммы, которые нужно проверять по словарю и запоминать, — працягвае Таццяна Аляксандраўна.
— Безударная гласная е, — упэўнена гаворыць хлопчык з сярэдняга рада.
— Подберите к имени существительному неделя однокоренные слова, — просіць настаўніца.
— Неделька, недельный, понедельник.
Вучні знаходзяць сярод названых слоў назоўнікі і запісваюць у сшытак: неделя, неделька, понедельник. Дзеці старанна падкрэсліваюць арфаграму, якую неабходна правяраць па слоўніку. Такім чынам, былі актуалізаваны веды па прыметах назоўніка, неабходныя для работы над новым матэрыялам: лік, адушаўлёнасць-неадушаўлёнасць, была выкарыстана франтальная форма работы.
Затым настаўніца прапануе вучням разгледзець карцінку на экране.
— Кто пришел к медвежонку в гости? Какие угощения зверушки принесли медвежонку? — пытаецца яна.
Усе ўключаюцца ў работу. У класе ўзнімаецца лес рук. Акрамя таго, у руках дзяцей з’яўляюцца сігнальныя карткі: зялёныя — яны згодны з адказамі аднакласнікаў, чырвоныя — не згодны.
— Ежик, яблоко, пчелка, мед, мышка, зерно, белка, гриб, — чуюцца адказы дзяцей.
— Давайте подставим к каждому имени существительному слова он мой, она моя, оно мое и запишем в три столбика, — прапануе Таццяна Аляксандраўна.
он, мой она, моя оно мое
ежик пчела яблоко
гриб мышка зерно
мед белка
— Может, кто-то из вас знает, по какому признаку мы сейчас разделили имена существительные?
— По роду, — цягне руку хлопчык за першай партай.
— Какова же тема сегодняшнего урока? — пытаецца настаўніца.
— Тема урока — “Род имен существительных”.
У выніку сумеснымі намаганнямі вучні самі вызначылі тэму і сфармулявалі задачы ўрока. Настаўніца лічыць, што з сучаснымі дзецьмі старыя метады работы не спрацоўваюць. А таму актыўна выкарыстоўвае на практыцы элементы развіццёвага навучання.
Каб падтрымаць цікавасць вучняў, заінтрыгаваць іх, педагог расказвае граматычную казку “Як з’явіўся род у назоўнікаў”: “В одном королевстве жили муж и жена. Были они очень жадные. Решили между собой все слова поделить. Слов много, а жизнь коротка. Делили они слова до самой смерти, да так и не разделили до конца. Стали слова, которые забрал себе муж, мужского рода, а слова, которые оказались у жены, — женского рода. А те, что остались неопределенными, — среднего рода”.
Настаўніца чытае па-майстэрску, іграе голасам, мімікай, жэстамі.
Асабліва цікава назіраць за рэакцыяй вучняў. На іх зацікаўленых тварах чытаецца і здзіўленне, і неразуменне, і нават абурэнне.
Такім чынам быў арганізаваны аналіз вучнямі сітуацыі, якая ўзнікла, і на гэтай аснове выяўлены прычыны цяжкасцей: у чым менавіта заключаецца недахоп іх ведаў. Прычым веды не даваліся дзецям у гатовым выглядзе, а здабываліся падчас пошукавай і даследчай дзейнасці. Малодшыя школьнікі прымянялі новы спосаб дзеяння для выканання задання, якое выклікала цяжкасці. А пры дапамозе граматычнай казкі пачаткоўцы атрымалі першапачатковыя веды пра тое, на якія тры групы можна раздзяліць назоўнікі, пазнаёміліся з родам назоўнікаў і спосабам вызначэння роду назоўнікаў адзіночнага ліку. Навучэнцы выканалі заданне на новы спосаб дзеяння з прагаворваннем уголас выкананых крокаў. (Дарэчы, мадэляванне ўзята педагогам менавіта з развіццёвага навучання.) Яны адзначылі, што род — пастаянная прымета назоўніка, бо змяніць па родах назоўнік немагчыма.
Для замацавання атрыманых ведаў Таццяна Аляксандраўна прапануе дзецям звярнуцца да практыкавання 123 вучэбнага дапаможніка (“Руская мова, 3 клас” М.Б.Анціпавай і інш.). Неабходна вызначыць род назоўнікаў, падбіраючы словы-памочнікі: ён мой, яна мая, яно маё.
Усе малодшыя школьнікі задзейнічаны ў рабоце, па-за ўвагай педагога не застаецца ніхто, дзеці адказваюць па ланцужку, па радах запісваюць назоўнікі ў сшытках (1-ы рад — назоўнікі мужчынаскага роду, 2-і — жаночага, 3-і рад — ніякага). Для кожнага дзіцяці ствараецца сітуацыя поспеху. Вучань, нават не вельмі ўпэўнены, не баіцца памыліцца, не губляецца. Для кожнага ў Таццяны Аляксандраўны знаходзяцца словы падтрымкі, падбадзёрвання. Педагог не толькі вядзе да поспеху, але і дае кожнаму права на памылку, дапамагае ў пошуку спосабаў пераадольвання гэтых памылак, тым самым знімаючы трывогу і няўпэўненасць. Для праверкі выкананага задання вучні абменьваюцца сшыткамі і ацэньваюць работу свайго суседа па парце. А гэта яшчэ адзін з важных момантаў фарміравання ў пачаткоўцаў адэкватнай самаацэнкі.
З ахвотай і задавальненнем вучні выконваюць практыкаванні фізкультхвілінкі, якую педагог таксама прывязала да тэмы ўрока. Яна называе назоўнікі, і калі яны мужчынскага роду, то дзеці ўзнімаюць рукі ўгору, калі жаночага — пляскаюць у ладкі, ніякага — прысядаюць.
Наступнае заданне — карцінны дыктант. Таццяна Аляксандраўна паказвае дзецям карцінкі, а яны запісваюць словы (столы, книги, ведра, пеналы, ручки, гнезда) і вызначаюць род гэтых назоўнікаў. Пад кіраўніцтвам настаўніцы дзеці складаюць алгарытм вызначэння роду ў назоўнікаў множнага ліку.
Гэты алгарытм хутка з’яўляецца на дошцы:
1. Ставлю имя существительное в форму единственного числа.
2. Подбираю слова-помощники.
3. Определяю род имени существительного в форме единственного числа.
4. Указываю род имени существительного во множественном числе.
Далей вучням было прапанавана падзяліцца на групы і папрацаваць у камадзе: выбраць у дужках падыходзячыя па сэнсе словы, вызначыць род назоўнікаў.
1-я група. (Лохматая, лохматый) собака, (белый, белая) гусь.
2-я група. (Румяный, румяное) яблоко, (дорожный, дорожная) пыль.
3-я група. (Сильная, сильный) боль, (концертный, концертная) рояль.
4-я група. (Золотая, золотой) медаль, (высокий, высокая) тополь.
Было відаць, што дзецям групавая работа не ў навінку. Яны ўмеюць выслухаць таварыша, прапанаваць свае варыянты і выбраць правільны. Усе яны паспяхова справіліся з заданнем, размясціўшы вынікі работы на дошцы. Вучні зрабілі выснову, што род назоўнікаў у рускай і беларускай мовах не супадае. Узнікла ў дзяцей пытанне і наконт вызначэння роду назоўнікаў множнага ліку тыпу ножницы, брюки. Я ж адзначыла для сябе, як Таццяна Аляксандраўна ўмела мяняе віды дзейнасці, па-майстэрску пераходзіць ад аднаго задання да другога. Гэта дазваляе трымаць вучняў у тонусе, не разнявольвацца і не адцягваць увагу.
На этапе кантролю ведаў педагог прапануе дзецям выканаць міні-тэст па тэме ўрока.
А. Соедини слова-помощники с нужным родом.
Он, мой средний род
Она, моя мужской род
Оно, мое женский род
Б. Отметь строку, в которой имена существительные записаны в таком порядке: м.р., ж.р., ср.р.
а) Книга, телефон, ведро.
б) Снег, весна, озеро.
в) Лето, слон, трава.
В. Определи род имен существительных.
Утки ( ), сады ( ), окна ( ).
Затым вучні звяраюць сваю работу са слайдам і здаюць тэсты на праверку педагогу. У выніку без адзнакі на ўроку не застаецца ніхто. У якасці дамашняга задання вучні атрымліваюць практыкаванне 129 і правілы на старонках 69 і 70.
На апошнім этапе — падвядзення вынікаў урока і рэфлексіі — дзеці адзначаюць новую прымету назоўніка, пра якую даведаліся, агучваюць спосаб вызначэння роду назоўнікаў у адзіночным і множным ліку, а таксама алгарытм дзеяння. Яны абмяркоўваюць свае дасягненні і вынікі, станоўча ацэньваюць сваю дзейнасць. Рэфлексія арганізоўваецца ў выглядзе кветкавай паляны. Выявы трох кветак рознага колеру — дзьмухаўца, рамонка і васілька — адлюстроўваюць дзейнасць вучняў на ўроку. На гэтыя кветкі вучні саджаюць матылькоў у залежнасці ад глыбіні засваення зместу матэрыялу ўрока і правільнасці выканання заданняў. Калі ўсе заданні вучні выканалі правільна і засвоілі тэму ўрока на 9—10, то размяшчаюць матылька на дзьмухаўцы, калі не ўсе заданні выканалі правільна і засвоілі тэму ўрока на 7—8 — на васільку. Калі ж не ўсе заданні выканалі правільна і засвоілі тэму ўрока на 5—6, то матылёк размяшчаецца на рамонку.
Да вялікага задавальнення настаўніцы і вучняў, усе матылькі “прыляцелі” на дзьмухавец і васілёк, на рамонак не сеў ні адзін матылёк. А гэта гаворыць пра тое, што ўрок засваення новых ведаў прайшоў на ўра. Апладысментамі і добрым настроем падзякавалі вучні настаўніцы і аднакласнікам за цудоўны ўрок.
Урок пакінуў самыя станоўчыя ўражанні. Асабліва спадабалася яго добразычлівая камфортная атмасфера, дзе прыемна працаваць і вучням, і настаўніцы, і тое, што педагог не бярэ на сябе ўсе ролі, а дзеці з’яўляюцца галоўнымі дзеючымі асобамі. Таццяна Аляксандраўна дае свабоду кожнаму вучню, магчымасць праявіць сябе, свае здольнасці. А гэта так важна, асабліва на І ступені навучання, калі закладваецца падмурак паспяховасці і ўпэўненасці ў сваіх сілах на будучыню.
Пасля заняткаў я звярнулася да Таццяны Аляксандраўны з просьбай ахарактарызаваць праведзены ўрок.
— Любы працэс пазнання пачынаецца з імпульсу. Неабходна матывацыя, якая пабуджае навучэнца да дзеяння. Урок будавала на аснове дзейнаснага падыходу, прадумвала кожны яго этап, выкарыстоўвала розныя метады і прыёмы актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў. Не давала ведаў у гатовым выглядзе — дзеці самі ў працэсе дзейнасці здабывалі іх. На ўсіх этапах урока навучэнцы былі ўцягнуты ў актыўную мысліцельную і практычную дзейнасць даследчага характару, ім неабходна было не толькі выкарыстоўваць веды, якія ў іх ёсць, але і знайсці новы спосаб выканання дзеяння.
У адпаведнасці з пастаўленымі мэтамі і задачамі ўрока вывучэння новага матэрыялу, усе яго структурныя элементы былі вытрыманы. Этапы ўрока былі цесна звязаны паміж сабой, чаргаваліся розныя віды дзейнасці. Разумовыя дзеянні абапіраліся і падмацоўваліся практычнымі. Пры пастаноўцы пытанняў і вызначэнні заданняў на ўроку я ўлічвала індывідуальныя асаблівасці навучэнцаў, давала толькі станоўчую характарыстыку вынікам іх дзейнасці, што стымулявала дзяцей і павышала іх актыўнасць. Вучэбная інфармацыя была прыцягальнай для дзяцей: вершы, казка, рэбус і інш. За кошт прыцягальнасці зместу заданняў і форм падачы вучэбнага матэрыялу павысіліся магчымасці навучэнцаў у дасягненні пастаўленых на ўроку задач.
Агульная арганізацыя работы на ўроку дазволіла стварыць у класе рабочую атмасферу і рацыянальна размеркаваць час на кожным этапе. Інтэнсіўнасць урока была аптымальнай з улікам фізічных і псіхалагічных асаблівасцей дзяцей. Метады навучання адпавядалі задачам урока і па крыніцы перадачы ведаў былі слоўныя, наглядныя і практычныя. Па ўзроўні самастойнасці навучэнцаў — праблемна-пошукавыя. Прасочвалася змена відаў дзейнасці, што дазволіла зрабіць урок дынамічным, аптымальным па тэмпе і стварыць умовы для актыўнай работы дзяцей.
З мэтай актывізацыі работы вучняў былі выкарыстаны розныя віды праверак: самаправерка са слайда, узаемаправерка ў парах. Пасля выканання самастойнай работы навучэнцы самі ацанілі якасць выканання сваёй работы, што дало магчымасць кожнаму дзіцяці ўбачыць, наколькі добра яно засвоіла матэрыял, а над чым яшчэ трэба папрацаваць.
Усё, што запланавала, на ўроку было зроблена. Падчас работы вучні паказалі высокі ўзровень засваення матэрыялу, сфарміраванасць уменняў і навыкаў, былі ўважлівымі, цярплівымі адно да аднаго. Канцоўка ўрока была задумана так, каб перавесці дзяцей да наступнага ўрока, бо той прадугледжвае вывучэнне матэрыялу па адрозненнi роду ў беларускай і рускай мовах. Дзеці засвоілі тэму, навучыліся вызначаць род назоўнікаў. Думаю, урок сапраўды ўдаўся, — адзначыла Т.А.Новікава.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.