Чаму настаўніка-франтавіка Мікалая Хромчанку часта пасылалі «на прарыў» у вясковыя школы Століншчыны?

- 15:111944: путь к освобождению

Франтавікі. Настаўнікі. Бацькі…
Па гэты час яны трымаюць абарону.
Сыны і ўнукі помняць праз вякі,
Што ў нас жывуць бацькі-франтавікі,
І мы, з іх болем і святлом, — АДНО да скону.

Сын франтавіка­-педагога Дзмітрый Хромчанка — па адукацыі гісторык, кандыдат гістарычных навук — выкладае ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Ён падрыхтаваў да друку кнігу аповедаў пра педагогаў Гомельшчыны, якія ўдзельнічалі ў вайне і вярнуліся на вызваленыя тэрыторыі, каб адраджаць адукацыю. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Франтавік-настаўнік Мікалай Хромчанка

Каб аддаць даніну павагі

Чытачы, мяркую, заўважылі ў газеце новую рубрыку да 80-годдзя вызвалення Беларусі. Плануючы камандзіроўку, я знайшоў публікацыю ў райгазеце “Голас Веткаўшчыны” Дзмітрыя Хромчанкі, выкладчыка з Мінска, — напісаў ён пра Мікалая Шараева з Веткаўшчыны, з вёскі Хальч родам, з сялянскай сям’і. “У 1938 годзе скончыў Веткаўскую беларускую школу і адразу ж паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага педінстытута імя В.П.Чкалава. Да вайны скончыў тры курсы”. Далей — апісанне ваеннага шляху настаўніка-франтавіка, які вая­ваў пад Масквой, потым на Волхаўскім, Ленінградскім, 1-м, 2-м і 3-м Прыбалтыйскіх франтах. Двойчы быў паранены. Адзначаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За абарону Ленінграда”, “За перамогу над Германіяй”. У кастрычніку 45-га дэмабілізаваны, прадоўжыў вучобу ў педінстытуце і ў 1946-м пачаў выкладаць фізіку і матэматыку ў 2-й школе Веткі. Франтавік-педагог з 1947-га па сумяшчальніцтве быў яшчэ і старшынёй райкама праф­саюза настаўнікаў, з 1953 па 1963 год загадваў райана, потым да 1971-га зноў паклікала 2-я школа: настаўнік, завуч, дырэктар. Увесну 1971-га Мікалай Пятровіч стаў дырэктарам 1-й веткаўскай, якую і сам у 1938-м скончыў. Прайшоў слаўны жыццёвы круг, там і завяршаў працоўны шлях: да 1978-га — дырэктарам і яшчэ шэсць гадоў, да 1984-га, — настаўнікам.

Пра педагогаў-герояў, па лёсах якіх прайшлася вайна, якія былі “на перадавой” у сістэме пасляваеннай народнай асветы, варта нам памятаць, ведаць, пісаць. І 80-годдзе вызвалення — добрая нагода, каб аддаць ім даніну павагі.

Дзмітрый Хромчанка ў райгазеце напісаў, што імёны далёка не ўсіх франтавікоў-­настаўнікаў адлюстраваны ў раённых хроніках “Памяць”, некаторыя з іх рабіліся за савецкім часам. Прапанаваў некалькі сваіх допісаў пра франтавікоў, якіх на Веткаўшчыне ведалі як настаўнікаў: “На мой погляд, уклад іх у Вялікую Перамогу заслугоўвае таго, каб пра іх успомнілі старэйшыя, даведаліся веткаўскія школьнікі”.

Але чаму педагога з БНТУ цікавіць такая тэматыка? Адказ на пытанне мы атрымалі ад самога Дзмітрыя Мікалаевіча, з якім пагутарылі. Як аказалася, і яго бацька быў франтавіком, настаўнікам, доўга працаваў на Палессі.

Ветэран-педагог Мікалай Рыгоравіч Хромчанка родам быў з вёскі Калінаўкі Краснапольскага раёна Магілёўшчыны. Да вайны скончыў педвучылішча, працаваў на Палессі настаўнікам пачатковай школы. У 1941-м не паспеў мабілізавацца. Пасля вызвалення Столінскага раёна вая­ваў сувязістам у складзе 3-га Беларускага фронту, вызваляў Беларусь і Польшчу. Быў цяжка паранены. Узнагароджаны медалём “За адвагу”. Пасля вайны працаваў настаўнікам, дырэктарам розных вясковых школ. Памёр у 1994 го­дзе.

Жывая тканка ўспамінаў

Дзмітрый Хромчанка расказаў:

“Першы раз бацьку прызвалі ў войска яшчэ ў 1939-м: быў сувязістам на савецка-польскай вайне. Успамінаў, як наступалі на палякаў — і вызвалілі не­дзе пад Брэстам канцлагер, дык многа жудасці ўсялякай там пабачылі. Потым ён дадому вярнуўся і ў Вялікай Айчыннай з 1944-га ўдзель­нічаў. А калі дэмабілізавалі яго, пасля цяжкага ранення, то накіравалі працаваць у вёску Рубель Столінскага раёна. Расказваў мне, што вёска была спалена ў вайну цалкам і навучальны год пачалі дзе прыйшлося. У хуткім часе яго перавялі ў суседнія Цераблічы, там і я нара­дзіўся, потым зноў “кінулі на прарыў”: вёска Талмачава, за 5 км ад Церабліч. І ўсюды ў пачатковых школах бацька працаваў адзін, прычым адразу з 1—4-мі класамі. У Талмачаве я пайшоў, шасцігодкам, у першы клас. Памятаю, як у адным памяшканні займаліся вучні розных узростаў. Мне складана і ўявіць, як гэта бацька ў першыя пасляваенныя гады ­адзін вёў заняткі, прычым адразу з чатырма групамі”.

“У нас пры школах быў пакойчык, дзе жыла сям’я настаўніка. І гэта жылі гадамі, дзесяцігоддзямі. Памятаю, у Талмачаве я захварэў, а ў школе рабілі рамонт. Дык я ляжаў на ложку і праз дзірку — выняты быў кавалак бервяна між пакоямі — глядзеў, як бацька вядзе ўрок. І нават я ў ім неяк удзельнічаў!”

“Чаму яго перакідвалі з адной школы ў другую? Я зразумеў тое, калі чытаў кнігу “Памяць” па Столінскім раёне. У раздзеле аб сістэме адукацыі ў першыя пасляваенныя гады знайшоў вытрымку з загада па райана, дзе Мікалай Хромчанка названы як адзін з лепшых настаўнікаў раёна. Значыць, перакідвалі яго — “на прарыў”, як казалі на фронце, каб умацаваць школу, наладзіць там вучэбны працэс. Мая здагадка пацвер­дзілася, калі з сям’ёй гадоў 5 назад пабываў я ў Цераблічах. Быў прыемна здзіўлены, што добрая памяць пра бацьку там збераглася. Мясцовы настаўнік так і сказаў: выбіраў ён прафесію і пад уплывам аповедаў свайго бацькі пра яго першага настаўніка-франтавіка Мікалая Рыгоравіча Хромчанку.

Дзмітрый Хромчанка на юбілеі з дочкамі-настаўніцамі Аленай Бурай і Кацярынай Сенакосавай. Здымак 2024 г.

“Мы і ўявіць сабе не можам усіх тых перагрузак, якія мелі настаўнікі ў пасляваенныя гады. Прычым не толькі таму, што педагогаў паўсюль не хапала. Бацька да вайны скончыў педвучылішча ў Пінску, і яму трэба ж было вучыцца далей. Дык ён завочна спачатку ў Пінскім настаўніцкім інстытуце вучыўся, потым — у Брэсцкім педінстытуце. Памятаю з дзяцінства, як маці пякла хлеб і сушыла сухары: бацька з імі ў торбе ез­дзіў на сесіі. А яшчэ не ўсе веда­юць, што ў пасляваенныя 40-я і на пачатку 50-х на Палессі, у прыватнасці, у Столінскім раёне, было неспакойна. Па лясах там хаваліся ўкраінскія нацыяналісты (Украіна ж побач), праціўнікі савецкай улады. Адзін з іх, Тарас Баравец, меў мянушку Бульба, дык іх так і называлі: “бульбаўцы”. Баць­ка расказваў пазней, што і сам неяк іх сустрэў, яшчэ ў Цераблічах. Як вядома, тыя “лясныя браты” ажыццяўлялі тэрор найперш у дачыненні да прадстаўнікоў савецкай улады і супраць сельскіх актывістаў, да якіх і настаўнікаў адносілі, тым больш у Заходняй Беларусі. Неяк ноччу вяртаўся бацька дадому і яго спынілі двое ­ўзброеных вершнікаў: запыталі, дзе жыве настаўнік. То бацька паказаў рукой у іншы бок ад школы, дзе зай­маў з сям’ёй асобны пакойчык. А сам да раніцы хаваўся ў лесе за рэчкай. Такім педагагічным фронтам была звычайная, здавалася б, школьная праца для вясковых настаўнікаў на Заходнім Палессі ў першыя пасляваенныя гады. Сустрэча з “бульбаўцамі” толькі адна ў бацькі была. Не думаю, каб яны канкрэтна з ім ехалі расправіцца, і можа, выпадкова ў вёску заехалі. Але ж лёс, відаць, такі: абышлося. І наша сямейнае паданне такое здарэнне зберагае.”

Дырэктар школы Мікалай Хромчанка з вучнямі ў Талмачава. 1952 альбо 1953 год

Жыццё па загадзе

Расказваючы пра маленства ў сям’і настаўніка-франтавіка, Дзмітрый Хромчанка згадаў і гора, якое напаткала яе ў хуткім часе, як перавялі бацьку працаваць у Талмачава. Па той вёсцы гуляла інфекцыйная хвароба — адзёр. І старэйшы брат яго Колька згарэў за лічаныя дні, памёр у чатыры гады. Вакцынацыя на Палессе тады яшчэ не дайшла. У сувязі з горам у сям’і прыжылося слова “забіран” — як своеасаблівы знак бяды. Старэйшыя расказвалі, што бацьку і не хацелася Цераблічы пакідаць, бо там і лес побач, і рэчка, да якой у Мікалая Рыгоравіча была вялікая рыбацкая цяга. Ды, відаць, служба настаўніка ў пасляваенныя гады была бадай што з ваеннай дысцыплінай: паступіў загад ­з райана — і Хромчанка вымушаны быў падпарадкавацца. Вядома ж, бацькі разумелі: не вінаваты ў тым іхнім горы настаўнік з прозвішчам Забіран (які прыняў школу ў Цераблічах пасля Мікалая Хромчанкі) — але ж і слова, як кажуць, з жыццёвай гісторыі не выкінеш.

З траіх дзяцей франтавіка Хромчанкі выжылі двое. Настаўніцкую дарогу бацькі прадоўжыў сярэдні сын Дзмітрый, цяпер прадаўжаюць і абедзве яго дачкі-філолагі: Кацярына і Алена. Між тым і брат франтавіка Кузьма Хромчанка быў настаўнікам, выкладчыкам, літаратуразнаўцам. “Кузьма працаваў на Століншчыне, з бацькам па суседстве, — згадвае пра дзядзь­ку пляменнік. — Мы ж, вандруючы па розных школах раёна, пераехалі з часам у Рамель, дзе была васьмігодка, я заканчваў там 7 класаў. А ў 8-ы ўжо ў Альшаны (да іх 4 км) пайшоў, дзе Кузьма Рыгоравіч выкладаў. Калі яго баць­ка памёр, то пераехаў дагля­даць маці ў Калінаўку. Школы там не было, хадзіў кіламетры за 3—4 у суседнюю вёску на працу. З часам дзядзь­ка Кузьма закончыў аспірантуру ў БДУ, стаў кандыдатам навук, ён аўтар шэрага кніг. Там жа і выкладаў беларускую літаратуру. А Міця, Дзмітрый Рыгоравіч, трэці з братоў, быў разведчыкам, памёр у хуткім часе пасля вайны. Чацвёрты брат Васіль загінуў на фронце”.

“Я палічыў па здымку ў Талмачаве: больш за 30 дзяцей у школе. Гэта школа пачатковая, 4 класы. Цяпер і ў некаторых сярэдніх вясковых столькі няма. І вось бацька для іх усе прадметы выкладаў! Нават спевы, хоць я аніразу не чуў, каб ён спяваў. Але куды дзенешся: трэба было і спевы”.

З аповедаў сына пра бацьку вынікае, што папрацаваў франтавік-педагог Мікалай Хромчанка ў розныя гады ў вёсках Рубель, Цераблічы, Талмачава, Рамель на Століншчыне. Яшчэ некаторы час і ў вёсцы Тонеж — цяпер Лельчыцкі раён. І потым ужо “дырэктарам васьмігодкі ў Мазырскім раёне”. А ўрэшце стаў дырэктарам школы-васьмігодкі на Гродзен­шчыне: у вёсцы Малая Воля Дзятлаўскага раёна. “У той год, як ён паведаміў, дзе будзе працаваць, я ў Альшанах закончыў сярэднюю школу. І мне тады бацька напаўжартам: а ты ў нас будзеш настаўнікам фізкультуры. Бо, аказваецца, ранейшы настаўнік і дырэктар там вёў і фізкультуру. А бацька ўжо ў гадах быў. Дык я паступаў, калі быў здвоены выпуск: пад чалавек 20 на месца ў педінстытут. І з першага заходу не прайшоў, дык год у Малой Волі пабыў настаўнікам фізкультуры — а потым на гісторыка паступіў”.

Але як урэшце аказаўся мой суразмоўнік у Крупках, дзе стварыў сям’ю, пусціў карані? Пасля заканчэння педуніверсітэта ён пабыў настаўнікам, а потым пайшоў у войска. І гэтак “адслужыў” размеркаванне, папрацаваў на камсамольскай рабоце і мог выбіраць месца, дзе яму даспадобы. “А я — заўзяты рыбак, як і бацька. Яшчэ люблю, каб і лес непадалёку быў. Дарэчы, згадваю Малую Волю: рэчка Шчара — метраў за 250 ад школы, а з другога боку лес. Раздолле! Думаю, не выпадкова і бацька “на фінішы” настаўніцкай кар’еры той райскі куточак сабе выбраў. Да сыходу “ў запас” і працаваў дырэктарам. І я, калі па шчырасці, рэчкай і лесам найперш кіраваўся, выбіраючы Крупкі амаль на паўвека, — то не прагадаў! Бацькава навука, ягоны прыклад і ў гэтым дапамаглі зрабіць правільны выбар”.

***

“Ствараючы кнігу пра настаўнікаў, я звязваўся са школамі Гомельшчыны, іх дырэктарамі. Мне адтуль дасылалі матэрыялы пра настаўнікаў — удзельнікаў вайны: фатаграфіі, нейкія біяграфічныя звесткі. Я іх афармляў, выпісваў. Пакуль гэты праект не завершаны, тэкстаў сабрана з паўсотні, але кнігай не выдадзены. Тэксты ў асноўным інфармацыйныя. А ў кожным раёне былыя ўдзельнікі вайны працавалі ў школах, так што работы непачаты край. Матэрыялы такія цяжка цяпер сабраць, гэтым раней мала дзе займаліся. Ды і раней мы раўняліся на такіх герояў, хто з ордэнамі  на ўсе грудзі. А былі ж і больш сціплыя — вось як мой бацька, пра такіх мала гаварылі. А яны вартыя нашай удзячнай памяці”.

 Іван ЖДАНОВІЧ