Чаму навукоўцам важна даследаваць казкі

- 10:25Новости

Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі адбудзецца ў маі ў Мінску, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Форум пройдзе трэці раз пад эгідай Нацыянальнай акадэміі навук Бела­русі і збярэ ўдзельнікаў з розных краін. Чым вабяць людзей навукі казкі ды іншая фальклорная спадчына нашага народа? Чаму варта нам усім падсілкоўвацца ­мудрасцю продкаў?

Родавы корань

Старое — не заўсёды ўсё дрэннае. У гарманічнай пераемнасці традыцый, ва ўважлівым засваенні моладдзю духоўных скарбаў, назапашаных папярэднікамі, бачаць навукоўцы з акадэміі важную ўмову стабільнага, паступальнага развіцця грамадства. Як гэта ні парадаксальна, не толькі лічбавыя і касмічныя, нана- і біятэхна­логіі вызначаюць нашу будучыню. Мяркую, нечаканасцю для многіх стала выказванне акадэміка А.І.Лакоткі на нядаўняй прэс-­канферэнцыі пра актуальнасць народных казак у сучаснай беларускай культуры. Аляксандр Іванавіч сказаў, што казкі ма­юць важныя элементы фундаментальнай народнай мудрасці, якая заўсёды актуальная. Ён згадаў пра форумы, прысвечаныя беларускім народным казкам, у якіх удзельнічаюць і навукоўцы з розных краін, і самі казачнікі — носьбіты традыцый. Па сутнасці, гэта і ёсць каштоўныя каналы для трансляцыі такой спадчыны ў сучасным свеце.

Папярэдні казачны форум праходзіў у 2021 годзе, і наша газета пра яго пісала. Прыгадаем словы тагачаснага галоўнага вучонага сакратара НАН Беларусі намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэс­публікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Андрэя Іванца. Вітаючы ўдзельнікаў і гасцей форуму ад імя Прэзідыума НАН, ён сказаў пра казкі як унікальны духоўны, мастацка-эстэтычны і слоўны феномен у традыцыйнай беларускай культуры, як адзін з найважнейшых элементаў нацыянальнай адметнасці беларусаў, своеасаблівы пазнавальны знак, нашу ўнікальнасць сярод культур свету: “Казкі нале­жаць да таго родавага кораня, які глыбока і трывала яднае ўсіх нас з беларускай зямлёй. Гэта багатая крыніца для вывучэння духоўнай гісторыі нацыі, кагнітыўнай структуры беларускай мовы. Казкі слу­жаць асновай для папаўнення і ўдакладнення моўнага слоўнікавага складу”.

Паблізу вёскі Строчыцы…

Аляксандр Іванавіч Лакотка пры сустрэчы падкрэсліў: сам ён казкі не даследуе, але ж не раз адчуваў на сабе іх дабратворны ўплыў і рос у сям’і вясковых настаўнікаў. Беларускую мову акадэмік ведае з маленства. Згадвае з усмешкай: “Здаваў экзамены ў БНТУ (у 72-м гэта быў Беларускі політэхнічны інстытут), і па фізіцы 5 балаў мне паставілі. А тады ж, мяркую, тэрміналогію па фізіцы, ды на беларускай мове, не ўсе выкладчыкі ведалі”.

Найцікавейшы этап у жыцці суразмоўцы пачаўся, калі ў 1978 годзе Міністэрства культуры БССР аб’явіла: у Беларусі бу­дзе стварацца музей народнай архітэктуры і побыту. На той час аўтэнтычная, патрыяр­хальная культура беларускай вёскі хутка знікала, і пісьменнікі, мастакі, вучоныя, дзеячы культуры напісалі зварот да Пятра Машэрава, папрасілі хоць нешта зберагчы для нашчадкаў з той спадчыны. Месцы пад музей першы сакратар ЦК КП Беларусі наведваў сам. Выбар ён спыніў на месцы паблізу вёскі Строчыцы пад Мінскам, дзе пабачыў і гарадзішча на рэчцы Менцы. А.І.Лакотка ў ліку іншых калег трапіў тады ў рабочую групу па стварэнні музея. І пачаліся экспедыцыі архітэктараў, этнографаў па Беларусі — вывучалі, што мае каштоў­насць і можа спатрэбіцца пры стварэнні музея. “Гадоў за пяць мы зафіксавалі каля 6 тысяч розных аб’ектаў, якія можна лі­чыць помнікамі народнай архітэктуры: хаты, гумны, свірны… А этнографы сабралі каля 20 тысяч экспанатаў!” — адзначыў акадэмік.

Тады, нібы нанова, акунуўся Аляксандр Іванавіч у плынь народнай культуры. Меў шчасце пабываць у многіх рэгіёнах, глухіх вёсках, пачуць розныя гаворкі-дыялекты, жыццёвыя гісторыі, у тым ліку і казкі ад непасрэдных носьбітаў народных традыцый. Душа на ўсё тое адгукалася. Па сутнасці, тыя экспедыцыі прадвызначылі шлях у навуку, аж да акадэмічных вышынь. А родам А.І.Лакотка — ад зямлі: з вёскі Кузьмічы Дзятлаўскага раёна. Бацька, Іван Пятровіч, ветэран вайны, выкладаў рускую мову і літаратуру, быў мастаком. Маці, Ганна Рыгораўна, выкладала гісторыю і нямецкую мову. Школы ў Кузьмічах не было, вёска малая, настаўнічалі бацькі ў мястэчку Дварэц, кіламетраў за 10 ад вёскі. Туды і жыць пе­рабраліся, наймалі жыллё, потым бацькоў перавялі ў Слуцкі раён, адкуль быў род баць­кі…

Што да казак, то іх будучаму акадэміку расказвала і маці, і вясковыя бабулькі — у Кузьмічах, Дварцы… Найбольш падабаліся малому казкі пра жывёл. А настаўніца Ева Кузьмінічна “песні народныя нам на ўроках спявала: вельмі прыгожыя і па-беларуску. Сакавітыя, вобразныя, з дасціпным зместам. Запала гэта ў памяць і згадваецца — нібы рознакаляровая музыка”.

Асаблівая гордасць навукоўцаў — 13-томнік “Беларусы”, калектыў стваральнікаў якога ў 2008 годзе атрымаў прэмію Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”.

“У пошуках папараць-кветкі…”

Падчас размовы ўсплывалі і іншыя выпадкі, калі вусная народная твор­часць жывымі плынямі пранікала ў жыццё акадэміка А.І.Лакоткі. Невыпадкова пасля паездкі ў Кітай ён ужо як дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры прапанаваў рэаліза­ваць на беларускім фальклорным матэрыяле міжнародны культурна-асветніцкі праект “З вытокаў народнай мудрасці”.

Праект канкрэтызаваўся ў пяць частак, па кожнай стваралася кніга. “Мы ўзяліся паказаць самае цікавае з таго, што назбірана нашымі навукоўцамі. “Прымаўкі ды прыказкі — мудрай мовы прывязкі” — гэта была першая кніга. Другую прысвяцілі загадкам: “Бегла ліска каля лесу блізка”, у трэцюю пад назвай “Хадзі, сонейка, да нас…” увайшлі дзіцячыя лічылкі, вершыкі, карацей — дзіцячы фальклор. Кніга пра нашы казкі атрымала назву “І я там быў…”. Апошняя з выдадзеных — “У пошуках папараць-кветкі…” пра нашы легенды і паданні. Найбольшы розгалас, мабыць, выклікалі загадкі, бо іх цяжка разгадваць. Людзі, чуў, абураліся: што вы назбіралі!? Акадэмікам разга­даць не пад сілу… (Смяецца.) А сакрэт у тым, што ў загадках прыхаваны код “свой —чужы”. Калі вы не ў нашай культуры, не ў нашых традыцыях, не ў рэаліях беларускага жыцця — выпрабаванне прайсці будзе вельмі цяжка. На жаль, кожны з нас цяпер, жывучы ў горадзе, ад тых вяскова-местачковых рэалій, у якіх жылі нашы продкі, дзе нараджаліся загадкі, аддаляецца. І мы нібыта чужымі становімся ў той займальнай гульні ў “свайго — чужога”, нібы губляем коды-паролі для ўваходу, падкрэслю, у нашу ўласную духоўную спадчыну. Тое датычыцца не толькі загадак, а ўсяго велізарнага пласта нашай духоўнасці, беларускай народнай культуры. І пачынаецца каштоўнасны канфлікт, непаразуменне паміж пакаленнямі, паміж бацькамі і дзецьмі. А каб гэтага не адбылося, каб у наро­дзе былі адзінства і паразуменне, нам трэба ўвесь час падсілкоўвацца казачнай мудрасцю”, — перакананы А.І.Лакотка.

Векавая мудрасць продкаў

Рэцэпт, як бачым, такі просты! А “хвароба непаразумення” паміж людзьмі пры збоі трансляцыі базавых ведаў, маральна-каштоўнасных арыенціраў — гэта рэальная пагроза для любога грамадства. Бо кніжныя веды, жыццёвыя ўстаноўкі вельмі часта канфліктуюць з векавой муд­расцю продкаў — нібы ў розных праграмах, на розных аперацыйных сістэмах створаныя файлы. І вось у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры паспрабавалі рэалізаваць міжнародны праект, а заадно паглядзець, як удасца беларускую мудрасць вякоў трансліра­ваць у наш час, у тым ліку і для чытачоў замежных. Быў створаны рабочы калектыў, працавалі фалькларысты. Выкарыстоўвалі багатую картатэку, якая сёння ўтрымлівае больш за 400 тысяч картак, сабраных з 1957 года — часу стварэння акадэмічнага Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. На думку акадэміка, вялікай увагі настаўнікаў, а таксама вучняў — якраз для гарманічнай трансляцыі народнай мудрасці — заслугоўваюць кнігі, выдадзеныя па выніках фальклорных экспедыцый, даследаванні па культуры, этнаграфіі. Асаб­лівая гордасць навукоўцаў — 13-томнік “Беларусы”, калектыў стваральнікаў якога ў 2008 годзе атрымаў прэмію Прэзідэнта Беларусі  “За духоўнае адраджэнне”. Надзвычай цікава вучням і педагогам пабы­ваць у Музеі старажытнабеларускай культуры, дзе звыш 20 тысяч экспанатаў і адзінак захоўвання… Да таго ж фалькларысты выдалі ажно 47 тамоў у серыі “Беларуская народная твор­часць” і яшчэ 7 тамоў “Віды і жанры беларускага фальклору”, энцыклапедыі “Беларускі фальклор”, Этнаграфія Беларусі”, “Народная медыцына” і шмат чаго яшчэ.

У 2016 годзе ладзіўся Міжнародны форум беларускага народнага касцюма. У 2019 годзе адбыўся першы навуковы форум, прысвечаны беларускім народным казкам, у 2020-м — другі, з міжнародным круглым сталом у плыні форуму. І вось ужо поўным ходам ідзе падрыхтоўка да трэцяга Міжнароднага форуму даследчыкаў беларускай казкі.

 Вось з якіх магутных крыніц чэрпаліся матэрыялы для праекта “З вытокаў народнай мудрасці”. Акадэмік удакладняе: “Мы ўзялі з назбіраных скарбаў самае вобразнае і цікавае, што, магчыма, будзе цікавым за межамі Беларусі, а тэксты пададзены на чатырох мовах: беларускай, рускай, англійскай, кітайскай”.

У тым жа 2015 годзе актуалізаваная ідэя пра трансляцыю, перадачу назапашаных у нашым народзе духоўных скарбаў была рэалізавана ў міжнародным праекце: пад эгідай НАН Беларусі Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры правёў першы Міжнародны кангрэс беларускай культуры. У 2016 годзе ладзіўся Міжнародны форум беларускага народнага касцюма. У 2019-м адбыўся першы навуковы форум, прысвечаны ўжо канкрэтна беларускім народным казкам, у 2020-м — другі, з міжнародным круглым сталом у плыні форуму. І вось ужо поўным ходам ідзе пад­рыхтоўка да трэцяга Міжнароднага форуму даследчыкаў беларускай казкі.

Пра тое, як гэта адбываецца і чаму навукоўцам здаецца надзвычай важным далучаць да працэсу трансляцыі казак і настаўнікаў, і юных казачнікаў-баюноў, рас­кажам іншым разам.

Іван ЖДАНОВІЧ