39 навучэнцаў 8—9 класаў Лоеўскай сярэдняй школы імя А.В.Казлова адпачываюць і зарабляюць свае першыя грошы. Вучні дапамагаюць роднай школе рамантаваць мэблю і добраўпарадкоўваць адукацыйную прастору. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Чаму падлеткі падчас летніх канікул аддаюць перавагу ўдарнай працы, расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ларыса Хамічэнка:
— Летнія канікулы — не толькі час адпачынку, але і магчымасць для школьнікаў атрымаць карысны вопыт і зарабіць грошы. Не першы год у нас рэалізуюцца працоўныя праекты. У гэтым годзе 39 школьнікаў ад 14 да 16 гадоў працуюць на карысць установы. Нашы дзеці таксама заняты ў працоўнай брыгадзе, работа якой арганізавана пры падтрымцы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Прадастаўлены працоўныя месцы на 4 дні, вучняў узялі сталярамі 2-га разраду. Дарэчы, школьнікі выконваюць розныя задачы, але ў асноўным абнаўляюць мэблю ў вучэбных кабінетах: знімаюць старыя стальніцы і ўсталёўваюць новыя, крэслы таксама падвергліся рамонту. Дзяўчаты дапамагаюць рабіць адукацыйную прастору больш утульнай, на іх плечы ўскладзена навядзенне чысціні і парадку.

Справа ў юнакоў кіпіць пад кантролем вопытнага педагога тэхнічнай працы Аляксандра Краўчанкі, які дапамагае хлопцам асвоіць навыкі работы з інструментамі і сочыць за якасцю выкананых заданняў.
Школьнікі працуюць з задавальненнем: “Тут лепш, чым у камп’ютар дома гуляць”. Акрамя набыцця практычных уменняў, яны атрымліваюць і першую ўзнагароду — рублёвую, заробленыя грошы плануюць выдаткаваць на розныя патрэбы: хтосьці збіраецца летам дадаць да запланаванай паездкі ў Санкт-Пецярбург, хтосьці — на адзенне або садавіну. Многія хлопцы ўжо другі год удзельнічаюць у такой карыснай занятасці.
Аляксандр Краўчанка адзначае, што навучэнцы хутка вучацца і не баяцца спрабаваць новае:
— Усё атрымліваецца метадам проб і памылак. Гэта нармальны і вельмі важны працэс. Калі дзеці сутыкаюцца з цяжкасцямі, яны вучацца знаходзіць рашэнні, аналізаваць свае дзеянні і рабіць высновы. Галоўнае — не баяцца памыляцца, а ўспрымаць няўдачы як крокі да поспеху.

Дзякуючы такой практыцы, школьнікі не толькі асвойваюць тэхнічныя навыкі, але і становяцца больш упэўненымі ў сабе і адказнымі. Менавіта такі падыход дапамагае падлеткам набыць і прафесійныя ўменні, і жыццёвы вопыт, які спатрэбіцца ім у будучыні.
— Вядома, тым навучэнцам, якія растуць у поўных сем’ях і вучацца на прыкладзе бацькі, лягчэй, яны ўжо ўмеюць карыстацца адвёрткай або электраінструментам, — дадае Ларыса Уладзіміраўна. — А вось тым, хто выхоўваецца толькі з мамай, усё даецца складаней. Таму ў пачатку мая маці часцей просяць запісаць сыноў у лагер, спадзеючыся, што іх сыны хоць чаму-небудзь навучацца.
Дзякуючы намаганням навучэнцаў, у школе з’явіцца 39 камплектаў новай мэблі. Вопыт працоўнай дзейнасці спрыяе не толькі набыццю практычных навыкаў, але і выхаванню адказнасці, згуртаванасці і ўмення фінансавага планавання. Для падлеткаў гэта выдатны падмурак для далейшых поспехаў і самастой-
насці.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара





