Чаму вучаць у кадэцкіх класах сярэдняй школы № 6 Светлагорска

- 14:54Репортаж

Сярэдняя школа № 6 Светлагорска адметная даўняй і сістэмнай работай у развіцці інклюзіўнай адукацыі. Акрамя таго, тут склаліся свае традыцыі ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

”У 1995 годзе ў нас з’явіўся першы карэкцыйны клас, у якім вучылася 14 чалавек. У 2000 годзе ў школе пачаў функцыянаваць першы клас інтэграванага навучання і выхавання для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні, а ў 2010 годзе на базе нашай установы адукацыі быў адкрыты першы ў Гомельскай вобласці спецыяльны клас для дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. Сёння ў школе вучыцца каля 260 дзяцей, з іх больш за 20% — з асаблівасцямі развіцця”, — пачала знаёмства з навучальнай установай яе дырэктар Наталля Кісялёва.

Вядома, што дасягненне якасці спецыяльнай адукацыі залежыць ад стварэння адаптыўнага асяроддзя, якое станоўча ўплывае на дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні, парушэннямі мовы, інтэлектуальнай недастатковасцю. Для дзяцей з парушэннямі рухальнай функцыі гаворка ідзе найперш пра безбар’ернае асяроддзе. Каб яго забяспечыць, у 6-й светлагорскай школе пашырылі дзвярныя праёмы, прымацавалі па ўсім перыметры руху дзяцей поручні. Пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ быў усталяваны пад’ёмнік. Акрамя таго, да вырашэння гэтых пытанняў падключаюцца раённы выканаўчы камітэт, раённы Савет дэпутатаў, аддзел адукацыі, шэфы РУП “Беларусьнафта — ВМУ”, індывідуальныя прадпрымальнікі. Як заўважыла дырэктар, яны жаданыя госці падчас правядзення дабрачынных акцый, спартыўных спаборніцтваў, свят.

Укараненне ў школе інклюзіўнай мадэлі адукацыі дазваляе забяспечыць роўныя магчымасці для ўсіх дзяцей з рознымі асаблівасцямі і магчымасцямі. Педагогі школы актыўна выкарыстоўваюць дзейсныя тэхналогіі навучання, вучэбнае абсталяванне, якое дапамагае дзецям з асаблівасцямі засвойваць вучэбны матэрыял.

Заходзім у клас інтэграванага навучання. Камфортныя ўмовы створаны абсалютна для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага пра­цэсу. Спецыяльная школьная мэбля, поручні дапамагаюць вучням з асаблівымі патрэбамі адчуваць сябе ўпэўнена, таму яны з цікавасцю слухаюць настаўніцу і адказваюць на яе пытанні. Аднакласнікі пры неабходнасці дапамагаюць. Карэктныя паводзіны, спагадлівасць і ўвага адно да аднаго зрабілі ўрок літаратурнага чытання прадукцыйным.

Такія ж умовы з такой жа сяброўскай атмасферай можна было назіраць на занятках настаўніка-дэфектолага Алены Кузьміной. Алена Паўлаўна з дзецьмі працавала спакойна і разважліва, даючы магчымасць праявіць сябе кожнаму.

“Дзеці павінны адчуваць вынік сваёй дзейнасці, бачыць прагрэс, таму мы старанна адпрацоўваем кожны навык”, — адзначыла настаўніца.   

А ўдзел усіх вучняў школы ў агульным школьным і гарадскім жыцці садзейнічае развіццю сацыяльнай роўнасці паміж дзецьмі, фарміруе пазітыўнае, талерантнае стаўленне да асаблівых дзяцей.

“Вялікую ўвагу ўдзяляем правядзенню сумесных творчых і спартыўных мерапрыемстваў з удзелам асаблівых дзетак і іх здаровых аднагодкаў. Традыцыйнымі сталі творчыя, спартыўныя мерапрыемствы. Прымаем удзел у конкурсах, фестывалях раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню”, — зазначыла дырэктар установы.

Развіццю інклюзіўнай адукацыі ў шырокім сэнсе спрыяе і сумесная дзейнасць школы са Светлагорскім цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі. З 1 верасня 2019 года яны рэалізуюць інавацыйны праект “Укараненне кластарнай мадэлі рэалізацыі прафесійных намераў дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю і норматыповых аднагодкаў”. Плануецца, што рэалізацыя праекта завершыцца ў 2024 годзе. Прафесійнае самавызначэнне навучэнцаў пачынаецца ўжо на першай ступені адукацыі. У прафарыентацыйную работу актыўна ўцягнуты бацькі. Напрыклад, яны з’яўляюцца ініцыятарамі правядзення экскурсій на прадпрыемствы, дзе працу­юць (пошта, пральня, аптэка, магазін).

“Такім чынам, дзеці не толькі атрымліваюць інфармацыю аб прафесіях, у іх фарміруецца здольнасць суадносіць свае асаблівасці і магчымасці з патрабаваннямі прафесіі, развіваюцца навыкі самапрэзентацыі і ўпэўненых паводзін, неабходных для паспяховай сацыяльнай і прафесійнай адаптацыі. Ужо сталі традыцыйнымі штогадовыя прафарыентацыйныя мерапрыемствы і конкурсы “У свеце прафесій”, сустрэчы з выпускнікамі, тыдні прафарыентацыйнай работы. Тое, што гэтая дзейнасць з’яўляецца плённай, пацвярджаюць нашы выпускнікі. У 2022 годзе ўсе выпускнікі з інваліднасцю сталі студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі вобласці. Мы вельмі ганарымся нашай выпускніцай з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату Вікторыяй Жукоўскай, якая ў мінулым годзе на ЦТ па беларускай мове набрала 100 балаў”, — адзначыла Наталля Рыгораўна.

Безумоўна, сумеснае навучанне і выхаванне дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і дзяцей, якія не маюць такіх абмежаванняў, — важны крок да прасоўвання інклюзіўнай адукацыі, дзе кожны адчувае сябе каштоўным, роўным па правах і магчымасцях. У 6-й школе Светлагорска ў гэтым пераканаліся даўно.

Другім напрамкам дзейнасці школы, які таксама садзейнічае сацыялізацыі навучэнцаў з асаблівасцямі, з’яўляецца кадэцкае братэрства. У 2014 годзе ў навучальнай установе быў адкрыты першы кадэцкі клас МНС. Цяпер у школе функцыянуе ўжо 6 кадэцкіх класаў.

“За мінулыя гады ў межах арганізацыі кадэцкага руху была зроблена велізарная праца. У гэтую дзейнасць актыўна ўключаны работнікі школы, адміністрацыя, навучэнцы, бацькі. Цесна супрацоўнічаем са шматлікімі арганізацыямі і ўстановамі, маем дамовы аб супрацоўніцтве з кадэцкімі вучылішчамі і ліцэямі. І шчыра ганарымся тым, што пытанні грамадзянска-патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання для нашай установы сталі важнымі, актуальнымі і прыярытэтнымі яшчэ 10 гадоў назад”, — падкрэсліў Андрэй Аляксееў, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 6 Светлагорска.

Трэба адзначыць, што словы Андрэя Міронавіча вельмі хутка знайшлі сваё ўвасабленне ў дзейнасці дзяцей, якія з задавальненнем дэманстравалі набытыя ўменні і навыкі — паказалі элементы страявой падрыхтоўкі. Трэба адзначыць, што прыгожая кадэцкая форма, дакладныя рухі і згуртаванасць зрабілі гэтае відовішча ўрачыстым і прыцягальным.

У ходзе навучання юныя кадэты атрымліваюць веды ў галіне абароны ад надзвычайных сітуацый, вядзення аварыйна-выратавальных работ, набываюць вопыт праходжання турыстычных маршрутаў, навыкі асноў выжывання, вывучаюць інструменты і прыборы для вядзення выратавальных работ, вучацца абыходзіцца са сродкамі засцярогі, засвойваюць спосабы аказання медыцынскай дапамогі, атрымліваюць псіхалагічную загартоўку, развіваюць творчыя здольнасці.

Зразумела, вучоба ў кадэцкіх класах немагчыма без грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Ва ўстанове адукацыі распрацавана праграма грамадзянскага і патрыятычнага выхавання навучэнцаў кадэцкіх класаў “Я — кадэт”.

Асноўнымі напрамкамі работы па рэалізацыі праграмы з’яўляюцца факультатыўныя гадзіны выхаваўчай накіраванасці, арганізацыйна-выхаваўчая работа, асновы прафесійных ведаў, агульная фізічная падрыхтоўка, сацыяльна-педагагічнае і псіхалагічнае суправаджэнне, заняткі дадатковай адукацыі, міжведамаснае ўзаема­дзеянне па прафесійным самавызначэнні навучэнцаў “Прыступкі росту”.

Навучанне кадэтаў праходзіць у фармаце поўнага дня. У першай палове дня ідзе адукацыйны працэс, у другой — рэалізацыя праграмы дадатковай адукацыі, якая ўключае вывучэнне сучасных і гістарычных напрамкаў турызму і краязнаўства ў сваім рэгіёне і не толькі, харэаграфіі, засваенне экалагічнай азбукі, правіл этыкету, асноў выяўленчага мастацтва, дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

“Мы сістэматычна праводзім заняткі па страявой і медыцынскай падрыхтоўцы. Вынікам такой дзейнасці з’яўляецца тое, што на працягу апошніх 5 гадоў нашы кадэты займаюць прызавыя месцы на такіх спаборніцтвах, як “Зарніца”, “Арляня”, і злёце юных ратавальнікаў-пажарных. На працягу ўсяго навучальнага года праводзяцца практычныя заняткі па АБЖ і пажарнай бяспецы сумесна з работнікамі РАНС, наладжана цеснае ўзаемадзеянне з іншымі школамі. Нашы кадэты актыўна прымаюць удзел у культурных і спартыўных мерапрыемствах горада і раёна”, — расказаў Андрэй Міронавіч.

На базе школы праводзяцца заняткі па карфболе для кадэтаў як пачатковай школы, так і сярэдняга і старшага звяна. Па меркаванні педагогаў, сумесныя заняткі фізкультурай і спортам хлопчыкаў і дзяўчынак, юнакоў і дзяўчат з’яўляюцца важным фактарам сацыялізацыі, гендарнага выхавання, простых жывых зносін. Ра­зам з тым карфбол стаў чарговай прыступкай да поспеху. У канцы мінулага года на базе школы прайшоў рэспубліканскі турнір па карфболе, на якім зборная каманда Светлагорска, у склад якой уваходзілі і кадэты 6-й школы, заняла 1-е месца. 

“У нашай установе створана сістэма, дзе ўжо з першага класа дзецям прывіваецца любоў да Радзімы. Патрыятызм і грамадзянскасць маюць вялікае значэнне ў сацыяльным і духоўным развіцці чалавека, таму выхаванне грамадзяніна — адна з краевугольных задач сучаснай установы адукацыі. Дзякуючы сістэмнай рабоце па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, навучэнцы ў кадэцкіх класах дэманструюць сваю грамадзянскую сталасць, любоў да Айчыны, адказнасць, пачуццё абавязку, вернасць традыцыям, імкненне да захавання і прымнажэння гістарычных і культурных каштоўнасцей, гатоўнасць да пераадолення цяжкасцей. Яны становяцца адказнымі, дысцыплінаванымі, творчымі маладымі людзьмі, здольнымі вучыцца і працаваць на карысць Радзіме”, — падсумаваў Андрэй Аляксееў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА