45*45… Што стаіць за гэтымі лічбамі, адразу і не здагадацца. Аказваецца, такім фарматам можна апісаць працоўны шлях настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 49 Гомеля Ніны Савянковай. Ужо 45 гадоў крочыць яна па сцяжынцы педагагічнай дзейнасці, памнажаючы колькасць гадоў штодзённай руплівай працы на 45-хвілінныя заняткі.
Пачала сваю дзейнасць Ніна Яўхімаўна ў далёкім 1973 годзе. Спачатку працавала выхавальнікам у садку, потым настаўніцай у пачатковай школе № 32 Гомеля. Але неўзабаве новапабудаваная школа № 49 прывабіла сваімі ўтульнымі класамі і маладым ініцыятыўным калектывам. З 1986 года нязменным стаў маршрут ад дома да працы. І ніводнага разу не ўзнікла ў душы нашай гераіні сумненняў у правільнасці абранага шляху.
З першых дзён педагагічнай дзейнасці Ніна Яўхімаўна адчувае сябе перад класам, як кажуць, рыбай у вадзе. Кожны раз 45 хвілін, адведзеных для вывучэння новага матэрыялу, ператвараюцца для яе вучняў у чароўнае падарожжа па краіне Ведаў.
Як вядома, найвышэйшай стратай для навучэнца з’яўляецца пачуццё разгубленасці на ўроку, непаразуменне паміж ім і настаўнікам, што ў рэшце рэшт прыводзіць да поўнай страты ўсялякай матывацыі. У педагагічнай дзейнасці Ніны Яўхімаўны такіх прыкладаў не знайсці. Безліч нестандартных падыходаў, асаблівых прыёмаў і метадаў, тэхнік, якімі педагог валодае, дапамагаюць школьнікам знаходзіць адказы на любыя пытанні.
Вучні Ніны Яўхімаўны, а гэта ўжо восем выпускаў пачатковай школы, і сёння з вялікай павагай і задавальненнем успамінаюць часы вучобы і штодзённыя адкрыцці з любімай настаўніцай.
Ёсць меркаванне, што дзеці любяць прыгожых настаўнікаў, але трэба падкрэсліць, што прыгожымі ім здаюцца толькі тыя, хто мае трывалыя веды, добрае сэрца і чулую душу. А гэта і ёсць Н.Я.Савянкова — цудоўная маці, прыгожая жанчына, таленавіты педагог.
Нішто не міне яе пільнага вока: ні новая вопратка, ні “замарнелы” сшытак, ні цяжкі ўздых. Для кожнага са сваіх вучняў яна знойдзе трапнае слова, правільны тон, добрую параду. Для іх любімая настаўніца — найпрыгажэйшая ў свеце.
Сённяшняя школа вельмі нагадвае ўстрывожаны вулей, дзе кожны педагог заняты пошукамі найбольш эфектыўных шляхоў развіцця самастойнага мыслення навучэнцаў. Н.Я.Савянкова з тых, хто не блукае ў пошуках, а ўпэўнена рухаецца наперад, карыстаючыся словамі вялікага Канфуцыя: “Той, хто спасцігае новае, песцячы старое, можа стаць настаўнікам”.
Словы знакамітага філосафа адлюстроўваюць асноўны падыход Ніны Яўхімаўны да сваёй дзейнасці як настаўніцы пачатковых класаў.
Так, сапраўды, сёння Ніна Яўхімаўна ўпэўнена карыстаецца камп’ютарам.Дадатковыя заданні бацькі і дзеці атрымліваюць праз сацыяльныя сеткі. Яна валодае амаль што ўсімі новымі тэхналогіямі сучаснай педагогікі, але галоўнай каштоўнасцю для настаўніцы застаецца класічны ўрок, чароўныя 45 хвілін.
Менавіта дзякуючы таленту Ніны Яўхімаўны як педагога, час, адведзены вучням на спасціжэнне новага, ператвараецца ў хвіліны напружанай працы, мазгавога штурму, вынікам якога становіцца выдатнае авалоданне новым матэрыялам.
Кожнае заданне, практыкаванне, пытанне нездарма ўзнікаюць у ланцужку этапаў вучэбных заняткаў. Лічбы і формулы дапамагаюць вучням знайсці адказ на хвалюючае пытанне з жыцця, літаратурныя героі, быццам па просьбе Ніны Яўхімаўны, садзяцца побач і становяцца вельмі падобнымі на сяброў-аднакласнікаў, а надвор’е за акном выпадкова тлумачыць незразумелыя сказы з падручніка па прыродазнаўстве. Усё становіцца для дзяцей зразумелым і даступным дзякуючы таленту Н.Я.Савянковай. Новыя падыходы, тэхналогіі і методыкі цвёрда абапіраюцца на здабыткі эпохі “мелу і дошкі”. Воблачныя тэхналогіі па-сапраўднаму даступны вучням Ніны Яўхімаўны, але не ў сэнсе абібоцтва на ўроку, а як адкрыццё новага з мэтай удасканалення ведаў і эфектыўнага выкарыстання атрыманай інфармацыі.
Класіка методыкі выкладання, памножаная на зацікаўленасць кожнага малодшага школьніка, дазваляе Ніне Яўхімаўне ганарыцца многімі сваімі выпускнікамі. Спачатку гэта пераможцы алімпіяд, матэматычных турніраў і літаратурных конкурсаў, а ўжо пазней — цудоўныя дактары, таленавітыя мастакі, выдатнікі адукацыі, кіраўнікі. Але галоўнае, што іх аб’ядноўвае, — гэта ўменне чуць і быць чуллівымі, тое, чаму так старанна вучыць Ніна Яўхімаўна кожнага, хто пераступае парог школы.
Час ідзе. Павялічваецца лічба, што адпавядае працягласці прафесійнага шляху. Але гэта толькі да таго часу, пакуль не празвініць чароўны званок на ўрок. І перад намі зноў Н.Я.Савянкова — настаўніца, што разам з вучнямі ХХІ стагоддзя на парозе новых адкрыццяў і рэалізацыі неверагодных ідэй.
“Мой прафесійны шлях далёка не заўсёды быў асфальтавым гасцінцам, але ён і па сённяшні дзень вабіць мяне бясконцасцю магчымасцей і багаццем ідэй”, — гаворыць Ніна Яўхімаўна.
Хочацца верыць, што працоўная сцяжынка для гэтай таленавітай настаўніцы яшчэ доўга не скончыцца, а энергіі і жадання дзяліцца ведамі хопіць не толькі для вучняў, але і для маладых педагогаў, бо дзверы яе педагагічнай майстэрні адчынены заўсёды для тых, хто прагне ведаў.
Алена СЕМЯНЦОВА,
метадыст вучэбна-метадычнага кабінета
ўпраўлення адукацыі Гомельскага гарвыканкама.





