Чароўныя бомы

- 11:51Выхаванне, Краязнаўства

У дзежцы замешвалі цеста, пранікам разгладжвалі тканыя вырабы, з дапамогай апалушкі правейвалі зерне… Сёння гэтыя прывычныя для нашых продкаў рэчы дапамагаюць выхоўваць школьнікаў.

Сучасную моладзь складана здзівіць нейкім прадметам. Яна бачыла і самых ра­зумных робатаў, і самыя крутыя гаджэты. Але ж дзежку, пранік, апалушку гатова разгляд­ваць гадзінамі. Што ўжо гава­рыць пра шархуны! Чароўны звон бомаў, якія вы бачыце на здымку, наведвальнікі гісторыка-этнаграфічнага музея “Спадчына” Забалацкага ясляў-сада — сярэдняй школы Воранаўскага раёна заўсёды слуха­юць, нібы зачараваныя.

Незвычайны экспанат знойдзены юнымі этнографамі падчас экспедыцыі ў вёску Пяроўцы. Шархуны (па-мясцоваму шалестуны) беражліва захоўвала ў куфры Генавефа Людвікаўна Кашлей у памяць пра свайго мужа, які заказаў іх у забалацкага каваля. Неаднаразова звінелі бомы на шыі каня падчас вясковых вяселляў. Сёння гэта адзін з самых каштоўных экспанатаў. Пад кіраўніцтвам Фаіны Стэфанаўны Войшніс вучаніца 11 класа Настасся Мінгілевіч даследавала гісторыю паходжання і выкарыстання шархуноў. Адпаведны праект быў прадстаўлены на рэспубліканскай краязнаўчай канферэнцыі і адзначаны Міністэрствам адукацыі дыпломам І ступені.

“Экспедыцыі, паходы, напісанне даследчых работ дапамагаюць падтрымліваць цікавасць вучняў да этнаграфіі”.

Па словах Фаіны Стэфанаўны, сучасная моладзь ахвотна цікавіцца традыцыйнай матэрыяльнай культурай. Калі не цікавіцца, значыць, не зацікавілі. Вы б бачылі твары вучняў, калі яны чуюць звон забалацкіх бомаў! А з якой цікавасцю разглядаюць іншыя экспанаты! І ўсё дзякуючы нестандартнай экскурсіі, якая праводзіцца ў форме дыялогу.

— Стамілася я, ды і не дзіва, на забалацкім кірмашы была. Шмат чаго бачыла, многае купіла. Усе тавары мясцовыя, незвычайныя, зроблены ўмелымі рукамі. Адгадайце загадку: “Параход сам не хадзіў, я яго рукой ва­дзіла. Параход ішоў па хвалях, як прайшоў — яны прапалі”. Правільна, гэта прас. У нашай гаспадарцы ёсць некалькі прасаў. Напрыклад, самы вялікі мне прадаў каваль Станіслаў Янавіч Мікулка. Хацела купіць сабе новыя лапці, бо старыя парваліся, аж бачу, прадаюцца боцікі (фільцуфкі), прывезеныя з Васілішак. Вырабілі іх таленавітыя браты-самавучкі Станіслаў і Юзаф Кірвелі. Паглядзіце, які цудоўны абутак! — эмацыянальна, з інтанацыяй расказвае вучаніца 10 класа Вікторыя
Краеўская.

“Мы нарадзіліся на гэтай зямлі, таму, безумоўна, павінны ведаць яе гісторыю, традыцыі, лад жыцця нашых продкаў”.

У гэтым аповедзе дзяўчыны імёны мясцовых майстроў не выдуманыя. Менавіта каваль Мікулка некалі стварыў прас, з якім сёння знаёмяцца наведвальнікі музея. Жаночыя боцікі-фільцуфкі калісьці пашылі браты Кірвелі. Падчас экскурсіі згадваецца, што Генавефа Людвікаўна выткала на кроснах, вымачыла ў вадзе, выбіла пранікам, адбяліла кавалак палатна. “Што я з яго пашыю? Можа, кашулю для таты? У гэтай ільняной кашулі ён будзе так соладка спаць, як пшаніцу прадаўшы”, — працягвае Вікторыя. Вось так у фармаце дыялогу з экскурсантамі і вядзецца аповед пра больш чым 500 прадметаў, якія захоўваюцца на імправізаваным падворку і ў стылізаванай сялянскай
хаце.

— У нас кожны экспанат заняты справай, — усміхаючыся, дзеліцца загадчыца музея. — Настаўнікі і выхавальнікі выкарыстоўваюць асноўны і дапаможны фонды на ўроках беларускай мовы і літаратуры, працоўнага навучання. Арганізоўваюцца відэапрагляды экспазіцыі на занятках па гісторыі, замежнай мове, ладзяцца народныя святы, вечарыны.

Акрамя традыцыйных урокаў і экскурсій, у музеі часта праводзяцца гутаркі-разважанні. З гэтай нагоды спытаў у дзяўчат, ці пагадзіліся б яны перанесціся ў мінулае і пажыць у вёсцы Забалаць пачатку ХХ стагоддзя, прытрымліваючыся таго ладу жыцця і карыстаючыся тымі прадметамі, пра якія яны толькі што так цудоўна расказвалі. “Калі б толькі на дзень-два, — адказалі дзяўчаты. — Раней жыццё было цяжкім, людзі шмат працавалі”.

“Людзі пачынаюць разумець каштоўнасць прадметаў побыту мінулых эпох, таму і ствараюць у школах, дамах сваіх бацькоў і дзядоў этнаграфічныя куткі”.

Сапраўды, якім бы прыгожым ні быў аповед пра даўнія часы, жыццё ў побытавым плане было складаным. Таму экскурсіі і заняткі ў этнаграфічным музеі якраз і выхоўваюць павагу да продкаў, да іх цяжкай працы.

“Былі і свае плюсы. Я прыгадваю дзяцінства. Якое цікавае, насычанае яно было. Мы ўвесь час знаходзіліся на свежым паветры. Таму і рэдка хварэлі на прастудныя захворванні. Калі цяпер прыязджаюць да мяне ўнукі з Гродна, то я іх заўсёды тармашу і кажу, каб ішлі на вуліцу”, — усміхаючыся, дадала Фаіна Стэфанаўна.

Экскурсія па лепшым этнаграфічным музеі краіны (такім забалацкі музей “Спадчына” быў прызнаны ў мінулым годзе па выніках рэспубліканскага конкурсу) была настолькі яркай, насычанай, эмацыянальнай, што адказ на пытанне “Ці лёгка зацікавіць сучасных дзяцей этнаграфіяй?”, з якім я і накіроўваўся ў Забалаць, атрымаўся поўным і вычарпальным.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.