«Чароўныя карцінкі»: як друдлы дапамагаюць развіваць маўленне і ўяўленне дашкольнікаў

- 11:06Образование, Портфолио

У рабоце з выхаванцамі старэйшага дашкольнага ўзросту з цяжкімі парушэннямі маўлення настаўнік-дэфектолаг дзіцячага сада № 561 Мінска Іна Пятрова выкарыстоўвае адаптаваны варыянт тэхнікі друдлы. У чым яго карысць, педагог расказала карэспандэнту «Настаўніцкай газеты».

— Ужо ў пачатковай школе дзеці сутыкаюцца з заданнямі, для паспяховага вырашэння якіх неабходны крэатыўны падыход, — гаворыць суразмоўніца. — Для гэтага яшчэ з дашкольнага ўзросту трэба развіваць уяўленне — уменне ствараць новыя вобразы на аснове ўласнага вопыту. Без гэтага дашкольнік не зможа паўнацэнна адаптавацца ў навакольным свеце. Найбольш інтэнсіўна ўяўленне развіваецца ва ўзросце 5—12 гадоў, нельга прапусціць гэты час.

Іншая справа — дзеці з цяжкімі парушэннямі маўлення. У іх уяўленні аб прадметах часта недакладныя і няпоўныя, практычны вопыт недастаткова замацоўваецца і абагульняецца ў слове, таму пазней фарміруюцца паняцці. Чым больш складанае парушэнне маўлення, тым меншую творчасць праяўляе малы ў стварэнні новых вобразаў.

Друдл — гэта графічная галаваломка, задача, якую неабходна дадумаць або дамаляваць. Англійскае слова «друдлы» азначае каракулі, малюнак, загадка.

Друдлы пажадана маляваць чорным алоўкам або фламастарам на белай паперы. Гэты фон найбольш спрыяльны для развіцця ўяўлення і фантазіі, — адзначае І. Пятрова. — Сэнс друдлаўпрыдумаць як мага больш варыянтаў бачання карцінкі, дзе правільнага адказу проста не існуе. Галоўная мэтавучыцца бачыць незвычайнае ў звычайным.

Чым жа карысная гэтая тэхніка для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення? Як паказвае вопыт, выкарыстанне друдлаў у адаптаваным варыянце падахвочвае выхаванцаў да маўленчай актыўнасці і творчасці, развівае асацыятыўнае, вобразнае і лагічнае мысленне, увагу, памяць, спрыяе фарміраванню пазнавальнай і творчай актыўнасці, трэніруе ўседлівасць, развівае камунікатыўныя здольнасці.

Работа з гэтай тэхнікай праходзіць у некалькі этапаў.

Мы абыгрываем выкарыстанне друдлаў у форме вясёлага і займальнага падарожжа ў краіну «Вообразилия», — гаворыць педагог. — На першым, падрыхтоўчым, этапе выкарыстоўваюцца гульні і практыкаванні, якія фарміруюць у выхаванцаў з цяжкімі парушэннямі маўлення ўменне самастойна ствараць новыя вобразы. Настаўнік-дэфектолаг прапануе «ператварыць» геаметрычныя фігуры ў карцінкі. Выкананне такіх заданняў можна звязаць з лексічнай тэмай, якую дзеці асвойваюць у пэўны перыяд. Прыклады гульняў: «Чароўная агародніна», «Цуда-мэбля», «Незвычайныя насякомыя». У гульнях «На што падобныя аблокі?», «Кляксы» дашкольнікі вучацца пазнаваць у анаморфных малюнках знаёмыя прадметы.

На другім этапе адбываецца знаёмства з друдламі, у дзяцей фарміруецца ўменне выкарыстоўваць назапашаны вопыт для стварэння новых вобразаў. Паняцце «друдл» для дашкольнікаў з ЦПМ даволі складанае. Можна яго замяніць словазлучэннем «загадкавыя карцінкі» або «чароўныя карцінкі».

— Прапаную выхаванцам разгледзець малюнак на картцы і назваць прадмет, які нагадвае ім гэты незвычайны малюнак, — гаворыць І. Пятрова. — Важна вучыць малых знаходзіць мноства варыянтаў адказу, разглядаць малюнак з розных бакоў, паварочваючы картку з выявай рознымі бакамі.

Паступова дзеці вучацца знаходзіць мноства варыянтаў адказу на пытанне дарослага: «На што падобна?». Напрыклад, друдл «круг на палачцы» называлі чупа-чупс, ракетка, дарожны знак, люстэрка, чалавек, патэльня. У гульні «Чароўныя лініі» выхаванцы ператвараюць лінію ў знаёмы прадмет, даюць яму назву. Так, ломаная лінія стала травой, ледзяшы — зубамі кракадзіла. Падчас гульні «Прыдумай сваю загадкавую карцінку» дзеці самастойна ствараюць незвычайныя малюнкі.

Трэці этап прадугледжвае развіццё фразавага маўлення. У гульнях і практыкаваннях неабходна выбраць «загадкавую» карцінку і скласці сказ. На чацвёртым, заключным, этапе выхаванцы вучацца складаць аповеды з выкарыстаннем друдлаў. Настаўнік-дэфектолаг прапануе выбраць 3—4 карцінкі, размясціць іх у пэўнай паслядоўнасці, прыдумаць цікавую гісторыю і назву да яе.

Гэтую тэхніку рэкамендуюць актыўна выкарыстоўваць пры складанні апісальных твораў пра поры года. Друдлы на занятках па развіцці маўлення дапамагаюць выхаванцам лягчэй прыдумваць аповеды, выкарыстоўваць назапашаны вопыт, актуалізаваць уяўленні аб навакольным свеце, уключаць прадметы, з’явы, падзеі ў новыя сітуацыі.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы