Часцей згадвай імёны храбрых

- 12:19Выхаваўчая прастора

Прайшло 72 гады з дня заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, але і да гэтага часу пякучым болем яна адгукаецца ў сэрцы кожнага чалавека. Мы не павінны забываць пра жахі вайны, смерць і пакуты мільёнаў людзей. Помніць аб вайне, гераізме і мужнасці тых, хто змагаўся з ворагам і выратаваў ад фашысцкага нашэсця Радзіму, — значыць змагацца за мір.

Сярод тысяч салдат былі воіны, якія жылі ў нашай вёсцы. Яны, як і ўсе астатнія, змагаліся за свабоду сваёй Айчыны. Да нашых дзён дажыў толькі Дзмітрый Цімафеевіч Комар, ураджэнец вёскі Малы Малешаў, які зараз пражывае ў сваёй дачкі ў Горках Магілёўскай вобласці. Чатыры разы быў ранены ў баі, удзельнічаў у вызваленні Пскова, Рыгі, Нарвы, Кінгісепа, узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, “За абарону Ленінграда”, “За перамогу над Германіяй”, вялікім сярэбраным медалём, малым сярэбраным медалём, ордэнам Леніна, ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга. Мы звязаліся з Дзмітрыем Цімафеевічам, і вось што ён расказаў:

“Калі мне было 8 гадоў, бацькі пераехалі ў Архангельскую вобласць. Там я пражыў да 12 гадоў, а ў 15 пайшоў працаваць на цагляны завод. 5 студзеня 1943 года быў прызваны ў Чырвоную Армію. Як і многія, схлусіў пра свой сапраўдны ўзрост. Камандзіры хутка зразумелі, каму колькі гадоў, і адабралі нас, каб падвучыць карыстацца зброяй як трэба. Памятаю, як здымалі блакаду ў Ленінградзе. Нас апраналі ў спецыяльныя металічныя латы, каб кулі не паранілі, і ў гэтых латах мы ішлі ў бой. Потым трапіў у шпіталь, і па памылцы бацькам даслалі пахавальную. Калі ў 1945-м прыйшоў дадому, маці доўга хрысцілася і плакала. Нас тры браты было: Якаў, Пеця і я. Усе вярнуліся з вайны жывыя — параненыя, але жывыя. Не кожнаму так пашанцавала. Успаміны аб ваенных гадах назаўсёды застануцца ў маёй памяці. Цяжка было і жудасна. Ніколі не пажадаю нашай моладзі такога перажыць”.

У вёсцы таксама жывуць нашчадкі іншых ветэранаў. Мы завіталі ў госці да Любові Дзмітрыеўны Кадоліч, дачкі Дзмітрыя Арцёмавіча Кошмана, 1924 года нараджэння, які таксама ваяваў і прайшоў праз усю вайну, быў узнагароджаны медалём Жукава і ордэнам Айчыннай вайны. З успамінаў дачкі: “Бацька ніколі не хацеў гаварыць з намі пра вайну. Казаў толькі, што страшна. Яны спачатку не разумелі, што гэта такое — вайна, а калі апынуліся на фронце, тады толькі ўсвядомілі, які гэта жах і боль для ўсяго чалавецтва. Я захавала пінжак бацькі з медалямі як памяць аб ім”.

Нельга было абысці бокам і магілы ветэранаў: Мікалая Паўлавіча Клімовіча, Цімафея Іванавіча Кошмана, Мікалая Пятровіча Крываноса, Івана Апанасавіча Шаўчука, Івана Фёдаравіча Комара, Евы Платонаўны Кошман і іншых. Навучэнцы 6 і 8 класа добраўпарадкавалі магілы і ўшанавалі памяць пра ветэранаў хвілінай маўчання.

Подзвіг савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны бессмяротны. Невядома, як бы склалася наша сённяшняе жыццё, калі б народ не выстаяў у той жорсткай барацьбе. Трэба ведаць пра вайну, не забываць яе ўрокаў мужнасці і стойкасці і памятаць імёны тых, хто аддаў сваё жыццё за нашу свабоду. Закончыць хочацца словамі Ніла Гілевіча: “Часцей, часцей прыпамінай… // Імёны паўшых смерцю храбрых // За родны край, наш мілы край, — // Каб над зямлёй, што млела ў ранах…”

Аляксандра КАВАЛЕВІЧ,
настаўніца гісторыі Малешаўскай базавай школы Жыткавіцкага раёна.
Фота аўтара.