Чатыры пакаленні сям’і Пішчовых прысвяцілі школе і дзецям ужо амаль 350 гадоў

- 11:04Новости

Чатыры пакаленні сям’і Пішчовых прысвяцілі школе і дзецям ужо амаль 350 гадоў. Прычым звыш 260 з іх аддадзена настаўніцкай рабоце ў Магілёўскай вобласці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Жыццёвае прызначэнне

Вялікая дынастыя Пішчовых пачалася з таленавітага настаўніка — Мікалая Лукіча, які чатыры дзесяцігоддзі плённа працаваў у сельскіх школах Магілёўскай вобласці. Быў настаўнікам у Дубенскай двухкамплектнай школе Чачэвіцкага раёна, па годзе дырэктарам Калічонскай трохкамплектнай школы і Паддубскай школы Клічаўскага раёна. У 1933 годзе ўзначаліў пачатковую школу ў вёсцы Сінюга Гарадзішчанскага сельскага Савета Магілёўскага раёна.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Мікалай Лукіч у першыя ж дні адправіўся на фронт. Ён ваяваў у радах стралковага палка, затым партызаніў, а пасля стаў стралком-кулямётчыкам, удзель­нічаў у вызваленні Беларусі, Польшчы, Германіі. Атрымаў тры раненні, быў узнагароджаны медалямі і ордэнамі. Пасля дэмабілізацыі ў 1946 годзе вярнуўся ў пачатковую школу вёскі Сінюга, якую ўзначальваў на працягу 23 гадоў.

Мікалай і Святлана Пішчовы

— Я дакладна не ведаю, чаму дзядуля выбраў прафесію настаўніка. Аднак з гадамі прыйшло ўсведамленне, што гэта быў прыродны дар, яго жыццёвае прызначэнне і дарога, якая прыносіла яму пачуццё радасці і супакаення. Ён умеў ненадакучліва, у гульнявой форме накіраваць дзяцей, падтрымаць кожнага і дапамагчы дасягнуць пастаўленых мэт, усведамляючы яго ўзровень развіцця, — канечне ж, гэта талент. І нам, яго ўнукам, з дзядулем заўсёды было цікава. Яго клопат, неверагодныя пазнавальныя апавяданні, падказкі і парады застаюцца з намі на працягу ўсяго жыцця, — прыгадаў унук М.Л.Пішчова Мікалай Ула­дзіміравіч.

Ён расказаў, што ў даваенныя і пасляваенныя гады два пакаленні яго сям’і жылі ў памяшканнях пры школе, што ў будучыні і адыграла лёсавызначальную ролю ў выбары жыццёвага шляху іх дзяцей.

— Мой бацька, Уладзімір Мікалаевіч, з сям’ёй 14 гадоў жыў у адным з памяшканняў школьнага будынка. Бацькі ўвесь свой час аддавалі любімай справе. Разам з імі ў гэтых умовах раслі, выхоўваліся і мы — іх дзеці і ўнукі. Не цяжка здагадацца, чаму ўсе мы пайшлі па баць­коўскіх слядах. Двац­цаць чатыры гадзіны ў суткі мы былі разам з бацькамі, бачылі, чым яны займаліся, з якім хваляваннем абмяркоўвалі ўзнікаючыя пытанні і вырашалі розныя праблемы. Мы жылі ў атмасферы суперажывання, любові, клопату і дапамогі, удзельнічалі ў розных мерапрыемствах, ганарыліся поспехамі бацькоў. Да таго ж мы бачылі, з якой павагай ставіліся да іх вучні з бацькамі. Гэта ўсё і паўплывала на наш выбар будучай прафесіі педагога, — дадаў М.У.Пішчоў.

Любіць без фальшу

У 50—90-я гады чацвёра прадстаўнікоў сям’і Пішчовых скончылі Магілёўскі педагагічны інстытут імя А.А.Куляшова, зараз гэта ўніверсітэт. Уладзімір Мікалаевіч, сын Мікалая Лукіча, больш за 50 гадоў працаваў на розных пасадах у Татаркоўскай сярэдняй школе. Прычым у 1990 годзе ён стаў настаўнікам-метадыстам, а за шматгадовую працу атрымаў мноства ўзнагарод. Ра­зам з ім усе гэтыя гады працавала і яго любая жонка Таццяна Іосіфаўна. Удваіх яны выхавалі траіх дзяцей, якія таксама пайшлі іх дарогай. Кацярына Уладзі­міраўна (Касцян) стала настаўніцай працоўнага навучання Татаркоўскай школы, Мікалай Уладзіміравіч — дырэктарам Жорнаўскай сярэдняй школы і настаўнікам матэматыкі і фізікі, а Ганна Ула­дзіміраўна зараз ужо дацэнт кафедры сацыяльнай педагогікі БДПУ. У кожнага з іх з’явіліся свае сем’і. Напрыклад, жонка Мікалая Ула­дзіміравіча Святлана Сцяпанаўна па сённяшні дзень працуе настаўніцай пачатковых класаў у Жорнаўскай школе.

— Мая малодшая сястра Ганна — мэтанакіраваная, ініцыятыўная, разам з мужам Анатолем Рыгоравічам Давыдоўскім увесь час знаходзяцца ў навуковым пошуку і даследаваннях. А пра старэйшую сястру Кацярыну заўсёды гаварылі “залатыя рукі”. Яна ўмее рабіць такія творы, што пагля­дзіш і не паверыш, як гэта можна зрабіць. Мая жонка Святлана Сцяпанаўна — на­дзейная сцяна. Яе спакой і ўменне ствараць дамашнюю ўтульнасць даюць магчымасць плённа працаваць мне як адміністратару, аддаваць школе як мага больш часу. А яе прынцыповая і канструктыўная крытыка не дазваляе мне расслабляцца і стаяць на месцы, — прызнаўся Мікалай Уладзіміравіч.

Сам жа ён пасля фізіка-матэматычнага факультэта МДПІ імя А.А.Куляшова ў 1979 годзе прыйшоў выкладаць матэматыку ў Жорнаўскую сярэднюю школу Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці.

— Я заўсёды ўзгадваю цудоўную каманду выкладчыкаў на фізмаце, якія ўяўлялі сабой сплаў маладосці і вопыту. Усе без выключэння былі прафесіяналамі сваёй справы — дасведчанымі і цікавымі. Яны без астатку дзяліліся сваімі ведамі і вопытам з маладым пакаленнем. У сценах інстытута цалкам сфарміравалася маё педагагічнае пачуццё: каб ­стаць сапраўдным настаўнікам, недастаткова добра ведаць прадмет і методыку яго выкладання, трэба проста ­лю­біць дзяцей, любіць без фальшу, жыць іх інтарэсамі, адда­ваць ім частку сваёй душы, свайго часу і, галоўнае, вучыцца разам з імі, бо ў наш імклівы час можна проста ад­стаць, спыніцца ў сваім развіцці і, як вынік, стаць нецікавым для вучняў, — упэўнены педагог з 45-гадовым стажам.

Таццяна Іосіфаўна Пішчова са сваімі выхаванцамі ў Татаркоўскай школе

А яшчэ сёння ён перакананы, што ў першую чаргу неабходна развіваць логіку мыслення вучняў, уменне знайсці шлях рашэння задання, выбудаваць паслядоўны ланцужок да дасягнення пастаўленай задачы:

— Матэматыка дапамагае прыводзіць думкі ў парадак, ву­чыць працаваць рацыянальна і з карысцю для справы. Калі не атрымліваецца адразу, то трэба шукаць выйсце, напружвацца і вучыцца разважаць, як ра­шыць задачу. Гэта асабліва важна ў наш хуткі інфармацыйны час — не націскам кнопкі атрымліваць канчатковы вынік, а разабрацца, зразумець працэс яго атрымання. Авалоданне такімі навыкамі патрэбна не толькі для вывучэння дакладных навук, але і практычна для ўсіх дысцыплін. Грамадства прагрэсіруе, калі яно разважае! Толькі выкананне пастаўленай задачы, дасягненне поспеху не дае вучню страціць цікавасць да прадмета, усяляе ў яго ўпэўненасць ва ўласных сілах. Праводзячы пазакласную работу па прадмеце, папулярызуючы яго і прыцягваючы да гэтага вучняў, можна накіраваць іх і на паступленне на педспецыяльнасці. Будучага педагога можа выхаваць толькі сапраўдны настаўнік. У сучасных умовах вялікую ролю ў папулярызацыі прафесіі настаўніка адыгрываюць педагагічныя класы. Раней гэта была дзіцячая гульня ў школу дома. Цяпер яны мо­гуць паспрабаваць сябе ў старшых класах у ролі настаўніка ў сценах школы, і гэта выдатна, — адзначыў М.У.Пішчоў.

Уласны прыклад

Апошнім часам у краіне назіраецца востры недахоп настаўнікаў матэматыкі. Мікалай Уладзіміравіч прычыну гэтага бачыць у перанасычэнні мысліцельнага свету дзяцей разнастайнымі гаджэтамі, якія ­ледзь не з нараджэння трапляюць у рукі немаўлят і адразу адбіва­юць ­імкненне да самастойнага пошуку.

— Жыццё па кнопцы, націснуў і адразу атрымаў неабходны вынік. Таму зараз вучням так складана вучыць табліцу множання, формулы і графікі, правілы і паняцці. Хочацца спа­дзявацца, што на чарговым вітку спіралі жыцця чалавецтва знойдзе залатую сярэдзіну тэхналагічнага прагрэсу на карысць думкі і розуму. Бо ро­зум павінен працаваць усё жыццё ў пошуку і аналізе, памяць неабходна трэніраваць да глыбокай старасці, — патлумачыў педагог.

У 1997 годзе М.У.Пішчова прызначылі дырэктарам Жорнаўскай сярэдняй школы. Сёння ён умела сумяшчае педагагічную і адміністрацыйную дзей­насць. Лічыць, што перш чым кіра­ваць дарослымі людзьмі, неабходна навучыцца працаваць з калектывам маленькіх грамадзян.

— Вынік настаўніцкай працы будзе відаць толькі гадоў праз 10—15, калі ўчарашнія выпускнікі дасягнуць пэўных вышынь і стануць сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны. Гордасць за іх і ўсведамленне, што ўсё было не дарэмна, даюць стымул тварыць далей. Вось так і ў дарослым калектыве.

Да таго ж кожны школьны кіраўнік павінен мець магчымасць выкладаць, весці ўрокі, каб не адрывацца ад педагогікі і методыкі выкладання, інакш ты не маеш маральнага права патрабаваць якаснага вучэбна-выхаваўчага працэсу ад сваіх калег.

Пакажы ўласны прыклад, падзяліся практычным вопытам, і табе будуць давяраць калегі. А яшчэ выкладанне дапамагае захоў­ваць сувязь з навучэнцамі, бачыць змены ў іх развіцці, псіхалогіі, імкненнях і патрэбах. Усё гэта дае не толькі магчымасць удасканалення сваёй прафесійнай дзейнасці, прадугледжвае бачанне і ўвя­дзенне змяненняў у працэс навучання, укараненне і развіццё новых тэхналогій, але і з’яўляецца дадатковай крыніцай інфармацыі аб запытах навучэнцаў да адукацыйнага працэсу, — расказаў кіраўнік Жорнаўскай школы.

Весці за руку

Так склалася, што і два сыны Мікалая Уладзіміравіча Пішчова — Сяргей і Міхаіл — воляй лёсу прыйшлі ў педагогіку. Хоць першапачаткова яны паступалі на інжынерныя спецыяльнасці ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Адвучыўшыся там, скончылі аспірантуру пры БДТУ, абодва сталі кандыдатамі тэхнічных навук, дацэнтамі, абодва ў свой час былі адзначаны спецыяль­ным фондам ­Прэзідэнта Беларусі па сацыяль­най падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Хочацца верыць, што на іх дынастыйная прыхільнасць фамільнай справе не абарвецца. Бо ў сям’і Мікалая Уладзіміравіча і Святланы Сцяпанаўны падрастае пяцёра ўнукаў, гэтак жа як і ў сям’і Кацярыны Уладзіміраўны. Усе дзеці любяць гуляць з бабуляй і дзядулем у школу.

 Нядзіўна, што ў такой цудоўнай сям’і вырас сапраўдны прафесіянал і наш пастаянны кансультант і дарадчык у пытаннях прафесійнага вызначэння — Сяргей Мікалаевіч Пішчоў — начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі галіновага ведамства. “Настаўнік заўсёды павінен быць цікавым сваім вучням. Пра гэта трэба памя­таць усім і заўсёды, асабліва педагогам-пачаткоўцам”, — перакананы С.М.Пішчоў, выкладчык з 14-гадовым стажам

— Часам ёсць і незадаволеныя, бо канікулы і ўрокі можна было б адкласці. Але ж можна пагуляць, памяняўшыся ролямі, калі настаўнікам становяцца малыя, а мы — няцямлівымі вучнямі. Гэтае дзейства прыносіць карысць і радасць усім нам — і вялікім, і маленькім, — усміхаючыся, расказаў Уладзімір Мікалаевіч.

Ён перакананы, што ўсе мы патрэбны сваёй краіне і зямлі. Канечне, камусьці наканавана ля­чыць хворых, камусьці працаваць на зямлі, стаяць ля станка, ахоўваць мір і спакой… Прафесій усіх не пералічыць. І значнасць кожнай з іх ніколькі пры гэтым не зменшыцца.

— Аднак камусьці даецца гэтае высокае і ганаровае права весці за руку падрастаючае пакаленне, перадаючы яму назапашаны чалавецтвам багаж ведаў, неабходных для пабудовы жыццёвых асноў і асноў грамадства, нашай будучыні. Вядома, гэта павінны быць найлепшыя людзі — высокаадукаваныя, духоўна сфарміраваныя і патрыятычна настроеныя, якія пастаянна будуць у палёце і пошуку новых ідэй, планаў і здзяй­сненняў. Няхай так заўсёды і будзе! — выказаў пажаданне М.У.Пішчоў.

 Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і  з сямейнага архіва сям’і ПІШЧОВЫХ