Чым адметная Чэрыкаўшчына? Знаёмімся з багатай спадчынай маляўнічага куточка Пасожжа

- 15:16Репортаж, Родная земля

Утульныя вуліцы, дагледжаныя сядзібы… Сёння ў Чэрыкаўскім раёне пра чарнобыльскую трагедыю нагадвае толькі помнік былым вёскам, а таксама людскія ўспаміны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Берагчы тое, што маеш

Камандзіроўкі напя­рэдадні 26 красавіка выклікаюць у мяне супярэчлівыя пачуцці. З аднаго боку, любуешся добраўпарадкаванымі населенымі пунк­тамі, наведваеш сучасныя ўстановы адукацыі, сустракаешся з адданымі сваёй справе і роднай зямлі педагогамі. Радуешся, што, дзякуючы такім людзям, калісьці неперспектыўныя землі паступова адраджаюцца, развіваюцца.

Помнік выселеным і пахаваным вёскам у Чэрыкаве

З другога боку, пазітыўныя сустрэчы дапаўняюцца ўспамінамі настаўнікаў пра дачарнобыльскае жыццё. З непрыхаваным сумам яны адзначаюць, што іх лёс перайна­чыла, а планы на будучыню парушыла аварыя на ЧАЭС. 39 гадоў мінула з таго часу, а боль Чарнобыля па-ранейшаму не сціхае…

Неаднойчы думаў: можа, не трэба распытваць педагогаў пра тыя часы, навошта варушыць іх душэўныя раны? Але кожны раз мае суразмоўнікі запэўніваюць: пра Чарнобыль гаварыць трэба, каб моладзь ведала гісторыю сваёй зямлі, вучылася цаніць тое, што мы маем і чым павінны ганарыцца, — спакойнае, мірнае жыццё на цудоўнай зямлі.

Менавіта такой думкай падзя­лілася і былая настаўніца рускай мовы і літаратуры Галоўчыцкай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна Тамара Краўцова. Школы, як і самой вёскі Галоўчыцы, даўно няма (іх забраў Чарнобыль), але памяць, непадуладная часу, жыве ў сэрцы педагога.

Снежань у красавіку

Сустрэча з Тамарай Уладзіміраўнай была завяршальным акордам майго падарожжа па Чэрыкаўшчыне. А пачалося ўсё са знаём­ства з апантаным краязнаўцам настаўнікам гісторыі Язёрскай сярэдняй школы Аляксанд­рам Пяскоўскім.

Пакуль Аляксандр Віктаравіч вёз мяне з Чэрыкава ў Язёры і па дарозе захоплена расказваў пра сваю напоўненую шматлікімі адкрыццямі і выніковым удзелам у конкурсах краязнаўчую дзейнасць, перада мной стаяла нялёгкая задача: уважліва слу­хаць настаўніка, задаючы пытанні, і адначасова любавацца, а пры неабходнасці фатаграфаваць праз акно аўтамабіля нетыповыя для красавіка краявіды.

Гэта цяпер усюды ў Беларусі цвітуць сады, а жоўтыя дзьмухаўцы радуюцца сонечным промням і блакітнаму небу. А два тыдні назад у дзень маёй камандзіроўкі на­двор’е было не зусім красавіцкім: ляжалі гурбы снегу, праз якія на палях толькі-толькі пачыналі прабівацца прагаліны. Казка пра 12 месяцаў аказалася зусім не казкай. У красавіку, як усе мы пераканаліся, можа быць і снежань, і чэрвень, а потым усё роўна наступіць камфортнае вясновае надвор’е. Усё, як у чалавечым жыцці: радасць змяняецца горам, выпрабаваннямі, а потым зноў надыходзіць светлы перыяд. Так можна сказаць і пра лёс Чэрыкаўскага раёна, які некалі перажыў чарнобыльскую трагедыю, а сёння зноў развіваецца…

Унікальная знаходка

— Помнікаў архітэктуры ў нашым краі захавалася не так многа. Таму ў краязнаўчай дзейнасці мы з калегамі робім акцэнт на вывучэнні іншых адметнасцей малой радзімы. Для мяне гэта ў першую чаргу археалагічная спадчына і гісторыя Вялікай Айчыннай вайны. У археалагічным плане цесна супрацоўнічаю з выкладчыкам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Аляксанд­рам Уладзіміравічам Коласавым. Мы з дзецьмі апытваем мясцовых жыхароў і, калі знаходзім курганы, адпраўляем звесткі ва ўніверсітэт. З некаторымі вынікамі археалагічных раскопак можна азнаёміцца ў школьным краязнаўчым музеі. У археалагічным раздзеле прадстаўлены даволі цікавыя артэфакты, — паведаміў Аляксандр Пяс­коўскі і падвёў мяне да стэлажоў школьнага музея, у якіх пад шклом знаходзіліся крамянёвыя адшчэпы, рэшткі керамікі.

Вырабы з гліны займаюць важнае месца ў экспазіцыі. Акрамя рэшткаў посуду першабытных лю­дзей, тут прадстаўлена багатая калекцыя ганчарных вырабаў розных форм, памераў, з арыгінальнымі ўзорамі. Яны, праўда, не такія старажытныя, як прадметы археалагічнага раздзела, але з’яўляюцца не менш каштоўнымі, таму што створаны мясцовымі майстрамі і перададзены ў музей вучнямі, настаўнікамі з сямейных архіваў.

З асаблівай гордасцю Аляксандр Віктаравіч расказваў пра нядаўняе краязнаўчае адкрыццё. Разам з вучнямі ён знайшоў… яму для спальвання вугалю. Вы чулі калі-небудзь пра такі аб’ект? Я, шчыра кажучы, упершыню, хаця настаўнікі-краязнаўцы неаднойчы здзіўлялі мяне.

— Такая яма была выкапана прыкладна ў V стагоддзі да нашай эры, калі людзі пачалі плавіць балотную руду на жалеза, — патлумачыў Аляксандр Віктаравіч. — Для работы печы-домніцы неабходны быў вугаль. А дзе яго зда­быць? Канечне, у лесе. Недалёка ад свайго жылля нашы прашчуры выкопвалі спецыяльныя ямы, у якіх спальвалі ссечаныя дрэвы. Пра такія аб’екты ў Чэрыкаўскім раёне раней не было вядома. А тут ад мясцовых жыхароў нам паступіла інфармацыя пра нейкі ці то ўзгорак, ці то яму. Спачатку тое месца ідэнтыфікавалі як старажытнае капішча або гара­дзішча, але навукоўцы вызначылі яго сапраўднае прызначэнне. Недалёка — курганныя могільнікі. Таму яма цалкам упісваецца ў канцэпцыю археалагічнага комплексу. Шкада толькі, што нельга зрабіць удалы здымак ямы, паколькі яна моцна зарасла хмызняком.

Гэтая ўнікальная знаходка стала тэмай навукова-даследчай работы, якую вучні Язёрскай сярэдняй школы напісалі пад кіраўніцтвам Аляксандра Віктаравіча. Цікавым, па словах настаўніка, было і даследаванне месцаў, дзе крэмень выходзіць на паверхню зямлі. Аказалася, якраз там і сяліліся ў стара­жытныя часы людзі. Адна з крамянёвых знаходак знаходзіцца ў музеі. Гэта самы цяжкі экспанат. Яго вага — некалькі кілаграмаў. Падчас урокаў гісторыі, калі вывучаецца адпаведная тэма, дзеці прыходзяць у музей і наглядна знаёмяцца, з якіх вялізных кавалкаў крэменю першабытныя людзі стваралі невялікія наканечнікі для стрэл, скрабкі, праколкі, нажы.

— Што тычыцца тэмы Вялікай Айчыннай вайны, то тут у нас некалькі напрамкаў дзейнасці: звяраем пашпарты воінскіх пахаванняў, устанаўліваем імёны байцоў, пахаваных у брацкай магіле, аналізуем шпітальныя дакументы. Ваколіцы Язёр падчас вайны знаходзіліся пераважна ў тыле, і значных баявых дзеянняў не вялося. Затое тут размяшчаліся шпіталі, куды прывозілі параненых з перадавой. У Язёрах, напрыклад, ёсць брацкая магіла, дзе пахаваны памерлыя ад ран салдаты. На жаль, нават на гэтым помніку запісаны не ўсе імёны. Таму мы і звяраем пашпарты воінскіх пахаванняў са спісам паступіўшых і памерлых у шпіталі байцоў. Так, выявілі, што імёны амаль 200 чалавек не ўвекавечаны на помніку. Гэтую несправядлі­васць цяпер выпраўляем, — расказаў настаўнік.

На вуліцы імя…

Краязнаўчыя адкрыцці робяць і вучні сярэдняй школы № 2 Чэрыкава. Разам з бібліятэкарам Наталляй Міхайлаўнай Камаровай яны вывучаюць вуліцы райцэнтра, жыццёвы шлях людзей, у гонар якіх гэтыя вуліцы названы.

— Мы кожны дзень ходзім па знаёмых вуліцах і рэдка задумваемся, чаму яны носяць тую ці іншую назву. Многія вуліцы названы ў гонар знакамітых землякоў, а таксама людзей, якія сваімі справамі і подзвігамі праславілі нашу малую радзіму. Ведаць іх біяграфіі мы проста абавязаны, — патлума­чыла актуальнасць даследавання Наталля Міхайлаўна. — У сваёй рабоце разам з вучаніцай 7 класа Дар’яй Сас пастараліся сабраць як мага больш поўныя звесткі пра лёс землякоў і знака­мітых асоб, жыццё якіх было звязана з Чэрыкаўшчынай, а яшчэ вывучыць гісторыю будынкаў, якія знаходзяцца на вуліцах райцэнтра.

Пачалося даследаванне з невялікага анкетавання, якое вучаніца правяла сярод сваіх аднакласнікаў. Апытанне паказала, што не ўсе ведаюць прычыну прысваення вуліцам імя таго ці іншага чалавека. Гэтую недарэчнасць і вырашалі выправіць. Каб сабраць неабходныя звесткі, Дар’я разам з Наталляй Міхайлаўнай звярнуліся ў Чэрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, дапамаглі і звесткі школьнага музея хлеба (пра ўнікальную экспазіцыю мы паведамім у асобным газетным матэрыяле). А вось інфармацыя, якая тычыцца перыяду Вялікай Айчыннай вайны, была знойдзена на сайце partizany.by. У выніку быў сабраны багаты краязнаўчы матэрыял. Азнаёміць з ім аднакласнікаў Дар’я вырашыла праз стварэнне кароткіх відэаролікаў у фармаце папулярных сярод моладзі відэашортсаў.

Пачынаецца экскурсія на ву­ліцы, названай у гонар Марыі Фядосаўны Дзмітрыевай, савецкай лётчыцы-выпрабавальніцы, ураджэнкі Чэрыкава. У 1928 годзе па пуцёўцы райкама камсамола яна была накіравана ў Харкаўскую лётную школу. Працавала слесарам на авіяцыйным заводзе. Прымала ўдзел у стварэнні самалёта грамадзянскай авіяцыі “Максім Горкі”. Трагічна загінула падчас трэніровачнага палёту.

Гэтая вуліца невыпадкова стала пачаткам маршруту. Па-першае, жыццё Марыі Фядосаўны — яркі прыклад для моладзі. Па-другое, менавіта на гэтай вуліцы (ранейшая назва Завальная) размешчаны самы вядомы помнік архітэктуры Чэрыкава — праваслаўная царква Нараджэння Багародзіцы. Унікальнасць храма ў тым, што знахо­дзіцца ён у мураваным будынку, які ўзводзіўся ў ХІХ стагоддзі прадвадзіцелем мясцовага дваранства Міхаілам Галынскім. Адметнасцю шыкоўнага дома быў мезанін. Ён і цяпер доб­ра відаць у экстэр’еры храма. У пачатку ХХ стагоддзя тут размяшчалася мужчынская гімназія, потым школа. У савецкі час — РАУС. У пачатку 1990-х гадоў будынак перадалі праваслаўнаму прыходу.

Хоць гісторыя храма адносна непрацяглая, у ёй знайшлося месца і для цуду. Калі ў 2001 го­дзе пасля цяжкай хваробы спачыў настаяцель храма іераманах Ціхан, жыхары Чэрыкава заўважылі, як у храме на іконе Казанскай Божай Маці з’явіліся кропелькі міра. Аднак галоўным цудам, на мой погляд, з’яўляецца той факт, што пасля многіх дзесяцігоддзяў адсутнасці ў Чэрыкаве праваслаўнага храма вернікі могуць зноў збірацца на сумесную малітву.

Сваю экскурсію Дар’я Сас працягвае па вуліцах, якія носяць імёны ўраджэнцаў Чэрыкаўскага раёна (Басіна, Кавалёва, Слюнькінай, Шчаўлікава), а таксама знакамітых асоб, жыццё якіх было звязана з гэтым куточкам Пасожжа (Лепяшынскага, Болдзіна, Гаспадарыка, Кучаравага, Шчарбітава).

Утульны мікрараён Чэрыкава. Фота з архіва Алены Батвінковай

З асаблівай гордасцю вучаніца расказвае пра Надзею Андрэеўну Слюнькіну — удзельніцу парты­занскага руху на тэрыторыі Чэрыкаўскага раёна. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны яна была загадчыцай аддзела райкама камсамола, адначасова працуючы старшай піянерважатай у Чэрыкаўскай сярэдняй школе, вяла актыўную работу па патрыятычным выхаванні моладзі і стала прыкладам мужнасці, адданасці Радзіме для сваіх равеснікаў і пасля­ваенных пакаленняў юных чэрыкаўчан.

— Падчас акупацыі раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі яна актыўна ўключылася ў бараць­бу з ворагам. З ліпеня 1941 года была разведчыцай 720-га Чэрыкаўскага партызанскага атрада. У кастрычніку таго ж года карны атрад акружыў месца дыслакацыі падпольнага райкама партыі і партызанскага атрада каля вёскі Манастырок. У тым баі і загінула Надзея Андрэеўна. У 2009 годзе на месцы яе гібелі быў устаноўлены памятны знак, а завулак Пузацікаў у Чэрыкаве, на якім жыла Надзея, быў перайменаваны ў вуліцу Слюнькінай, — паведаміла вучаніца.

Важная тэма

Тэма Вялікай Айчыннай вайны — асноўная ў краязнаўчай і пошукавай дзейнасці настаўнікаў і вучняў Чэрыкаўскага раёна. Яны ўзнаўляюць імёны чырвонаармейцаў, вывучаюць архіўныя дакументы, даглядаюць брацкія магілы. Актыўна такая работа вялася і ў савецкія часы, у тым ліку ва ўстановах адукацыі, якія былі закрыты пасля аварыі на ЧАЭС.

— У Зябенскай васьмігадовай школе, дзе я да пераезду ў Галоўчыцы працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, рэгулярна праводзіліся мітынгі на 9 Мая, у школе была аформлена экспазіцыя баявой славы. Сустрэчы з ветэранамі, перапіска з воінамі, якія вызвалялі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, вялася на рэгулярнай аснове, — узгадала Тамара Уладзіміраўна Краўцова і пасля непрацяглага маўчання з сумам дадала: — Асаб­ліва незабыўным было 9 мая 1986 года. Літаральна на наступны дзень пасля ўрачыстага мітынгу мы даведаліся, што нябачнае воблака радыяцыі спусцілася на чэрыкаўскую зямлю. Людзі ўжо паса­дзілі агароды, усё навокал цвіло, у школах завяршаўся навучальны год. Тады не было інтэрнэту, навіны распаўсюджваліся не так хутка, ды і пра радыяцыю ніхто канкрэтна нічога не мог сказаць. Пра тое, што ў наш край прыйшла бяда, мы даведаліся якраз пасля 9 мая. Прывычнае жыццё з яго радасцямі, марамі было парушана.

Амаль дзве гадзіны разам з дырэктарам Чэрыкаўскага цэнт­ра дзіцячага і юнацкага турызму, края­знаўства і экскурсій Аленай Батвінковай мы размаўлялі з Тамарай Уладзі­міраўнай пра падзеі амаль 40-гадовай даўнасці. На сустрэчу жанчына прынесла некалькі школьных фотаальбомаў. Што цікава, успаміны былой настаўніцы былі сумнымі, а вось фота­здымкі, наадварот, пазітыўнымі, з радаснымі імгненнямі жыцця: першакласнікі з вялікімі букетамі, іх шчаслівыя баць­кі, спартыўныя спаборніцтвы, адкрыццё новага будынка Галоўчыцкай сярэдняй школы…

Нельга забываць

39 гадоў мінула з таго часу, як маляўнічыя і ўрадлівыя землі Чэрыкаўскага раёна ахутаў сваім чорным крылом Чарнобыль. Вырасла ўжо некалькі пакаленняў, якія пра тую трагедыю ведаюць толькі па ўспамінах бацькоў, старэйшых землякоў. Здаецца, можна і не ўзгадваць пра Чарнобыль, не варушыць раны мінулага… І ўсё ж пра сумную старонку нашай гісторыі варта памятаць хаця б дзеля таго, каб цаніць сённяшняе спакойнае, камфортнае жыццё на мірнай зямлі.

***

Таццяна Рыгораўна Падабед, начальнік аддзела па адукацыі Чэрыкаўскага райвыканкама:

— Пасля аварыі на ЧАЭС значная частка тэрыторыі Чэрыкаўшчыны была забруджана радыенуклідамі. Цяпер наш раён дынамічна развіваецца, але пра той перыяд гісторыі мы не забываем, расказваем пра яго навучэнцам.

Падчас рэспубліканскай дэкады грамадска-патрыятычных спраў “Чарнобыль. Захоўваючы памяць…”, якая праходзіць па ўсёй краіне з 18 па 27 красавіка, нашы педагогі праводзяць інфармацыйна-асветніцкія мерапрыемствы, на якіх знаёмяць вучняў з гісторыяй аднаўлення і развіцця пацярпелых тэрыторый, расказваюць пра подзвіг ліквідатараў. А ў межах акцыі “Чарнобыль — погляд праз гады” школьнікі падрыхтавалі творчыя праекты адпаведнай тэматыкі.

26 красавіка ў цэнтры Чэрыкава каля помніка выселеным і пахаваным вёскам пройдзе мітынг, на якім мы ўскладзём кветкі да памятных шыльдаў з назвамі населеных пунктаў, узгадаем мужнасць ліквідатараў, раскажам моладзі, праз якія выпрабаванні прайшлі іх землякі і як важна цаніць сённяшні дзень.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара