Чым здзіўлялі беларусы на маладзёжным фестывалі ў Смаленску

- 12:21АРТ-квартал, Новости

На працягу мінулага тыдня ў расійскім Смаленску праходзіў фестываль “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”. Ён аб’яднаў больш як 250 удзельнікаў з Беларусі і Расіі. Яны дзяліліся сваёй творчасцю і талентамі падчас конкурсаў, прымалі ўдзел у дыялогавых пляцоўках, музычных вечарах, патрыятычных акцыях, творчых майстар­класах, сустрэчах з журналістамі і спартсменамі Саюзнай дзяржавы. Беларусь прадставіла дэлегацыя, у склад якой увайшлі каля 100 маладых людзей — навучэнцаў, студэнтаў, іх педагогаў, маладых спецыялістаў і інш. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

І танец, і спектакль

  Адным з самых яркіх удзельнікаў фестывалю быў ансамбль кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Маладзёжную аўдыторыю падкупілі яго тэатральна-­танцавальныя эксперыменты. 

Выкананне геаметрычных танцавальных пераходаў на сцэне сёння наўрад ці здзівіць маладзёжную аўдыторыю. Гэта добра ведае Святлана Вячаславаўна Гуткоўская, стваральнік і кіраўнік ансамбля, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кандыдат  філалагічных навук, загадчык кафедры харэаграфіі, прафесар БДУКіМ. Яе калектыў, выходзячы на сцэну, не адпускае гледача ні на секунду, інтрыгуючы і заварожваючы тэатральным дзействам. На гэты раз юнакі і дзяўчаты адправіліся “Па яблыкі”.

За амаль 30 гадоў свайго існавання ансамбль стаў сапраўднай лабараторыяй сучаснага беларускага танца. Прычым эксперыментуюць у гэтай лабараторыі не толькі педагогі, але і студэнты.

— Удзельнікі нашага ан­самбля не толькі танцуюць — яны самі і ставяць свае нумары, — гаво­рыць Святлана Гуткоўская. —  Балетмайстарскія ўменні развівае ў сабе кожны студэнт, і гэта вельмі патрэбная якасць. Дысцыпліну “Мастацтва балетмайстра” я выкладаю з 1984 года. Гэты выпуск у мяне васямнаццаты. Дыпломныя работы застаюцца жыць у калектыве і пасля выпуску іх аўтараў, складаюць наш залаты фонд. Бо акадэмічная група — гэта ма­дэль будучага творчага калектыву. Нашы студэнты вучацца ў ёй ствараць рэпертуар, удзельніча­юць у праектах, выступаюць у ролі рэпетытара, пастаноўшчыка. Я не страч­ваю сувязі са сваімі выпускнікамі. Яны прыходзяць да нас нават праз гады і ставяць свой жа нумар, але з улікам індывідуальнасцей, тэхнічных і артыстычных магчымасцей удзельнікаў ан­самбля. У прыватнасці, кампазіцыю “Па яблыкі” стварыла 10 гадоў назад студэнтка Карына ­Хомбак. Да яе мы звярнуліся толькі ў гэтым годзе.

Усяго ў рэпертуары ансамбля каля 40 кампазіцый. Святлану Вячаславаўну часта просяць аддаць гэтыя нумары, але яна не паддаецца на ўгаворы.

— У кожным з нашых нумароў абавязкова ёсць пошук, зместавы элемент, задума, а не проста прыгожыя геаметрычныя перастраенні ў прыгожым касцюме. Нават класічныя творы — “Крыжачок”, “Лявоніха” — мы падаём у сучасным прачытанні. Бо мастацкая думка ўвесь час развіваецца, мяняюцца мастацкія густы, ды і час уносіць свае карэктывы і ў музычны матэрыял, і ў касцюм, і ў падбор пластычных элементаў. Яны павінны адпавядаць часу.

Асобны кірунак у пастаноўках ансамбля — фальклорныя спектаклі. Іх асновай становяцца матэрыялы архіўных экспедыцый, у якія некалі мы, студэнты, адпраўляліся па ўсёй Беларусі на цэлы месяц кожнае лета. Іх мы цяпер аднаўляем і ставім спектаклі — з песнямі, прыказкамі, прымаўкамі, жартамі. Ёсць у нас і народна-сцэнічны танец, танец у стылі фолк-мадэрн, у якім аб’ядноўваюцца сюжэты, вобразы, асноўныя рухі з народнага танца, але яны апрацоўваюцца ў кірунку мадэрн. Гэта адлюстроўваецца і ў стылістыцы, і ў пошуку касцюмаў.

Яшчэ адна адметнасць калектыву — ён не выкарыстоўвае для сваіх нумароў песні. На погляд кіраўніка, песні — самакаштоўныя творы, якія не патрабуюць ілюстрацыі. А вось музычны матэрыял беларускіх гуртоў, якія працуюць у стылі фолк-ф’южн ці фолк-мадэрн, тут вельмі запатрабаваны.

Павел Стрэльчанка яшчэ 10 гадоў назад быў студэнтам БДУКіМ і ўдзельнікам ансамбля кафедры харэаграфіі. Сёння ён ужо старшы выкладчык кафедры харэаграфіі БДУКіМ, харэограф-рэпетытар гэтага ансамбля і працуе ў тандэме са Святланай Вячаславаўнай:

— У нашым ансамблі захоўваецца пераемнасць. Тыя выпускнікі, якія становяцца педагогамі, перадаюць свае веды, уменні ўжо маладому пакаленню. За кошт новых удзельнікаў наш калектыў абнаўляецца фізічна, але духоўна ён застаецца тым жа. У гэтым наша ўнікальнасць. А яшчэ мы ганарымся атмасферай унутры калектыву. Мы як адна вялікая і дружная сям’я. Калі адно аднаго адчуваеш, табе лёгка на рэпетыцыях, ты ўжо ведаеш, чаго ад цябе чакаюць. Не страчваецца гэтае адчуванне еднасці і праз гады і нават дзесяцігоддзі.

Магія ілюзіі

 Яе прадэманстравалі гасцям фестывалю педагогі­-ілюзіяністы з Брэста. Іх відовішчныя фокусы ўпрыгожылі праграму фэсту і здзівілі гледачоў.

Сямейны дуэт Magic show Brest — гэта Ганна і Сяргей Палячук. Ганна выкладае англійскую мову ў сярэдняй школе № 13 імя В.І.Хована, а Сяргей працуе музычным кіраўніком у пачатковай шко­ле № 11 Брэста. Гэта адно з першых іх выступленняў у якасці сямейнай пары, бо ёй яны сталі толькі гэтым летам.

У жыцці Сяргея Палечука магія была з дзяцінства. Калі ён быў яшчэ ў 4 класе, да іх у школу прыехаў цырк. Выступалі акрабаты, дрэ­сіраваныя жывёлы, клоўны, але выступленне менавіта фокусніка стала для Сяргея вызначальным. Пасля яго натхнёны хлопчык страціў спакой: шукаў фокусы і іх разгадкі ў часопісах і кнігах, разбіраў іх па ілюстрацыях і тэкставых тлумачэннях, але найчасцей усяму вучыўся сам, апрабоўваючы новыя фокусы на сваяках і сябрах.

На нейкі час, пакуль вучыўся ў музычнай школе і ў музычным каледжы, пра фокусы Сяргей забыў (ён прафесійны музыкант, сваю творчую кар’еру пачынаў як акардэаніст, у гэтым амплуа, дарэчы, прыязджаў на згаданы фестываль у мінулым годзе). А вярнуўся да фокусаў, калі вучыўся ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна.

— На 3 курсе ўніверсітэта я трапіў на практыку ў дзіцячы аздараўленчы лагер і паказаў сваім выхаванцам некалькі любімых фокусаў. Іх настолькі гэта зацікавіла, што я, незаўважна для сябе, зноў вярнуўся да гэтага жанру. Апрабаваў яго на дзецях і тады, калі прыйшоў працаваць у пачатковую школу. Мяне сталі запрашаць на буйныя пляцоўкі, таму простыя дробныя прадметы, якія былі папулярныя ў лагеры (шарыкі, вяровачкі, карты), на сцэне я замяняў буйным рэквізітам. Такім чынам я маштабаваў свае фокусы. А нядаўна далучыў да іх і Ганну. Бо мне, каб тварыць чараўніцтва, ужо недастаткова толькі свайго чамаданчыка, — дзеліцца Сяргей Палячук.

Шоу-праграма дуэта доўжыцца паўгадзіны. Некалькі самых яркіх трукаў артысты прадэманстравалі на фестывалі. Тут, на сцэне, зрасталіся нарэзаныя стужкі, ляталі прадметы, было нават вызваленне ў стылі Гары Гу­дзі­ні. Для трука былі неабходны пінжак гледача з залы (на гэты раз яго прадаставіў самы недаверлівы член журы) і вяроўкі, якімі неўзабаве была перавязана Ганна. Узмах шырмы — і дзяўчына па-ранейшаму звязаная, але на гэты раз паверх апранутага пінжака.

— Мы пазнаёміліся з Сяргеем якраз дзякуючы фокусам, — расказвае Ганна Палячук. — Сяргей мне паказваў іх, а я не спяшалася іх разгадваць. Мне хацелася, каб гэтаму чараўніцтву заставалася месца ў нашым жыцці, і таму не шукала яму лагічнага тлумачэння. Але нядаўна мы выступалі на фестывалі-конкурсе маладзёжнай творчасці “Агонь маладзёжных талентаў” на “Славянскім базары у Віцебску”, і я трапіла ў кампанію ілюзіяністаў — сяброў Сяргея. Я ўбачыла гэтае закуліссе, даведалася пра сакрэты некалькіх фокусаў, і ў мяне з’явіўся азарт іх разгадваць. Цяпер, калі бачу новы фокус, я ўжо разумею, у чым яго сакрэт.

Сяргею фокусы дапамагаюць заахвочваць навучэнцаў не толькі думаць, але і развіваць свой фокусніцкі талент:

— Сваю праграму я будую так, каб дзеці адчувалі ў сабе здоль­насць разгадаць фокус. Я спецыяльна правакую іх на роздум. Але калі дзіцяці здаецца, што яно амаль разгадала фокус, аказваецца, што яно зусім не там шукала разгадку. Я больш за 10 гадоў працую ў школе і перакананы: з  дзецьмі працаваць куды больш складана, чым з дарослымі. Калі дарослы бачыць, што пэўны прадмет лётае, ён шукае вяровачкі, нітачкі і іншыя сакрэты. А для дзіцяці нічога дзіўнага тут няма, быццам так і павінна быць.

Дай, браток, мне лыжку!

 “Сёрбаць лыжкай — гэта проста, з лыжкай добра чуеш смак, а зайграць на лыжках можа толькі па жыцці мастак”. Так адказвае на маё пытанне наконт выбару музычнага інструмента для народнага інструментальнага ансамбля “Нясвіжскія лыжкары” яго кіраўнік Уладзімір Сухавей.

У фестывальным Смаленску лыжкары выходзілі на сцэну не раз. Іх незвычайнае мастацтва расіяне высока ацанілі і пасля выступленняў не хацелі адпускаць са сцэны. Юнакі з бярозавымі лыжкамі сталі аднымі з самых яркіх удзель­нікаў фестывалю.

— Мы адгарадзіліся ад свету металам, глядзім на яго праз пластыкавыя вокны, дыхаем штучным паветрам, траву ўкачваем у асфальт… А як жа зносіны з прыродай? — разводзіць рукамі Уладзімір Сухавей. — На лыжках можа сыграць толькі той, у каго ёсць пачуццё Радзімы, пачуццё душы, рытму, яднання з нашай культурай, песняй, прыродай. І, мабыць, таму сучасныя падлеткі, якія ўжо стаміліся ад басоў у навушніках, з такім задавальненнем ідуць на “лыжку”. Для іх гэта аддушына, магчымасць праявіцца ўнутранаму “я”, якое закладвалася на працягу стагоддзяў папярэднімі пакаленнямі.

Сам Уладзімір Сухавей іграў у інструментальным ансамблі з 1 курса музычна-педагагічнага аддзялення тады яшчэ Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага.

— Кіраўніком нашага студэнцкага народнага аркестра быў Уладзімір Сяргеевіч Перацяць­ка. З ім мы аб’ехалі паўсвету. З чатырох студэнцкіх гадоў роўна паўгода мы правялі на гастролях,  — успамінае Уладзімір Сухавей. — Таму калі я ў 1984 годзе па размеркаванні трапіў у Нясвіжскае педагагічнае вучылішча, якое толькі адкрывалася, у мяне была патрэба стварыць падобны калектыў.

Першы набор вучылішча быў толькі для будучых настаўніц пачатковага навучання. Разам з маладым педагогам дзяўчаты ігралі на барабанах, саксафоне, бас-гітары.

— Па адукацыі я народнік: іграў на баяне, балалайцы, цымбалах, домры і інш. У аркестры я іграў на духавых — кларнеце, саксафоне, трубе, барытоне і інш. Я прайшоў выдатную школу ў інстытуце, таму мне лёгка было навучыць іграць любое дзіця. З гэтым дзявочым ВІА мы нават заваявалі 2-е месца на рэспубліцы. Потым прыпынілі сваю дзейнасць, пакуль у 2006 годзе ў нас не адкрылася аддзяленне фізічнай культуры і да нас не прыйшлі хлопцы. Праўда, яны не ігралі на музычных інструментах — на сцэну мы выходзілі з шумавымі і ўдарнымі: талеркамі, таркамі, косамі, шумёламі, барабанамі… Тады ж на сцэне з’явіліся і лыжкі, якія вельмі хутка сталі  асноўным інструментам. І сёння нашы салісты — менавіта лыжкары, а ансамбль стаў толькі дапаўненнем, музычным фонам.

У рэпертуары ансамбля — каля 15 п’ес. Больш за палову з іх выконвае сённяшні склад. Педагог тлумачыць:

 — Яшчэ нядаўна нашы навучэнцы вучыліся 4 гады, а цяпер толькі 3. Таму сённяшнія навучэнцы часта не паспяваюць асвоіць тое, што рабілі ўдзель­нікі нашага ансамбля 10 гадоў назад. Больш за тое, раней у школе вывучалі рытміку і танцы, таму навучанне многім навыкам мы апускалі і адразу вывучалі больш складаныя рэчы. Калі скарачаецца праграма навучання ў нашым каледжы, у нас як ансамбля змяншаюцца шансы развівацца. Першы год дзяцей вучыш іграць, другі — выступаем, трэці — практыка, і “бывайце!”. З аднаго боку, гэта цяжка, з другога — цікава. Увесь час новыя твары, калектыў мяняецца, а кожнае пакаленне ўносіць у ігру нешта сваё. Гэта могуць быць пэўныя элементы, якія можа выканаць толькі адзін чалавек, але яны вельмі ўпрыгожваюць п’есу.

Што да рэпертуару, то ўсе творы музыканты прыдумваюць самі. Кіраўнік прызнаецца, што даўно прывык, кладучыся спаць, каля падушкі пакідаць блакнот і ручку. За ноч ён можа па некалькі разоў прачнуцца і зрабіць запісы, а ўжо раніцай іх упарадкоўвае. Праз нейкі час усе яны кладуцца ў аснову сюжэта канцэртнага нумара.

Акрамя ўласна музычных задач, кіраўніка радуюць і іншыя, можа, нават больш важныя:

— Ёсць у нашым каледжы хлопцы, якім у сям’і не хапае ўвагі. Шмат няпоўных сем’яў, ёсць сіроты. Таму яны горнуцца да калектыву, адзін да аднаго. Як правіла, гэта самыя ціхмяныя і няўпэўненыя ў сабе падлеткі. Мне прыемна назіраць, як яны мяняюцца. Нават іх пастава. Калі першы год хлопец іграе, унурыўшы плечы, баіцца падняць вочы, то праз пару месяцаў ён ужо распраўляе плечы, глядзіць смела, упэўнена, пачынае ўсміхацца. Выехалі на першае выступленне — ён ужо сабраў вакол сябе кампанію равеснікаў-канкурсантаў, да яго прыслухоўваюцца. І гэтае разняволенне мяне радуе.

А ўсё дзякуючы лыжкам! Тут гэтаму інструменту ўдзяляецца асаблівая ўвага.

— Дрэва, з якога будзе рабіцца лыжка, павінна быць добра высушаным. На гук уплывае і від драўніны. Самы ўдалы матэрыял — бяроза і ясень. Цвёрдыя матэрыялы (напрыклад дуб) гучаць добра, але вельмі хутка трэскаюцца, часам ужо праз пару заняткаў. Каб не парушыць гучанне, свае лыжкі музыканты падпісваюць, бо рука прывыкае да пэўнай лыжкі, а музыкант — да яе адметнага гуку. Першыя лыжкі нам рабіў нясвіжскі майстар Антон Сакалоўскі. На жаль, яго з намі ўжо няма. Цяпер нам іх выразае народны майстар Нясвіжчыны Алег Пракарына, — дзеліцца кіраўнік.

У калектыве каля 60 лыжак — у кожнага па 4 звязкі. Ёсць лыжкі і ў рост чалавека. Ёсць лыжкі-брусы. Іх некалі асвоіў Кірыл Літвіновіч: гэтыя высачэзныя лыжкі трымаюць 4 чалавекі, а хлопец на іх падцягваецца, робіць “вугалок”, становіцца на рукі і нават робіць сальта. Кірылу ўжо 23 гады, і 9 з іх ён у калектыве.

— Я ўжо даўно скончыў каледж, працую педагогам-арганізатарам у Цэнтры дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна, але мяне не адпускае гэтая музыка. Калі выходзіш на сцэну, бачыш, як цябе ўспрымае глядач, гэта павышае самаацэнку, надае ўпэўненасці, — гаворыць Кірыл Літвіновіч. — У нас шмат кампазіцый, якімі я ганаруся. Узяць тую ж “Рассыпуху”. Гэта вельмі складаны нумар, у ім шмат трукаў, шмат складаных элементаў. Таму ён такі відовішчны. Я дакладна ведаю, што ўдзельнікам гэтага калектыву я буду ўсё сваё жыццё. З музыкай і з лыжкамі.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара

Яшчэ навіна па тэме: 

Учащаяся минского колледжа искусств Даниэлла Теплякова победила в конкурсе молодых исполнителей в Смоленске