Чыстая талерка

- 6:52Падзеі, Сацыяльны ракурс

У гэтую раніцу сталічная школа № 52 сустракала сваіх пачаткоўцаў з музыкай, яркімі шарамі і роставымі лялькамі. Было б не дзіўна, калі б свята ладзілася ў актавай зале, але гэтая дзея адбывалася ў школьнай сталовай. Дзеці заходзілі туды з жаданнем убачыць нешта неверагоднае, а не толькі каб паесці. 

А.П.Цуран

Сапраўды, зала зіхацела святочным убраннем. Там быў усталяваны мультыборд, дзе дэманстраваліся відэаролікі аб здаровым харчаванні. Але ўсё іншае ў сталовай было ранейшым. У меню ўваходзілі амлет, бутэрброд з каўбасой, гарошак, какава. Сталы са снеданнем былі ўжо накрыты. Напэўна, нехта з дзятвы ўздыхнуў, маўляў, з’есці б зараз шакаладку. І вось на табе — атрымай. Шустры кухцік кінуў кліч: той, хто ўсё з’есць, атрымае шакаладку. Так распачалася акцыя “Чыстая талерка”, падчас якой звычайнае снеданне ператварылася ў сапраўднае спаборніцтва. Выхваляючыся адзін перад адным, дзеці дружна пачалі есці, а каб здаць чыстую талерку, нават чарга ўтварылася. 

— Некаторыя дзеці ў раннім узросце, асабліва ў 1 класе, не вельмі добра ядуць у школьнай сталовай, — расказала Вольга Міхайлаўна Копцік, намеснік дырэктара 52-й школы. — Ім даводзіцца пераходзіць ад звыклай дамашняй ежы да згатаванай у школьнай сталовай. Некаторыя са страў дзеці ўвогуле не ведаюць і ядуць неахвотна. Таму ў першы год навучання мы імкнёмся сфарміраваць у дзяцей смак да ежы, павысіць апетыт, цікавасць да новых страў, а таксама развіць эстэтыку гатавання і прыёму ежы.

— Збалансаванае і паўнацэннае харчаванне для маладога арганізма вельмі важнае, ад гэтага залежыць здароўе вучня, засваенне вучэбнага матэрыялу і ўвогуле добры настрой дзіцяці, — адзначыла Аксана Пятроўна Цуран, дырэктар школы. — З раніцы нам трэба накарміць снеданнем 236 чалавек — столькі першакласнікаў вучацца ў нашай установе. Безумоўна, пры такой вялікай колькасці дзяцей цяжка ўсачыць, як кожны з іх паеў. Але мы стараемся, каб дзятва добра паела. Таму акцыя “Чыстая талерка” — яшчэ адзін спосаб прывучыць нашых выхаванцаў есці са смакам, беражліва ставіцца да прадуктаў і звесці да нуля рэшткі ежы. Правільныя харчовыя звычкі, вядома, выхоўваюцца перш-наперш у сям’і, але і школа павінна ў гэтым удзельнічаць. Мы матывуем дзяцей, каб яны елі з апетытам.                                         

Сталічная сярэдняя школа № 52 — зусім маладая, ёй няма яшчэ і двух гадоў. Яна была адкрыта ў мікрараёне Каменная Горка — 3, і ў ёй вучыцца больш за 2 тысячы дзяцей. Звонку яна прыцягвае ўвагу яркім колерам — як апельсін, і яе лёгка знайсці сярод мноства жылых будынкаў. 

— Нашу школу можна назваць сучасным адукацыйным цэнтрам, — адзначыла А.П.Цуран. — Такія ўстановы сёння не рэдкасць, таму мы імкнёмся развіваць новыя формы адукацыі, задавальняць інтарэсы сваіх выхаванцаў і ствараць для іх спрыяльныя ўмовы. Тут працуюць гурткі, секцыі, творчыя аб’яднанні на любы густ, напрыклад, цэнтр інфармацыйных тэхналогій, дзе навучэнцы займаюцца лега-канструяваннем і робататэхнікай. Адкрыты профільны клас падрыхтоўкі МНС, у якім школьнікі паглыблена вывучаюць фізіку, матэматыку і займаюцца спортам. 

Ала КЛЮЙКО.
Фота з архіва ўстановы адукацыі.