Cучасны ўрок: перадумовы яго эфектыўнасці

- 11:45Апошнія запісы, Партфоліа

Ці заўсёды звычайны, адкрыты або конкурсны ўрок можна назваць эфектыўным? Наколькі відэазапісы і распрацоўкі ўрокаў, якія мы бачым у інтэрнэце і педагагічных часопісах, заслугоўваюць увагі і пераймання?  Педагогам важна ведаць адказ на гэтае пытанне, каб адэкватна ацэньваць свае вучэбныя заняткі і ўрокі іншых настаўнікаў, каб пашыраць свой педагагічны вопыт.

Ёсць тры блізкія абазначэнні ўрока: эфектны, выніковы і эфектыўны. Ці ёсць паміж імі розніца? Эфектны — той, які кідаецца ў вочы, запамінаецца. Бывае, на такіх занятках акцэнты перамяшчаюцца з выніковай работы вучняў на знешні антураж. Чаму некаторыя аўтары адкрытых або конкурсных урокаў аддаюць перавагу эфектнасці? Па-першае, у настаўнікаў ёсць натуральнае жаданне спадабацца знешнім экспертам: адміністрацыі, калегам, членам журы ці экзаменацыйнай камісіі. Педагогі лічаць, што тыя хочуць убачыць менавіта эфектнасць і ў такім выпадку можна разлічваць на высокія балы. Па-другое, сапраўды сустракаюцца такія “эксперты”, для якіх бачнасць бурнай дзейнасці самога настаўніка больш важная, чым работа вучняў.

Аўтар гэтага артыкула з 90-х гадоў з’яўляецца членам журы Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года” і не раз заўважаў, што для некаторых з калег, сапраўды, важна, калі настаўнік на ўроку дамінуе, але з кожным годам такіх членаў журы становіцца менш, бо ўмацоўваецца разуменне: на ўроку галоўнае не здзівіць інавацыйнымі прыёмамі і сродкамі навучання, а арганізаваць работу дзяцей, навучыць іх! Заўважу, што аўтар гэтага артыкула не супраць арыгінальных і карысных метадычных знаходак.

Які ўрок можна назваць выніковым? Па логіцы, той, які забяспечвае добры вынік; урок, на якім дасягнута мэта (па магчымасці, усімі навучэнцамі). Выніковы ўрок з’яўляецца эфектыўным, калі на яго падрыхтоўку і правядзенне выдаткавана не занадта шмат рэсурсаў: нерваў, часу, матэрыялаў. Эфектыўны ўрок — той, на якім дасягаюцца максімальна магчымыя ў пэўных умовах вынікі з мінімальнымі неабходнымі для гэтага затратамі. Адкрыты ўрок, на падрыхтоўку якога настаўнік задзейнічаў вельмі шмат рэсурсаў, магчыма, выніковы, але не эфектыўны. Выніковасць — толькі адзін з крытэрыяў эфектыўнасці.

Каб забяспечыць высокую выніковасць і эфектыўнасць урока, настаўніку трэба мець на ўвазе і іншыя яго характарыстыкі (крытэрыі). Для гэтага неабходна даць адказы на наступныя пытанні. Ці ўяўляе ўрок сістэму? Ці актыўна працуюць самі вучні, ці ўсе яны ўцягнуты ў работу? Ці створана спрыяльнае для навучання асяроддзе? Ці забяспечана моцная зваротная сувязь? Напэўна, ёсць і іншыя крытэрыі эфектыўнага ўрока, але гэтыя — асноўныя.  

Сістэмны характар урока

Сістэма — сукупнасць узаема­звязаных кампанентаў. Па сутнасці, увесь свет складаецца з сістэм: простых і складаных; адкрытых і закрытых; сацыяльных, тэхнічных, знакавых, прыродных; штучных і натуральных; статычных і дынамічных; суматыўных і дзейнасных. Сістэма азначае “цэлае, складзенае з асобных частак”, гэта пэўны парадак у размяшчэнні частак у цэлым, які абумоўлены сувязямі паміж імі. Cістэмным павінен быць і ўрок: усе яго кампаненты — мэта, змест, працэс (формы, метады, сродкі навучання і вучэння), дзейнасць настаўніка і вучняў, вынік — павінны быць узаемазвязанымі (схема 1):

Эфектыўны ўрок — гэта такі комплекс узаемазвязаных кампанентаў, дзе кожны садзейнічае іншым для атрымання запланаванага выніку ў навучанні і вучэнні. Ён з’яўляецца дзейнаснай сістэмай па сваёй сутнасці, паколькі яго кампаненты знаходзяцца ў дынамічным узаемадзеянні. Гэта адкрытая сістэма, паколькі яна пастаянна абменьваецца інфармацыяй са знешнім асяроддзем. Гэтай адкрытасцю забяспечваецца яе ўстойлівасць. Да ўласцівасцей урока як дыдактычнай сістэмы адносіцца яго мэтазгоднасць, прычым мэта з’яўляецца сістэмаўтваральным кампанентам. Функцыянаванне і развіццё ўрока як сістэмы забяспечваецца наяўнасцю зваротных сувязей паміж кампанентамі. Яны маюць вялікае значэнне. Напрыклад, каб працавала сувязь “мэта — вынік”, неабходна выка­наць наступныя ўмовы: 1) наяўнасць канкрэтнай і вымяральнай (дыя­гнастычнай) настаўніцкай мэты, 2) вучні павінны ведаць фармулёўку мэты на зразумелай ім мове, 3) па ходзе і напрыканцы ўрока ў вучняў і настаўніка павінна быць магчымасць суадносіць бягучыя веды і ўменні з пастаўленай мэтай. 

У адпаведнасці з мэтай настаўнік вызначае змест навучання: адбірае такія аспекты тэмы і практыкаванні, вывучэнне і выкананне якіх працуе на авалоданне вучнямі ўменнямі, што вызначаны ў мэце. Настаўнік выбірае таксама формы, метады, сродкі навучання і кантролю, якія адпавядаюць мэце. Напрыклад, калі мэта — складанне вучнямі дыялогу па прачытаным тэксце, то формы работы ў гэтым выпадку — франтальная і парная; метады — работа з тэкстам і дыялог.

Актыўная работа вучняў

У ідэале на ўроку вучні павінны ажыццяўляць цэласную дзейнасць. Пад дзейнасцю будзем разумець актыўнасць, працэс (працэсы) узаема­дзеяння суб’екта з аб’ектам, падчас якога суб’ект задавальняе свае патрэбы, набліжаецца да мэты, дае асобасна значны або грамадска значны вынік. Структура любой дзейнасці, па меркаванні вядомага савецкага псіхолага А.М.Лявонцьева, можа быць прадстаўлена схемай (схема 2):

Схема паказвае, што першапрычынай дзейнасці чалавека з’яўляецца адчуванне і разуменне ім актуальных патрэб, якія выступаюць для яго матывуючым фактарам. На аснове патрэб узнікаюць унутраныя матывы, якія звязаны з самой дзейнасцю. Становіцца значным асабісты вынік працы, а не знешнія стымулы. Знешнія матывы стымулююцца знешнім асяроддзем, яны не заўсёды з’яўляюцца асобасна значнымі, таму ў чалавека часта выяўляецца абыякавасць да дзейнасці. На жаль, ёсць шмат урокаў, на якіх настаўнік робіць усё насуперак патрэбам вучняў. У дзяцей ёсць патрэба ў самасцвярджэнні, самарэалізацыі, але далёка не ўсім вучням удаецца гэтага дасягнуць; вучні жадаюць уступаць у зносіны паміж сабой, а настаўнік ім забараняе; школьнікі хочуць самі адкрываць веды, а не атрымліваюць іх у гатовым выглядзе; у іх ёсць жаданне самім ацэньваць свае дасягненні, але існуе толькі знешні кантроль. 

Калі прыведзеную вышэй схему ўявіць у выглядзе будынка, то патрэбы і ўнутраныя матывы — гэта яго падмурак. Калі яго не будзе ці ён дрэнна зроблены, то будынак разваліцца. Ацэнка з’яўляецца дахам будынка, без якога будынку таксама не паздаровіцца. Гэта значыць урок не будзе эфектыўным, паколькі неабходным структурным элементам любой дзейнасці павінен быць і  яе ацэначны этап, для ажыццяўлення якога вучань карыстаецца крытэрыямі, якія адпавядаюць мэце.

Пры падрыхтоўцы да ўрока педагог павінен прадумаць, як ён будзе задавальняць патрэбы сваіх вучняў, што яны будуць рабіць на кожным з этапаў урока. Але пакуль, на жаль, пры планаванні ўрокаў многія настаўнікі ў большасці прымаюць рашэнні аб сваёй дзейнасці, а не дзейнасці вучняў, аб задавальненні сваіх, а не вучнёўскіх  патрэб.

Спрыяльнае для навучання асяроддзе

Многія добра спланаваныя ўрокі аказваюцца неэфектыўнымі, калі на занятках не бывае падтрымліваючай атмасферы, зацікаўленай работы вучняў, а назіраюцца псіхалагічная напружанасць, страх вучняў быць непаспяховымі і г.д. Вопыт лепшых настаўнікаў паказвае, што на ўроках пануе спрыяльнае для навучання  асяроддзе, калі настаўнік:

= дэманструе вучням свае вялікія чаканні, бо найлепшы падарунак, якім мы можам парада­ваць блізкага, — гэта вера ў яго поспех; 

=  ставіцца да вучняў з цеплынёй, падтрымлівае позіркам, усмешкай;

= дае магчымасці для выбару;

= прымае ідэі вучняў;

= наладжвае на ўроку супрацоўніцтва;

= знаёміць вучняў з крытэрыямі, па якіх будзе ацэньвацца іх работа і яе вынікі;

= стварае сітуацыі поспеху для кожнага вучня, а не толькі для выдатнікаў;

= тлумачыць вучням сам працэс навучання: чаму мы вучымся так, а не інакш, чаму прапануецца для выканання менавіта такое заданне і г.д.

Іншыя характарыстыкі спрыяльнага для вучэння ўрока можна знайсці ў кнізе Джэфа Пэці “Сучаснае навучанне” (https://flibusta.site/b/570986).

Наяўнасць моцнай зваротнай сувязі

Вельмі важнае значэнне зваротная сувязь мае ў адукацыйным працэсе. Уявіце сабе, што на працягу вучэбнай чвэрці вучань атрымаў ад педагога толькі 3 адзнакі — па трох з 15 параграфаў, якія за гэты час вывучаліся. Настаўнік не ведае, як навучэнцам засвоены яшчэ 12 параграфаў, што яму  ужо зразумела, а што не, чаму ён ужо навучыўся, якія ёсць прабелы ў ведах, што патрабуе карэкціроўкі.

І іншая сітуацыя: настаўнік на ўроку апытаў і выставіў адзнакі чатыром вучням. Нават калі яны не вельмі добра адказвалі, ім пашанцавала, паколькі педагог нешта ім патлумачыў, дапамог разабрацца ў складаных момантах і новая тэма будзе ім больш зразумелай. Але ж у класе яшчэ, напрыклад, 20 вучняў. Ні педагог, ні гэтыя 20 чалавек не ведаюць, “на якім яны свеце”: у якой ступені яны засвоілі папярэдні матэрыял, чым можна ганарыцца, у чым заключаюцца прабелы, як іх выправіць. Такое навучанне но­сіць несістэмны характар, у ім няма зваротнай сувязі, паколькі ні настаўнік, ні вучні не бачаць прамежкавых вынікаў навучання. Гэта неэфектыўна!

Суб’ектамі зваротнай сувязі могуць і павінны быць усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу. Вучню атрыманне зваротнай сувязі ад педагога і ад сваіх аднакласнікаў патрэбна, бо паказвае, што ён ужо ведае і ўмее, а што пакуль не; дае інфармацыю аб прычынах памылак; павышае яго актыў­насць, дасведчанасць, самастойнасць і адказнасць, стварае ўмовы для супрацоўніцтва.

Калі на вучэбных занятках зваротная сувязь ажыццяўляецца рэгулярна, гэта аказвае на вучняў станоўчае эмацыянальнае ўздзеянне і з’яўляецца моцным матывуючым фактарам: вучні радуюцца свайму поспеху і бачаць тое, над чым яшчэ трэба папрацаваць; яны атрымліваюць канструктыўныя рэкамендацыі па карэкціроўцы іх дзейнасці; у іх фарміруецца адэкватная самаацэнка і выхоўваецца пачуццё ўласнай годнасці. Зваротная сувязь прызначана для падтрымкі навучэнцаў, а не для іх пакарання, напрыклад, дрэннымі адзнакамі. Не менш важная зваротная сувязь і для настаўніка, таксама яна мае вялікае значэнне ва ўзаемадзеянні паміж навучэнцамі і іх бацькамі.

Калегі, калі вы не зусім задаволены ўзроўнем пазнавальнай матывацыі і адказнасці вашых вучняў, іх адукацыйнымі вынікамі, калі вы разумееце, што ў вашай практыцы не ўсё дастаткова добра, то ведайце: у вас ёсць сродкі для  ўдасканалення сваёй дыдактычнай сістэмы. Пашукайце магчымасці для прафесійнага самаразвіцця ў кантэксце прадстаўленых у артыкуле кірункаў: планавання ўрока як сістэмы з мэтамі, што вызначаюць вынікі дзейнасці вучняў і настаўніка;  павышэння аб’ёму самастойнай і групавой работы вучняў, якая грунтуецца на іх патрэбах; стварэння на вучэбных занятках спрыяльнага для навучання асяроддзя; забеспячэння перманентных зваротных сувязей, якія аб’ядноўваюць навучанне, маніторынг, карэкцыю дзейнасці і яе вынікаў.

Мікалай ЗАПРУДСКІ,
прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА.