Сёння новыя патрабаванні прад’яўляюцца не толькі да навучэнца, але і да сучаснага настаўніка, які больш не можа быць толькі транслятарам ведаў і ўрокадаўцам, а павінен быць чалавекам, здольным праектаваць адукацыйнае асяроддзе дзіцяці. У выніку адной з умоў паспяховай дзейнасці ўстановы адукацыі з’яўляецца эфектыўная метадычная работа. Пра тое, як яна арганізоўваецца ў Юрацішкаўскім яслях-садзе — сярэдняй школе Іўеўскага раёна, як педагогі павышаюць сваё майстэрства ў міжкурсавы перыяд, што дазваляе пазбегнуць прафесійнага выгарання і настроіцца на поспех, — наша гутарка з дырэктарам гэтай установы Вольгай Эдвардаўнай ЧАСНОЎСКАЙ.
— Вольга Эдвардаўна, нездарма гавораць, што кадры вырашаюць усё… Як удалося сфарміраваць калектыў аднадумцаў?
— З гонарам магу сказаць, што ў нас сфарміраваны калектыў прафесіяналаў. Зладжаная праца педкалектыву дае магчымасць дасягаць значных поспехаў ва ўсіх напрамках дзейнасці ўстановы адукацыі. Убачыць і раскрыць патэнцыяльныя магчымасці кожнага педагога — мая задача як кіраўніка. Зносіны з педагогамі на прафесійным узроўні, якія праходзяць не толькі ў афіцыйнай, але і ў прыватнай абстаноўцы, дазваляюць зарадзіцца творчай пазітыўнай энергіяй маіх калег. Сёння кіраўнік — гэта і тонкі псіхолаг, і надзейны сябар, апора і падтрымка. Для кожнага члена калектыву важна прызнанне яго ўкладу ў агульны поспех, які стымулюе прафесійны рост. Энтузіязм і энергія кіраўніка перадаюцца настаўнікам, і гэта станоўча ўплывае на агульны настрой. Лічу, што поспех у працы шмат у чым залежыць ад дысцыпліны і парадку, упэўненасці, выразнага кантролю і аналізу і, вядома, ад заахвочвання ініцыятывы і творчасці. Я рада, што сёння педагагічны калектыў падтрымлівае адміністрацыю ўстановы ва ўсіх пачынаннях, давярае ёй.
Кожны педагог нашай каманды не толькі вучыць дзяцей, але і сам гатовы развівацца і вучыцца, павышаць свой прафесійны ўзровень, імкнуцца да самаразвіцця і самаўдасканальвання. Педагагічны калектыў установы дружны, творчы, крэатыўны. Ва ўстанове працуюць 37 педагогаў, 78% з якіх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, аднаму настаўніку прысвоена кваліфікацыйная катэгорыя “настаўнік-метадыст”, 78% педагогаў і 100% адміністрацыі з’яўляюцца сертыфікаванымі карыстальнікамі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Пяць педагогаў вучацца ў педагагічных УВА на завочнай форме з мэтай павышэння адукацыйнага ўзроўню.
Настаўнікі выкарыстоўваюць у сваёй рабоце розныя тэхналогіі: ад гульнявых да воблачных. Так-так, гульнявых, бо адукацыйны працэс ва ўстанове пачынаецца на дашкольнай прыступцы адукацыі. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Н.У.Сілюк актыўна выкарыстоўвае тэхналогію вэб-квеста, настаўніца беларускай мовы і літаратуры А.К.Свякла — тэхналогію развіцця крытычнага мыслення. Многія педагогі прымяняюць у прафесійнай дзейнасці сэрвісы Web 2.0 для павышэння якасці выкладання свайго прадмета. Настаўнікі Н.У.Сілюк, Ж.І.Чарняк, Г.С.Мінаева стварылі блогі, дзе змяшчаюць матэрыялы, неабходныя не толькі навучэнцам, але і настаўнікам для падрыхтоўкі да ўрокаў. Вядзе свой блог “Ключ” (клуб аматараў чытання) бібліятэкар А.В.Покуць. Пры дапамозе блога адбываюцца віртуальныя зносіны.
Работа нашых педагогаў прыносіць станоўчыя вынікі. Навучыць думаць, разважаць, шукаць і самастойна адкрываць нязведанае — мэта дзейнасці настаўніка-філолага Г.С.Мінаевай. Вынік сутворчасці, сумеснага пошуку — высокія дасягненні ў Абласным конкурсе даследчых работ “Хрустальная Альфа”. Некалькі гадоў запар адзінаццацікласнік Вадзім Казакевіч станавіўся ўладальнікам дыпломаў. Дарэчы, у снежні 2018 года Вадзіму на абласной сцэне ўручана пасведчанне аб прысуджэнні разавай стыпендыі Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”, а таксама ганаровая грамата за высокія паказчыкі ў вучобе і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і нагрудны значок “Стыпендыят Фонду міру”.
Нашы выпускнікі паспяхова дэманструюць свае веды на ЦТ. Летась Аляксей Пуцік упершыню ў гісторыі школы стаў уладальнікам 100-бальнага сертыфіката па беларускай мове.
— Як падтрымліваеце ў калектыве спрыяльную псіхалагічную абстаноўку?
— Асаблівую ролю ў дабрабыце педагагічнага калектыву адыгрывае правядзенне сумесных мерапрыемстваў: Дня настаўніка, Міжнароднага жаночага дня, Дня абаронцаў Айчыны. Традыцыйна праводзіцца на базе ўстановы адукацыі мерапрыемства раённага ўзроўню “Калядныя сустрэчы”. Яно стала нашай візітнай карткай, падзеяй, якая дае станоўчы зарад на ўвесь год. Гэтае мерапрыемства праводзіцца напярэдадні Новага года. Запрашаюцца супрацоўнікі аддзела адукацыі Іўеўскага райвыканкама, маладыя педагогі раёна, ветэраны педагагічнай працы, кіраўнікі ўстаноў адукацыі і іх прафсаюзныя лідары. Гэтаму мерапрыемству папярэднічае вялікая напружаная праца ўсіх членаў прафсаюзнай арганізацыі на чале са старшынёй Ж.П.Лукша.
З мэтай стварэння спрыяльнай псіхалагічнай абстаноўкі ў нашым калектыве адзін раз у месяц (апошняя пятніца месяца) праводзяцца трэнінгавыя заняткі, якія арганізоўвае педагог-псіхолаг. На гэтых заняках калегі могуць зняць напружанне пасля працоўнага тыдня, аднавіць жыццёвыя сілы, настроіцца на пазітыўнае ўспрыманне навакольнага свету і проста пагутарыць.
Штогод у маі педагогі ўстановы ўдзельнічаюць у турыстычным злёце, які праводзіцца для навучэнцаў 5—11 класаў, дзе разам са школьнікамі выконваюць заданні турыстычнага маршруту, радуюцца за поспехі каманды, атрымліваюць велізарны зарад станоўчай энергіі. Пасля заканчэння злёту ўсе разам ладзяць чаяванне з прысмакамі, спяваюць песні.
Вельмі пазітыўна адбіваюцца на атмасферы ў калектыве працоўныя справы. Гэта і ўдзел у суботніках, работа на прышкольным участку, аказанне дапамогі пажылым людзям, ветэранам педагагічнай працы.
— Якая метадычная работа праводзіцца ва ўстанове? Якое значэнне ёй надаецца?
— Метадычная работа перастае быць кансультацыйна-інфармацыйнай і накіроўваецца на арганізацыю самаадукацыі і самарэалізацыю як маладых педагогаў, так і настаўнікаў са стажам.
Пры планаванні метадычнай работы педагагічны калектыў імкнецца выбіраць тыя формы, якія рэальна дазваляюць вырашаць праблемы і задачы, што стаяць перад установай адукацыі: тэматычныя педагагічныя саветы; работа настаўнікаў над тэмамі самаадукацыі; метадычныя тыдні; узаеманаведванне і аналіз вучэбных, факультатыўных заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў; прадметныя тыдні; семінары-практыкумы; педагагічны маніторынг; павышэнне кваліфікацыі педагогаў; трансляцыя практычнага вопыту, атрыманага падчас курсаў павышэння кваліфікацыі, рэалізацыі адукацыйных праграм абласных, рэспубліканскіх семінараў; абагульненне вопыту; атэстацыя педагагічных работнікаў.
У бягучым навучальным годзе дзейнічае 6 метадычных фарміраванняў: МА настаўнікаў пачатковых класаў, выкладчыкаў музыкі і выхавальнікаў ГПД “Мы разам”; класных кіраўнікоў, сацыяльнага педагога і педагога-псіхолага; настаўнікаў-дэфектолагаў і настаўнікаў-прадметнікаў, выхавальнікаў, якія працуюць у класах, групах інтэграванага навучання і выхавання; выхавальнікаў дашкольнай адукацыі; настаўнікаў-прадметнікаў; сеткавае аб’яднанне педагогаў установы адукацыі “Глорыя”. Дзейнасць усіх фарміраванняў арыентавана на актуалізацыю і паглыбленне ведаў педагогаў, павышэнне вынікаў работы, падрыхтоўку іх да атэстацыі. Работа з маладымі спецыялістамі праводзіцца пры дапамозе настаўніцтва. Усе члены метадычных фарміраванняў генерыруюць цікавыя ідэі, даюць адкрытыя ўрокі для калег, праводзяць майстар-класы па рэалізацыі розных педагагічных ідэй і інавацый, акрамя таго, з’яўляюцца аўтарамі метадычных распрацовак і іншых карысных матэрыялаў.
— Якім чынам настаўнікі могуць раскрыць свой педагагічны патэнцыял?
— Па-першае, неабходна даць магчымасць раскрыць сябе праз удзел у конкурсах, канферэнцыях, прычым заўсёды трэба аказваць метадычную, псіхалагічную дапамогу.
Па-другое, лепшая матывацыя і дзейнасць — гэта сітуацыя поспеху. Шчыра радавацца любому поспеху педагога і адзначаць яго заслугі — задача кіраўніка.
Па-трэцяе, трансляцыя перадавога вопыту на старонках перыядычнага друку і прафесійных выданняў спрыяе павышэнню прафесійнага майстэрства іншых педагогаў, членаў калектыву.
Адукацыйныя рэсурсы “Размаўляй са мной па-беларуску”, “ЛІТАРАТУРА.ВУ”, створаныя Н.У.Сілюк, сёння сталі памочнікамі для настаўнікаў не толькі раёна, вобласці, але і ўсёй рэспублікі ў арганізацыі і правядзенні ўрокаў, падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд. У маі 2018 года Нона Уладзіміраўна паспяхова здала экзамен на прысваенне кваліфікацыі “настаўнік-метадыст”, увайшла ў склад рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Яна актыўна трансліруе эфектыўны педагагічны вопыт на ўсіх узроўнях, праводзіць майстар-класы для педагогаў. У снежні 2018 года прымала ўдзел у інтэрактыўнай змене QR-квеста “Загадкі малой радзімы” падчас VIII Рэспубліканскага каляднага фестывалю педагагічнага майстэрства.
Публікацыі навуковых артыкулаў “Уласныя імёны жыхароў прыхода храма свяціцеля Мікалая Цудатворца сярэдзіны ХІХ стагоддзя” і “Айканімія Юрацішкаўскага сельсавета” Г.С.Мінаевай і Вадзіма Казакевіча размешчаны ў зборніку “Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны”.
— Ці прыйшлі ў гэтым годзе маладыя педагогі? Якая работа праводзіцца з імі па замацаванні іх на першым рабочым месцы?
— Маладыя настаўнікі прыйшлі да нас у мінулым навучальным годзе. Гэта настаўнік англійскай мовы і выхавальнік дашкольнай адукацыі.
Маладых спецыялістаў мы прыцягваем у нашу ўстанову адукацыі яшчэ на стадыі размеркавання выпускнікоў ВНУ. Запрашаючы іх да нас на работу, мы прадумваем іх вучэбную нагрузку, забяспечваем жыллём, прапануем розныя варыянты правядзення вольнага часу.
Пачынаючыя настаўнікі ў асноўным маюць неабходныя прадметныя веды, але ў іх недастаткова педагагічных здольнасцей (майстэрства), якія набываюцца з вопытам. На першых этапах самастойнай педагагічнай дзейнасці за кожным маладым спецыялістам замацоўваецца вопытны настаўнік, яму аказваецца метадычная дапамога па вядзенні дакументацыі, падрыхтоўцы да ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў.
У лютым на базе нашага комплексу прайшло пасяджэнне клуба “Жураўлік” (для настаўнікаў 1 і 2 года працы). Для маладых спецыялістаў прадставіла матэрыялы з вопыту працы “Алгарытм работы навуковага кіраўніка ў даследчай дзейнасці навучэнцаў” настаўніца рускай мовы і літаратуры Ж.І.Чарняк. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Г.С.Мінаева правяла майстар-клас “Методыка навукова-даследчай дзейнасці настаўніка-прадметніка”.
— Інавацыйная работа шмат у чым спрыяе прафесійнаму росту педагогаў. Раскажыце пра інавацыйны праект, у якім вы цяпер працуеце.
— Дапамагчы дзецям не згубіцца ў жыцці, знайсці сваё прызванне, быць карысным людзям, стаць “профессором в профессии нужной своей” — задача інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійнай адукацыі, сям’і і соцыуму”, які ажыццяўляецца ва ўстанове. У яго рэалізацыі задзейнічаны ўвесь педагагічны калектыў, работа якога будуецца на прынцыпах даверу і ўзгодненасці, агульнай адказнасці за вынік. Пашырылася супрацоўніцтва ўстановы адукацыі з прадпрыемствамі пасёлка, раёна, установамі прафесійнай адукацыі вобласці. Актыўнымі ўдзельнікамі праекта сталі бацькі навучэнцаў. Навізна, пошук вядуць наш калектыў да новых вынікаў.
Педагогі рыхтуюць навучэнцаў да мэтанакіраванага выбару прафесіі з першых дзён іх навучання ва ўстанове. Для падлеткаў педагогі арганізоўваюць актыўнае саманавучанне і самавыхаванне, больш шырокае і глыбокае знаёмства са светам прафесій наогул і з асобнымі прафесіямі ў прыватнасці. У 10—11 класах школьнікі ў профільных групах вывучаюць беларускую мову і матэматыку на павышаным узроўні. На ўсіх этапах прафарыентацыйнай дзейнасці з імі працуюць класныя кіраўнікі, псіхолаг, настаўнікі-прадметнікі, бацькі і, калі неабходна, прадстаўнікі зацікаўленых арганізацый.
Перыядычна праводзяцца комплексная дыягностыка інтарэсаў, задаткаў, патрэб і магчымасцей навучэнцаў усіх класаў, дыягностыка наяўнасці цікавасці і схільнасцей да аднаго з тыпаў прафесій: “чалавек — чалавек”, “чалавек — мастацкі вобраз”, “чалавек — тэхніка”, “чалавек — прырода”, “чалавек — знакавая сістэма”.
Наша карпатлівая работа адлюстроўваецца ў асобасным росце навучэнцаў, у развіцці іх творчых здольнасцей. Павялічваецца матывацыя як у вучняў, так і ў бацькоў. Гэта нельга вымераць ні ў якіх працэнтах, але, калі відаць, што ў дзіцяці і бацькоў павышаецца цікавасць, умацоўваюцца традыцыі сям’і і школы, мамы і таты з радасцю дапамагаюць настаўніку, тады разумееш, што працуеш недарэмна.
У цэлым жа работа, што праводзіцца па ўдасканаленні прафесійна-педагагічнай культуры настаўнікаў, арыентуе на пераасэнсаванне ўласнага вопыту, стварэнне педагагічных навінак, індывідуальнага стылю дзейнасці і свайго прафесійнага “я”.
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.






