Да касмічных вышынь

- 9:43Актуально, На парадку дня

Таленавітыя і адораныя, працавітыя і мэтанакіраваныя юнакі і дзяўчаты, а таксама іх бацькі і педагогі атрымалі заслужаныя ўзнагароды падчас традыцыйнай цырымоніі “Талент Беларусі”. 

Цырымонія ўшанавання лаўрэатаў і стыпендыятаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, па падтрымцы таленавітай моладзі адбылася ў Палацы Рэспублікі. 

Для ўрачыстага мерапрыемства была выбрана касмічная тэматыка — вядучыя запрасілі ­ўдзельнікаў на борт касмічнага карабля “Беларусь-2022”, які ­здзейсніў палёт у бездані космасу да самых яркіх зорак нашай галактыкі. І гэта аказалася вельмі лагічным, бо, знаёмячыся з дасягненнямі юнакоў і дзяўчат, раз за разам хацелася ўсклікнуць: “Гэта проста космас!”. Відавочна, што лаўрэаты і стыпендыяты спецфондаў — гэта самыя яркія зоркі на небасхіле маладосці нашай краіны. Іх таленты маюць сапраўды касмічны маштаб. 

За 26 гадоў сваёй дзейнасці спецыяльны фонд Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў прыняў рашэнні аб заахвочванні 41 791 навучэнца і студэнта, 4066 педагагічных і навуковых работнікаў, якія ўнеслі асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адоранай моладзі.

Вітала гасцей мерапрыемства інтэрактыўная выстава інтэлектуальных і творчых дасягненняў. У сугуччы з галоўнай тэмай мерапрыемства гасцей вітаў робат-экскурсавод, якога зрабілі ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. Так, у рамках экспазіцыі можна было азнаёміцца з праектамі, што мелі поспех на конкурсе “100 ідэй для Беларусі”, перадавымі распрацоўкамі выхаванцаў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, даведацца, для чаго ў Гродзе­нскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы стварылі кросмесенджарны чат-бот “PIE_BOT”, стрымінгавы YouTube-праект “Паток” і яшчэ мноства цікавых прэзентацый, якія яскрава расказвалі аб шматграннасці талентаў юных беларусаў. 

У свяце “Талент Беларусі” ўзялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра І.В.Петрышэнка, міністр адукацыі А.І.Іванец, міністр культуры ­А.М.Маркевіч і старшыні спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, па падтрымцы таленавітай моладзі А.А.Румо, К.М.Дулава.

— Дапамога і падтрымка маладым талентам у творчым станаўленні, развіцці — адзін з галоўных дзяржаўных прыярытэтаў. У гэтым асноўная задача спецыяльных фондаў па падтрымцы таленавітай моладзі, якія назапасілі велізарны вопыт комплекснай падтрымкі юных талентаў ад малодшага ўзросту да ўступлення ў дарослае жыццё, — адзначыў, звяртаючыся да маладых людзей, якія сабраліся на ўрачыстым мерапрыемстве, Ігар Петрышэнка. — Вашы дасягненні з’яўляюцца вынікам стараннай працы ў спалучэнні з трывалымі ведамі і адначасова дапытлівасцю розуму, здольнасцю выйсці за рамкі вядомага, а часам і магчымага. 

Намеснік прэм’ер-міністра падкрэсліў, што, дзякуючы таленту і майстэрству нашай моладзі, за якімі стаіць каласальная праца, Беларусь годна прадстаўлена на міжнародным узроўні. Дасягненні на прэстыжных конкурсах да­юць падставу ганарыцца маладым пакаленнем таленавітых беларусаў. У пацвярджэнне гэтых слоў на сцэну ўзняліся лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў i студэнтаў, сярод якіх Ксенія Андрэйчук, уладальніца залатога медаля Міжнароднай алімпіяды навуковых праектаў International science project Olimpiad INSPO 2021, што прайшла ў Турцыі; Дар’я Вярыга, уладальніца залатога медаля Сусветнага конкурсу і выставы вынаходніцтваў World Invention Competition аnd Exhibition (WICE) 2021, што адбыліся ў Малайзіі; Аляксандр Кернажыцкі, Дзяніс Кім, Яфім Клімашэўскі, Іван Лук’янаў, Аляксей Філіновіч, якія заваявалі дыпломы І ступені Міжнароднай студэнцкай алімпіяды ў галіне інфарматыкі і праграмавання; Анд­рэй Касцяны, які атрымаў “золата” Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы ў Казахстане; залатыя медалісткі Міжнароднага конкурсу экалагічных праектаў International Science and Invention Fair (ISIF) 2020, што прайшоў у Інданезіі, Кацярына Мамаева і Паліна Фяклістава. 

Усяго ў 2021 годзе спецыяльным фондам Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў былі адзначаны 2161 чалавек, а таксама 5 інтэлектуальных і творчых аб’яднанняў навучэнцаў і студэнтаў, звання лаўрэата спецфонду ўдастоены 86 чалавек. 

Для кожнага чалавека і для кожнага аб’яднання прэмія спецфонду — гэта не толькі гонар і ўзнагарода, але і новыя магчымасці. Так, чатыры прадстаўнікі аб’яднанняў па інтарэсах навукова-даследчага профілю Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства сталі лаўрэатамі спецфонду. Падтрымку таксама атрымала аб’яднанне “Генетыка і селекцыя”.   

Сярод гранд-стыпендыятаў і навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Антон Мажарын.
— Мая калекцыя адзення прысвечана 100-годдзю аб’яднання “УНОВИС”, я натхняўся творчасцю мастакоў-авангардыстаў, у прыватнасці Казіміра Малевіча і Васіля Кандзінскага. Калекцыя прынесла мне перамогу XXVII Міжнароднага конкурсу маладых дызайнераў “Адміралцейская іголка”, дзякуючы чаму я і стаў стыпендыятам спецфонду. Дарэчы, другі раз. За свае дасягненні я вельмі ўдзячны каледжу, які дае моцную базу ўменняў і ведаў, і нашым цудоўным выкладчыкам — гэта сапраўдныя прафесіяналы і цудоўныя людзі. Такая ўсебаковая падтрымка дае магчымасць рэалізаваць усе свае творчыя ідэі, — падзяліўся Антон Мажарын.

— У 2022 годзе мы адзначылі 40-годдзе першага аб’яднання па інтарэсах навукова-даследчага профілю нашага цэнтра “Генетыка і селекцыя”. Выхаванкі аб’яднання Дар’я Вярыга і Марыя Велікаселец сталі лаўрэатамі спецфонду ў тым ліку і за свае інавацыйныя распрацоўкі ў галіне біятэхналогій. Іх работа накіравана на распрацоўку біялагічных сродкаў аховы раслін, якія можна прымяняць замест хімічных пестыцыдаў. Гэта вельмі важная тэма і актуальная сёння праблема. Дзяўчаты распрацавалі прататыпы прэпаратаў, якія ўжо заўтра могуць выкарыстоўвацца на палях нашай краіны, — расказвае Іван Анатольевіч Русскіх, загадчык лабараторыі аддзела навукова-даследчай і праектнай дзейнасці Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. — Наша ўстанова дае ўнікальныя магчымасці навучэнцам паспрабаваць сябе ў даследчай дзейнасці. Падтрымку спецфонду атрымала і наша аб’яднанне па інтарэсах “Генетыка і селекцыя”. Мы плануем закупіць новае абсталяванне, арганізаваць новую лабараторыю па інавацыйных тэхналогіях вырошчвання раслін, энергазберагальных тэхналогіях.

Іван Анатольевіч Русскіх, як і шэраг педагогаў, падчас мерапрыемства атрымаў Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Праслаўляюць нашу краіну сваімі дасягненнямі і юныя творцы. Яны гучна і ярка заяўля­юць пра сябе на найбуйнейшых сусветных творчых пляцоўках. За сваімі ўзнагародамі на сцэну ­ўзняліся лаўрэаты і стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Так, гранд-прэмія і званне лаўрэата спецыяльнага фонду прысуджаны Канстанціну Мазуркевічу, лаўрэату, уладальніку I прэміі XIX Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск-2021” у рамках ХХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”; Кірылу Халецкаму, які атрымаў 1-е месца XVIII Міжнароднага кінафестывалю кароткаметражнага кіно UWPG (Канада). 

Застаецца толькі пажадаць нашым цудоўным юным творцам, навукоўцам, разумнікам і разумніцам новых, касмічных вышынь. 

Дар’я РЭВА. 
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.