“Кожны дзень навучэнцы прыходзяць да мяне на заняткі з жаданнем дзяліцца сваімі думкамі і праблемамі, спасцігаць свет і месца сваёй радзімы ў ім, — гаворыць настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Шчучына Таццяна Чаславаўна Бадзюкова. — Кожны з іх праяўляе свае здольнасці да прадмета па-рознаму: хтосьці вучыцца пераважна на ўроках, хтосьці дэманструе веды на пасяджэннях клуба інтэлектуальных гульняў “Мудры Шчупак”. Некаторыя дзеці ўдасканальваюць англійскую мову пры ўдзеле ў раённым конкурсе замежнай песні “Тор Schооl” або выконваючы цікавы інтэрнэт-праект разам са школьнікамі з іншых краін, а таксама падчас вандровак”.
У пошуку паразумення
“Заходжу ў клас на ўрок і нібыта трапляю на сцэну, дзе я і мае вучні спрабуем сябе ў розных ролях — сцэнарыстаў, рэжысёраў, акцёраў, — гаворыць Таццяна Чаславаўна. — Ад таго, наколькі натхнёна і шчыра кожны выканае сваю ролю, залежыць вынік. Імкнуся стварыць на занятках атмасферу натуральных зносін. Усё мае значэнне, нават парты, пастаўленыя асаблівым чынам, — у нашым кабінеце яны стаяць паўкругам, каб глядзець адно аднаму ў вочы. Выбіраю прыёмы асобасна арыентаванага навучання — шукаю для кожнага навучэнца, чым можна яго “зачапіць”, зацікавіць. Больш за ўсё дзецям падабаецца расказваць пра сябе і сваё жыццё, таму даю ім магчымасць часцей выказвацца па блізкіх для іх тэмах. Галоўнае, каб яны не саромеліся гаварыць па-англійску, нават калі робяць памылкі.
Будую свае ўрокі не па адной тэхналогіі, лічу гэта непрымальным пры навучанні замежнай мове. Уключаю ў працэс выкладання элементы розных тэхналогій у залежнасці ад узросту дзяцей, тыпу і віду заняткаў. Выкарыстоўваю інтэрактыўныя метады навучання, ІКТ, прыёмы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, метад праектаў, гульнявыя тэхналогіі і іншыя. Яны развіваюць у дзяцей уменне гаварыць і кантактаваць, прывіваюць навыкі самастойнай работы”.
Каб з поспехам вывучаць замежную мову, трэба не проста засвойваць лексіку і граматыку, важна знаёміцца з грамадскім жыццём і культурай той краіны, якая з’яўляецца носьбітам мовы, і такім чынам удзельнічаць у своеасаблівым “дыялогу культур”. Лепш за ўсё рабіць гэта шляхам параўнання працэсаў і з’яў, якія адбываюцца ў жыцці дзвюх краін — нашай і замежнай. Такое навучанне называецца лінгвакраіназнаўчым. Галоўная яго мэта — забяспечыць камунікатыўную кампетэнцыю навучэнцаў.
Лінгвакраіназнаўчы падыход на ўроках англійскай мовы Таццяна Чаславаўна рэалізоўвае праз выкарыстанне аўтэнтычных тэкстаў для чытання і ўспрымання мовы на слых; знаёмства з рэаліямі, традыцыямі і звычаямі краіны, мова якой вывучаецца; выкарыстанне аўтэнтычнага ілюстрацыйнага матэрыялу; разыгрыванне дыялогаў і скетчаў, якія ілюструюць асаблівасці моўных і іншых тыповых паводзін грамадзян замежнай краіны, мова якой вывучаецца; выкарыстанне нацыянальных лялек гэтай краіны; знаёмства з яе фальклорам, а таксама з літаратурай, музыкай і жывапісам; правядзенне завочных азнаямляльных экскурсій і г.д. Такі падыход адкрывае навучэнцам шлях да дадатковых ведаў па геаграфіі, гісторыі, літаратуры і іншых прадметах.
“Сёння мы не адчуваем недахопу ў інфармацыі, — гаворыць Таццяна Чаславаўна. — Першы наш памочнік — падручнік. Нацыянальныя ВМК па англійскай мове пабудаваны на камунікатыўна-дзейнасным падыходзе, у іх уключаны разнастайныя звесткі аб розных сферах жыцця брытанскага грамадства. Аўтэнтычныя матэрыялы і заданні творчага характару накіраваны на тое, каб зацікавіць школьнікаў самім працэсам маўлення на англійскай мове, яны набліжаюць маўленне да рэальных умоў. На ўроках мы карыстаемся самым розным ілюстрацыйным матэрыялам, літаратурнымі, гістарычнымі і культуралагічнымі крыніцамі, замежнымі перыядычнымі выданнямі. Вялікую цікавасць выклікае ў навучэнцаў нацыянальная брытанская сімволіка. Ажыўляе ўрок работа з геаграфічнымі картамі, якія з’яўляюцца зручным аўтэнтычным матэрыялам. Рэкламныя праспекты — таксама адна з крыніц атрымання інфармацыі для навучання чытанню і для арганізацыі камунікатыўных зносін. Прыносіць эфект выкарыстанне відэафільмаў аб Англіі і іншых англамоўных краінах. У ходзе работы над вызначанай тэмай выбіраю з усіх магчымых крыніц інфармацыі тыя, якія маюць непасрэднае дачыненне да праблемы, што абмяркоўваецца, і заахвочваюць навучэнцаў да далейшага яе абмеркавання. З дапамогай інтэрнэту праводжу розныя па форме заняткі — сярод іх ёсць урокі-святы, урокі-вандроўкі. Нядаўна, напрыклад, правяла ўрок, прысвечаны славутым людзям. Мы заходзілі ў інтэрнэт для таго, каб паслухаць выказванні вядомых людзей па самых розных пытаннях. Школьнікаў вельмі зацікавіла прамова амерыканскага прадпрымальніка, дызайнера і вынаходніка, аднаго з заснавальнікаў кампаніі Apple Сціва Джобса, які расказваў пра сябе і сваю кампанію, выказваўся аб сэнсе і мэтах жыцця, аб тым, як стаць паспяховым. Праз інтэрнэт-вандроўкі знаёмімся і з вядомымі суайчыннікамі. Старшакласнікі, напрыклад, праводзяць віртуальныя экскурсіі на англійскай мове па Віцебску і шагалаўскіх мясцінах. Навучэнцы сярэдніх класаў робяць камп’ютарныя прэзентацыі, а пасля агучваюць іх.
Сёння ёсць шмат магчымасцей для таго, каб вывучаць і ўдасканальваць замежную мову, было б толькі жаданне. Прычым рабіць гэта можна не толькі займаючыся традыцыйна па падручніках, але і ў больш вольнай форме. Дзецям, напрыклад, падабаецца рабіць літаратурныя пераклады, асабліва вершаваных твораў — гэтай работай я магу зацікавіць нават тых, каму цяжка даецца мова. Нашы навучэнцы прымаюць удзел у розных інтэрнэт-праектах, якія аб’ядноўваюць школьнікаў з розных краін свету. Адзін з іх — абмен святочнымі паштоўкамі і відэаролікамі паміж дзецьмі розных краін. Нашы школьнікі, напрыклад, перапісваюцца са школьнікамі з Тайваня. Зразумела, гэта добры стымул для ўдасканалення ведаў па англійскай мове. Навучэнцы школы таксама прымалі ўдзел у праекце “Паветраныя змеі, якія размаўляюць” — здымалі відэаролікі, у якіх рабілі пасланне чалавецтву, разважалі на розныя актуальныя тэмы, пасля размяшчалі відэаролікі ў інтэрнэце. Дзеці ездзяць і за мяжу, некаторыя з іх удасканальвалі веданне англійскай мовы на занятках у летніх школах, якія арганізуюцца пры замежных універсітэтах, і вярнуліся адтуль з багажом ведаў і добрымі водзывамі ад выкладчыкаў”.
Адпраўляемся ў падарожжа па Брытаніі
Таццяна Чаславаўна вельмі адказна падыходзіць да падбору тэкстаў для чытання і аўдзіравання і да методыкі работы з імі, да зместу практыкаванняў, якія прапаноўвае выканаць навучэнцам. Яна патрабуе ад тэкстаў інфармацыйнай насычанасці; багацця лексіка-граматычнага матэрыялу; адпаведнасці тэматыкі, пазначанай вучэбнай праграмай, сітуацыям зносін; уліку ўзроставых і індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў і ўзроўню моўных ведаў пэўнай групы навучэнцаў; сучаснасці і аўтэнтычнасці матэрыялу. Настаўніца аддае перавагу тэкстам, якія ўтрымліваюць ацэначную характарыстыку, меркаванні, пэўны пункт гледжання (напрыклад, дыялогам, лістам, разважанням). Прыступаючы да работы над тэкстам, навучэнец павінен зразумець яго, а пасля выканаць практыкаванні. Спачатку практыкаванні ўключаюць заданні, выконваючы якія трэба зрабіць выбар, ажыццявіць пошук, імітацыю і каменціраванне. Так, вялікую цікавасць у школьнікаў выклікаюць завочныя падарожжы па Брытаніі. У ходзе такіх падарожжаў ім прапаноўваецца прагледзець шэраг фатаграфій са знакамітымі месцамі Брытаніі і ў сціслай форме расказаць аб іх, такім жа чынам можна прапанаваць агучыць відэаролікі або прэзентацыі. А пасля параўнаць рэаліі Брытаніі і Беларусі.
Наступны этап работы на тэкстам — замацаванне ўжо засвоенага матэрыялу. Ён уключае практыкаванні, накіраваныя на творчую перапрацоўку ўспрынятага тэксту і ўдасканаленне камунікатыўных здольнасцей. Да іх адносіцца і дзяленне на сэнсавыя часткі, і пошук ключавых сказаў, і складанне плана тэксту. Напрыклад, прапаноўваюцца такія заданні: раскажыце, аб чым вы даведаліся..; перадайце змест тэксту ў 7—10 сказах; выкарыстоўваючы тэкст, дакажыце, што…; знайдзіце ў тэксце новую інфармацыю і прааналізуйце яе… і г.д.
У далейшым настаўніца рэкамендуе перайсці да інтэрпрэтацыі прачытанага ці праслуханага, калі навучэнцы ўдасканальваюць маўленчыя навыкі, вучацца весці размову. Карыснай у такім выпадку з’яўляецца работа ў групе. Прапаноўваюцца наступныя заданні: вызначыць, якую інфармацыю ўтрымлівае тэкст, абмеркаваць яе ў групе; прачытаць план тэксту, прачытаць (праслухаць) тэкст, знайсці ў ім інфармацыю па кожным пункце плана, пабудаваць сваё паведамленне па плане; выкарыстоўваючы апісаныя факты, даказаць наступнае…; суаднесці змест тэксту з прапанаванымі назвамі тэксту, выбраць назву, якая больш за ўсё падыходзіць, абгрунтаваць свой выбар; самастойна выбраць ключавыя словы і фразы, якія могуць быць выкарыстаны ў якасці апорных.
Нарэшце справа даходзіць да выкарыстання атрыманай з тэкстаў інфармацыі ў сітуацыях зносін. Практыкаванні, што прапаноўваюцца, накіраваны на выкарыстанне маўленчых структур у розных камунікатыўных сітуацыях. Кожная з іх можа быць набліжана да аўтэнтычнай (напрыклад, ролевая гульня, урок-дыскусія, тэлемост) або насіць натуральны характар (у форме сустрэчы з замежнай дэлегацыяй, паездкі ў англамоўныя краіны, ліста замежнаму сябру). Задача навучэнцаў — атрымаць з прапанаванага тэксту інфармацыю, зразумець яго асноўную ідэю, пасля чаго інтэрпрэтаваць і ацаніць яе. Навучэнцы рыхтуюць свае выказванні ў вуснай і пісьмовай форме. Такія практыкаванні дапамагаюць крытычна ўспрымаць розныя палітычныя і культурныя падзеі, што адбываюцца за мяжой, параўноўваць іх з рэаліямі нашай краіны, рабіць высновы. У комплексе такая сістэма практыкаванняў забяспечвае авалоданне камунікатыўнай кампетэнцыяй.
Інтэлектуальныя і творчыя
“За гады, праведзеныя разам, Таццяна Чаславаўна стала для нас сапраўдным сябрам, настаўнікам, чалавекам, у сэрцы якога знайшлося месца для кожнага, — так напісала пра сваю настаўніцу ў артыкуле, які быў надрукаваны ў раённай газеце “Дзянніца”, навучэнка 11 класа Настасся Тракала. — Таццяна Чаславаўна пераканана ў тым, што сучасны настаўнік павінен адпавядаць патрабаванням сучаснага навучэнца. Інтэрнэтам, мабільным тэлефонам і іншымі цудамі сучаснай цывілізацыі наша настаўніца валодае не горш, а можа, і лепш за сваіх вучняў. Творчасць — абавязковы складнік жыцця Таццяны Чаславаўны. Доказам таму з’яўляецца ўдзел нашай класнай у конкурсе “Настаўнік года”.
Сярод навучэнцаў Таццяны Чаславаўны Бадзюковай ёсць прызёры раённых і абласных алімпіяд. А сама настаўніца з’яўляецца трэнерам раённай школы “Інтэлект” і кіраўніком раённага клуба інтэлектуальных гульняў “Мудры Шчупак”. Клуб быў створаны ў 2000 годзе, ён аб’ядноўвае 26 школьных каманд Шчучынскага раёна, якія пры-маюць удзел у розных тэматычных інтэлектуальных турнірах, напрыклад, у раённым конкурсе спікераў на замежнай мове, у студзені — у раённым Кубку Шчупака, а таксама ў абласных і рэспубліканскіх выпрабаваннях.
Увесь тыдзень навучэнцы з нецярпеннем чакаюць пятніцы для таго, каб у чарговы раз сабрацца на пасяджэнні інтэлектуальнага клуба “Мудры Шчупак”. Займаючыся ў клубе, яны павышаюць сваю эрудыцыю, вучацца крэатыўна думаць, прымаць самастойныя рашэнні, не спыняцца на дасягнутым.
Клуб садзейнічае пашырэнню зносін паміж дзецьмі, якім у сучасным жыцці не хапае непасрэдных сустрэч і размоў. Сустрэчы праходзяць у розных формах: дзеці гу-ляюць па правілах гульняў “Што? Дзе? Калі?”, “Свая гульня”, розных інтэрактыўных гульняў, прымаюць удзел у дэбатах, брэйн-рынгу, камп’ютарным тэсціраванні. Адводзіцца час на і разгляд пытанняў. Найбольш цікавыя гульнявыя прыёмы Таццяна Чаславаўна заўсёды ўключае ў свае ўрокі.
“Неад’емнай часткай жыцця нашага класа сталі займальныя паездкі, паходы, канцэрты, арганізаваныя нашым класным кіраўніком, — піша далей у артыкуле Настасся. — Таццяна Чаславаўна развівае нашы здольнасці, натхняе нас на творчыя адкрыцці. Яна — галоўны крытык нашых твораў, наш памочнік у перакладзе тэкстаў песень на англійскую мову. Многія юнакі і дзяўчаты з нашага класа захапляюцца спевамі. Праявіць сябе мы можам на штогадовым конкурсе замежнай песні “Тор Schооl”, арганізатар якога — наш класны кіраўнік”.
Конкурс замежнай песні (своеасаблівае еўрабачанне для школьнікаў) праводзіцца ўжо трынаццаць гадоў, і трэці раз конкурс праводзіўся на раённым узроўні. У апошнія гады конкурс прысвячаўся пэўным тэмам — роднаму гораду Шчучыну, Беларусі і яго знакамітым людзям, у тым ліку кампазітару і спеваку Чаславу Нэману, які нарадзіўся ў Шчучынскім раёне, а пасля пераехаў у Польшчу. Падчас аднаго з конкурсаў быў арганізаваны збор сродкаў на рэстаўрацыю яго дома-музея.
Надзея ЦЕРАХАВА.