Да новага навучальнага года для школьнікаў падрыхтавана 28 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў

- 17:20Новости

Навінкі вучэбнага кнігавыдання былі прэзентаваны журналістам у прэс-цэнтры Дома прэсы, перадае карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Па словах начальніка метадычнага цэнтра Акадэміі адукацыі Людмілы Раманоўскай, да 2025/2026 навучальнага года для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі падрыхтавана 28 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, з іх 26 — перавыдадзеныя ці паўторна выпушчаныя.

З 1 верасня ў адукацыйным працэсе будуць выкарыстоўвацца 2 новыя дапаможнікі: па прадмеце «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» для 3-га класа і «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі» для 11-га класа. Абодва выданні перад укараненнем у масавую практыку паспяхова прайшлі апрабацыю ў 14 установах агульнай сярэдняй адукацыі нашай краіны.

Што тычыцца перавыдадзеных вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў, у іх склад увайшлі 6 вучэбных выданняў для І ступені агульнай сярэдняй адукацыі і 20 — для ІІ і ІІІ ступеней. Так, для пачатковай школы падрыхтаваны «Працоўнае навучанне» для 1-га класа, «Руская мова» для 2-га класа для ўстаноў з беларускай мовай навучання, «Беларуская мова» для 2-га класа для ўстаноў з рускай мовай навучання, «Чалавек і свет» для 3-га класа, «Матэматыка» для 2-га класа і «Літаратурнае чытанне» для 4-га класа. Для 5-га класа перавыдадзены «Руская мова», «Матэматыка», «Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца», «Працоўнае навучанне. Абслуговая праца», «Іспанская мова» (павышаны ўзровень), для 8-га класа — «Нямецкая мова», «Руская літаратура» і інш.

— Перавыдадзеныя вучэбныя дапаможнікі прайшлі доследную праверку ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, і пры падрыхтоўцы да паўторнага выпуску ў іх былі ўнесены ўсе неабходныя змяненні і дапаўненні, — адзначыла Л. Раманоўская. — З улікам меркавання ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу ўдасканалены і структура вучэбных дапаможнікаў, і змест асноўнага тэксту (дзе гэта было неабходна), і сістэма пытанняў і заданняў. Планамерна мы працягваем работу па ўдасканаленні навігацыйнага апарату вучэбных дапаможнікаў і прывядзенні яго да аднастайнасці. Да аднастайнасці прыводзяцца і шрыфтавыя выдзяленні, каб было добра зразумела, які матэрыял з’яўляецца асноўным для вывучэння, а які — дадатковым. Ва ўсе вучэбныя дапаможнікі для ІІ і ІІІ ступеней агульнай сярэдняй адукацыі абавязкова ўносіцца такі структурны элемент, як артыкул «Як працаваць з вучэбным дапаможнікам (падручнікам)». Гэта істотна аблегчыць дзецям самастойную работу з вучэбным выданнем.

З мэтай фарміравання ў навучэнцаў функцыянальнай адукаванасці дапрацавана сістэма пытанняў і заданняў з пункту гледжання прымянення атрыманых ведаў і ўменняў на практыцы для вырашэння канкрэтных жыццёвых задач.

У выніку дапрацоўкі вучэбнай літаратуры па замежных мовах змест гэтых дапаможнікаў дапоўнены інфармацыяй, якая дазваляе навучэнцам сфарміраваць уменні прадстаўляць нашу краіну, яе культуру ва ўмовах міжкультурнай камунікацыі.

— Сёння вялікая ўвага ўдзяляецца павышэнню выхаваўчага патэнцыялу прадмета. І гэта знаходзіць адлюстраванне ва ўсіх вучэбных выданнях, — падкрэсліла Л. Раманоўская. — У вучэбныя дапаможнікі і падручнікі ўключаецца інфармацыя аб дасягненнях суверэннай Беларусі, культурнай спадчыне краіны. Напрыклад, у вучэбны дапаможнік па матэматыцы для 5-га класа ўключаны задачы, у якіх змяшчаецца інфармацыя пра рэкі Беларусі, возера Нарач, Нацыянальны алімпійскі стадыён «Дынама», фарфоравы завод у Добрушы і іншыя прадпрыемствы. Вучэбны дапаможнік па хіміі для 9-га класа знаёміць навучэнцаў з дасягненнямі хімічнай навукі Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці з распрацоўкай новага пакалення вадкіх угнаенняў, з высокатэхналагічнай вытворчасцю на прыкладзе Гомельскага хімічнага завода, ААТ «Гроднаазот», «Беларуськалій» і інш. Гісторыя станаўлення хімічнай прамысловасці ў краіне разглядаецца на прыкладзе шклозавода «Нёман», Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне і інш. У падручніку па біялогіі для 9-га класа ёсць матэрыял пра навуковыя адкрыцці і дасягненні ў галіне айчыннай навукі, напрыклад пра высокатэхналагічныя мікрахірургічныя аперацыі, 3D-мадэляванне для правядзення аперацый у трохмернай прасторы і інш.

Традыцыйна да новага навучальнага года выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» рыхтуе да выдання вучэбны дапаможнік «Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі першакласніку», які маленькія школьнікі ўрачыста атрымаюць у Дзень ведаў. Гэтае выданне дапрацавана з улікам сучаснай актуальнай інфармацыі.

Акадэмія адукацыі таксама працягвае сістэмную работу па забеспячэнні вучэбнай літаратурай дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У 2025 г. запланаваны выпуск 33 такіх дапаможнікаў для розных катэгорый навучэнцаў.

Л. Раманоўская нагадала, што электронныя версіі вучэбнай літаратуры размешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале ў адкрытым доступе.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара