Традыцыйна ў пачатку новага года Міністэрства адукацыі праводзіць выніковую калегію па выніках мінулага года. Мерапрыемства збірае прадстаўнікоў усіх узроўняў сістэмы адукацыі, каб абмеркаваць дасягненні і праблемы, з якімі давялося сутыкнуцца ў 2019 годзе, і абазначыць задачы на 2020 год.
Гэтым разам для падвядзення вынікаў года ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце збяруцца каля 600 спецыялістаў сістэмы адукацыі з усіх рэгіёнаў краіны.
2019 год быў вельмі насычаным для сістэмы адукацыі нашай краіны. Ён увойдзе ў гісторыю знакавымі падзеямі і стратэгічнымі рашэннямі. 2019 год запомніцца ўдзелам Беларусі ў даследаваннях PISA, правядзеннем ІІ Еўрапейскіх гульняў, стварэннем рэспубліканскіх цэнтраў (псіхалагічнай дапамогі, валанцёрскага), дынамічным развіццём міжнародных сувязей. Год беларускай адукацыі ў Кітаі стаў знакавым для нас і кітайскага боку.
У 2019 годзе дынамічна развівалася і вышэйшая школа, дзе паспяхова рэалізоўваўся праект “Універсітэт 3.0”. А ўніверсітэцкія выкладчыкі паспяхова спалучалі педагагічную і навуковую дзейнасць.
У гэтым годзе быў падрыхтаваны і прыняты ўказ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб стварэнні Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка для самых таленавітых і здольных школьнікаў. Было праведзена шмат мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці.
У 2019 годзе былі павышаны заробкі педагагічным работнікам, быў прыняты дакумент, які рэгламентуе новыя ўмовы правядзення рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Новы імпульс развіцця набыла сістэма прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у якой на працягу 2019 года былі створаны рэсурсныя цэнтры.
Усе гэтыя і іншыя падзеі мінулага года стануць падмуркам для развіцця сістэмы адукацыі ў 2020-м. У сённяшнім спецыяльным нумары мы прадстаўляем тых людзей, якія сваёй адданай працай умацоўвалі гэты падмурак.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.