Сіла ў моладзі

- 17:58Актуально, Калегіі, пасяджэнні

Праблемы, якія хвалююць моладзь, трэба выносіць на абмеркаванне не толькі ў Міністэрства адукацыі, але і ў парламент. Такое меркаванне выказала старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч падчас пасяджэння маладзёжнага савета.

Асноўнае пытанне, якое патрабавала прыняцця рашэння падчас пасяджэння маладзёжнага савета Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, — выбар яго новага кіраўніка. Ім стала лідар пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі БНТУ Настасся Барабанава.  

Кіраўнік Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Раманаўна Якубовіч нагадала, што асноўная задача дзейнасці маладзёжнага савета — рэалізацыя маладзёжнай палітыкі, а таксама сацыяльная падтрымка і абарона моладзі.

“Дзейнасць мала­дзёжнага савета на­кіравана на грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, падтрымку таленавітай і адоранай моладзі, а таксама са­дзейнічае прафесійнаму станаўленню маладых педагогаў, студэнтаў”, — сказала Т.Якубовіч.  

У Год гістарычнай памяці Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі сумесна з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка працуе над кнігай “Педагагічныя дынастыі”. Да работы над ёй падключылі ўсе вобласці краіны. У кнізе будуць прадстаўлены 112 дынастый, кожнай з якіх пасля будуць уручаны адпаведныя кнігі.

Т.Якубовіч заклікала маладзёжны савет падумаць над ідэяй і магчымасцю рэалізацыі праекта, да ўдзелу ў якім можна далучыць усю краіну і які стане ўкладам прафесійнага саюза ў Год гістарычнай памяці. 

“Хочацца рэалізаваць такі праект, які запоўніцца ўсім, — падзялілася думкамі Таццяна Раманаўна. — Сёння мы многа гаворым пра патрыятызм і разумеем, што патрыётамі не нараджаюцца, імі становяцца. Таму фарміраваць патрыятызм у дзяцей павінны менавіта мы, дарослыя. Важную ролю ў гэтым адыгрываюць сям’я і школа. Дзеці, бацькі і настаўнікі — гэта адзінае цэлае ў вырашэнні многіх пытанняў. Іх узаемадзеянне актуальна не толькі ў захаванні гісторыі сваёй краіны, ушанаванні памяці. Таму мы, прадстаўнікі прафсаюзаў, павінны не толькі гэта падтрымліваць, але і садзейнічаць сумеснай рабоце. Акрамя гэтага, хачу, каб маладзёжны савет збіраўся згодна з планам работы, вывучаў тыя моманты, з якімі сутыкаемся і якія патрабуюць нашага рэагавання. І, безумоўна, некаторыя пытанні будзем выносіць на абмеркаванне не толькі ў Міністэрства адукацыі ці Нацыянальную акадэмію навук, а і ў парламент”.

Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі сумесна з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка працуе над кнігай “Педагагічныя дынастыі”. У ёй будуць прадстаўлены 112 дынастый.

З тым, што мала­дзёжны савет павінен заўсёды быць актыўным і вырашаць на­дзённыя пытанні, якія тычацца моладзі, зга­дзілася таксама новы кіраўнік маладзёжнага савета Настасся Барабанава. 

“Быць выбранай на пасаду старшыні маладзёжнага савета — гэта вельмі сур’ёзны і адказны крок для мяне, — дзеліцца эмоцыямі Н.Барабанава. — Для паўнавартаснай і зладжанай работы маладзёжнага савета неабходна цеснае ўза­е­ма­дзеянне ўсіх яго ўдзель­нікаў. Менавіта гэта дапаможа вырашаць пастаўленыя задачы хутка і найбольш эфектыўна.

Так, маладзёжны савет накіраваны на тое, каб дапамагаць у вырашэнні актуальных пытанняў у галіне маладзёжнай палітыкі, а задача членаў савета — больш актыўна прапаноўваць новыя формы работы з моладдзю і выказваць сучасныя ініцыятывы.

Што тычыцца галоўнай функцыі савета, то мы павінны вылучаць найбольш цікавыя, якасныя ідэі маладзёжнага актыву, арганізоўваць і праводзіць спартыўныя, культурныя мерапрыемствы. Безумоўна, важна прымаць актыўны ўдзел у вучэбных семінарах, дыялогавых пляцоўках, арганізоўваць конкурсы, у тым ліку прымеркаваныя да Года гістарычнай памяці. Не менш важным з’яўляецца актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, актыўнае абмеркаванне заканадаўчых актаў, што прымаюцца ў краіне. Але спачатку мне як новаму лідару маладзёжнага савета хочацца вынесці на абмеркаванне распрацоўку і стварэнне нашага ўласнага стылю. І яшчэ трэба падумаць над правя­дзеннем велапрабегу. Я ўпэўнена, што менавіта маладыя людзі многа ў чым вызначаюць не толькі сучаснасць, але і будучыню дзяржавы. Моладзь — сіла нашай краіны, яе стратэгічны і кадравы рэсурс. Сёння на нас робіцца вельмі вялікая стаўка”.

Наталля САХНО.
Фота аўтара.