Падрыхтоўка ў разгары

- 10:13Актуально, Калегіі, пасяджэнні

У Міністэрстве адукацыі прайшло пасяджэнне калегіі па пытаннях падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да пачатку 2022/2023 навучальнага года. 

Аператыўную інфармацыю агучылі кіраўнікі структурных падраздзяленняў апарату Міністэрства адукацыі, начальнікі галоўных упраўленняў адукацыі (па адукацыі) аблвыканкамаў, старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. 

Міністр адукацыі Андрэй Іванец спыніўся на ключавых пытаннях: 

— Хачу пачуць дакладныя лічбы і аб’ём фінансавання з абласных бюджэтаў, які быў выдзелены на падрыхтоўку да навучальнага года ўстановам адукацыі ў кожнай вобласці. Другое пытанне — кадравае. І тут я хацеў бы пачуць канкрэтныя лічбы. Які працэнт ратацыі або змены кіраўнікоў на ўсіх узроўнях адукацыі? Як вырашаюцца праблемы забяспечанасці сістэмы адукацыі педагагічнымі кадрамі? Мы з вамі неаднаразова гэта абмяркоўвалі. І ўжо на базе АПА арганізавана гадавая дыстанцыйная вучэбная праграма для атрымання педагагічнай адукацыі.

Што тычыцца выхаваўчай работы, то тут да 1 верасня мы падыходзім з вельмі сур’ёзнымі змяненнямі на ўсіх узроўнях. Гэта звязана з пытаннямі ўдасканалення патрыя­тычнага выхавання, з адпаведным загадам Міністэрства адукацыі аб дзяржаўных сімвалах. Звяртаемся да створаных крытэрыяў эфектыўнасці рэалізацыі дзяжаўнай мала­дзёжнай палітыкі, што стане найважнейшым крокам наперад для выбудоўвання ў адзіную цэласную карціну ўсёй работы ў гэтым напрамку. Па гэтых крытэрыях бу­дзе давацца ацэнка работы аблвыканкамаў і ўстаноў адукацыі. Трэба прытрымлівацца школьнага стандарту — дакумента, які тычыцца ўсіх напрамкаў работы ў школе.

Плануецца, што 1 верасня 2022 года колькасць выхаванцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі складзе каля 390,9 тысячы, вучэбныя заняткі пачнуць каля 1 млн 85 тысяч навучэнцаў, у тым ліку 115 тысяч першакласнікаў.

Па пытаннях развіцця спецыяльнай адукацыі і інклюзіі праведзена міжведамасная нарада нашага міністэрства з Міністэрствам аховы здароўя і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. Рыхтуецца адпаведны план работы, які падпішуць тры міністры. Хацеў бы звярнуць увагу, што ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі прапісана паняцце інклюзіўнасці адукацыі. Усе дзеці з асаблівасцямі развіцця, якія могуць інтэгравацца ў агульныя калектывы, павінны мець такую магчымасць. Мы павінны пашырыць пералік спецыяльнасцей, па якіх будуць праходзіць навучанне дзеці з АПФР (з магчымасцю наступнага працаўладкавання). Асаб­лівую ўвагу ўдзяляем дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у развіцці якой трэба максімальна адыходзіць ад фармалізму.  

Ключавыя задачы для ўстаноў вышэйшай адукацыі — экспарт і выкананне кантрольных лічбаў прыёму, а таксама развіццё мэтавай формы падрыхтоўкі. У новым навучальным годзе мы павінны выйсці на наступныя лічбы: па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях — да 70% мэтавай формы пад­рыхтоўкі, па медыцынскіх — да 80%, па ўсіх астатніх — да 60%.

Дзіцячыя сады і інтэрактыўны сэрвіс 

У 2022 годзе ў краіне пабуду­юць 13 дзіцячых садоў на 2275 месцаў. Усяго такіх устаноў на 1 верасня будзе 2866. Гэтай інфармацыяй падзялілася начальнік Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі міністэрства Марыя Кіндзірэнка. На сёння ўжо ўведзены дзіцячыя сады ў Гродне і Шклове. 1 верасня выхаванцаў пры­муць яшчэ 5 дашкольных устаноў у ­Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцях, а да канца года яшчэ 6, у тым ліку 4 у Мінску. У Кобрыне і Століне адкрыюцца школы, у кожнай з якіх прадугледзяць па 150 месцаў для дашкольнікаў. 

Застаюцца пытанні крокавай даступнасці дзіцячых садоў, якія могуць быць вырашаны толькі шляхам новага будаўніцтва. Сёння развіваецца інтэрактыўны сэр­віс аб наяўнасці свабодных месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі канкрэтнага горада або раёна, што спрашчае ўзаемадзеянне бацькоў са службамі “Адно акно”. Прадугледжана будаўніц­тва (рэканструкцыя) устаноў адукацыі, размяшчэнне садоў на першых паверхах жылых будынкаў пры будаўніцтве ў мікрараёнах-новабудоўлях, стварэнне месцаў для дашкольнікаў у школах, што будуюцца, груп кароткачасовага знаходжання (ад 2 да 7 гадзін) у садках. Для падвозу навучэнцаў набываюцца школьныя аўтобусы, абнаўляюцца (перапрафілююцца) групавыя памяшканні дзіцячых садоў, якія раней выкарыстоўваліся не па прызначэнні. 

Вучэбныя дапаможнікі і абсталяванне 

У 2022 годзе адкрыюцца 4 новыя школы на 2682 месцы (у тым ліку на 300 месцаў для выхаванцаў) — у Кобрыне, Століне, Смалявічах і Мінску. Усяго ў краіне бу­дзе 2901 школа і гімназія. Падвозам забяспечаць 53,7 тысячы навучэнцаў.

Для дзіцячых садоў і школ закупляецца і пастаўляецца вучэбнае абсталяванне і сродкі навучання. Запланавана выданне 44 вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку 10 вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў спецыяльнай адукацыі. Дашкольнікі атрымаюць 8 найменняў вучэбных дапаможнікаў і 13 вучэбна-метадычных і вучэбных наглядных дапаможнікаў. 

Падрыхтаваны інструктыўна-метадычныя пісьмы аб асаб­лівасцях арганізацыі адукацыйнага працэсу. У фокусе — ацэнка вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, паняцце нездавальняючай адзнакі, рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу ўрока і змяненні, звязаныя з уступленнем у сілу новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. Распрацаваны шэраг новых дакументаў, якія неабходна рэалізаваць у поўным аб’ёме ва ўсіх дзіцячых садах і школах. Гэта школьны стандарт, правілы педагагічных работнікаў і шэраг іншых нарматыўных дакументаў.

Інклюзія і даступнае асяроддзе 

Адукацыйны працэс для амаль 41 тысячы дзяцей з асаб­лівымі патрэбамі ў новым навучальным годзе будзе арганізаваны ва ўмовах інтэграцыі. Доля дзяцей з АПФР ад агульнай колькасці дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў складае 9,47 працэнта. Іх ахоп спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай складае 99,9 працэнта. 

Для 2,3 тысячы дзяцей з інваліднасцю будзе арганізаваны падвоз да ўстаноў адукацыі на спецыяльна абсталяваным транспарце. Колькасць поўнасцю або часткова даступных аб’ектаў сярод устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі складае 70 працэнтаў. У больш чым 30 працэнтах дзіцячых садоў і 20 працэнтах школ адсутнічаюць элементы безбар’ернага асяроддзя. У гэтым годзе запланаваны работы па стварэнні даступнага асяроддзя ў 64 установах адукацыі. Набываюцца спецыяльнае і праграмнае абсталяванне, спецыялізаваныя сродкі навучання для навучэнцаў з АПФР, у тым ліку з інваліднасцю.

***

Міністр адукацыі адзначыў карысць праведзенай работы па стварэнні інтэрактыўнай карты з інфармацыяй аб наяўнасці свабодных месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі. На працягу новага навучальнага года можна будзе перайсці на адзіную электронную чаргу па ўсёй краіне. Асаблівую ўвагу варта ўдзяляць установам адукацыі, якія не маюць акрэдытацыі. Выяўляюцца факты дзейнасці анлайн-школ, пры тым, што дыстанцыйная форма навучання на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі ў нас не прадугледжана. Акрамя таго, міністр звярнуў увагу на неабходнасць сістэмнай работы з таленавітымі дзецьмі. Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк з’яўляецца ядром кластара па рабоце з адоранай моладдзю, з якім неабходна ўзаемадзейнічаць усім школам. 

Надзея ЦЕРАХАВА. 
Фота аўтара.