Да прафесійных авантур гатовы

- 15:29Адукацыйная прастора

Сумесная адукацыйная праграма Міністэрства адукацыі і БПС-Ашчадбанка “Настаўнік для Беларусі” падвяла вынікі другога набору ўдзельнікаў на 2020 год. Заяўкі на праект “Настаўнік для Беларусі” падалі 125 педагогаў і 70 навучальных устаноў.

Запускаючы праект “Настаўнік для Беларусі”, арганізатары найперш кіраваліся тым, каб кожнаму дзіцяці была даступна якасная школьная адукацыя і магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял. Праграма нацэлена на вырашэнне доўгатэрміновых задач. Сутнасць праграмы — адабраць таленавітых і ініцыятыўных выкладчыкаў, даць ім новыя веды і накіраваць на работу ў рэгіянальныя школы.

Для рэалізацыі праекта быў створаны мясцовы адукацыйны фонд “Новая школа”, да праекта могуць далучыцца любыя кампаніі-донары, якія хочуць зрабіць уклад у развіццё якаснай адукацыі ў рэгіёнах. На цяперашні момант партнёрамі праграмы сталі Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, анлайн-гіпермаркет “XXІ стагоддзе”, БДПУ імя Максіма Танка, Інстытут Гётэ, ЕПАМ, “Вайзар Геймз” і іншыя.

У праект запрашаюць ініцыятыўных і смелых педагогаў і выпускнікоў педагагічных універсітэтаў. Вітаюцца высокая матывацыя, вялікае жаданне развівацца самім, шукаць новыя падыходы ў навучанні дзяцей з рэгіёнаў і раскрываць іх таленты.

Пра некаторыя змены пры адборы расказаў адзін з каардынатараў праграмы Дзмітрый Макарчук: “У параўнанні з мінулым годам значна змянілася колькасць удзельнікаў праекта. Мы планавалі адабраць ад 20 да 40 настаўнікаў, таму разлічвалі на мінімум 100 заявак. Па факце атрымалі 125 заявак і адабралі 25 чалавек, таму конкурс быў 5 чалавек на месца. У мінулым годзе ў нас было 60 заявак, з якіх адабралі толькі 9 чалавек.

У працяг размовы пра змены, хачу адзначыць, што мы прыбралі з усіх нашых інфармацыйных рассылак тое, што запрашаем у праект толькі лю­дзей з педагагічнай адукацыяй. З гэтага года мы запрашалі людзей проста з вышэйшай адукацыяй. Так мы хацелі праверыць, наколькі ідэя праграмы “Настаўнік для Беларусі” цікавая не для педагогаў. І каля 10 з усіх заявак прыйшлі ад людзей  без педагагічнай адукацыі. Пакуль не магу сказаць, ці прайшлі яны ў нашу праграму, бо адборы яшчэ не закончаны, але да ўдзелу ў летнім інтэнсіве запрошаны чацвёра.

Якім чынам мы можам праца­ваць з людзьмі без педагагічнай адукацыі? У нас жа ёсць кваліфікацыйны даведнік, дзе прапісана, што настаўнік павінен мець адпаведную адукацыю. Мы заключылі пагадненне з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка, згодна з якім будзе арганізавана сумесная магістратура “Настаўніка для Беларусі” і педуніверсітэта, дзе можна будзе атрымаць педагагічную адукацыю тым, хто яе не мае. У нашай краіне распрацаваны прафесійна-кваліфікацыйны стандарт педагога, які плануецца да ўвядзення ў 2022 годзе, на які мы арыентуемся пры арганізацыі нашай сумеснай магістратуры”.

Калі разглядаць усе ступені адбору, то першым крокам для жадаючых паспрабаваць свае сілы ў праграме з’яўлялася  неабходнасць запаўнення анкеты на сайце teach4.by. Пасля разгляду анкеты, пры ўмове яе адпаведнасці крытэрыям удзелу ў праграме, з саіскальнікам звязваўся прадстаўнік каманды “Настаўнік для Беларусі” для правядзення дыстанцыйнага інтэрв’ю.

Пры паспяховым яго прахо­джанні педагог атрымліваў запрашэнне на ўдзел у далейшым адборы. Для таго каб найбольш аб’ектыўна падысці да выбару будучых удзельнікаў “Настаўніка для Беларусі”, камандай праекта з дапамогай спецыялістаў па падборы персаналу была распрацавана “Мадэль кампетэнцый”, якая заснавана на місіі і каштоўнасцях праек­та і акумулюе ў сабе вопыт аналагічных праграм па ўсім свеце.

Пры адборы пад увагу браліся ўсвядомленая матывацыя чалавека (ступень яго пагружэння ў настаўніцкую прафесію і ў выкладанне свайго прадмета). Пры анлайн-адборы разглядаюцца камунікатыўныя магчымасці кандыдата, яго стрэсаўстой­лівасць, крэатыўнасць. Для таго каб прадэманстраваць прадметныя веды, кожны павінен быў пака­заць сямімінутны ўрок. Менавіта ўрок, а не фрагмент, які дае магчымасць убачыць сувязь педагога з дзецьмі, яго ўменне планаваць час, разліч­ваць заданні, тлумачыць тэму.

Як заўважыў Дзмітрый Макарчук, у праграму прыходзяць лю­дзі рознага ўзросту і з розным багажом ведаў і вопыту, але смелыя, гатовыя да пэўных прафесійных авантур. 25 адабраных чалавек запрошаны на летні інтэнсіў, які таксама з’яўляецца часткай адукацыйнай праграмы, і апошні этап адбору. Усім, хто паспяхова прой­дзе інтэнсіў, будзе зроблена прапанова на ўдзел у праграме “Настаўнік для Беларусі”. Акрамя таго, трэба, каб магчымасці і жаданні кандыдатаў супалі з вакансіямі ад школ, бо ў кожную навучальную ўстанову накіроўваюцца па два ўдзельнікі. Давядзецца рашаць няпростую лагістычную задачу з многімі пераменнымі. Як сведчаць заяўкі, што паступілі на праект ад школ, самымі запатрабаванымі там з’яўляюцца настаўнікі матэматыкі, пачатковых класаў, замежных моў і фізікі.

Новым удзельнікам праграмы абяцаюць куратарскую, праектную, метадычную і матэрыяльную падтрымку. Акрамя заработнай платы, выплачваецца таксама стыпендыя за дадатковую нагрузку па рэалізацыі праектаў, плюс кожны з іх забяспечваецца для зручнасці работы ноўтбукам. Акрамя таго, фонд “Новая школа” кампенсуе ўдзельнікам праграмы выдаткі на арэнду жылля пры пераездзе.

Для ажыццяўлення ідэі праекта БПС-Ашчадбанк стварае адпаведныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў: і для педагогаў, і для вучняў. Перад педагогамі адкрываюцца ўнікальныя магчымасці для асобаснага і прафесійнага росту праз удзел у метадычных і арганізацыйных інтэнсівах, дзе яны асвойваюць сучасныя падыходы да педагогікі і выкладання, пракачваюць свае асабістыя і лідарскія якасці, атрымліваюць веды ў праектным менеджменце. Усе становяцца часткай прагрэсіўнай настаўніцкай супольнасці, стварэнне якой — таксама важная частка праекта.

Кожны, хто стаў удзельнікам праграмы, павінен быў прыду­маць і рэалізаваць праект, які ўпішацца ў мясцовы кантэкст і зробіць школу цэнтрам лакальнай супольнасці. Гэта можа быць класны ці агульнашкольны праект, у які будуць уцягнуты і бацькі школьніка, і педагогі, і жыхары навакольных населеных пунктаў. Удзельнік сам выбірае і прапрацоўвае праект, які ён бу­дзе рэалізоўваць. Ініцыятыва можа быць самай рознай — ад арганізацыі фестывалю кнігі да стварэння школьнага радыё і распрацоўкі экскурсійных маршрутаў. Такія праекты ёсць ва ўсіх школах, дзе працуюць педагогі — удзельнікі першага набору праекта “Настаўнік для Беларусі”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.