У чаканні навагодніх цудаў дзеці пішуць лісты з пажаданнямі. Гэтак жа паступіла і адзінаццацігадовая дзяўчынка Алеся Сяменчанка. У сваім лісце да Дзеда Мароза яна папрасіла здароўя для сваіх бацькоў і сястрычак з брацікамі. А яшчэ папрасіла ў падарунак планшэт. А далей адбыліся падзеі, якія прымусілі паверыць у цуды ўсю сям’ю.
Жаданне дзяўчынкі здзейснілася дзякуючы акцыі “Нашы дзеці”. Напярэдадні Новага года ў госці да сям’і Сяменчанка завіталі не толькі Дзед Мароз са Снягуркай, а таксама і намеснік міністра адукацыі Аляксандр Уладзіміравіч Кадлубай.
Сяменчанкі жывуць у аграгарадку Прылукі Мінскага раёна. У сям’і шасцёра дзяцей — тры дзяўчынкі і тры хлопчыкі. Самай старэйшай дачцэ ўжо 20 — Настасся скончыла каледж, працуе і вучыцца завочна ў эканамічным універсітэце. Самай малодшай дзяўчынцы — Яне — два з паловай гады. У яе відавочныя здольнасці да творчасці — дзяўчынка любіць выступаць перад сям’ёй з песнямі, а яшчэ маляваць, праўда, пакуль нярэдка выбірае шпалеры ў якасці палатна. Алеся вучыцца ў школе, любіць танцаваць і маляваць. Блізнятам Глебу і Андрэю па пяць гадоў, хлопчыку Нілу няма яшчэ чатырох. Усе яны — татавы памочнікі. Любімая справа — корпацца ў інструментах і разам з татам рамантаваць машыну або тэхніку.
Вялікая дружная сям’я любіць разам ляпіць манты, а таксама выпякаць булачкі, пірагі і тарты, а потым збірацца за сямейным сталом. З задавальненнем запрасілі да стала і гасцей, якія завіталі да іх пад Новы год.
Аляксандр Уладзіміравіч Кадлубай уручыў усім дзецям падарункі ад Міністэрства адукацыі. Сярод іх і жаданы планшэт. Намеснік міністра параіў выкарыстоўваць сучасны гаджэт у першую чаргу для навучання і развіцця дзяцей, і крышку для забаў, а таксама адрасаваў сям’і шчырыя віншаванні.
— Новы год і Каляды — святы, якія павінны ўзмацняць нашу веру ў цуды. Прыемна, што невялікі цуд адбыўся сёння для гэтай дружнай сям’і, — адзначыў Аляксандр Уладзіміравіч Кадлубай. — У гэтыя дні маштабна праходзіць акцыя “Нашы дзеці”. Многія ўстановы, арганізацыі далучаюцца да акцыі, наведваюць сацыяльныя прытулкі, мнагадзетныя сем’і, дзіцячыя дамы, ЦКРНіР, установы адукацыі. Людзі ведаюць, што гэта добрая традыцыя, і самі праяўляюць ініцыятыву. Радасна, што з кожным годам колькасць удзельнікаў акцыі павялічваецца.
А калі павялічваецца колькасць удзельнікаў, значыць, становіцца больш добрых спраў і больш шчаслівых дзяцей.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.