Дакрануцца да гісторыі сваёй краіны

- 12:29Педагагічная майстэрня

Ксенія Аляксандраўна Адасік — настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 39 імя І.Д.Лебедзева Гродна разам з мужам Ігарам з’яўляюцца заснавальнікамі праекта belzamki.by. Сваёй галоўнай задачай яны лічаць папулярызацыю гістарычных ведаў аб нашай краіне, прыцягненне ўвагі да багаццяў і разнастайнасці яе гістарычнай архітэктурнай спадчыны шляхам стварэння папяровых макетаў. Педагог паспяхова працуе ў рамках рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці вучняў: інтэграцыя вучэбнай і пазавучэбнай дзейнасці ўстановы адукацыі — сацыякультурнага цэнтра рэгіёна”, які рэалізоўваецца ў школе.

Сямейная справа

Па спецыяльнасці Ксенія Аляксандраўна гісторык-археолаг, выкладчык гуманітарных дысцыплін. Скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. На працягу 8 гадоў працавала метадыстам у родным універсітэце на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму. Тады ў яе і з’явілася ідэя гістарычнага мадэлявання.

“Спачатку мы разам з удзельнікамі школы юнага гісторыка клеілі мадэлі, якія знайшлі ў інтэрнэце, а затым вырашылі стварыць штосьці сваё, — узгадвае Ксенія. — Мяне падтрымаў муж Ігар — мастак, інжынер па адукацыі, мадэліст”. Так з’явіўся іх першы макет — макет Старога замка (замка Вітаўта) у Гродне, які пачынае сваю гісторыю ажно з Х стагоддзя. Да яго стварэння маладыя людзі падышлі сур’ёзна, дасканала вывучалі матэрыял па тэме.

Ігар пачаў увасабляць і іншыя задумкі жонкі з дапамогай камп’ютарнай графікі. Сёння ў сямейнай скарбонцы Ксеніі і Ігара больш за 60 папяровых мадэлей і макетаў, а таксама складаныя маштабныя работы. Майстры ўвасабляюць узоры старажытнай архітэктуры, першыя гарады, замкі Беларусі, культавыя пабудовы, знакавыя будынкі краіны, народнае дойлідства, транспарт і сувеніры. Работа суправаджаецца пошукам інфармацыі ў шматлікіх пісьмовых крыніцах, зваротам да даных археалагічных раскопак, выездам на месца рэальнага знаходжання аб’екта, абмерам будынкаў, якія захаваліся, кансультацыяй з навукоўцамі і краязнаўцамі.

Вялікі макет былой каралеўскай сядзібы Аўгустовак і макет аднаго з фартоў Гродна, які зрабілі муж і жонка Адасік, можна ўбачыць у гімназіі № 4 Гродна. Макеты, якія паказваюць гістарычнае развіццё рэгіёна ад старажытнасці да сучаснасці, знаходзяцца ў Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры. Адзін з іх прысвечаны легендарным яцвягам, загадкаваму народу, які жыў на тэрыторыі Беларусі. Таксама ёсць макеты Сапоцкінскай сінагогі, Ясудаўскага млына, сапоцкінскіх корчмаў і лямуса, які раней знаходзіўся ў вёсцы Вулькаўцы. Вырабы размяшчаюцца побач адно з адным, тым самым прасочваецца бесперапынная лінія развіцця гэтага краю.

Ксенія і Ігар — пастаянныя ўдзельнікі Адэльскага фэсту, для якога спецыяльна была распрацавана мадэль “Адэльскі вятрак”, каб праводзіць майстар-клас з дарослымі і дзеткамі, якія прыходзяць на свята. Вёску Адэльск здаўна называюць краем млыноў. Нават цяжка сабе ўявіць, але на ўзгорках Адэльс­ка і ваколіц існавала 14 ветраных млыноў. Былі млыны і водныя. Вятрак так званай казловай канструкцыі быў пабудаваны ў ХІХ стагоддзі і прастаяў ажно да пачатку ХХІ стагоддзя, пакуль яго рэшткі не разбурыліся моцным парывам ветру.

Сярод работ майстроў і сучасныя каштоўныя аб’екты культурнай спадчыны нашай краіны. Напрыклад, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, якая з’яўляецца своеасаблівай візітнай карткай Мінска.

Архітэктурныя шэдэўры на далоні

Ксенія працягвае супрацоўніцтва з універсітэтам, паколькі ў сярэдняй школе № 39 імя І.Д.Лебедзева Гродна адкрыты філіял кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін.

“Калі прыйшла працаваць у школу, мяне чакаў цікавы педагагічны пошук, — гаворыць Ксенія. — Стараюся ўзяць на кожны ўрок добры настрой, каб зносіны з дзецьмі заладзіліся, стаўлюся да іх як да дарослых. Самае важнае, па-мойму, для педагога — прывіць любоў да свайго прадмета. На ўроках выкарыстоўваю нагляднасць, таму што да 80% інфармацыі мы ўспрымаем з дапамогай зрокавых аналізатараў, яна лепш асэнсоўваецца і захоўваецца ў памяці. Гэта могуць быць прэзентацыі, карты, фотарэпрадукцыі, партрэты гістарычных дзеячаў, а таксама навукі і культуры, графічная нагляднасць, табліцы, схемы. Практыкую групавую і парную работу. Выкладаючы гісторыю, актыўна выкарыстоўваю краязнаўчы матэрыял, каб вучні разумелі, што Беларусь можна разглядаць у кантэксце сусветнай гісторыі. На ўроках грамадазнаўства вучу дзяцей пазнаваць сябе і свет для таго, каб яны жылі ў гармоніі з сабой і грамадствам. Вучу мець уласнае меркаванне і выказваць свае думкі”.

Дзецям заўсёды цікава патрымаць у руках старажытныя экспанаты, гэта выклікае захапленне і хваляванне. Прадметнай нагляднасцю на ўроках Ксеніі Адасік служаць экспанаты філіяла кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін. Крамянёвыя і керамічныя вырабы выкарыстоўваюцца пры вывучэнні каменнага веку і першабытнага мастацтва. У школьным кабінеце гісторыі створана выставачная экспазіцыя, дзе ёсць цікавыя артэфакты: дахоўка, цэгла-пальчатка, упрыгажэнні, фрагменты керамікі і шкляных вырабаў XIV—XVI стст. У якасці ілюстрацый да заняткаў сама Ксенія Аляксандраўна і іншыя настаўнікі школы з задавальненнем прымяняюць і папяровыя макеты. Разме­шчаны яны на прыгожых стэлажах побач з археалагічнымі знаходкамі. Работы зроблены разам з дзецьмі.

Сярод экспанатаў ёсць культавыя збудаванні — Калож­ская царква, Ніжняя царква ў Гродне, размешчаная на тэрыторыі Старога замка, царква Нараджэння Багародзіцы, якая знаходзіцца ў вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна (у двух варыянтах — XVI стагоддзя і сучасная). Акрамя таго, Полацкая Спаса-Праабражэнская царква і адна з самых загадкавых цэркваў Беларусі — храм-крэпасць Святога Міхаіла ў Сынкавічах. Тут прадстаўлены Гродзенскі, Крэўскі, Лідскі і Навагрудскі замкі. Распрацаваны макет Гродзенскага тэатра Тызенгаўза, які з’яўляецца помнікам архітэктуры XVIII стагоддзя і першым публічным тэатрам горада. Прадстаўлены басняцкія дамы, альбо дамы рамеснікаў, якія знаходзіліся на сучаснай вуліцы Ажэшкі. Захаваўся адзін з 20 дамоў, у якім сёння размяшчаецца Музей гісторыі Гарадніцы.

Вялікую цікавасць для вучняў і педагогаў уяўляе сабраная ў кабінеце гісторыі калекцыя беларускіх народных музычных інструментаў, у тым ліку зробленых сучаснымі майстрамі, напрыклад лідскім майстрам Аляксандрам Блахіным, які стварыў жалейку спецыяльна для школьнага музея. Ладзіцца супрацоўніцтва з адэльскім майстрам — носьбітам нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Мар’янам Антонавічам Скрамблевічам, які робіць унікальныя музычныя інструменты, у ліку якіх і адзіныя ў Еўропе драўляныя акарыны (звычайна акарыны робяцца з керамікі).

У рамках тыдня гісторыі ў школе вучні выконваюць творчыя праекты. Сярод — іх работы па складанні радаводаў, праекты, прысвечаныя вывучэнню дзейнасці і стварэнню партрэтаў беларускіх дзеячаў культуры Ф.Багушэвіча, Н.Орды, У.Караткевіча, М.К.Агінскага, чыімі імёнамі названы вуліцы мікрараёна Альшанка, дзе знаходзіцца школа, а таксама праекты, звязаныя з макетаваннем. Вучні самі выбіраюць перыяд гісторыі, які іх найбольш цікавіць, часцей гэта Сярэднявечча, і ствараюць адпаведна макеты замкаў, а таксама невялікія калектыўныя работы, якія можна зрабіць нават за 20 мінут. Больш складаныя макеты майструюцца гадзінамі. Галоўнае, што ў працэсе макетавання дзеці адчуваюць станоўчыя эмоцыі і вельмі радуюцца архітэктурнаму шэдэўру, які ў іх у выніку атрымліваецца. Чаго толькі яны не стваралі пад кіраўніцтвам настаўніцы! З найбольш вопытнымі і спрактыкаванымі вучнямі Ксенія Аляксандраўна плануе выходзіць на новы творчы ўзровень і хутчэй за ўсё, ад папяровых мадэляў пяройдзе да больш складаных з выкарыстаннем пры іх вырабе не толькі паперы, але і іншых матэрыялаў.

Юныя даследчыкі

Вучні Ксеніі Адасік з вялікім энтузіязмам займаюцца даследчай дзейнасцю. Пад кіраўніцтвам настаўніцы адзі­наццацікласнікі Аліса Дамашыц і Яўген Берней падрыхтавалі даследаванне, прысвечанае Герою Савецкага Саюза І.Д.Лебедзеву, іменем якога названа школа. Для гэтага былі выкарыстаны дакументы сямейнага архіва, ваенкамата Гро­дзенскай вобласці, Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Па выніках даследавання вучні прынялі ўдзел у V Адкрытай краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі “Памяць у сэрцах жыве…”, дзе атрымалі дыплом І ступені. Школьнікі плануюць працягнуць даследаванне і прыняць удзел у адкрытай абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”. Вучань 9 класа Данііл Хацяневіч паспяхова выступіў на абласным конкурсе даследчых работ “Крышталёвая Альфа” з работай “Традыцыі будаўніцтва цэркваў-ратонд на ўсходнеславянскіх землях у Х—XVI стагоддзях”. У планах юнака — выйсці на стварэнне макетаў гэтых храмаў.

Ксенія Адасік з’яўляецца кіраўніком школьнага музейнага пакоя, дзе дзейнічае пошукавы ваенна-патрыятычны клуб “Абаронца Айчыны”, які наведваюць вучні кадэцкага класа. Клуб супрацоўнічае з ваенкаматам Гродзенскай вобласці, разам з якім вучні прымаюць удзел у пошуку сваякоў салдат, якія загінулі ў часы вайны. Родных і блізкіх чацвярых чалавек школьнікі разам з настаўніцай адшукалі пры садзейнічанні прадстаўнікоў мясцовай улады Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.


Гістарычнае мадэляванне — адзін з найбольш займальных і даступных відаў дзіцячай творчай дзейнасці. Для таго каб ім займацца, патрабуецца толькі папера, клей і ножніцы. Пры гэтым такі занятак прыносіць вялікую карысць. У працэсе гістарычнага мадэлявання дзеці развіваюць увагу, вытрымку, канструктарскія навыкі, дробную маторыку, логіку, 3D-мысленне, але самае галоўнае — удзельнічаюць у працэсе захавання традыцыйнай культуры і з высокай пазнавальнай цікавасцю вывучаюць гісторыю Беларусі.

Надзея ЦЕРАХАВА.