Дакрануцца сэрцам

- 8:13Выхаванне, Выхаваўчая работа

“У любой сям’і ёсць гісторыя, у тым ліку і ваенная. Разам з вучнямі мы яе “раскопваем” і потым здымаем фільмы. Гэта фільмы пра герояў, якімі ганарыцца род кожнага чалавека”, — падзяліўся Уладзімір Віктаравіч Гімбут.

Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 16 Мазыра і кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Краязнаўства. Пошук” расказвае, што кожны аматарскі фільм, зроблены іх калектывам, — маленькая замалёўка пра лёс — просты ці складаны, што­дзённы і гераічны. Пазнаючы факты з біяграфіі блізкага сваяка, многія вучні мяняюць і сваё стаўленне да жыцця. Некаторыя — кардынальна.

Уладзімір Віктаравіч успамінае цяперашняга студэнта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, а ў нядаўнім мінулым — свайго вучня Яна Міхаленю. Да У.Гімбута ён трапіў цяжкім падлеткам, але захапіўся гісторыяй, стаў удзельнічаць у ваенна-гістарычных рэканструкцыях, зацікавіўся падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Гэтая цікавасць прымусіла даведацца пра лёс свайго прадзеда. Аказалася, рэчы і ўзнагароды ветэрана Вялікай Айчыннай вайны захоўваюцца ў сям’і. Хлопчык шукаў падрабязныя звесткі спачатку пра яго, а потым пра вайну ўвогуле. Так у доме юнака паступова з’явіўся невялікі музей. Тут салдацкія каска і чаравікі з абмоткамі, лыжка і пляшка, газоўка з гільзы і бакелітавая накладка ад дзедаўскага пісталета ТТ. Калі стаў студэнтам, Ян сваё захапленне не кінуў. І цяпер удзельнічае ў рэканструкцыях, асвойвае мастацтва фатаграфіі і падпрацоўвае на мясцовым тэлебачанні. Але галоўнае — маці хлопчыка ўдзячная настаўніку. Кажа: “Калі б не вы, невядома, якім бы стаў мой сын”. Але гэта, так бы мовіць, пабочны эфект. Янік стаў Янам, які ведае радавод. Напэўна, гэта галоўны вынік.

Мая ўніверсітэцкая выкладчыца Антаніна Аляксееўна Цітова казала: “Валодзя, калі хоць адзін вучань пойдзе па вашых слядах і стане гісторыкам, вы вучыліся і працавалі недарма”.

У адным з фільмаў, знятых школьным “ТБ-16”, гэты юнак расказ­вае гісторыю свайго продка. Падобных фільмаў з удзелам дзяцей і іх бацькоў сёння знята трынаццаць. Уладзімір Гімбут лічыць, што школьнае аб’яднанне па інтарэсах “Пошук” — своеасаблівы сацыяльны ліфт, у якім вучні вырастаюць да ўдзелу ў ваенна-гістарычным клубе “Калінкавіцка-Мазырскі “Пошук”, якім кіруе Яўген Сергіенка, супрацоўнік Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода.

Фільмы, якія здымаюцца ў школьнай студыі, не абмежаваны фарматам: ад 7 і да 40 мінут. Сцэнарыі пішуцца калектыўна, і шаблонаў для іх няма. Аператар — педагог дадатковай адукацыі і кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “ТБ-16” Віктар Цырулік. Дзеці — акцёры.

— Вось Каця Балажынская сыграла ролю вядомай партызанкі Рымы Шаршнёвай, якая, ратуючы атрад, закрыла сваім целам амбразуру варожага дзота, — працягвае У.Гімбут. — Фільм мы перадалі ў мінскую гімназію № 25, дзе да вайны вучылася партызанка. Здымкі звычайна прахо­дзяць там, дзе адбываліся рэальныя падзеі: у мясцовых вёсках, на рацэ Пціч, ва ўмацаваных раёнах на Мазыршчыне. Усе факты пацверджаны знойдзенымі дакументамі. Відаць, як дзеці сталеюць на вачах. Бацькі адзначаюць, што школьнікі становяцца больш арганізаванымі і дысцыплінаванымі. Нават стаўленне да вучобы ў лепшы бок мяняецца. Вядома, з сабранымі матэрыяламі мы актыўна ўдзельнічаем у канферэнцыях рознага ўзроўню, уключаючы міжнародны.

Некаторыя бацькі спецыяльна для ўдзелу ў фільмах шыюць дзецям салдацкую форму часоў Вялікай Айчыннай вайны. Потым пакідаюць яе ў школе. Кажуць: “Вы дапамаглі нашаму дзіцяці шмат зразумець у гэтым жыцці. Няхай гэтая форма яшчэ камусьці спатрэбіцца”.

На заняткі ў школьны гурток пасля ўрокаў хлопчыкі і дзяўчынкі прыходзяць з 4—5 класа. Часта прыносяць экспанаты ў музей: розныя артэфакты, якія ім дасталіся ад сваякоў. Гэта можа быць гільза ці нагрудны значок. Хтосьці хо­дзіць з цікаўнасці, хтосьці знаходзіць тут тое сапраўднае, што ўтрымлівае надоўга. Яны — даследчыкі і захавальнікі памяці. Дзяржаўныя архівы, сямейныя альбомы, запісаныя ўспаміны і выпадковыя артэфакты ў дапамогу. Уладзімір Віктаравіч расказвае, што калісьці жыхарка вёскі Зімовішчы падарыла яму гімнасцёрку, у якой салдат вярнуўся з вайны. Цяпер гэтая гімнасцёрка стала своеасаблівым талісманам — дзеці яе апранаюць, калі ўпершыню трапляюць на заняткі.

— Некаторыя бацькі спецыяльна для ўдзелу ў фільмах шы­юць дзецям салдацкую форму часоў Вялікай Айчыннай вайны, — успамінае настаўнік. — Потым пакідаюць яе ў школе. Кажуць: “Вы дапамаглі нашаму дзіцяці шмат зразумець у гэтым жыцці. Няхай гэтая форма яшчэ камусьці спатрэбіцца”. У раёне прадпрыемства, дзе здабываюць знакамітую мазырскую соль, вучань Коля Гейцаў разам з дзедам знайшлі салдацкую зорачку. Менавіта такія калісьці замацоўвалі на помнікі загінуўшым. Само пахаванне, на жаль, згублена, але гэты факт даў пачатак праекту “Зорка памяці”. Яго ў нашай школе пачынала матэматык Людміла Навумік, якая сёння працуе ў Калінкавічах. Дарэчы, праект і цяпер праводзіцца да 9 Мая — навучэнцы рыхтуюць і прадстаўляюць матэрыялы пра сваіх продкаў.

Уладзімір Гімбут — гісторык па адукацыі. Але гісторыя ўвайшла ў яго сэрца куды раней, чым ён пачаў вучыцца ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны ў 1990 годзе. Кажа, з самага дзяцінства, якое прайшло ў Рэчыцы. Тады яго цягнула не ў пясочніцу, а да ўсталяваных у мясцовым парку танка Т-34 і гарматы-саракапяткі.

Добра памятае настаўнік роднага дзеда Сяргея Мікалаевіча Гімбута, які жыў у вёсцы Швабаўка Лагойскага раёна. Дзед з вайны вярнуўся без правай нагі. Крыху пазней ампу­тавалі і параненую руку. Калі Ула­дзі­мір прыязджаў да яго ў госці, кожную раніцу дапамагаў зашпі­ляць скураныя папружкі на драўляным пратэзе. Вось так і стаў разумець, што такое вайна і што такое мір:

— Я прасіў дзеда расказаць пра вайну. Сядзім мы на пчальніку, дзед акуляры падніме — у яго вочы поўныя слёз і губа дрыжыць. Кажа мне: “Яно табе не трэба, унучок”. Яшчэ ён мне паказваў дзве бярозы, дзе былі пахаваны партызаны. Другі мой дзед — Аляксандр Раманавіч Трапачэўскі. Гэта ён мяне навучыў іграць на акардэоне. Ён быў ваенным музыкантам, у войску з 16 гадоў. Іграў на саксафоне, кларнеце і акардэоне. Трафейны Corona Brunner і цяпер у мамы стаіць. Лёс дзеда Сашы быў вельмі складаным. Ён у 1941 годзе пад Бабруйскам трапіў у акружэнне. Чатыры гады выжываў у розных канцлагерах, апошнім быў Маўтхаўзен. 

У раёне прадпрыемства, дзе здабываюць знакамітую мазырскую соль, вучань Коля Гейцаў разам з дзедам знайшлі салдацкую зорачку. Менавіта такія калісьці замацоўвалі на помнікі загінуўшым. Само пахаванне, на жаль, згублена, але гэты факт даў пачатак праекту “Зорка памяці”.

Падчас работы ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна У.Гімбут зацікавіўся Калінкавіцка-Мазырскай аперацыяй, пра якую дагэтуль вядома яшчэ мала. Аднак тэмай навуковых пошукаў Уладзіміра Віктаравіча стала “Сістэма адукацыі ў 1920—1930 гады ў Мазырска-Прыпяцкім Палессі сярод нацыянальных меншасцей”. Напісаная дысертацыя засталася не абароненай, затое ён сем гадоў працаваў у архівах, асвоіў пераклад з ідыш і даведаўся, што на Палессі былі два нямецкія паселішчы — у цяперашнім Мазырскім і Нараўлянскім раёнах.

Вопыт, веды і стаўленне да работы аказаліся запатрабаванымі ў школе. Цяпер, кажа, з дзецьмі збіраць па палях кераміку куды цікавей, чым сядзець над паперамі. Да таго ж настаўнік пастаянна займаецца папаўненнем музейнага пакоя. У ім макеты ваеннай атрыбутыкі, артылерыйскія гільзы, снарады, прадметы побыту байцоў… Іх можна патрымаць у руках і ўявіць карціны ваенных падзей, жорсткіх сутычак з ворагам, кровапралітных баёў. 

— На базе нашага школьнага музея дзейнічае гістарычная лабараторыя, — дадае Уладзімір Віктаравіч. — На ўроках не толькі вывучаецца матэрыял падручніка. Школьнікі сваімі рукамі і з дапамогай бацькоў лепяць посуд з гліны, робяць каменныя сякеры, дзіды, лукі, стрэлы… Нават свой рыцарскі замак ёсць.

Дзеці разам з настаўнікам займаюцца і тэарэтычнай даследчай дзейнасцю, удзельнічаюць у перапахаваннях загінуўшых воінаў, даглядаюць брацкія пахаванні, уме­юць страляць з пнеўматычнай зброі, удзельнічаюць у марш-кідках… Плюс актыўнае супрацоўніцтва з ваенна-гістарычнымі клубамі Беларусі і Расіі.

Выхаванцы Уладзіміра Гімбута неслі Вахту памяці ў Брэсцкай крэпасці-героі, некалькі вучняў сталі гісторыкамі, а бацькі ўдзячны за сваіх дзяцей і разам з імі часам “рыдаюць, калі глядзяць фільмы і даведваюцца жудасную праўду пра Вялікую Айчынную вайну”. Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні мазырскай школы № 16 адзначае:

— Мая ўніверсітэцкая выкладчыца Антаніна Аляксееўна Цітова казала: “Валодзя, калі хоць адзін вучань пойдзе па вашых слядах і стане гісторыкам — вы вучыліся і працавалі недарма”. Спадзяюся, апраўдаў яе давер.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.