Дапамагаем бацькам стаць паспяховымі

- 11:36Выхаваўчая прастора

У нас, педагогаў і бацькоў, адзіная мэта — выхаванне дзяцей. І мы толькі тады станем паспяховымі ў гэтай справе, калі сумесная работа сям’і і школы будзе ажыццяўляцца ў атмасферы творчасці, узаемадапамогі і добразычлівасці. Але, на мой погляд, у гэтым школьна-сямейным аркестры павінны саліраваць мы, настаўнікі. Мы больш кампетэнтныя ў педагагічных пытаннях, больш вопытныя. Нам самім трэба ісці да бацькоў, паколькі сёння, напэўна, марна чакаць, што яны прыйдуць да нас.

Бацькоў, якія без усялякай навукі ўмеюць правільна выхоўваць сваё дзіця, вельмі мала. Часам назіраеш за адносінамі паміж імі і іх дзеткамі і мімаволі думаеш, што выхаванне патрабуецца перш за ўсё бацьку і маці, ва ўсялякім выпадку, ім дакладна не пашкодзіць педагагічная парада.
Менавіта гэта і лягло ў аснову работы створанага ў нас кансультацыйнага цэнтра “Сям’я”, якім кіруюць сацыяльны педагог і псіхолаг. Кожную суботу тут ладзяцца заняткі на тэмы: “Любоў да дзяцей. Якая яна?”, “Праблемы знаходжання дзіцяці ў школе”, “Сямейныя традыцыі”, “Здароўе нашых выхаванцаў” і інш. Ажыццяўляюцца таксама і кансультацыі па запытах. Часта ў цэнтр заглядваюць спецыялісты гарадскога аддзела псіхолага-педагагічных праблем. Так, вельмі павучальным аказаўся для ўсіх прысутных нядаўні псіхалагічны трэнінг “Настаўнік — вучань — бацькі”.Раз на месяц праходзяць пасяджэнні бацькоўскай гасцёўні, дзе звычайна пануе атмасфера камфортных зносін і даверу. Тэматыка самая розная: “Мой радавод”, “Мая сям’я і мая школа”, “Сучасная моладзь. Якія праблемы?”, “Радзіма і сям’я — лепшыя словы на свеце”. Сюды ж запрашаюцца і сацыяльна праблемныя бацькі, але, на жаль, зрабіць гэта нялёгка. Часам ладзім сумесныя чаяпіцці і дэгустацыі страў, прыгатаваныя членамі гасцёўні. Традыцыйнымі сталі сямейныя конкурсы і спаборніцтвы: “Вас выклікае спартландыя”, “Бацька, маці і я — экалагічная сям’я”, “Бабулі, дзядулі і ўнукі”, “Усёй сям’ёй у краіну здароўя”. Яны аб’ядноўваюць усіх удзельнікаў, даюць ім магчымасць лепш пазнаць адно аднаго. Штогод праводзяцца традыцыйныя святы: Каляды, Масленіца, Дзень маці, Дзень пажылых людзей.Усё большую папулярнасць набываюць бацькоўскія сходы, на якіх прысутнічаюць дзеці, у асноўным вучні сярэдніх і старшых класаў. І тут ужо ідзе гаворка не толькі аб адзнаках і паводзінах, але і аб такіх сур’ёзных рэчах, як наркаманія, алкаголь, курэнне, правапарушэнні, дзіцячы траўматызм. На сходах нярэдка прысутнічаюць работнікі міліцыі, прадстаўнікі аддзела наркакантролю, МНС і, вядома ж, урачы, псіхолагі і сацыяльныя педагогі. Трэба адзначыць, што размова звычайна атрымліваецца канструктыўнай і карыснай.
Аддаючы павагу маці, неабходна сказаць: маці не заменіць бацьку, бо ён іграе вялікую ролю ў станаўленні асобы дзіцяці. З мэтай павышэння мужчынскага патэнцыялу ў сям’і мы практыкуем круглыя сталы “Без добрага бацькі няма добрага выхавання”.Напрыканцы некаторых бацькоўскіх сходаў праводзім дзіцячыя выставы мастацкіх вырабаў: вышыванак, малюнкаў, кветак, рэчаў з саломкі і другаснай сыравіны, праходзяць і канцэрты нашых выхаванцаў.
Наша школа робіць многае для сваіх выхаванцаў, у яе добрая будучыня, ёсць цікавыя задумкі і планы. І, я лічу, яны могуць здзейсніцца, калі мы здолеем пераканаць нашых бацькоў у тым, што іх удзел у школьным жыцці важны не таму, што так хоча настаўнік, а таму, што гэта неабходна для ўсебаковага развіцця іх дзяцей.

Алена ІВАШНЁВА,
дырэктар сярэдняй школы № 28 Магілёва.